Вяртанне ў Наваградак

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

У першыя дні жніўня наш супрацоўнік, які ў гэты час знаходзіўся ў адпачынку, даслаў на рэдакцыйную пошту фотаздымкі Наваградскага замка. Нашага калегу ўразіла смецце на тэрыторыі нацыянальнай святыні, графіці хамскага зместу на старажытных камянях і тое, што па руінах старажытнай вежы турысты гойдаюць як па скаладроме, што небяспечна і для жыцця экстрэмалаў, і для захаванасці помніка дойлідства. Мы з жонкай якраз збіраліся ў Гродна і вырашалі па дарозе заехаць у Навагрудак, каб праверыць наколькі той крык душы адпавядае рэчаіснасці.

/i/content/pi/cult/812/17403/06.jpgАпошні раз у гэтым горадзе я быў яшчэ ў 90-я. Так што мне было цікава, як змяніўся горад з тае пары. Тым больш, што я сачыў за дыскусіяй пра тое, наколькі карэктным было змяшчаць адну з вежаў замка ў “футурал” з сучаснай цэглы. Адны кажуць, што гэта была адзіная магчымасць захаваць яе ад непазбежнага разбурэння - маўляў, каб не той “футурал”, застаўся б ад яе адзін падмурак. А ім адказваюць, што ў выніку рэалізацыі такога праекта кансервацыі ў значнай ступені знішчаны рамантычны вобраз Наваградскага замка, што варта было рабіць не тое, што лягчэй і танней, а ўключыць галаву і пашукаць рашэнне, якое не толькі б мінімізавала іміджавыя страты, а яшчэ і ўзбагаціла б візуальны вобраз замка, горада, нашага Сярэднявечча.

Гэта нагадвае мне старую дыскусію пра падаючую Пізанскую вежу. Яе і выпрастаць прапаноўвалі, і падпорку пад яе падставіць, і падмурак з дапамогай складанай інжынерыі ўмацаваць. А самі жыхары Пізы на такія прапановы адказвалі, што не дадуць рэалізаваць ніводны з праектаў, які б пазбавіў вежу яе аўтэнтычнасці. Хай яна ўрэшце рэшт нават абрынецца, і потым яны будуць паказваць турыстам яе руіны, чым дапусцяць каб вежа перастала быць такой як ёсць. Ментальныя, іміджавыя страты лічыліся больш значнымі, чым матэрыяльныя. І па сёння вежа стаіць. Хістаецца, але не валіцца.

Магчыма нам пашчасціла, і на момант нашага з жонкай наведвання замка там прыбралі. Прынамсі, смецце вока не муліла. І экстрымаў не было. А вось ад вежы “ў футурале” ў мяне дваістае ўражанне. Памятаю, як маляваў яе, калі вучыўся ў “Глебаўцы”. Той вобраз занатаваны ў маёй памяці, і мне шкада яго губляць. Але час ідзе, і ўсё змяняецца. Вось і Наваградак змяніўся… Тое, што ёсць, трэба прымаць як факт і думаць пра будучыню Наваградка. Замак быў і застаецца ягоным цэнтрам — горадаўтваральным і ментальным. Калі Беларусі спатрэбіцца моцны сімвал сярэднявечнай дзяржаўнасці, замак адновяць па карцінах, навуковых версіях і нават па фантазіях, і скажуць, што так і было.

Прыкладаў аднаўлення сакральных для нацыянальнай свядомасці помнікаў гісторыі і дойлідства фактычна ад падмуркаў хапае. Самыя блізкія нам — гістарычны цэнтр Варшавы і Трокскі замак пад Вільняй. Можа і ў нас, калі вернем гістарычнае аблічча Гродзенскім замкам, дойдуць рукі і да Наваградка, першай сталіцы Вялікага Княства.

Сённяшні Наваградак моцна адрозніваецца, прынамсі — вонкава, ад горада, які я памятаю. Адрэстаўраваныя і дзейнічаюць усе храмы, горад мае карцінную галерэю, паркі і скверы ўпрыгожаны дэкаратыўнай пластыкай на гістарычную тэматыку. Знакам новага часу ў Наваградку для мяне з’яўляецца помнік мясцовым хлопцам, што загінулі ў Афганістане. Пастаўлены ён побач са знакам ушанавання памяці палеглых у Вялікай Айчыннай. Хоць Афганская вайна належыць савецкай гісторыі, помнік “афганцам” выкананы ў стылістыцы несавецкай. Тут і Анёл, і праваслаўны Крыж, і галоўнае — адсутнасць пафасу. Проста боль страты. Новыя духоўныя рэаліі, але і пераемнасць гісторыі захоўваецца.

/i/content/pi/cult/812/17403/07.jpgА яшчэ ў Наваградку ёсць помнік Уладзіміру Высоцкаму. Падарыў яго гораду мясцовы жыхар, фанат творчасці барда. На Наваградчыне здымаўся фільм “Сыны ідуць у бой”. Высоцкі пісаў для яго музыку і пэўны час жыў у мясцовай гасцініцы.

Уладзімір Высоцкі — эпізод у гісторыі горада, а вось Адам Міцкевіч — эпоха. Помнік геніяльнаму земляку стаіць тут з 1992 года. Гэта адна з лепшых манументальных работ Валер’яна Янушкевіча. Помнікі паэту стаяць яшчэ у Вільні, Варшаве, Парыжы, Львове, а самы лепшы — наш. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. А вось асяроддзе, у якім ён знаходзіцца, трэба дацягнуць да ўзроўню скульптурнага шэдэўра. Гэта не нармальна, што ён стаіць на фоне нейкага забора. Хоць бы дрэвы пасадзілі, каб той забор прыкрыць. І яшчэ вельмі недарэчна прымацаваны на помнік ахоўны знак — шыльдачка, якая сведчыць, што аб’ект унесены ў Спіс культурна-гістарычных каштоўнасцяў краіны. Надта ж ён кідаецца ў вочы і, скажам шчыра, разбурае гармонію помніка. Знак той проста неабходна перанесці на такую кропку пастамента ці побач з пастаментам, каб ён не муліў вока.

Яшчэ да наваградскіх уражанняў дадам, што горад зручны для жыцця, бо як і ў іншых паселішчах на захадзе нашай краіны тут усё, што трэба для жыцця, для ўтульнага побыту, у крокавай дасягальнасці. А вакол яшчэ і цудоўная прырода.

Па дарозе ў Наваградак спыніліся на кароткі час у мясціне пад назвай Літоўка. Праслаўленай праз Міцкевічаву паэму “Гражына. Літоўская аповесць”. Сюжэт: князь здрадзіў краіне, прывёў на родную зямлю варожае войска, а жонка ягоная ўзначаліла барацьбу з акупантамі. Спыніліся, таму што зацікавіла нязвыклая архітэктура прыдарожнага аб’екта. Мы палічылі, што гэта кавярня альбо невялікая гасцініца. Аказалася ні тое, ні другое. Сядзіба-фэнтэзі. Пераказваць што гэта такое — цяжка. Трэба бачыць. Я азначыў бы гэта словам “прыкольна”. А побач з сядзібай павільён, аздоблены ў такім жа “фэнтэзійным стылі”. На ягоных сценах роспісы паводле гісторыі княгіні Гражыны. Не ведаю, ці добра гэта так мадэрніць Міцкевічаву старасветчыну, але запомнілася… І, дарэчы, сядзіба-фэнтэзі ўключана ў топ-спіс цікавостак Наваградскага краю.

Потым была мая любімая Гродна. Спачатку напружаная і трывожная, а потым прыгожа расквечаная колерамі нацыянальных сцягоў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"