Бібліятэчны свет — ад краязнаўства да краіназнаўства

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

21 — 23 кастрычніка адбудзецца VII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, арганізатарамі якога выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельнікаў СНД, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, а таксама Беларуская і Расійская бібліятэчныя асацыяцыі. Сёлетні кангрэс прысвечаны тэме краязнаўства ды краіназнаўства як магістральных напрамкаў захавання гісторыка-культурнай спадчыны краін ды народаў, і прымеркаваны да завяршэння трохгодкі малой радзімы.

/i/content/pi/cult/812/17401/03.jpgУпершыню міжнародны кангрэс адбыўся ў 2012 годзе і быў прымеркаваны да 90-гадовага юбілею Нацыянальнай бібліятэкі. У гэтым маштабным мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 400 дэлегатаў з 30 краін свету, таму было прынята рашэнне зрабіць кангрэс штогадовым. Зазвычай ён збірае не менш за 500 удзельнікаў з Беларусі і з-за мяжы.

Сёлета, у сувязі з нестабільнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, мерапрыемствы VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбудуцца ў змененым фармаце. Першы дзень кангрэса пройдзе анлайн — зарэгістраваныя ўдзельнікі атрымаюць магчымасць падключэння да відэатрансляцыі выступоўцаў, а пасля відэазапіс мерапрыемства зможа паглядзець любы ахвочы. У другі ж дзень кангрэса яго мерапрыемствы будуць праходзіць як у будынку бібліятэкі, так і ў анлайн-фармаце.

У рамках кангрэса плануюцца пленарнае пасяджэнне, пасяджэнні секцый, правядзенне І Міжнароднага краязнаўчага форуму краін СНД “Гісторыка-культурная спадчына рэгіёнаў: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя”, а таксама віртуальная прэзентацыйная пляцоўка электронных інфармацыйных рэсурсаў і выдавецкай прадукцыі. Рабочыя мовы мерапрыемства — беларуская, руская і англійская.

Сярод асноўных тэм, якія будуць абмяркоўвацца на кангрэсе — гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцяў у сучасных даследаваннях, бібліяграфічнае краязнаўства, рэгіянальная бібліяграфія, арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне. Будуць прадстаўленыя таксама электронныя і бібліяграфічныя інфармацыйныя краязнаўчыя рэсурсы і праекты, краязнаўчая дзейнасць архіўных ды адукацыйных устаноў і бібліятэк.

Арганізатары прапаноўваюць адмыслова разгледзець пытанні гістарычнага, літаратурнага і царкоўнага краязнаўства. Асаблівая ўвага таксама будзе нададзена неабходнасці папулярызацыі краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў у бібліятэках, музеях, архівах, выдавецкай прадукцыі, сродках масавай інфармацыі і інтэрнэт-прасторы.

Для ўдзелу ў кангрэсе запрашаюцца спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, цэнтраў народнай творчасці, краязнаўцы-аматары, распрацоўшчыкі і вытворцы інфармацыйнай прадукцыі, прадстаўнікі грамадскіх і культурных арганізацый беларусаў у замежных краінах, іншыя зацікаўленыя асобы.

Ахвочым прыняць удзел у кангрэсе ў якасці слухача неабходна не пазней за 15 кастрычніка 2020 года прайсці анлайн-рэгістрацыю. Для ўдзелу з дакладам, акрамя гэтага, неабходна выслаць файл з тэкстам дакладу па электроннай пошце secretar@nlb.by не пазней за 20 верасня 2020 года. Прымаюцца арыгінальныя работы, якія маюць навуковае і прыкладное значэнне. Матэрыялы плануецца апублікаваць да пачатку работы кангрэса.

Больш падрабязна пра змены ў працы кангрэса і патрабаванні да афармлення дакладаў можна даведацца з інфармацыйнага ліста на партале бібліятэкі — nlb.by. Праграма і спасылка на вэб-сайт трансляцыі кангрэса будуць даступнымі напярэдадні правядзення мерапрыемства.