Экскурсіі на вуліцы недаразумення

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

“Культура” пастаянна звяртаецца на сваіх старонках да тэмы трагічных перыядаў беларускай мінуўшчыны, у першую чаргу — да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра якую яшчэ даволі свежая ў нашым народзе. Гіды, якія праводзяць свае экскурсіі ў тым ліку па мясцінах, звязаных з гадамі вайны і акупацыі, па месцах памяці і ваенных мемарыялах, як любы з нас зацікаўленыя ў тым, каб над Беларуссю заўжды было мірнае неба, а госці з усяго свету маглі бяспечна наведваць нашую краіну і заўжды сустракаць гасцінны прыём.

На жаль, драматычныя падзеі апошняга часу паўплывалі і на дзейнасць некалькіх экскурсаводаў, то-бок людзей, прафесійная дзейнасць якіх непасрэдна звязаная з працай у гарадской прасторы, на вуліцы.

Так, грамадскі дзеяч, гісторык, краязнаўца і экскурсавод Алег Дзьячкоў 10 жніўня праводзіў уласнаю экскурсію для групы гараджан на пешаходнай Ленінскай вуліцы ў Магілёве. Падчас экскурсіі гід распавядаў магілёўцам аб гераічнай абароне горада ад фашысцкай навалы ў першыя дні вайны, гісторыі і архітэктуры навакольных будынкаў, лёсах устаноў і людзей, звязаных з гэтымі мясцінамі. Ніякія палітычныя заявы падчас экскурсіі не гучалі, усе ўдзельнікі досыць спакойна рэагавалі на тое, што паўз іх групу некалькі разоў праходзілі супрацоўнікі міліцыі — тым больш, у іх экскурсанты таксама да пэўнага часу ніякай цікаўнасці не выклікалі. Алег Дзьячкоў падкрэслівае: калі б праваахоўнікі папярэдзілі, што групе варта перайсці на іншую вуліцу ці пакінуць нейкае месца — гэтае патрабаванне, безумоўна, было б выкананае.

Але ў рэальнасці сітуацыя склалася так, што група ўрэшце апынулася паміж двума шэрагамі міліцыянераў, якія неўзабаве палічылі экскурсію несанкцыянаванай.

Другі прадстаўнік экскурсаводаў Яўген Апанасевіч, прызнаны ў 2018 годзе найлепшым экскурсаводам Беларусі, трапіў у поле зроку праваахоўнікаў у Мінску, калі вяртаўся дадому з аўтавакзала. У заплечніку экскурсавода была знойдзена кніга аб гісторыі савецкага партызанскага руху, што зрабілася, чамусьці, дастатковай нагодай для пільнай увагі.

Падобны досвед меў і гісторык ды экскурсавод Зміцер Скварчэўскі. Ён з’яўляецца намеснікам старшыні Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі і 10 жніўня быў непадалёк ад свайго працоўнага месца, на рагу сталічных вуліц Ульянаўскай і Свярдлова. Пазней, ужо ў Жодзіне, ён утрымліваўся ў тых самых умовах, што і Яўген Апанасевіч, і з тым самым вынікам. Паводле Змітра Скварчэўскага, каля 60 працэнтаў людзей, з якімі ён сутыкнуўся падчас вымушанай бяздзейнасці, не прымалі ніякага ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Так ужо традыцыйна склалася, што экскурсаводы ў сваёй прафесійнай дзейнасці заўжды мусяць заставацца нейтральнымі і аб’ектыўнымі, яны павінны непрадузята асвятляць як падзеі мінулага, так і сучасныя рэаліі. У сваім звароце да прадстаўнікоў праваахоўных органаў супольнасць экскурсаводаў і працаўнікоў сферы турызму Беларусі адзначае: “Наша праца — распавядаць пра Беларусь. І мы робім гэта з вялікім задавальненнем. Беларусь — прыгожая, годная, спакойная, а яе народ не прымае гвалт для вырашэння канфліктаў. Вось што мы кажам пра Беларусь і замежнікам, і нашым турыстам”.

Экскурсаводы звяртаюць увагу на патрэбу захавання законнасці і недапушчэння гвалту ў краіне. Беларусь, нагадваюць яны, бязмежна моцна пацярпела ў гады войнаў і ліхалеццяў, і асабліва — у гады Вялікай Айчыннай вайны, перамогу ў якой беларусы разам з іншымі народамі здабылі таксама коштам велізарных страт. Таму cёлета, у год адзначэння 75-годдзя гэтай велічнай перамогі, як ніколі вострай застаецца патрэба зберажэння міру і паразумення ў грамадстве.