Полацк — у Спіс сусветнай спадчыны

№ 34 (852) 23.08.2008 - 29.08.2008 г

У наступным годзе Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА можа папоўніцца беларускімі архітэктурнымі помнікамі, размешчанымі ў Полацку.

У прыватнасці, найбольш каштоўныя аб’екты горада прапанавана аб’яднаць пад назвай “Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор як прыклады архітэктуры Полацкай зямлі”, вылучыўшы Сафійскі сабор XVІІІ стагоддзя як прыклад трансфармацыі архітэктурнага стылю пад уплывам гістарычных фактараў. З гэтай мэтай яшчэ ў 2003 годзе два эксперты Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Пітэр Стот і Тадэвуш Бернатовіч наведалі нашу краіну.

Летась, у сакавіку 2007 года, пачалася праца супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навуковай рабоце Тамары Джумантаевай па падрыхтоўцы дасье пад назвай “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай” для ўключэння культурных каштоўнасцей горада ў Спіс сусветнай спадчыны. І ўжо ў студзені гэтага года дасье за подпісам міністра культуры Рэспублікі Беларусь было перададзена ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, які прызнаў дасье на нашы помнікі адпаведным усім неабходным тэхнічным патрабаванням і перадаў яго на экспертызу ў Міжнародны савет па ахове помнікаў і гістарычных месцаў (ІКАМОС).

Як паведаміла карэспандэнту “К” Тамара Джумантаева, у пачатку верасня чакаецца прыезд прадстаўніка ІКАМОС са Славакіі для правядзення дэтальнай экспертызы аб’ектаў, якія мяркуецца ўключыць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Зараз завяршаецца падрыхтоўка адпаведнай праграмы наведвання горада.

Адзначым, што аб’яднанне некалькіх архітэктурных і гістарычных помнікаў Полацка ў адну намінацыю і занясенне іх у Спіс ЮНЕСКА пад адной назвай зыходзіла менавіта ад экспертаў гэтай сусветнай арганізацыі.

Дарэчы, у Спіс сусветнай спадчыны ўжо ўключаны чатыры аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, — аб’ект прыроднай спадчыны Белавежская пушча, Замкавы комплекс «Мір», «Архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы», а таксама адзін з аб’ектаў Дугі Струве. З дапамогай Цэнтра сусветнай спадчыны вывучаюцца магчымасці ўключэння ў Спіс іншых аб’ектаў Рэспублікі Беларусь, сярод якіх царква ў вёсцы Мураванка (гл. “К” № 27 за 2008 г.).

У цэлым, сёння больш за 800 архітэктурных і прыродных каштоўнасцей уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб’екты спрыяюць пашырэнню супрацоўніцтва паміж краінамі, абмену інфармацыяй у галіне культуры і экалогіі, а таксама распаўсюджванню ведаў у справе кансервацыі помнікаў.


Канстанцін АНТАНОВІЧ