Культурная грамадскасць занепакоена

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

На тле той няпростай сітуацыі, якая зараз адбываецца ў краіне, з боку самых розных устаноў, беларускага грамадства, дзеячаў культуры прагучалі звароты да міру і асэнсаванню драматызму, перад якім паўстала наша краіна. Наша выбарка дэманструе толькі некалькі прыкладаў пазіцый як калектываў культуры, кіраўнікоў устаноў, так і творчых грамадзян.

Cа звароту Вялікага тэатра супраць гвалту:

“Тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне, падобна да пажарышча. Яго дым будзе вельмі доўга пячы нашы сэрцы, бо ніякі канфлікт не можа быць вырашаны праз разбурэнне і насілле.

Розныя часы перажывала наша Айчына за сваю тысячагадовую гісторыю, не схіліла галавы ў самыя трагічныя моманты, калі драпежнікі рвалі яе на часткі. Дык няўжо мы самі знішчым адзін аднаго?!Людзі мастацтва кіруюцца ў сваім жыцці прынцыпамі, далёкімі ад ваяўнічасці. Мы спавядаем прынцыпы гуманізму, справядлівасці, ненасілля. Нашыя стрэльбы — бутафорскія, і супрацьстаянне на сцэне сканчаецца з закрыццём заслоны.

Мы разумеем, што ваяўнічае супрацьстаянне прывядзе да новых ахвяраў і разбураных чалавечых жыццяў. Хай мiр і спакой вернуцца на нашыя вулiцы! Мы — адзін народ”.

Са звароту Генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова:

“Зараз мы живем у часы выпрабаванняў і надзей на лепшую будучыню. За гады нашай незалежнасці зроблена шмат: наша краіна стала вядомай у свеце сваім таленавітым і працавітым народам, у тым ліку, дасягненнямі ў сферы культуры і мастацтва.

Але трэба зрабіць яшчэ больш. Значных вынікаў мы дасягнем толькі ў мірнай і стабільнай дзяржаве. Мы розныя, а Беларусь у нас адна, таму неабходна быць разам, не паддавацца на правакацыі, каб захаваць сваю Радзіму.

Беларусы заўсёды былі талерантнымі і мудрымі людзьмі нягледзячы на розныя знешнія выклікі, дэманстравалі сваю згуртаванасць перад гістарычным выбарам. Выстаім разам і зараз!”

Са звароту калектыву Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь:

“Гісторыя развіцця нашай Радзімы ніколі не была лёгкай. Але заўжды мы разам пераадольвалі ўсе выпрабаванні і рухаліся наперад. Грамадская салідарнасць, талерантнасць і павага да законаў заўсёды былі ключавымі прынцыпамі, якімі кіраваўся беларускі народ на працягу стагоддзяў. І сёння гэтыя прынцыпы актуальныя. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, як пляцоўка культурнага і мастацкага дыялогу, выступае супраць любых праяўленняў агрэсіі ў дачыненні адзін да аднаго[…]

Калектыў музея патрабуе:

— забяспечыць выкананне правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

— […]

— вызваліць усіх затрыманых падчас мірных пратэстаў.

Сёння, бачачы гвалт і бяспраўе, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь заклікаюць усіх да ўзаемапаразумення і ўзаемнай павагі. Мы ўсе розныя, а Беларусь у нас адна. Будзем разам!”

Андрэй Дубінін, мастак:

“Зараз я зрабіў карціну “Беларусы”. Натхнілі мяне на яе напісанне ланцуг і сцэпкі людзей на плошчы Перамогі яшчэ напачатку. Я ўбачыў гэта як знак пераемнасці ў гісторыі. Пачатак: 1161 — Крыж Лазара Богшы, які з’яўляецца духоўным сімвалам Беларусі, і вызначальныя даты да сёлета, да 2020 года, калі “беларус” ужо не этнічнае разуменне, але палітонім. Я скончыў гэту карціну за дзень да выбараў. Для сябе вырашыў, што скончыў, і спяшаўся даць у сацсеткі. І яна аказалася запатрабаванай. Яе многія адзначылі. Сёння мы стаім перад выбарам: ці захавацца як нацыя, ці знікнуць. Я гатовы выставіць гэту карціну на аўкцыён, каб 70 працэнтаў грошай, якія я атрымаю, перадаць на падтрымку страйкаў, на грамадскія акцыі нацыянальнай салідарнасці.

Я сёння, нажаль, аказаўся вельмі актуальным мастаком, бо некалькі гадоў таму напісаў “Ноч паэтаў”. А стала гэта карціна фактычна “ўспамінам пра будучыню”, пра сённяшні дзень. Як мастак я не магу баставаць. Адказ мастака ў знак пратэсту рабіць сваю справу не пойдзе на карысць ні яму, ні грамадзе. Я мушу творча адгукацца на рэчаіснасць. Сёння я хацеў бы зноў выставіць свой трыпціх, прысвечаны Курапатам, як напамін пра мінуўшчыну, якая нікуды не падзелася. Але ў перспектыве, пажадана блізкай, я мяркую зрабіць твор на аснове светлых эмоцый.

Зараз адзін расійскі мастак прадставіў у Сеціве карціну — беларускі нацыцянальны сцяг, чырвоная паласа якога нібыта намалявана ўдарамі крывавай міліцэйскай дубінкі. Я разумею, што гэта знак салідарнасці з намі, але духоўна карціна мне не блізкая. Я не хачу каб наша ментальнасць фармавалася праз збіццё, каб наш сцяг малявалі бізуном. Сваё бачанне нацыянальнай ідэі я ўвасобіў ва ўжо згаданай карціне “Беларусы”. Там два ланцугі — суплёт рук і суплёт дат. І пераемнасць часоў. Дзякуючы падзеям, што пазначаны гэтымі датамі, мы выжылі як народ, як беларусы. Карціна, як мне падаецца, мусіць дэманстраваць наш гістарычны аптымізм. Мы столькі перажылі, у тым ліку і ў апошнія дні, і так загартаваліся, што здольныя на вялікія стваральныя справы”.

Васіль Раінчык, кампазітар, піяніст, народны артыст Рэспублікі Беларусь:

“Я хачу і надалей жыць у мірнай краіне і не разумею, што перашкаджае людзям спакойна жыць і працаваць.

Я дастаткова пажыў, мне ўжо пайшоў восьмы дзясятак, таму я магу параўнаць, як мы жылі раней і цяпер. Я ўвогуле не разумею, што перашкаджае людзям спакойна жыць і працаваць. Ніякіх забаронаў для гэтага няма.

Я чалавек з іншай эпохі, і ў мяне ўсё гэта выклікае здзіўленне. Я хачу і далей жыць у мірнай і спакойнай краіне, гуляць па вуліцах любімага горада і не баяцца за жыццё сваіх блізкіх “.

Са звароту Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва:

“Мы, беларусы — мірныя людзі, і апошнія дні паказалі ўсяму свету, што гэта сапраўды так і што чалавечае жыццё для нас — гэта найвышэйшая каштоўнасць.

Мы ганарымся тым, што мы — беларусы! Мы верым у тое, што дабро заўсёды перамагае зло, а беларускі народ ёсць сапраўднае ўвасабленне дабра і святла. Менавіта любоў і ахвярнасць нашых жанчын і ўсіх неабыякавых людзей у рэшце рэшт выратуе свет.

Каманда Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь выступае супраць агрэсіі і гвалту з боку сілавых структур і заклікае да захавання міру на беларускай зямлі і павагі да кожнага чалавечага жыцця”.

Са звароту калектыву Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы:

“Мы, дзеячы культуры і мастацтва, хочам, каб наша грамадства засноўвалася на даверы і ўзаемапавазе. Любая творчасць будуецца на выражэнні ўласнага меркавання. Пераследаванне творчай асобы за яго асаблівае меркаванне, гэта знішчэнне самой сутнасці мастацтва”.

Са звароту Тэатра Беларускай Арміі:

“Мы звяртаемся да тых, хто даваў прысягу служыць і абараняць свой народ. Памятайце, каму вы прысягалі і каго вы павінны абараняць”.

Са звароту Беларускага саюза мастакоў:

“Сёння мы ганарымся сваім народам, часткай якога заўжды сябе адчуваем. Народам свабодным, народам, які змагаецца за свае правы “людзьмі звацца”, за павагу да сваёй працы і свайго слова. Дзякуй усім, хто гэтымі днямі і ў гэты жахлівы для Беларусі час на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак ратуе жыццё і яе прыгажосць. Дзякуй вам, беларусы — юным і вопытным, моцным і слабым. Мы разам з вамі. Мы мірныя людзі, мы супраць гвалту і крыві. Мы хочам міру, спакою, дабрабыту сваім дзецям і ўнукам у нашай роднай, свабоднай Беларусі, каб на гэтай падставе з’явіліся новыя магчымасці для развіцця ўсёй краіны і кожнага чалавека”.