Шукаючы скарбы прадзедаў…

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Актывісты Школы фалькларыстаў, што на пачатку бягучага года пачала працаваць пры Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры, 30 ліпеня накіраваліся ў этнаграфічную экспедыцыю-вандроўку па Шчучынскім раёне.

Адкуль паходзяць Хадзілоні?

Тарэса Альфонсаўна і Антон Станіслававіч Юшкевічы з вёскі Пяцюлеўцы Шчучынскага раёна — вельмі шчырыя і сардэчныя людзі — гасцінна сустракалі нас. Калі яны даведаліся ад сваёй унучкі Вікторыі Ланеўскай, дарэчы, нашай супрацоўніцы, што яна ў складзе рабочай групы па стварэнні новай музейнай экспазіцыі ў в.Зарачанка, то адразу прапанавалі перадаць у музей экспанаты: хамут, маслабойку, сявеньку, жалязку, кошык для сушэння кілбасаў, сіта. Атрымалі ў дар мы і прылады працы, звязаныя з апрацоўкай ільну: прасніцу, матавіл, калаўрот, вышытыя карціны. Усяго каля 15 прадметаў.

/i/content/pi/cult/811/17393/13_1.jpg

Актывісты Школы фалькларыстаў з Тарэсай і Антонам Юшкевічамі (вёска Пяцюлеўцы Шчучынскага раёна).

Як расказала нам Тарэса Альфонсаўна, усе гэтыя рэчы належалі бацькам ейнага мужа — Юшкевічам Станіславу Іванавічу (1910 г.н.) і Любові Міхайлаўне (1924 г.н.), — у доме якіх сям’я жыве і сёння, таму старадаўнія рарытэты дарагія сэрцу спадчыннікаў.

Сам Антон Станіслававіч разам са сваімі братамі Юзікам і Іванам былі добрымі музыкантамі, усе гралі на акардэоне, іх заўсёды запрашалі на вяселлі людзі з усёй ваколіцы. Сёння ён займаецца пчалярствам.

/i/content/pi/cult/811/17393/13_2.jpg

Удзельніца экспедыцыі Ірына Стральчэня з вышытымі карцінамі.

Пра самы каштоўны скарб — даматканы дыван (1932 г.) — Тарэса Альфонсаўна распявадае з асаблівай цеплынёй, бо яго ткала ейная цётка Марыя Іосіфаўна Запаснік (1912 г.н.) з вёскі Казацкія Шчучынскага раёна. Гэты дыван таксама зойме пачэснае месца ў новай музейнай экспазіцыі ў в.Зарачанка.

Мы разглядалі старыя фотаздымкі, нібы гарталі старонкі ўсёй гісторыі загадкавага і непаўторнага лёсу беларусаў. Канечне, на жаль, у нас пакуль няма сучаснага абсталявання, якое дазволіла б сканаваць старыя фотаздымкі ў палявых умовах. Але кожная фотакартка сталася сапраўднай знаходкай, бо гэта падзея, гісторыя, выпадак з жыцця нашых бацькоў і дзядоў.

/i/content/pi/cult/811/17393/13_3.jpg

Кош для захоўвання ежы і карункі, якія вышывала Тарэса Юшкевіч.

Гаспадар хаты — Антон Станіслававіч — на развітанне запрасіў нас прыехаць зноў, але трохі пазней: “Яшчэ маю старыя жорны, сячкарню і акардэон, але працую з імі — мялю муку, рэжу сечку і граю на акардэоне жонцы для душы”.

У вёсцы Хадзілоні шматлікія прадметы для ўзворвання і апрацоўкі зямлі, пакосу, вязання снапоў, апрацоўкі і памолу збожжа: дзяжа, лапата, якой з печы даставалі хлеб, цэбар, барана, плуг і іншыя, ўжо чакалі нашага прыезду. Перадала нам іх у музей Вера Пятроўна Прэцкайла (1940 г.н.), якая нарадзілася ў в.Карытніца Лідскага раёна і жыла ў гэтай хаце з 1975 года амаль па сённяшні дзень. Усе тыя рэчы былі зроблены рукамі яе мужа Станіслава Людвікавіча (1930 г.н. — 1995 г.с.). Вера Пятроўна нядаўна пераехала жыць да дачкі Ірыны Стральчэні ў аграгарадок Абухава, і з задавальненнем згадзілася передаць рэчы ў новы музей у Зарачанцы. Яна вельмі ганарыцца тым, што дзякуючы яе дачушцы Ірыне Стральчэня і іншым неабыякавым да культуры людзям, існуе музей і ў Абухава.

/i/content/pi/cult/811/17393/13_4.jpg

 

 

Маслабойка.

Вера Пятроўна расказала нам цікавую гісторыю паходжання назвы вёскі Хадзілоні. Паколькі гэта край паляўнічых, то і паходжанне звязана з паляваннем. Яна паведаміла (чула ад старэйшых людзей), што ў даўнія часы, калі тут быў суцэльны лес, мясцовыя жыхары практыкавалі актыўнае паляванне на дзікіх жывёл. Аднойчы паляўнічыя ўбачылі ў лесе прыгожых грацыёзных жывёл, якія мелі назву лань. Ад такой прыгажосці паляўнічыя ажно знямелі. Пасля на гэтым месцы была заснавана вёска — там, “дзе хадзілі лані”. Адсюль і назва — Хадзілоні.

/i/content/pi/cult/811/17393/13_5.jpg

Сявенька — з яе сеялі ўручную збожжавыя.

А сама Ірына Стральчэня каля васьмі гадоў пражыла ў Хадзілонях. У экспедыцыі, у якой удзельнічала разам з намі, павесяліла нас цікавай і самабытнай гаворкай хадзілонцаў. Вось некалькі цікавых слоў і выразаў, што нам, каб растлумачыць іх значэнне, яна распавяла цэлую гісторыю або выпадак з жыцця: арбонак (аўтобус), граняк (гранёная шклянка памерам 250 грамаў), грабунцы (невялікія жалезныя граблі, якія прызначаныя для падграбання дробнага смецця), дрынка (вялікая скрыня, у якой раней хавалі прадукты харчавання), канька (каністра), каш (вялікі кош для сена), красніцы (кросны), пляцка (печыва на патэльні), разак (нож невялікіх памераў), сячанка (памяшканне ці месца ў адрыне, дзе рэжуць каровам сечку), цыганы (звараная і абсмажаная на патэльні бульба), шмаравідла (фарба), юпэчка (спадніца).
/i/content/pi/cult/811/17393/13_6.jpg

 

 

Запраўлены ў ткацкі станок кавалак дывана, які апошні раз у 1996 годзе ткала Уладзіслава Вянсковіч з вёскі Галынка Шчучынскага раёна.

Ганаровае месца сярод сабраных пад час экспедыцыі экспанатаў заняў самаробны драўляны ткацкі станок — кросны, якія знаходзіліся ў старой хаце вёскі Галынка, дзе жыла Уладіслава Аляксандраўна Вянсковіч (1925 г.н.). У 2006 годзе Уладіславы Аляксандраўны не стала. Жанчына ў гэтай жа вёсцы нарадзілася, выгадавала траіх дачок, працавала на спецыялізаванай базе ў Шчучыне па вывядзенні новых гатункаў насення ды бульбы і была вельмі таленавітай ткачыхай. Яе дачка, Яніна Іванаўна Мармыш, на сямейным савеце вырашыла передаць ткацкі станок і жорны ў будучы этнаграфічны музей у Квасоўскім цэнтры культуры і развіцця народнай творчасці, дзе працуе яе сын Яўген Мармыш.

…Зайшлі ў старую хату з дазволу Яніны Іванаўны, але нішто там, на жаль, не нагадвала ўжо пра жыццё-быццё. А пад акном, якое ўжо даўно забіта жэрдкамі і цвікамі, стаяць запраўленыя асновай кросны... Калісьці тут рыпелі панажы, стукалі бёрды з набіліцамі, хадзілі ўверх-уніз ніты, ткалася палатно, расквечанае яркімі ўзорамі. Дыван так і застаўся недатканым Уладзіславай Аляксандраўнай (а было ёй 81 год), аднак кавалак вытканага палатна нібыта ціха чакаў свайго часу. Дзяніс Балабуеў, загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, задумліва і разам з тым з гонарам сказаў: “Гэта будзе самы галоўны і каштоўны экспанат у нашым музеі. Я сам навучуся ткаць…”

/i/content/pi/cult/811/17393/13_7.jpg

 

Ручныя жарнава.

“За здзекі, за раны сыны-партызаны выходзілі ворага біць”

Пераязджаючы з вескі ў веску Шчучынскага раёна, спецыяльна пабывалі ў в.Зачэпічы, якая размясцілася ў надзвычай прыгожым куточку орлеўскага краю, на мяжы трох раёнаў: Шчучынскага, Мастоўскага і Дзятлаўскага, каб наведаць мемарыяльны комплекс “Музей. Зямлянка”. Вакол густой сцяной паўстаў лес з высокімі соснамі, побач цячэ Нёман, дыхаецца неяк па-асобаму, здаецца, жыццё ідзе тут вельмі спакойна. Гэта сёння, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў тых мясцінах разгарнулася шырокамаштабная барацьба з захопнікамі. Мемарыяльны комплекс быў створаны на месцы базіравання штаба партызанскага злучэння Шчучынскай зоны, утворанага 18 красавіка 1943 г., якім камандаваў Сцяпан Пятровіч Шупеня. На ліку партызан Шчучынскай зоны многа славутых спраў. Музейная экспазіцыя разгарнулася і ў адноўленай зямлянцы.

“На магіле ўзыду дубам...”

Пабывалі мы і на малой радзіме Цёткі, дзе яна вырасла, куды ў кожную вольную хвілінку прыязджала і дзе завяшчала быць пахаванай. Калі ехаць ад Астрыно праз Новы Двор, Хадзілоні, Васілішкі, акурат ля дарогі на Стары Двор можна ўбачыць яе надмагільную пліту. Запалілі лампадку, моўчкі пастаялі. Побач з мемарыялам ляжыць ствол дуба, на якім высечаны радкі вялікай паэткі:

“На магіле ўзыду дубам,

Пачну шаптаць

братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песняй у народзе!”

Экспедыцыя адбылася!

Наперадзе праца па стварэнні новай экспазіцыі ў в.Зарачанка, у аграгарадку Квасоўка, дзе перад вачамі наведвальнікаў паўстануць мудрасць, вопыт і традыцыі нашых продкаў. Гэта той агеньчык, які асвятляе нашы душы, прымушае па-іншаму зірнуць на тое, як жылі нашы дзяды і прадзеды.

Наперадзе новыя цікавыя экспедыцыі з фіксацыяй каштоўных аб’ектаў, знаёмства з носьбітамі традыцый і гонар за такіх светлых і таленавітых людзей — нашых продкаў.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтру

Фота аўтара