“Мой утульны дом”

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася мастацкая выстава
Ніколі не трэба баяцца спасцігаць нешта новае — прынцып Надзеі Мікелсонс. Яшчэ не так даўно яна гандлявала на базары ў Ашмянах, а цяпер маладая жанчына — трэнер па паўэрліфтынгу і самадзейная мастачка, чыя выстава адкрылася 6 жніўня. Мастацтва сапраўды мае цудадзейную сілу, і гэта Надзея бліскуча даказала.

/i/content/pi/cult/811/17391/11_2.jpg

Хвароба напаткала маладую жанчыну нечакана. Пошук лепшых урачоў, працяглае лячэнне... Адна ўрач параіла зусім незвычайны спосаб узнаўлення — прапанавала заняцца творчасцю. “Я нават вершы спрабавала пісаць… Але аднойчы ўзяла ў рукі пэндзлік і не выпускаю яго дагэтуль, прысвячаю маляванню ўвесь свой вольны час”, — расказвае самадзейная мастачка. Хвароба адступіла. Больш дакладна, галантна саступіла месца творчасці і спорту. Гледзячы на мужа, Надзея захапілася паўэрліфтынгам і нават пачала трэніраваць падлеткаў у Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. А мастаком Надзея Мікелсонс называе сябе з вялікай асцярожнасцю, хаця і стварыла за тры гады больш за 400 работ у тэхніцы акрыл і акрыл-спрэй. Малюе яна не толькі на традыцыйным палатне, але і на шкле, камені, дрэве. На яе карцінах мала рэальных прадметаў і вобразаў — Надзея глядзіць глыбей, спрабуе адлюстраваць настрой, гук, пах... “Ніколі не думала, што буду выстаўляць свае работы, бо гэта мой занятак для душы”, — прызнаецца яна.

/i/content/pi/cult/811/17391/11_1.jpg

Экспазіцыя выставы.

Пра тое, што Надзея такі пладавіты творца, да нядаўняга часу ніхто, акрамя яе блізкіх, не ведаў. З “падполля” яе вывела ашмянская журналістка Аліна Санюк. Даведаўшыся пра захапленне маладой жанчыны, Аліна пераканала мастачку, што нельга хаваць сваю творчасць. І Надзея асмелілася: Ашмянскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча зладзіў выставу яе работ, якая амаль адразу перамясцілася ў Смаргонь — у Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Акрамя карцін мастачка стварае і арыгінальныя размаляваныя гіпсавыя вазы — іх таксама можна ўбачыць на выставе.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара