Паслухаць класіку наўпрост з вуліцы

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Віцебская абласная філармонія ўвесь жнівень працягвае канцэрты на адкрытым паветры — ва ўнутраным дворыку будынка. Пра тое, як і калі склалася такая форма, а таксама пра некаторыя падрыхтаваныя артыстамі праграмы мы размаўляем з мастацкім кіраўніком дзяржаўнай канцэртнай установы Уладзімірам БАБАРЫКАМ.

— Ведаю, што канцэрты ва ўнутраным дворыку філармоніі ладзіліся і раней. Не толькі сёлета ў дні “Славянскага базару ў Віцебску”, але і ў мінулыя гады.

— Так, вопыт меўся, і даволі багаты. Стала ўжо традыцыяй закрываць сезон выступленнем сімфанічнага аркестра нашай філармоніі — менавіта ў фармаце open-air. Ладзіліся на свежым паветры і некаторыя дзіцячыя імпрэзы. Але такога, каб некалькі тыдняў запар ледзь не ўсе мерапрыемствы былі перанесены ва ўнутраны дворык, натуральна, не было. Вымусілі абставіны. Увесну мы адпусцілі артыстаў у адпачынак. З канца чэрвеня паспрабавалі паказваць дзіцячыя ранішнікі. Упэўніліся, што публіка адгукаецца — тым больш, што падобных “жывых” канцэртаў не было надта доўга. У ліпені афіша стала больш насычанай, увагу слухачоў прыцягнула і тое, што літаральна ў апошні момант частка ліпеньскіх канцэртаў патрапіла ў афіцыйную праграму “Славянскага базару ў Віцебску”. У фестывальныя дні, магчыма, некаторыя завітвалі да нас выпадкова. Ды настолькі зацікавіліся, што сталі прыходзіць і надалей. Спрацавала і “сарафаннае радыё”, калі пра канцэрты на свежым паветры, што ідуць рэгулярна, наведвальнікі расказвалі сваім суседзям, калегам, знаёмым, выкладалі фота ў сеціве. Таму цяпер мы добра разумеем: такая форма правядзення канцэртаў мае сваіх прыхільнікаў. Заўважылі, дарэчы, і тое, што пачаў змяняцца звычайны кантынгент слухачоў. І паўплывала на гэта, я ўпэўнены, не толькі сітуацыя з каранавірусам.

/i/content/pi/cult/811/17386/4_1.jpg

Уладзімір Бабарыка.

— Іншымі словамі, змяненне пляцоўкі прывяло і да змянення складу публікі?

— Сапраўды так. Раней нашымі наведвальнікамі часцей за ўсё былі людзі сталага ўзросту. Яшчэ адна катэгорыя — гэта ўласна музыканты, і ў гэтым няма нічога дзіўнага: такога роду заўсёднікі сустракаюцца не толькі ў нас, але і ва ўсіх філармоніях свету. Цяпер — стала куды больш моладзі. Магчыма, строгая атмасфера філарманічнай залы крыху сцішвала моладзевыя парывы, бо ў многіх і дагэтуль само слова “філармонія” асацыюецца з чымсьці сумным. Але такія ўражанні змяніліся, калі з’явілася магчымасць ледзь не штовечар чуць гукі класічнай музыкі наўпрост з вуліцы, пры гэтым на свае вушы штораз пераконвацца, наколькі гэта захапляльна і цікава.

— А калі раптам надвор’е падводзіць? У вашым дворыку ж няма даху, нават для артыстаў.

— Навальніца? Тады проста пераносім усё ў залу, выконваючы меры засцярогі. І гэта, акрамя ўсяго, становіцца дадатковай рэкламай для новай публікі: у філарманічнай зале, аказваецца, таксама цікава, не трэба яе “баяцца”. Спадзяемся, вынікі цяперашняй вулічнай музычнай палітыкі адаб’юцца і ў новым сезоне, бо ўзімку гэтак канцэрты на вуліцы не зладзіш.

— Дарэчы, калі вы адкрываеце новы сезон? Ці цяперашнія канцэрты — гэта ўжо і ёсць яго пачатак?

— Не, у нас традыцыя: урачыстае адкрыццё сезона заўсёды праводзім у Сусветны дзень музыкі — 1 кастрычніка. Так будзе і сёлета. Асаблівасць хіба ў тым, што пасля вясновых вакацый мы цяперашні сезон практычна не закрываем, ён натуральна перацякае ў наступны.

/i/content/pi/cult/811/17386/4_2.jpg

Ансамбль танца, музыкi i песнi “Талака”.

— Можа, пракаментуеце некаторыя праграмы? Тым больш, што частка іх раз-пораз паўтараецца: атрымліваецца штосьці накшталт рэпертуарных спектакляў у тэатральных афішах.

— Так і ёсць, і гэта мае рацыю. Музыка, як і тэатр, — мастацтва часавае, разгортваецца “тут і цяпер”, залежыць ад многіх фактараў, і ніводны паўтор не бывае цалкам такім жа. Мы паўтараем канцэрты, што карыстаюцца найбольшым попытам, а таксама ладзім іх серыі: гэта таксама прыцягвае слухачоў.

— Вось, да прыкладу, некалькі разоў за жнівень вы прапануеце выступленні ансамбля танца, музыкі і песні “Талака”. Гэта зразумела: публіка заўжды жыва рэагуе на эстрадныя, фальклорныя праграмы, што адразу ствараюць святочны настрой. Ёсць свае адданыя прыхільнікі і ў вашага знакамітага актэта балалаек “Віцебскія віртуозы”: гэтыя канцэрты, да ўсяго, пазначаны прыцягальнай назвай “БалаLeto” — хіба што не з балетам. Але двойчы на месяц стаіць і “Месяцавае святло”. Маецца на ўвазе музыка Дэбюсі? Бо так называецца адна з яго фартэпіянных прэлюдый, найбольш папулярная сярод знаўцаў.

— Якраз твораў Дэбюсі ў гэтай праграме няма — хаця, хутчэй за ўсё, і трэба было б уключыць. “Месяцавае святло” — сольны канцэрт, які праводзіць наша цымбалістка, лаўрэат міжнароднага конкурсу Таццяна Моўля. Яна не ўпершыню, дарэчы, ладзіць свае сольнікі, прычым самыя розныя — і вечаровыя, у тым ліку тэматычныя, і разлічаныя на дзяцей. Колішняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, апошнім часам актыўна засвойвае яшчэ і эстрадны рэпертуар. Увогуле, усе нашы артысты — выдатныя прафесіяналы, якім падуладны любыя музычныя жанры і стылі. Нагадаю, 13 гадоў таму ў нашай філармоніі быў усталяваны папраўдзе шыкоўны арган. У нас ёсць цыклы арганных канцэртаў — для дарослых і, асобна, для дзяцей. Вядома, арган на вуліцу не выкаціш, але слухачы гэта разумеюць, і нават у цяперашні складаны час з радасцю прыходзяць у залу. Тым больш, што акрамя ўласна музыкі мы выкарыстоўваем праектар, спалучаем гукавыя і візуальныя ўражанні.

— Маецца на ўвазе “Касмічнае падарожжа”?

— Так, арган ужо сам па сабе — не толькі кароль музычных інструментаў, як яго часта называюць, а сапраўдны космас. Яго гучанне невыпадкова асацыюецца з небам, высокім духоўным пачаткам, усеабдымнасцю сусвету. Да таго ж, у гэтай праграме сабраны самыя розныя творы — ад арганнай класікі таго ж Баха да сучасных кампазіцый. Да прыкладу, гэта “Казачны палёт”, “Пад зорным небам” нямецкага арганіста і кампазітара Ханса-Андрэ Штама. Выконваем нават кінамузыку — з тых жа “Зорных войнаў”. Акрамя ўласна аргана з яго багаццем адценняў гучаць і іншыя тэмбры. Бо ў канцэрце ўдзельнічаюць не толькі Вераніка Багдановіч-Язвінская, якая іграе на аргане, але і Алена Гракава (сапрана), Аляксандра Палятаева (флейта). Хтосьці з наведвальнікаў для паўнаты адчуванняў заплюшчвае вочы. Іншыя — наадварот, уважліва сочаць за відэавыявамі. Абыякавых не бывае.

/i/content/pi/cult/811/17386/4_3.jpg

Актэт балалаек “Вiцебскiя вiртуозы”.

— А хто такія Карамелька і Гарошынка? Бачу, 14 жніўня ў вас была прэм’ера новай праграмы з іх удзелам — “Карамелька і Гарошынка ў інтэрнеце”.

— Гэта героі, ролю якіх выконваюць нашы артысты. Карамелька і Гарошынка даўно палюбіліся дзецям і іх бацькам. Куды толькі ні заносіла гэтых казачных персанажаў! Яны пабывалі і на Карыбскіх астравах, і ў космасе. Цяпер вось — у інтэрнеце. Праграма музычна-гульнявая, разлічана на актыўную рэакцыю дзяцей, пачынаючы літаральна ад трох гадоў: сёння яны, як жартуюць, нараджаюцца адразу з гаджэтамі. І мае красамоўны падзагаловак: “У палоне сусветнага павуціння”. Бо інтэрнет, як вядома, не толькі дае вялікія магчымасці, але і расстаўляе пасткі. Гэтых герояў (а да Карамелькі і Гарошынкі раней яшчэ далучалася Гламура) з іх разнастайнымі падарожжамі ды прыгодамі прыдумалі супрацоўнікі філармоніі: наша былая артыстка Алена Папко і лектар-музыказнаўца Таццяна Савіцкая, у 2011-м уганараваная званнем “Лепшы артыст года”. “Героі дзіцячых кніг” — таксама яе праграма. Там дзейнічаюць дзяўчынка Маша і кніжная фея, яны разам з дзецьмі згадваюць Карлсана, Папялушку, знакамітага Калабка ды іншых казачных герояў. У такіх праграмах гучаць песні, іншая музыка. Але не менш важна, што праз такія гісторыі ды гульні дзеці вучацца спазнаваць, дзе дабро, а дзе зло, далучаюцца да вечных каштоўнасцей. Але ёсць і мінус — у поўным сэнсе слова, бо часцей за ўсё дзіцячыя праграмы ідуць пад “мінусоўку”: салісты спяваюць “жыўцом” пад раней запісанае інструментальнае суправаджэнне. А нам хацелася б ставіць сапраўдныя дзіцячыя мюзіклы. Яны карыстаюцца вялікім попытам, дый вопыт такі ў нас маецца. У свой час мы ставілі і “Залатога кураня” Вячаслава Уланоўскага, і “Гісторыі ката Філафея” Якава Дубравіна. Але гэта ўсё расійскія аўтары, хаця Уланоўскі апошнія гады жыве ў Германіі. Згаданыя творы ставіліся шмат дзе. А хацелася б і штосьці беларускае! Так, мы не можам забяспечыць паўнавартасную тэатральную пастаноўку з грувасцкімі дэкарацыямі, вялікім складам сімфанічнага аркестра. Але часам гэта і не трэба! Такія музычныя казкі могуць паспяхова выконвацца пад раяль.

— Могуць быць задзейнічаны і іншыя інструменты. У Еўропе многія не толькі дзіцячыя спектаклі, але і камерныя оперы для дарослых ідуць у суправаджэнні некалькіх сольных інструментаў, прычым выканаўцы на іх таксама знаходзяцца на вачах у гледачоў і часцяком бяруць удзел у сцэнічнай дзеі на роўных са спевакамі. Ёсць нават такога роду балетныя пастаноўкі, дзе артысты-інструменталісты маршыруюць ці крыху прытанцоўваюць разам з іншымі ўдзельнікамі. У дачыненні да дзіцячых спектакляў, гэта можа быць яшчэ і непасрэднае знаёмства з музычнымі інструментамі, папулярызацыя выканальніцтва на іх.

— Мы гэта разумеем — і актыўна шукаем адпаведны музычны матэрыял. Таму яшчэ і праз вашу газету былі б рады звярнуцца да беларускіх кампазітараў, асабліва да творчай моладзі: пішыце не толькі аб’ёмныя партытуры, прызначаныя для Вялікага тэатра, але і больш камерныя музычныя казкі, мюзіклы, іншыя сцэнічныя творы, разлічаныя на дзіцячае ўспрыманне. Такі рэпертуар сёння вельмі запатрабаваны!

Фота прадастаўлены Віцебскай абласной філармоніяй

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"