Лічы, там пабываў

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Швецыя з беларускага гледзішча
У мінскім Музеі Максіма Багдановіча праходзіла выстава мастачкі Наталлі Паваляевай. Гэтая экспазіцыя — адлюстраванне яе ўражанняў ад вандровак у Швецыю. У стылістыцы твораў прысутнічаюць матывы народнага мастацтва названай краіны. Выстава называецца “Курбітс па-беларуску, Альбо Швецыя становіцца бліжэй”.

У Наталлі Паваляевай некалькі творчых іпастасяў. Яна ілюструе кнігі, выкладае у БДУ англійскую мову, перакладае з яе, а яшчэ са шведскай, і стварае літаратурныя тэксты сама. Яе мастацкія працы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі, Германіі, Нарвегіі, Італіі, Фінляндыі.

/i/content/pi/cult/811/17385/9_4.jpg

“Пажарная бяспека”.

Шведскую мову пачала вывучаць пасля таго, як у часе вандроўкі ў Стакгольм у агульных рысах азнаёмілася з побытам і культурай гэтай краіны. Тады ж зацікавілася яна і народным мастацтвам Швецыі, у прыватнасці - нацыянальнай арнаментыкай на аснове раслінных матываў. На шведскай мове гэта называецца курбітс. Такія кампазіцыі складаюцца з буйных кветак і лісця. Бывае, што мастацтва дадае людзям таго, чаго ім не стае ў рэчаіснасці. Магчыма, гэта менавіта той выпадак. Прырода Скандынавіі велічная і сціплая. Там па вызначэнні не можа быць расліннасці, як ў субтропіках. Але паколькі душа прагне незвычайнай прыгажосці, людзі расквечваюць свой побыт выявамі фантастычных дрэў і кветак.

/i/content/pi/cult/811/17385/9_5.jpg

“У гасцях добра, а дома лепш!”.

Шведскі курбітс вельмі нагадвае наш народны жывапіс. У прыватнасці, — роспісы куфараў. Наталля Паваляева як творчая асоба не магла не звярнуць ўвагі на гэтую акалічнасць. Яе творы — побытавыя замалёўкі, з якіх зразумела, што жыхары тае скандынаўскай краіны не надта адрозніваюцца ад беларусаў. І адначасова — гэта дэкаратыўныя пано, дзе раслінная аздоба адыгрывае ролю не меншую за тэму і сюжэт. Ды яшчэ па ўсім відаць, што мастачка плённа працуе з дзіцячай кнігай і здольная на незласлівую іронію і мяккі гумар.

/i/content/pi/cult/811/17385/9_7.jpg

Наталля Паваляева. “Люстэрка”.

Хто паспеў паглядзець выставу, лічы, пабываў у Швецыі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"