“Водгукі песняў” Янкі Купалы

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Якая яна, выстава народнага мастака ў музеі народнага паэта?
Ці ёсць мяжа для дасягненняў творцы? Узрост, калі можна “збіраць камяні”? І так, і не… Ва ўсякім разе народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, нягледзячы на тое, што ўжо пераступіў 80-гадовую ўзроставую прыступку, не перастае здзіўляць гледача новымі творамі. Магчыма, таму што не ўспрымае паняцце школы як застылую догму, наадварот з узростам дае сабе свабоду творчага палёту. І дзе — у ілюстраванні паэм Янкі Купалы. Здавалася б, усё ужо сказана ім самім, і яго калегамі-мастакамі. “Адвечная песня”, “Яна і я”, “Курган” — літаграфіі Васіля Шаранговіча 1970-х сталі ўжо хрэстаматыйнымі. Але ў канцы 1990-х мастак зноў вярнуўся да ўлюбеных яму вобразаў, але ў новым, экспрэсіўным прачытанні, выкарыстоўваючы тэхніку гуашы і алоўка. Сёння цыкл з 17 новых работ выдатнага беларускага графіка экспануецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Цэнтральны экспанат выстаўкі — аўталітаграфія “А хто там ідзе…” 1976 года - класіка “купаліяны” мастака... На фоне гэтай работы, дзе кожны штрых вывераны і кожны вобраз завершаны, гуашы канца 1990-х выглядаюць нечакана востра і выразна. Знакаміты майстар станковай і кніжнай графікі ў сваіх новых творах па матывах паэм Купалы выступае зусім не як рэаліст. Аўтарскія лісты напоўнены бурнай экспрэсіяй. Аднак такое арыгінальнае прачытанне самых знакавых твораў беларускага песняра не супярэчыць часу — ні цяперашняму, ні тагачаснаму. “Геній паэта прадбачыў з’яўленне сюррэалізму”, — так гаварыў сам Васіль Шаранговіч пра паэму “Адвечная песня”. І гэта стала адпраўной кропкай для стварэння ім новай серыі работ, якія патрабуюць напругі пачуццяў і суперажывання гледача. Зрэшты, творчасць для Васіля Шаранговіча ніколі не была проста “адкрыццём” або “сузіраннем”, яна была барацьбой, пакутай, пошукам новага, невядомага.

/i/content/pi/cult/811/17381/8_1.jpg

З серыі па матывах паэм Янкі Купалы. 1990-я.

Гледзячы на работы Васіля Шаранговіча розных гадоў стварэння, якія прадстаўлены ў фондах і на экспазіцыях многіх айчынных і зарубежных музеяў, можна ў поўнай меры ацаніць моц не толькі яго талента, але самой асобы мастака. Валявы, тэмпераментны, дзейсны, ён запаўняў графічныя лісты энергіяй, якую чэрпаў з гісторыі краіны і падзей сучаснай яму эпохі. Гэта энергія заварожвае і сёння. Нават так: сёння, як ніколі раней.

Углядаюся ў новую серыю работ, і не перастаю здзіўляцца: і гэта той хрэстаматыйны, “афіцыйны” мастак, якім яго ўсе прывыклі ўспрымаць?.. Араты, нястомны ў сваёй творчасці, які ўпэўнена вядзе сваю лінію у мастацтве?.. Але, магчыма, ён так і не быў да канца ў свой час раскрыты гледачамі — як экспрэсіяніст, ярасна-эмацыянальны па манеры, што імнуўся да вострых колеравых кантрастаў і рэзкіх змяшчэнняў прастораў?

/i/content/pi/cult/811/17381/8_2.jpg

З серыі па матывах паэм Янкі Купалы. 1990-я.

Васіль Шаранговіч марыў стаць жывапісцам. А паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут на графіку. І там адчуў, што такое ўмоўная форма, як прыгожа спрацоўвае лінія. Ён хутка палюбіў графіку за вастрыню перадачы вобразаў, магчымасць свабоднай інтэрпрэтацыі пластычнай мовы.

Новыя рашэнні формы, рэзкія, смелыя, экспрэсіўныя, былі характэрны яшчэ студэнцкім работам Васіля Шаранговіча. Дзіўна, але ў інстытуце ён лічыўся “фармалістам”, пры гэтым заставаўся выдатным рысавальшчыкам, які бліскуча валодаў рознымі кампазіцыйнымі прыёмамі.

/i/content/pi/cult/811/17381/8_3.jpg

З серыі па матывах паэм Янкі Купалы. 1990-я.

Невыпадкова дыпломная работа маладога мастака — серыя лінагравюр па матывах лірыкі Янкі Купалы — была пабудавана на рэзкіх кантрастах напружаных ліній і планаў, што стварала дынаміку і нечаканую для тагачаснага прачытання беларускай класікі напружаную экспрэсію. Для гэтай серыі і ў цэлым для ранніх работ мастака характэрна збліжэнне з ксілаграфіяй, — ён адмаўляўся ад тона, растушоўкі, падкрэслена супастаўляў чорнае і белае. Непадатнасць і жорсткасць матэрыяла стварала асаблівую, дадатковую напружанасць. Вось тут закладзена “формула” ўсёй будучай творчасці Васіля Шаранговіча: уменне даводзіць пластычны вобраз да выразнасці знака.

На жаль, фонды інстытута і архівы самога аўтара не захавалі творы, выкананыя ім пад час вучобы, як і многія эскізы і накіды ў наступныя гады. Мастак заўжды быў вельмі самакрытычны і непахісты да сябе. Ён упарта шукаў адмысловую форму, якая б найлепш раскрывала сэнс твора. А вось этапы яго пошукаў заставаліся па-за ўвагай даследчыкаў. А часта яны больш вольныя і экспрэсіўныя, чым серыі аўталітаграфій і ілюстрацый, якія прынеслі Васілю Шаранговічу вядомасць. У іх мастак у поўнай меры выкарыстоўваў тыя фармальныя падыходы, якімі захапляўся яшчэ ў інстытуце: “гуляў” з формай, аб’ядноўваў у адну кампазіцыю розначасавыя моманты, мог прывезці прастору да некалькіх умоўных плоскасцяў, выкарыстоўваў падкрэсленую штрыхавую мадэліроўку аб’ема, якая не разбурае плоскасць.

Гэта ўжо пасля вучобы Васіль Шаранговіч заняўся афармленнем кніг Купалы, Коласа, Багдановіча, Барадуліна, Бядулі, Міцкевіча, Караткевіча, Маякоўскага, Джона Рыда. Паралельна ствараліся станкавыя лінагравюры і аўталітаграфіі, манатыпіі, акварэлі, а за серыю “Памяці вогненых вёсак” ён у 1986 годзе быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Творчасць Васіля Шаранговіча склалася ў перыяд пошука дзейснай зваротнай сувязі мастацтва з соцыумам, калі ў мастацтве валадарылі парадна-прапагандысцкія тэндэнцыі сацрэалізму. Гэта быў нялёгкі час для самастойнага мастацкага мыслення. Тым не менш Васіль Шаранговіч ішоў сваім шляхам. Ён здолеў спалучыць высокую класічную традыцыю, асноўную для тагачаснага мастацтва, з метадамі авангарднага формавыяўлення.

У сваіх праграмных серыях ён імкнуўся да абагульненняў, да стварэння “карціны свету” — не толькі з дапамогай актуальнасці тэмы, але і праз новае прачытанне пластыкі, праз вострыя фармальныя рашэнні.

І на гэтым фоне гуашы і алоўкавыя кампазіцыі “купаліяны” 1990-х выглядаюць нейкім новым пластычным прарывам, якія знамянуюць пошук (або вяртанне) да экспрэсіўнай пластыкі ў стылі эстэтыкі Мунка і Дыкса. Аўтар выкарыстоўвае многія іх мастацкія прыёмы. Напружаныя формы, вольныя змены прапорцый фігур дзеля павышэння выразнасці, экспрэсію мазкоў, адлюстраванай ў фактуры, названай даследчыкамі нямецкага экспрэсіянізму “нераздзеленай жэстыкуляцыяй жэстаў”.

Углядаюся ў работы па матывах паэмы “Курган” — сюжэт, які быў так упадабаны мастаком яшчэ з 1970-х. У вобразе лірніка важна ўсё - вочы, падняты ўверх напружаны твар, вузлаватыя рукі, якія ведалі катаржную працу. У новай версіі “купаліяны” няма апісальнасці (ды і раней яе было зусім мала), у шмат разоў узмацнілася сімвалічнасць, знакавасць, яшчэ больш выявіўся пазачасавы сэнс вобразаў паэмы.

Вось яшчэ адзін матыў, да якога мастак часта звяртаўся ў сваіх ілюстрацыях, — груганы над полем. У цяперашніх гуашавых малюнках гэты сюжэт успрымаецца амаль знакава. Паўсюдна дамінуе Зямля (характэрна, што Неба у лісце амаль няма, замест яго — фантастычныя істоты). Зямля не ўспрымаецца проста элементам пейзажу, карміцелькай чалавека. Гэта не толькі ўзворванне глебы пад будучы плён, але і няспынны рух уперад, што з’яўляецца сімвалам лепшай будучыні. І ніякім істотам, што хмарай кружляюць наверсе, не спыніць ратая. Дарэчы, сам мастак паўсядзённую заўзятую працу на зямлі у час баранавання поля і кашэння сена добра ведае з ранняга дзяцінства…

Зямля ў Купалы і Шаранговіча — гэта не толькі ворнае поле і сенажаць, але і апірышча для адзінокіх дрэў-волатаў, для густога і таямнічага лесу, бяскрайняга поля са сціплым квеццем. Зямля для абодвух аўтараў — гэта апора для ўсяго існага і жывога, для чалавека. Менавіта чалавек — гэта істота найперш прывабная для мастака. Ён — галоўны чыннік кожнай з работ Васіля Шаранговіча: працуе, кахае, пакутуе і змагаецца. Ніякай лапідарнасці, наадварот — асаблівая вастрыня, пластычная аркестроўка, энергетыка, філасофская экспрэсія, аналітычны талент, усё тое, што ставіць мастака ў шэраг выдатных творцаў нашага часу.

Не будзе памылкай сказаць, што да свайго Купалы Васіль Шаранговіч ішоў усё свядомае жыццё. І сёння мастак цікавіцца ўсім, што датычыць мастацкай візуалізацыі знакамітага твора, і гэта значыць, што шлях не скончаны. Дыялог творцаў працягваецца.

Наталля ШАРАНГОВІЧ, мастацтвазнаўца