Легендарнаму тэатру прысвячаецца

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 11 жніўня распачала работу выстава “Да сустрэчы на сцэне!”, прымеркаваная да 100-годдзя Купалаўскага тэатра, які з’яўляецца адным з найярчэйшых у Беларусі арыенціраў на нацыянальную драматургічную спадчыну.

Аб працы над экспазіцыяй, якая будзе прэзентаваная 20 жніўня ў галерэі “Атрыум” на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі, нам распавяла загадчык сектара арганізацыі кніжных выстаў Ксенія Жукоўская, якая займаецца падрыхтоўкай гэтага мерапрыемства разам з вядучым метадыстам Надзеяй Красуцкай. Зрэшты, над экспазіцыяй дбайна працуе ўвесь аддзел галерэйна-выставачнай справы, бо арганізацыя выставы вымагае вялікіх дызайнерскіх і афарміцельскіх высілкаў.

Ксенія Жукоўская адзначае, што падобныя праекты, звязаныя з тэатральным жыццём краіны, ладзіліся ў бібліятэцы і раней — напрыклад, у 2018 годзе адбылася выстава, прысвечаная 85-годдзю з дня заснавання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Але сёлетняя экспазіцыя, бадай, мае быць яшчэ больш маштабнай, і комплексна адлюструе ўвесь стогадовы шлях купалаўцаў.

/i/content/pi/cult/811/17379/2_1.jpg

Макет сцэнаграфіі Кацярыны Шымановіч да спектакля “Радзіва Прудок” паводле кнігі Андруся Горвата.

На выставе наведвальнікі пабачаць прадстаўленыя афішы да спектакляў, эскізы сцэнаграфіі, каштоўныя рэдкія здымкі найбагацейшай гісторыі тэатра. Дакументы, што змесцяць у экспазіцыі, збольшага, безумоўна, паходзяць са збораў самой Нацыянальнай бібліятэкі, але частку прадаставілі для экспанавання і прыватныя калекцыянеры. Сярод кніжных цікавостак заўзятарам чытання прэзентуюць раннія выданні аўтараў, чые творы на працягу дзесяцігоддзяў ажыццяўляліся многімі пакаленнямі рэжысёраў і артыстаў легендарнай трупы. Таксама тут можна будзе пабачыць цікавыя рарытэтныя выданні па гісторыі тэатра, працы тэатральных крытыкаў. Значную частку экспанатаў прадаставіў са сваіх архіваў і сам Купалаўскі, агулам жа публіцы пакажуць больш за 150 прадметаў.

Выстава пабудаваная паводле храналагічнага прынцыпу і раскрые гісторыю развіцця ды станаўлення тэатра па асноўных вехах яго шляху. Нададзеная ўвага і дарэвалюцыйнаму перыяду, то бок часу, калі ў будынку сённяшняга Купалаўскага дзейнічаў мінскі гарадскі зімовы тэатр. Зрэшты, з дня яго заснавання на гэты год таксама прыпадае круглая дата — ён адчыніў свае дзверы для прыхільнікаў Мельпамены ў 1890-м, у чым можна ўпэўніцца дзякуючы найстарэйшаму экспанату выставы — вытрымцы з падшыўкі тагачаснай газеты “Мінскі лісток”, дзе была змешчаная зацемка аб урачыстым адкрыцці гарадскога тэатра. А пра падзеі, звязаныя з датай заснавання ўжо 1 Беларускага дзяржаўнага тэатра, будзе сведчыць афіша прэм’ерных спектакляў, пастаўленых у Мінску ў верасні 1920 года. Тады беларуская трупа прадставіла на суд гледачоў спектакль “Рысь” паводле аповесці Элізы Ажэшкі, яўрэйская трупа — пастаноўку “Людзі“ паводле твору Шолам-Алейхема, а іх рускія калегі — “Вяселле” паводле п’есы Антона Чэхава.

/i/content/pi/cult/811/17379/2_2.jpg

Афіша ўрачыстага адкрыцця тэатра ў 1920 годзе.

Наступныя ж секцыі пакажуць гісторыю тэатра па дзесяцігоддзях, ад міжваеннай пары і да нашых дзён. Прычым своеасаблівым стрыжнем, які аб’яднае ўвесь шлях калектыву праз гады, зробяцца цытаты з біяграфічных кніг Аляксандра Станюты — сына славутай народнай артысткі, якая дала трапныя ацэнкі творчасці і лёсам многіх сваіх калег. Акрамя гістарычных дакументаў, важным складнікам экспазіцыі стане выяўленчы шэраг, дзе прадстаўлены сучасныя афішы спектакляў, сцэнаграфія, эскізы касцюмаў.

Адной з безумоўных разынак выставы будуць ілюстрацыі выдатнага мастака-сцэнографа Аскара Марыкса, выхаванца пражскай мастацкай школы, які лічыцца родапачынальнікам аб’ёмнай трохмернай дэкарацыі ў беларускім тэатры. Некаторыя яго работы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, але для выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы ўнікальныя творы Аскара Марыкса прадаставіў мастак і калекцыянер Ігар Бархаткоў. Тут наведвальнікі пабачаць арыгінальныя эскізы касцюмаў і дэкарацый да п’есы Шэкспіра “Рычард ІІІ”. Акрамя работ Аскара Марыкса, прыхільнікі купалаўцаў змогуць пазнаёміцца таксама з альбомамі твораў такіх прызнаных майстроў сцэнаграфіі, як Іван Ушакоў і Барыс Герлаван.

/i/content/pi/cult/811/17379/2_4.jpg

Эскізы касцюмаў да спектакля “Паўлінка”. Мастак Барыс Малкін, 1944 год.

Асобны блок экспанатаў будзе прысвечаны візітнай картцы тэатра — знакамітай “Паўлінцы”. Ксенія Жукоўская адзначае, што сцэнаграфія гэтага спектакля і сёння мае багата агульнага з працамі Барыса Малкіна, выкананымі для пастаноўкі “Паўлінкі” Львом Літвінавым у гады эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Нацыянальны акадэмічны тэатр таксама прадаставіў для паказу на выставе пяць сучасных сцэнічных касцюмаў - тры з іх належаць персанажам купалаўскай “Паўлінкі”, адзін — з “Выкрадання Еўропы” Францішкі Уршулі Радзівіл, і яшчэ адзін — з чэхаўскага “Вяселля”. Што тычыцца найбольш набліжаных да сучаснасці экспанатаў — дык гэта макет сцэнаграфіі Кацярыны Шымановіч да спектакля “Радзіва Прудок” паводле папулярнай кнігі літаратара Андруся Горвата.

Падчас адкрыцця выставы наведвальнікаў чакае інтэрактыўная зона, дзе будуць прадстаўлены прадметы мэблі з тэатральнага рэквізіту. Кожны ахвочы таксама зможа праявіць сваю фантазію і ўласнаручна стварыць паштоўку з віншаваннем на адрас купалаўцаў, якая абавязкова трапіць у тэатр.

Фота аўтара