“Ніякай працы і скарбаў ніякіх не шкадуйце для паспалітай карысці для айчыны сваёй”

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Слова да чытача

Так гучаць словы сімвала Культуры беларускай нацыі, вялікага гуманіста Францыска Скарыны. Так рабілі нашы продкі, якія доўгія стагоддзі стваралі і назапашвалі сваю адметную культурную спадчыну, якую нам суджана зберагчы сёння і пранесці далей у будучыню. Так рабілі нашы дзяды і бацькі ў часіны ліхалеццяў, не шкадуючы жыцця свайго, бо “…людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”. Гуманізм у сучасным грамадстве — гэта тая сіла, якая выратуе свет. Пацверджаннем таму радкі, якія ведае кожны з нас: “Мы, беларусы — мірныя людзі…” І гвалт ні ў якіх праявах ніколі не пераможа Любоў. Адбіткам рукі Скарыны асвечаны і сёлетні лагатып Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, нацыянальнага свята матчынай мовы, бацькоўскіх запаветаў. І яго Бібліі, старонкі якой раскрыюцца ўжо ў дваццаць сёмы раз ў першую нядзелю верасня. “… У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці…” — такі пасыл нашчадкам пакінуў славуты першаасветнік. Дык будзем жа вартыя сваіх продкаў, памятайма і аберагайма іх каштоўнасці — мір, згоду і спагаду да бліжняга, адмаўляючы насілле! Мір, а не насілле дазваляе годна жыць. Дык будзем яго ствараць у сваім агульным доме — Беларусі — разам!

 У апошнія дні культурная грамадскасць не можа застацца ў баку ад тых падзей, што адбываюцца навокал. Калектывы буйных музеяў, тэатраў, музычных устаноў, мастакі, музыканты, артысты, выказалі сваю прынцыповую пазіцыю з заклікам спынення гвалту і забеспячэння правоў і свабод мірных грамадзян нашай краіны, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Калектывы рэдакцый газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” далучаюцца да гэтых слоў, якія нам, журналістам культурнай сферы, немагчыма не падтрымаць.

/i/content/pi/cult/811/17377/1_3.jpg

Падчас публічных выказванняў супраць гвалту супрацоўнікі Вялікага тэатра Беларусі...

/i/content/pi/cult/811/17377/1_4.jpg

...Беларускай дзяржаўнай філармоніі…

/i/content/pi/cult/811/17377/1_2.jpg

…Нацыянальнага гістарычнага музея...

/i/content/pi/cult/811/17377/1_1.jpg

…Віцебскага тэатра “Лялька”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і дасланыя журналістам "К"