Ігар Сурмачэўскі: “Трэба думаць, як захаваць калекцыю для Беларусі”

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Ад трафейнай іконы да каралеўскіх пялюшак
Зайшоўшы ў гэтую звычайную мінскую кватэру, адразу адчуваеш пах ладану. Мабыць, ён там пануе заўсёды. Гэтым водарам набрынялі намоленыя стагоддзямі абразы, якімі з падлогі да столі завешаныя сцены стандартнай планіроўкі пакою. Тут жа, за сталом з вялізнай цэйсаўскай лінзай, іконы літаральна вяртаюцца да жыцця. Гаспадар імправізаванай майстэрні — рэстаўратар, калекцыянер і мецэнат Ігар СУРМАЧЭЎСКІ — цікавы кожнай з гэтых трох сваіх іпастасяў. У яго “Сезаме” — чаго толькі няма: абразы, найкаштоўныя дакументы ды пячаткі князёў ВКЛ, прадметы даўняга шляхецкага побыту, маляванкі Драздовіча і незлічонае мноства іншых рарытэтаў, якімі выхваляўся бы любы музей — не толькі беларускі, але і замежны.

— Нядаўна вось прыдбаў на аўкцыёне ў Стакгольме тыя пялюшкі, у якіх хрысцілі шведскую каралеву Сафію Альберціну — сваячніцу Кацярыны ІІ — дзеліцца навінамі калекцыянер. - Спрэчка была нежартоўнай — думаю, гэта вялікі шведскі музей быў маім супернікам. Але я не сквапіўся, і ў выніку апошняя стаўка засталася за мною.

/i/content/pi/cult/810/17374/14_1.jpg

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Чалавек грунтоўны і ў меру інтравертны, ён не піярыцца і не “малюецца” — аднак, у адрозненне ад многіх іншых калекцыянераў, ахвотна дзеліцца сваімі набыткамі з усімі. Вось і зараз, 15 жніўня, у Мірскім замку адкрыецца чарговая выстава з яго збораў, на якой можна будзе ўбачыць і тыя каралеўскія пялюшкі. І прадэманструе яна новы вектар інтарэсаў калекцыянера: як праходзіла дзяцінства ў мінулыя эпохі.

А 10 жніўня падчас вядомага на ўсе ваколіцы праваслаўнага фэсту ў гонар Божай Маці ў Дзісне па вуліцах самага маленькага беларускага гораду ўпершыню пройдзе крыжовы ход з адноўленым дзякуючы спадару Ігару абразом. Адправедна, нагодаў для гутаркі нам не бракавала.

“Я не ўбачыў гэтага ў нашых музеях”

На пытанне, як сабраць такую калекцыю, спадар Ігар адказвае проста: калі вы таксама ахвяруеце гэтай справе гадоў трыццаць жыцця — магчыма, і ў вас сёе-тое атрымаецца. Але мяне — чалавека, які хіба маркі ў дзяцінстве збіраў — заўсёды цікавіла іншае пытанне: адкуль бяруцца такія ўтрапёныя калекцыянеры? Што становіцца для іх стымулам?

— Пэўна, усё ад маёй бабулі, — пасля хвілі роздуму кажа суразмоўца.  - Замест казак у дзяцінстве яна распавядала мне пра мінулае: як людзі жылі, ува што апраналіся... Так я зацікавіўся гісторыяй — у тым ліку, і ўласнай сям’і. Ведаў, што мае продкі са шляхты, і паступова раскапаў радаслоўную па матчынай (лінія маці майго бацькі — Наркевічы) лініі ажно да 1415 года. Пра Сурмачэўскіх ведаю стагоддзя так з XVIII. Пасля быў тэатральна-мастацкі, дзе тады выкладаў легендарны мастацтвазнаўца Міхась Раманюк. Лічу яго сваім сапраўдным настаўнікам. І менавіта дзякуючы яму мне пашчасціла сваімі пальцамі дакрануцца да каштоўнасцяў нашай беларускай мінуўшчыны.

Калекцыянеры таго — яшчэ савецкага — часу былі не менш хітрымі канспіратарамі за мільянера Карэйку. І таму звесткі пра іх захаваліся вельмі няпэўныя. Хаця мой суразмоўцані каліва не сумняецца, што збіральнікі старажытнасцяў былі ў нас ва ўсе часы — можа, і зусім не таго ўзроўню, як патрыярхі кшталту Тышкевічаў і Луцкевічаў. Ды і сваім калегам з савецкіх сталіц, дзе патаемнае жыццё было куды актыўнейшым, беларускія калекцыянеры яўна саступалі.

— Калекцыі ў нас у той час, вядома, былі, але даволі слабенькія, — кажа спадар Ігар.

Зразумела, калі эпоха стала мяняцца, калекцыянаванне выйшла на новы якасны ўзровень. Ужо ў першыя гады перабудовы насупраць Мастацкага музея адкрылася першая ў Мінску легальная крама антыкварыяту. Менавіта там спадар Ігар набыў сваю першую ікону. А потым, праз нейкі час, пайшоў туды працаваць рэстаўратарам. Так і ўцягнуўся.

— У дзевяностыя ў антыкварную краму часцяком завітвалі “малінавыя пінжакі”, і першае, што яны куплялі - рускія іконы, — распавядае калекцыянер. - Карцела мне ім сказаць: ну навошта? Вы ж беларусы — гэта раз. Дый, па-другое, расійскіх збіральнікаў ніколі не пераплюнеце. Унікальныя палескія абразы тады не надта каціраваліся - яны каштавалі літаральна 10 — 20 долараў. Як і наогул беларуская тэматыка. Памятаю, “Малую падарожную кніжыцу” Скарыны прапаноўвалі ў тыя гады тысяч за дзесяць - праўда, па тых часах гэта было ў разы болей, чым кватэра ў Мінску. Цяпер, вядома, часы змяніліся, і скарынаўскі першадрук абыдзецца ўжо ў сотні тысяч “зялёных”.

/i/content/pi/cult/810/17374/14_3.jpg

Дзісненская (Смаленская) Адзігітрыя. 1650-я гады. Іканапісец Іван Еўфім’еў Духоўскі (Яраслаўль). Фота да і пасля рэстаўрацыі.

Спадар Ігар быў адным з першапраходцаў: ён ад пачатку збіраў найперш беларускія артэфакты. Прычым самай рознай тэматыкі. Аб’ядноўвае іх, па ягоных словах, хіба прыналежнасць да культуры шляхты. Прычым часам ён і наогул адкрывае новыя тэмы - як у выпадку з матэрыяльным светам дзяцінства, экскурс у які кожны ахвотны неўзабаве зможа зрабіць у Мірскім замку.

— Ці бачылі вы дзіцячыя бразготкі ХІХ стагоддзя, ці ведаеце, ува што спавівалі паўгадовага мацака Пане Каханку? Якія былі каптуркі ў маленькіх шляхцюкоў? - пытае ён. — Я не сустракаў гэтага ў нашых музеях. Хаця тэма ж папраўдзе цікавая.Вось таму і прыклаў свае намаганні, каб яе раскрыць.

Але як гэта зрабіць у нашых варунках, калі аўтэнтычныя артэфакты часоў ВКЛ даўно ўжо згарэлі ці згнілі? Не раз чуў такое ад музейшчыкаў — і не мог з імі не пагадзіцца. Аднак, спрактыкаваны калекцыянер, які ўтрапёна і без выхадных займаецца сваёй справай, урэшце знаходзіць тое, што шукае.

Па словах спадара Ігара, усё пачынаецца з вывучэння тэмы — праз даступныя навуковыя публікацыі, некаторыя з якіх, цалкам верагодна, неўзабаве надарыцца магчымасць аспрэчыць. Далей, калі твая візія справы ўжо сяк-так сфармавалася — самы час наведаць сусветную барахолку ў інтэрнэце. Там можна знайсці процьму ўсяго. Аднак ёсць і невялічкі сакрэт: дасведчаны пакупнік шукае не толькі рэчы, але і калекцыянераў.

— Я звычайна найперш прыглядаюся: калі чалавек прадае ўсё запар, ён мне не цікавы, — запрашае на сваю “кухню” спадар Ігар. — А вось калі ты бачыш, што калекцыянер у плане сваёй тэматыкі трапляе акурат у тваё поле… Як, напрыклад, адна сталая кабета з Англіі, якая факусавалася на дзіцячых рэчах двухсотгадовай даўніны… Тады я пішу прыватнае паведамленне, мы распачынаем камунікацыю, знайшоўшы агульную мову. І так, слова за слова, мне часцяком удаецца займець не тыя рэчы, якія калекцыянер хацеў “сплавіць”, выстаўляючы для продажу, але нешта куды больш каштоўнае — тое, з чым ён развітвацца раней мо і не збіраўся. Але не змог мне адмовіць.

Яшчэ адна крыніца паступленняў — еўрапейскія “блышыныя рынкі”. Прафільтраваўшы іх уздоўж і ўпоперак, суразмоўца можа даць карысныя парады “маладым рыбакам”: вудзіць трэба ў тых мясцінах, дзе ў ХХ стагоддзі не было сур’ёзных ваенных дзеянняў. Прыкладам, у Вялікабрытаніі ды на поўдні Францыі. Тут шанцы знайсці нешта каштоўнае ў разы большыя, ніж у краях, па якіх пракацілася вайна.

Кветкі “Поля цудаў”

Зрэшты, дзівосныя знаходкі здараюцца і ў нас. Спадар Ігар прыгадвае, як неяк яму прапанавалі навершша ад штандару з гербам ВКЛ. Прадавец і сам не ведаў, што патрапіла - воляй выпадку — яму ў рукі, а вось пільнае вока калекцыянера адразу ж разгледзела на тым кавалку паржаўленага жалеза герб Агінскіх “Брама”. Далей удакладняльнае пытанне — адкуль? Няпэўны адказ — “аднекуль з-пад Сталовічаў” — для знаўцы адразу расставіў усе кропкі над “і”. Калекцыянер не вагаючыся дастаў з кішэні 500 долараў, разумеючы, што за такі рарытэт гэта вельмі памысная цана.

Справа ў тым, што менавіта ў Сталовічах (цяпер гэта вёска ля Баранавічаў, хаця тады хутчэй Баранавічы былі ля Сталовічаў) у 1771 годзе адбылася адна сумная для нас гістарычная падзея. Вялікі гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі прыняў бок мяцежнай Барскай канфедэрацыі — і неўзабаве пацярпеў паразу ад куды больш спрактыкаванага ў ваеннай справе Аляксандра Суворава. Кажуць, “гетман-кларнет”, як яго называлі зласліўцы, у момант раптоўнага нападу супраціўніка акурат працаваў над новай операй. Так або не — але факт у тым, што ягонае войска (“А там быў і мой продак” — удакладняе спадар Ігар) разбілі ўшчэнт.

Адпаведна, навершша сцягу Агінскага — артэфакт унікальны! Калі б уладальнік знаходкі трохі ведаў гісторыю, ён бы, пэўна, дадаў да сваёй цаны хаця б адзін нулік.

/i/content/pi/cult/810/17374/14_2.jpg

Віватовы кубак графа Ксаверыя Браніцкага. 1760-я гады.

Зрэшты, удалыя пакупкі часам удаецца зрабіць і на замежных аўкцыёнах — і тут гутарка ўжо найперш пра сімвалічны капітал. Для кагосьці каралеўскі прывілей XVII стагоддзя на будаўніцтва мінскай Святадухаўкі — гэта проста стары дакумент. Але для мінчукоў, натуральна, яго каштоўнасць куды большая.

— Дый што тут — неяк патэлефанаваў мне “свой чалавек” з вядомай барахолкі “Поле цудаў”, — распавядае спадар Ігар. — Маўляў, тут нейкі дзед прынёс скручаны ў сто разоў вялізны абраз і кажа: хлопцы, калі не возьмеце, дык заўтра ў печцы спалю. І выяўляецца, што гэта вельмі каштоўная ікона.

Такім самым чынам калекцыянеру ўдалося прыдбаць і абразXVIII стагоддзя, які належаў мінскаму ваяводу Адаму Хмару — ад ягонай сядзібы ў Сёмкаве засталіся хіба пашчэрбленыя сцены. Спадар Ігар тады выйшаў на хлопцаў з-пад Маладзечна, якія знайшлі нешта цікавае на гарышчы бабулі.

Калекцыянер дапоўніў карціну праз веданне кантэксту. Фамільнай спачывальняй роду Хмараў быў касцёл у Дубраве бліз Маладзечна. У савецкія часы яго зачынілі, мясцовыя жыхары разабралі сакральныя рэчы па хатах. У адрозненне ад іншых храмаў, той касцёл у новую эпоху да жыцця не вярнуўся: ён пагарэў у 80-ыя праз нядбайства студэнтаў, якія прыехалі “на бульбу”, і з таго часу стаіць у руінах. Таму ікона так і засталася на гарышчы. Урэшце бабуля памерла, а цікаўныя ўнукі знайшлі абраз і вырашылі “не прагадаць”...

 — Яны меліся везці яго ў Маскву, каб прадаць як мага даражэй, — кажа спадар Ігар. — Але пабачыўшы на абразе воты з гербам Хмараў, я прапанаваў тым хлопцам добрую цану, і яны пагадзіліся.

“Катэджамі душу не ўратуеш”

Як вы самі бачыце, механізм калекцыянавання мае тактычныя сакрэты — але стратэгічна ён просты і базуецца найперш на ўпартасці. Зрэшты, і тут пасярод будняў часам здараюцца сапраўдныя цуды. Дзякуючы аднаму з іх мой суразмоўца атрымаў поўнае права прымерыць на сябе пачэсны эпітэт “мецэнат”.

Усё пачалося, калі яму патэлефанаваў знаёмы дылер з Расіі і паведаміў: да яго патрапіла ікона, як падаецца, датычная да нашых земляў.

—- Я адразу зразумеў, што гэта сапраўдная перліна — Полацкая Божая Маці, — распавядае спадар Ігар. - Еўфрасінні яе даслалі з самога Эфесу! Арыгінал быў ва ўласнасці Рускага музея, і калі мітрапаліт Філарэт загаварыў пра ягонае вяртанне, гэта выклікала дужа нервовую рэакцыю. А тут — не іставік, вядома, але спіс канца XVI стагоддзя. Таксама рэч унікальная!

Неўзабаве калекцыянер высветліў імаверны “жыццёвы шлях” абраза. Арыгінал патрапіў у расійскі гарадок Таропец, хутчэй за ўсё, пасля захопу Полацка Іванам Жахлівым у часе Лівонскай вайны. А потым маскоўскі цар хадзіў і на Ноўгарад Вялікі, таксама зніштожыўшы яго ўшчэнт. Чакалі яго ў Таропцы, ведаючы паталагічную “набожнасць” — і такую самую лютую жорсткасць — Івана. Разумелі, што найперш ён забірае каштоўныя абразы. Таму загадзя замовілі мясцоваму “багамазу” зрабіць копію самага-самага каштоўнага, пасля чаго іставік быў надзейна схаваны. Але Таропцу пашчасціла: цар туды так і не дабраўся.

/i/content/pi/cult/810/17374/14_4.jpg

Навершша штандарта з гербам “Брама” князя Міхаіла Казіміра Агінскага. 1770-я гады.

Пасля рэвалюцыі арыгінал патрапіў у Рускі музей і дасюль з’яўляецца глебай для спрэчак - удзельнічаць у якіх нам проста без сэнсу. А вось копія… Копія сёння — на “гістарычнай радзіме”, у полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. Як яна туды патрапіла? Гэта асобная гісторыя ў і без таго немалой “біяграфіі” іконы.

— Пасля таго, як у трыццатыя тарапецкі сабор закрылі, абраз апынуўся ў нейкай бабкі на гарышчы. Я выкупіў яго ў Маскве, прывёз вось сюды, — спадар Ігар абводзіць рукамі сваю сціплую кватэрку. - І неўзабаве, памятаю, завітаў да мяне рэстаўратар ікон, звязаны з Беларускай праваслаўнай царквой. Пабачыў абраз — і ў яго ажно сківіца адвісла. Адразу тэлефануе Уладыку Філарэту. А было тое недзе а восьмай раніцы. І ўжо праз пятнаццаць хвілін мітрапаліт прымае нас у сваёй рэзідэнцыі — балазе, ад мяне тут зусім блізенька. Яму не трэба было тлумачыць каштоўнасць знаходкі — ён і сам цудоўна яе ўсведамляў. Потым з полацкімі манахінямі мы наведаліся ў Таропец — і пачулі там ад бацюшкі, што той абраз даўно ўжо шукаюць, і ёсць бізнесмены, гатовыя выкупіць яго за 10 мільёнаў долараў. І ўсе ў гэты момант паглядзелі на мяне…

Аднак у выніку абраз усё ж апынуўся ў Полацку. Спадар Ігар не толькі прыняў рашэнне бескаштоўна ахвяраваць яго манастыру, але нават сам уклаўся ў рэстаўрацыю.

— Тады ўсе здзівіліся, што я — па веравызнанні каталік — на такое пайшоў, — прастадушна прызнаецца ён. — Ці быў пакутлівы выбар? Ну, не без гэтага. Многія з тых, хто поплеч са мною займаецца антыкварыятам, ужо шыкоўныя катэджы сабе пабудавалі, а я… Але ў такіх выпадках заўсёды ўзгадваю той абраз з маёй калекцыі, дзе арханёл Міхаіл узважвае на шалях нашыя ўчынкі. І тады ты выразна разумееш, што катэджамі сваю душу не ўратуеш. Мы ж смяротныя, таму варта ўвесь час дбаць пра вечнае.

Адкуль прыплыў абраз?

Так перакананы каталік Ігар Сурмачэўскі стаў праваслаўным мецэнатам. І нейкім чынам лёс звязаў яго з незаслужана пакрыўджаным гісторыяй гарадком Дзісна — некалі буйным рэгіянальным цэнтрам, а цяпер, на жаль, “узбочынай”. Усё пачалося з таго, што ў мясцовым храме ён убачыў ікону Божай Маці — куды старэйшую за сам храм. Вернікі шануюць яе асабліва, штогоду прысвячаючы ёй фэст. Але ж стан абраза выклікаў у адмыслоўца трывогу. Зразумела, у прыхода грошай на рафесійную рэстаўрацыю не было. І тады калекцыянер прапанаваў мясцоваму бацюшку айцу Генадзю сваю дапамогу. Таніроўку рабіў сам — натуральна, бясплатна. А іншыя працы аплаціў з уласнай кішэні.

/i/content/pi/cult/810/17374/14_5.jpg

Кашуля і каптурок немаўляці. Францыя. Першая чвэрць ХІХ стагоддзя.

— Я ўсіх заклікаю не шкадаваць грошы на прафесійную рэстаўрацыю, — кажа ён. — Вельмі прыкра, калі каштоўны абраз трапляе ў рукі аматараў, здатных незваротна яго сапсаваць набытым у бліжэйшай краме клеем ПВА. І такіх прыкладаў я ведаю вельмі шмат. Часцяком чую, што ёсць “добры хлопец”, які раскрые абраз за сто долараў. Не верце такім хлопцам! Насамрэч адэкватны кошт — гэта тысяч пяць.

Тут, на жаль, варта канстатаваць вельмі важную праблему. Гутарыў пра яе некалі са светлай памяці айцом Аляксандрам Марозавым. Перад тым, як прыняць пакутніцкую смерць ад “антысацыяльнага элементу” — які ён сам, паводле наказу Хрыстовага, і прытуляў — бацюшка літаральна сваімі рукамі адраджаў унікальны двухузроўневы храм XVIII стагоддзя ў Смалянах, надкупальны роспіс у якім увайшоў ва ўсе энцыклапедыі беларускага мастацтва. Рабіў што мог і як умеў. Бо паколькі прыход — “паўтары бабці”, адэкватную рэстаўрацыю (ці хаця б нават яе праект) такога складанага і каштоўнага помніка ён сам ніколі не адужае. А дзяржфінансаванне ў такіх выпадках не прадугледжанае ў прынцыпе, бо аб’ект — не ў дзяржаўнай уласнасці. Карацей, тут ёсць пра што задумацца.

…Між тым, раскрылася і гісторыя дзісненскага абраза: дасюль яна была хіба легендарная — прыплыў сам па рэчцы… Раней мастацтвазнаўцы лічылі ікону беларускай, мясцовай. Ды, як настойвае калекцыянер, усё было куды складаней.

— Пабачыўшы яе сваім трохі ўжо спрактыкаваным вокам. адразу зразумеў, што яна аднекуль з цяперашняй Расіі. Як потым высветлілася, Яраслаўская школа,  — распавядае ён. — Але хвалявала мяне і іншае пытанне: як ікона патрапіла ў Дзісну? Як выявілася, у 1661 годзе непадалёк ад горада адбылася бітва, дзе два маскоўскія палкі былі разбітыя ўшчэнт. А кожны з іх меў цудатворны абраз — і яны сталі трафеямі войскаў ВКЛ. Зрэшты, і легенда “прыплыў па рацэ” — не такая насамрэч і беспадстаўная. Як я высветліў, абоз ваяводы Хаванскага быў атакаваны нашымі войскамі акурат на пераправе праз Дзвіну…

А далей суразмоўца пераносіцца са сферы гісторыі ў метафізіку. І апелюе пры гэтым да ўласнага досведу. Дзісенская Адзігітрыя здавён славілася як ікона цудатворная. І спадар Ігар сёння гатовы гэта пацвердзіць:

— Калі я пачаў яе таніроўку, акурат рыхтаваўся да аперацыі па выдаленні шчытападобнай залозы. Здароўе я сапсаваў у дзевяностыя, калі падчас рэстаўрацыі праз тагачасную нішчымніцу выкарыстоўваў дужа шкодны кінаклей. І вось, я ўжо прапіў належны курс пігулак, наведаў патрэбныя перад аперацыяй кансультацыі… Але калі скончыў працу ды павёз ікону назад у Дзісну — раптам адчуў сябе куды лепей! Потым і аналіз засведчыў, што справа з гармонамі нармалізавалася.

Атрымаўшы такую падзяку з вышыняў, спадар Ігар працягнуў і далей супрацоўнічаць з прыходам у Дзісне. Найперш ён намовіў святароў і вернікаў больш не выносіць той каштоўны абраз на крыжовы ход, які можа адбывацца ў рознае надвор’е. А потым знайшоў у царкве замену — іншую Адзігітрыю, ужо пачатку ХХ стагоддзя. Яна патрапіла ў Дзісну з Вільні пасля нямецкага наступлення 1915 года, калі ўсё губернскае начальства было вымушанае эвакуявацца. Абраз быў у вельмі дрэнным стане, рэстаўрацыю спадар Ігар рабіў часткова сам, а часткова — за ўласныя сродкі.

— Бывае, праца спорыцца, — распавядае рэстаўратар. — Але часам яна забірае багата сіл, і ты пачуваешся бы выціснуты лімон. Калі адчуваю, што ікона “не ідзе”, адкладаю яе ды бяруся за іншую. Да ікон наогул нельга без натхнення прыступацца.

“Вы не ўяўляеце, якія ёсць калекцыі ў нашых прыватнікаў, — кажа суразмоўца. — Але пакуль далёка не кожны прагне іх паказваць. На жаль.”

Няма сумневу, што першыя крокі насустрач дзяржаўныя музеі і калекцыянеры ўжо зрабілі. Прыкладам, не так даўно Нацыянальны гістарычны зладзіў вялікі праект, які хаця б трохі прыадкрыў тыя багацці, што тояцца ў прыватных калекцыях.

Ды, як падаецца, гэта толькі пачатак руху. І перспектыва тут шматабяцальная — калі параўнаць пуставатыя музеі (асабліва новыя) і набітыя скарбамі кладоўкі кватэр.

— Я ж ужо не такі і малады хлопец, вось паціху і задумваюся: а каму дастанецца тое, што мне ўдалося назапасіць? — кажа спадар Ігар. — Таму трэба думаць, як захаваць свае калекцыі для Беларусі. Хочацца верыць, што з дзяржаўнымі ўстановамі мы знойдзем прымальны для ўсіх варыянт.