Ад зажынак — да дажынак

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Ну, могуць жа, калі хочуць! Толькі мы напісалі, што няма ў аглядах пошты матэрыялаў пра творчае стасункаванне сталічных дзеячаў мастацтваў з работнікамі раённай сферы культуры, як у рэдакцыю прыйшла навіна з Ашмян. Тамтэйшыя метадысты пішуць, што ў раённы цэнтр завіталі прадстаўнікі Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. І не толькі дзеля знаёмства з мясцовымі цікавосткамі. Не, прывезлі і сваю: спектакль “Абрабаванне апоўначы”. Пастаноўка (цытую) “ у гумарыстычным святле прыадкрыла пэўныя цёмныя моманты з жыцця работнікаў гандлю”. Смеху, кажуць, было шмат. А гандлёвыя работнікі не пакрыўдзіліся, бо гумар — ён і ёсць гумар. Вось такая калабарацыя. Пра яе і паспрабуем сёння пагаварыць. З вашай дапамогай, безумоўна.

Пагадзіцеся, што самы шчыльны кантакт ў нас апошнім часам з медыкамі. Разам з каранавірусам змагаемся. І нібыта робім гэта паспяхова. А заслуга ў гэтым найперш прыналежыць урачам. Піша метадыст Людміла Рыбік з Ашмян: “У раённым цэнтры культуры народ ушаноўваў медыцынскіх работнікаў. Раён усяляк іх падтрымлівае. На мерапрыемствы па ахове здароўя выдаткавана каля сямісот тысяч рублёў. Немалыя сродкі накіраваны і на стымуляванне медработнікаў. Народны тэатр танца і песні “Імпульс” падрыхтаваў для медыкаў вялікі канцэрт”.

/i/content/pi/cult/810/17370/10_1.jpg

Хлебаробскае свята на палетках Полаччыны.

Работнікі культуры Ашмянскага раёна, як і шмат разоў дагэтуль, б’юць усе рэкорды па актыўнасці і маштабнасці перапіскі з нашай рэдакцыяй. Эх, павучыліся б у іх калегі з Гомельшчыны ды Міншчыны, якія сарамліва маўчаць. Няўжо культурнае жыццё не віруе так, каб кагосьці з падначаленых закарцела пахваліць? Ці тое, што робіцца ў раёнах названых абласцей — тайна за сямю пячаткамі?

Дык вось, Ашмяншчына… Мясцовае культурнае жыццё значна разнастаіў творчы саюз клубнікаў з райдэрамі — аматарамі і прафесіяналамі катання на веласіпедах класа ВМХ і самакатах. Апошнія дадалі яркіх фарбаў у фестываль маладзёжных субкультур. За выніковы саюз работнікі культуры раёна выказваюць вялікую ўдзячнасць лідару райдарскага руху Аляксею Кавецкаму.

/i/content/pi/cult/810/17370/10_2.jpg

Удзельнікі конкурсу “А музыкі граюць, граюць…”

І зноў Ашмяншчына. Работнікі аддзела культуры і дасугу аграгарадка Кальчуны правялі свята добрага суседства. Мерапрыемства прайшло на вуліцы Маладзёжнай. Такім чынам была выказана ўдзячнасць мясцовым крамнікам, без паслуг якіх культурныя мерапрыемствы не абыходзяцца. “К” шмат пісала, што работнікі культуры павінны супрацоўнічаць літаральна з усімі ўстановамі і арганізацыямі, што размешчаны наўкола. Усе, перакананы, пра гэта ведаюць, але не ўсе, сам колькі разоў назіраў, гэта робяць.

І яшчэ Ашмянскі раён. У тым, што вакальны калектыў “Рабінушка” сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны адправіўся з канцэртам у вёску Дакурнішкі, нічога звышнатуральнага няма. Шараговы, так бы мовіць, творчы клопат. А вось Дзень калектыўнага адпачынку ў жанры “анлайн” — гэта ўжо ўзор новых форм працы, якія цяпер паспяхова прыжываюцца. Прайшло згаданае свята і ў Жупранах. Аўтары ліста — метадысты — пішуць, што падчас шматлікіх мерапрыемстваў госці паселішча абдымаліся з вяскоўцамі. Па мне, дык няма саюза больш выніковага.

Паверце, я мог бы працягваць цытаваць пошту з Ашмян, дай Бог здароўя ўсім тым, хто нам актыўна піша. Але ж варта і іншым слова даць.

Святы вуліц ладзяць і ў Ваўкавыскім раёне. Пра гэта распавяла загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага РМЦ Ларыса Ланіна. У рамках трылогіі малой радзімы маштабныя мерапрыемствы праведзены ў Субачах, Трумпах, Лапеніцы, Бяляўшчыне, Старой Мацвееўцы, Няверавічах, Грыцках і Новае Сяло.

/i/content/pi/cult/810/17370/10_3.jpg

Галоўны мастак Віцебскага АМЦНТ Ганна Перліна і народны майстар з Глыбокага Святлана Скавырка.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Марына Сакалоўская даслала свае ўражанні пра “Вішнёвы фэст”. Як мы паведамлялі, восьмае па ліку мерапрыемства прайшло 25 ліпеня. Усе традыцыі былі ашчадна захаваны. Урачыстае шэсце распачалося ад скульптурнай кампазіцыі “Глыбоцкая вішня” і доўжылася да цэнтральнага гарадскога пляца. Так, з-за пандэміі на фэст завітала менш гасцей. Але ўсё роўна ён застаўся феерычным. У рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы было прынята знакавае для Глыбокага рашэнне — прынамсі 6 сімвалам горада прызнаны шпак — птушка якая вельмі любіць частавацца вішняй. Пазалішне казаць, што такія брэндавыя фэсты робяцца усім раённым светам. І ўвогуле, культурны брэнд — жаданы вынік творчай калабарацыі.

Яшчэ адзін саюз нашых работнікаў культуры — з хлебаробамі. Не паспелі адгрымець жніўнымі песнямі зажынкі, як на парадак дня паўсталі святы дажынак. Не магу не згадаць, што першую інфармацыю пра свята першага снапа нам даслалі з Полацкага раённага цэнтра культуры. Рэдактар установы Кацярына Паўловіч распавяла тады: “Народны фальклорны гурт “Галасы спадчыны” і ансамбль “Блізнянка” зладзілі абрадавую тэатралізацыю “Гаварыла ядранае жыта”. З канцэртам выступіў ансамбль песні “Фярцінка” з Багатырскага СДК”.

/i/content/pi/cult/810/17370/10_4.jpg

Кветкавы калейдаскоп Іўя.

Сталічныя пісьменнікі пакуль не надта асвоілі бібліятэчныя абсягі аддаленых раёнаў. Замест іх шчыруюць мясцовыя літаратары. Чарговы прыклад таму прыйшоў са Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. “У гарадскім парку, ля ракі Шчара, — паведамляе метадыст установы Ларыса Старадубцава, — бібліятэкары правялі літаратурную сустрэчу “У парку ля фантана”. Мясцовыя літаратары чыталі свае творы пра родны кут”.

Наступныя стасункі — з кветкаводамі-аматарамі і садаводамі-агароднікамі. Пра гэты прыгожы і смачны саюз распавяла Святлана Капуста — вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Гаворка ішла пра свята “Кветкавы калейдаскоп” у аграгарадку Лаздуны. Лепшым гаспадыням садоў і гародаў уручылі прызы. А таксама абралі Міс Кветку. Самадзейныя артысты з Валожыншчыны прывезлі для сяброў канцэрт. Калабарацыя паміж работнікамі культуры розных раёнаў і абласцей — таксама заслугоўвае увагі, пашаны і прапаганды.

Дзве навіны ад Андрэя Струнчанкі. Абласны праект “Партрэт майстра” паспрыяў наладжванню шэрагу персанальных выстаў, дзе свае работы прэзентавалі майстры народных мастацкіх рамёстваў Віцебшчыны. Днямі пачала працаваць выстава народнага майстра Беларусі з Глыбокага Святланы Скавырка. У экспазіцыі — больш за паўсотні маляванак, аўтарскіх і паводле творчасці Язэпа Драздовіча. Святлана працуе ў Глыбоцкім доме рамёстваў з 2005 года. Справу сваю ведае цудоўна, не раз здзіўляла гэтым замежжа.

Андрэй Струнчанка згадвае абласны конкурс народнай музыкі і прыпеўкі “А музыкі граюць, граюць…”, які паяднаў амаль 20 прыпевачнікаў ды больш дзясятка ансамбляў і гарманістаў. Гран-пры атрымала Аляксандра Семянько з Лепеля.

Пра міжнародны дыстанцыйны конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва, што прайшоў у Магілёве, напісала вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава. Конкурс ладзіўся з мая па ліпень і называўся “Свет прыгажосці ў фарбах”. Больш за 60 удзельнікаў з Румыніі, Малдовы, Кітая, Расіі і Беларусі змагаліся за Гран-пры. Атрымала яго 13-гадовая Насця Кузняцова з Малдовы. А гэта ўжо міжнародная калабарацыя.

Пра інтэрактыўныя мерапрыемствы піша і рэжысёр масавых святаў Бабруйскага палаца мастацтваў Вольга Чайкова. Гаворка — пра майстар-клас, які правяла для дзетак з аздараўленчага летніка кіраўнік вакальнай студыі Star Kids Дарына Далажэўская. Гэта былі практыкаванні і прыклады па дыхальнай гімнастыцы, развіцці моўнага апарата, артыкуляцыі, па сцэнічнай пластыцы. Літаральна ўсе дзеці былі ўцягнуты ў гульнявы працэс. Потым выступілі салісты студыі Ганна Сікорская, Паліна Малахоўская, Ксенія Аляксандрава.

Завяршае сённяшні парад-але навін вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч з інфармацыяй пра новы праект народнага фальклорнага гурта “Жывіца” з аграгарадка Квасоўка. Калектыў паспрабуе стварыць асяроддзе, блізкае да традыцыйнай беларускай вечарынкі, калі людзі вучацца танцаваць адзін ад аднаго, калі няма падзелу на настаўнікаў і вучняў, дзе кожны ахвотны можа пайсці ў скокі. Творчасць без прымусу — самая паўнавартасная. “Будзе горача! ” — абяцае Наталля Іосіфаўна. Не сумняваюся. Застаецца дадаць, што ў планах школы народных танцаў аб’езд з майстар-класамі аграгарадкоў і вёсак раёна. Даеш Падыспан ды Кракавяк!

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"