Сур’ёзныя высновы лёгкай камедыі

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

“Каханне і падаткі” на коласаўскай сцэне
Камедыя становішчаў з яе лёгкай, фарсавай асновай апошнія дзесяцігоддзі проста стала сапраўднай гаспадыняй на сцэнічных падмостках. Прычына тут навідавоку: тэатрам трэба выжываць, а гледачы галасуюць кашальком менавіта за гэты жанр. Іншым часам тэатры здольныя і ў такога кшталту драматургіі знаходзіць каштоўныя зярняты жыццёвай праўды, падставу для стварэння цікавых і глыбокіх характараў.

П’еса “Пол, каханне і падаткі” Уільяма Ван Зандта і Джэйн Мілмор — вядомых галівудскіх кінасцэнарыстаў, магчыма, не з’яўляецца драматургічным шэдэўрам. Ёсць у ёй хібы ў пабудове дзеяння, супярэчнасці ў характарах. Разам з тым адчуваецца добрая іронія ў адносінах аўтараў да персанажаў. Яны выразна падзелены на дзве ўзроставыя групы: моладзь і старшае пакаленне. Моладзь — гэта студэнты Джон Трэчмэн (арт. Дзмітрый Каваленка), Лэслі Артур (арт. Аляксандр Казлоў), іх сяброўкі Каця Дэніс (арт. Паліна Крашэўская) і Коні (арт. Алена Чыстабаева).

/i/content/pi/cult/810/17367/8_1.jpg

Сцэна са спектакля.

У нечым яны легкадумныя (у заблытаных абставінах іх асабістага жыцця, да якіх дапасуецца яшчэ і махлярства). Напрыклад, Каця ніяк не можа разабрацца, каго яна кахае — Лэслі альбо ўсё ж такі Джорджа, за аднаго збіраецца выйсці замуж, але і другога кідаць не жадае. Лэслі прыгнятае сумленне, але ён ніяк не можа прызнацца ў здрадзе сябру. На сумленні ў Джона таксама ёсць пляма: каб зэканоміць колькі зялёных паперак, ён у падатковай дэкларацыі запісаў Лэслі ў якасці сваёй жонкі. Ён упэўнены, што менавіта грошы дазволяць яму больш трывала ўладкавацца ў нашым няпростым свеце. І каб знайсці выхад са складанай сітуацыі, юнак здольны на неверагодныя хітрыкі, падманы і нават на ахвяру. І ўжо ў самай першай карціне намячаецца падзея, якая будзе раскручваць спружыну ўсяго далейшага дзеяння. Гэта з’яўленне падатковага інспектара Флойда Шпінэля (арт. Генадзь Гайдук), чые паводзіны цягам спектакля мяняюцца ад правільных, стрымана-запраграмаваных да абсалютна разняволена-эксцэнтрычных. Для таго, каб яго падмануць, Лэслі давядзецца пераапрануцца ў жанчыну. Неспрыяльны збег абставінаў і інтрыгу нагнятае нечаканыя (і непажаданыя) з’яўленні Вівіян, маці Джона (арт. Раіса Грыбовіч), сяброўкі Лэслі Коні і кватэрнага гаспадара Джансэна (арт. Юрась Цвірка).

Рэжысёр Генадзь Мушперт (ён жа з’ўляецца і аўтарам перакладу п’есы на беларускую мову, а таксама музычнага афармлення) будуе спектакль у імклівым тэмпа-рытме, ён зададзены амаль з самага пачатку, і выканаўцы ледзь паспяваюць дакладна ўвайсці ў яго, каб выканаць свае псіхалагічныя задачы. Кантрастам ідзе лірычная музычная тэма, якая быццам нагадвае пра сапраўдныя каштоўнасці: каханне, павагу адно да аднаго, якія мы часцяком забываем. У нечым яна дапамагае і выканаўцы ролі Шпінэля стварыць вобраз падатковага інспектара, які змог ацаніць чалавечыя адносіны да сябе з боку маладых людзей, а таксама ўбачыць і сваё жыццё ў зусім іншым ракурсе. У апошніх работах, таксама камедыйных (прыгадаем яго Дзеда з “Бальніцы на краі свету” Х.Бойчава альбо Благае з “Доктара філасофіі”) Генадзь Гайдук зусім не захапляецца ігрой, знешне яркай падачай вобраза, а шукае яго драматычную падаплёку. Драматычная нотка і тут гучыць. Можа, гэта адзінота, неўладкаванасць, нейкая чалавечая нерэалізаванасць. Выдатна артыст перадае стан, пачуцці, эмоцыі героя ў фінальнай сцэне, калі Лэслі раскрывае перад ім сапраўдную сутнасць іх намераў. Ад абуранасці нахабствам маладых людзей ён пераходзіць да рашэння аб іх дараванні. Чалавек у ім перамог, адолеў чыноўніка, службоўцу, фармальнага выканаўцу сваёй сацыяльнай ролі.

Як і ў многіх іншых сваіх работах, так і ў вобразе Вівіян Трэчмэн, актрыса Раіса Грыбовіч іграе жанчыну-вулкан. Гучная гаворка, нястрымныя эмоцыі, шалёны тэмперамент — вось такі набор акцёрскіх сродкаў. Не бачыўшы сына колькі год, яна з’яўляецца, каб пазнаёміцца з яго будучай жонкай. Бадай, акцёрская тыпажнасць стала вызначальнай пры выбары гэтай выканаўцы, як і другога — Юрася Цвіркі на ролю спадара Джансэна. Герой яго павдзіць сябе нахабна, нават нахрапіста, уторкваючы свой нос у кожную дзірку, задавальняючыся сваёй хоць невялікай, але ўладай.

Вельмі абаяльнымі атрымаліся вобразы абодвух юнакоў. Дзмітрый Каваленка (якога мы ведаем як артыста досыць шырокага творчага дыяпазону) у ролі Джона Трэчмэна паказаў як свае камедыйныя (найперш), так і драматычныя здольнасці. Асабліва гэта моцна адчуваецца ў сцэне пакаяння. Праўда, выклікае пэўныя пярэчанні далейшае развіццё гэтага вобразу, калі герой ізноў працягвае ланцуг падманаў. Тады нівеліруецца ранейшае пакаянне.

Для маладога артыста Аляксандра Казлова гэта фактычна першая цэнтральная роля ў дарослым спектаклі ў коласаўскім тэатры. Праз многія выпрабаванні давядзецца прайсці яго герою. Тут паказаны чалавек, які мае слабы характар, выконвае волю іншых людзей, але неўзабаве, пераадольваючы страх, паступова знаходзіць у сабе волю выступіць супраць таго, што як быццам напрошваецца і чаго ад яго чакаюць. Менавіта ён і разрывае ланцуг падманаў, махлярства. Недзе ў першай палове першай дзеі адчуваецца, што акцёр кантралюе сябе, але потым з’яўляецца лёгкасць, арганіка бярэ сваё. Вядома, хацелася б убачыць больш выразны кантраст паміж мужчынскім і жаночым “увасабленнем” гэтага персанажа.

Увогуле няблага спраўляюцца з тымі задачамі, якія паставіў перад імі рэжысёр, Паліна Крашэўская (Каця Дэніс) і Алёна Чыстабаева (Коні). У першым выпадку характар больш супярэчлівы, і таму больш складаны для выканаўцы. Вобраз жа Коні здаецца больш цэльным ужо ў п’есе, і таму артыстцы пры ўсёй яе эмацыянальнасці і напорыстасці весці сваю лінію значна прасцей.

Спектакль “Каханне і падаткі” адрасаваны найперш моладзі. І ён у нечым адлюстроўвае псіхалогію многіх маладых людзей. Ім спачуваеш і шкадуеш за іх інфантыльнасць. Пачуццё адказнасці за свае благія ўчынкі прыходзіць не адразу, самае галоўнае, каб яно не прыйшло занадта позна.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Наталлі ЛАВІЦКАЙ-ЯРМОЛАВАЙ