Той, што развенчвае міфы, або Асветніцтва пад зорным купалам

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Мінскаму Планетарыю — 55. Узрост даволі сталы, калі меркаваць па тым, што самы першы планетарый ў свеце, які з’явіўся ў Мюнхене, адзначыць векавы юбілей толькі праз пяць гадоў. Ну а тое, што жыць планетарыям на Зямлі не адзін век, не выклікае ніякіх сумненняў. Па сутнасці, уся іх гісторыя — гэта пошук найбольш відовішчных спосабаў расказаць пра зорнае неба, цікавасць да якога ў чалавека ніколі не згасне.

Менавіта на грэбні хвалі, у пачатку касмічнай эры, і быў пабудаваны мінскі Планетарый. Запуск першага штучнага спадарожніка Зямлі, палёт Юрыя Гагарына ў космас, выхад Аляксея Лявонава ў касмічную прастору і першыя крокі Ніла Армстранга і Базза Олдрына па паверхні Месяца — важныя касмічныя падзеі адбываліся ў межах крыху болей, чым аднаго дзесяцігоддзя. У Планетарыі дэманстравалі відовішчнае зорнае неба, якое немагчыма ўбачыць у вялікім горадзе з-за асвятлення, а лектары ўсесаюзнага таварыства “Знание”, выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук БССР вялі асветніцкую працу, пашыраючы ўяўленне наведвальнікаў пра Сусвет.

/i/content/pi/cult/810/17364/5_1.jpg

Мінскі Планетарый.

— Місія планетарыяў у тым, каб данесці да людзей сучасную астранамічную карціну свету, і яна не змянілася цягам ста гадоў, — кажа загадчык мінскага Планетарыя Аляксандр Мікуліч. — Менавіта ў астраноміі, як навуцы, зараджаліся метады і прынцыпы апісання свету. Так, назіраючы за рухам планет, Ньютан стварыў класічную механіку і тэорыю прыцягнення. Тлумачэнне спектраў зорак садзейнічала распрацоўцы тэорыі выпраменьвання. Вызначэнне хуткасці свету па астранамічным назіранні стала адным з важных фактараў тэорыі адноснасці. Астраномія яшчэ і элемент культуры чалавека. На жаль, сёння ўжо нават старшакласнікі не назавуць прычыну змены пор года, не раскажуць пра сістэму геаграфічных каардынат. А на вывучэнне астраноміі ў школе адведзена толькі гадзіна ў тыдзень. І гэтага недастаткова для фарміравання грунтоўных ведаў. Акрамя таго, не спыняецца вялізны паток міфалагічнай інфармаціі. Мы пастаянна сутыкаемся з астралогіяй, уфалогіяй, міфамі пра канец свету касмічнага генэзісу, непазбежныя сутычкі з астэроідамі ці каметай, прагнозамі пра хуткае згасанне Сонца, міфам пра тое, што Зямля плоская, што амерыканскія астранаўты не ляталі на Месяц і мноствам падобных канцэпцый і тэорый. Таму, прыходзьце лепш у Планетарый.

/i/content/pi/cult/810/17364/5_2.jpg

Аляксандр Мікуліч.

Зорны праектар

Зорная зала мінскага Планетарыя, якая накрыта купалам дыяметрам 12 метраў, абсталявана оптыка-механічным апаратам “Планетарый”, зробленым на заводзе CarlZeiss. Менавіта гэтая нямецкая кампанія, якая спецыялізуецца ў галіне оптыкі, і сабрала першы праектар, які ўяўляў з сябе сукупнасць шматлікіх аптычных ліхтароў, што праецыравалі выяву зорак і планет на купал. Пасля запуску ў СССР першага спадарожніка планетарыі адкрываліся сотнямі. У гэты час з’явіліся вытворцы абсталявання ў Японіі і ЗША. Але завод CarlZeiss застаўся лідарам вытворчасці. Тэхнічныя магчымасці мадэлявання Сусвету развіваюцца далей. Акрамя таго, новыя тэхналогіі прыйшлі на змену былым дыяфільмам і слайдам.

/i/content/pi/cult/810/17364/5_4.jpg

Кадры з беларускіх паўнакупальных фільмаў.

У 2013-ым мінскі Планетарый набыў сучаснае абсталяванне для паказу паўнакупальных фільмаў. Гэта адзін з напрамкаў кінавытворчасці, для якога экранам становіцца купал, а выява на яго выводзіцца з аглядам 360 градусаў. Такім чынам, глядач апынаецца ў самым цэнтры візуальнай прасторы, у якой разгортваецца ўвесь Сусвет. Узровень сучаснай графікі ў спалучэнні з новымі відэатэхналогіямі і грунтоўнай навуковай базай ператвараюць такія фільмы ў мастацка-філасофскія выказванні. Зразумела, што яны каштуюць дорага. І набыць лепшыя паўнакупальныя фільмы без спонсарскай падтрымкі мінскаму Планетарыю амаль што немагчыма. Затое пад сілу зрабіць свой уласны фільм. А таксама паказаць беларускаму гледачу сучасную прадукцыю ў межах фестывалю.

/i/content/pi/cult/810/17364/5_5.jpg

Кадры з беларускіх паўнакупальных фільмаў.

Мышаняты і мульцік

Піп і Скрып сталі героямі першага беларускага паўнакупальнага фільма “Мышаняты і Месяц”. За аснову мульціка ўзята распрацаваная для малодшых школьнікаў праграма пра цікаўных мышанят, якія вельмі хочуць пакаштаваць нябеснага сыру, і нават не здагадваюцца пра тое, што гэта не круглы ласунак, а спадарожнік Зямлі — Месяц. Мульцік ствараўся ў “змяшанай тэхніцы”. Лялечных мышанят рабілі на заказ — з лямцу на дротавым каркасе для гнуткасці. Мульцяшны свет мадэлявалі з кардону і трохмернай камп’ютарнай графікі мастачкі фільма Насці Дыро. У мышанят відэаінжынер Андрэй Шохан ўдыхаў жыццё, і лялькі пачыналі рухацца на зялёным храмакеі. Для агучкі герояў запрасілі акцёраў, а кампазітар Андрэй Кашчэеў спецыяльна для фільма напісаў касмічную месяцовую музыку.

“Мышаняты і Месяц” маюць шчаслівую фестывальную гісторыю, якая пачалася з Яраслаўля (“Адлюстраванне Сусвету”). А ў мінулым годзе ў мінскім Планетарыі адбылася прэм’ера яго беларускамоўнай версіі. Дарэчы, пераклад паўнакупальных фільмаў на родную мову — адзін з напрамкаў дзейнасці мінскага Планетарыя. Сёння беларускамоўныя гледачы могуць паглядзець такія фільмы, як “Далёка ад Сонца”, “Майя. Назіральнікі Сусвету”, “Рознакаляровы Сусвет”.

У фестывальным напрамку

Менавіта з мышанят Піпа і Скрыпа пачалася і гісторыя Мінскага міжнароднага фестывалю паўнакупальных фільмаў.

— Мы прымалі ўдзел у фестывалях у Яраслаўлі, Брно, Тулузе, Йене, — адзначае Аляксандр Мікуліч, — і кожны раз думалі пра тое, каб прыцягнуць гэты рух да нас, у Мінск, каб беларускія гледачы ўбачылі лепшыя сусветныя фільмы, а мастакі заахвоціліся іх стварэннем. І пасля таго, як у мінскага Планетарыя з’явіўся ўласны фільм, прынялі рашэнне ладзіць фестываль. Першы Мінскі міжнародны фестываль паўнакупальных фільмаў (MIFF) прайшоў у 2018 годзе. Сёння я з упэўненасцю магу казаць, што ў культурнай прасторы Беларусі — новая ўнікальная з’ява. У мінулым годзе MIFF сабраў каля сарака цудоўных стужак, паказаў жанравую і мастацкую разнастайнасць сучаснага паўнакупальнага кіно. І практычна ўсе прагляды прайшлі з аншлагам.

/i/content/pi/cult/810/17364/5_3.jpg

У праграме MIFF — конкурсныя паказы навукова-папулярных дакументальных, анімацыйных, кароткаметражных фільмаў, створаных за апошнія два гады ў розных краінах свету. Другі фестываль прадэманстраваў, што яму патрэбна яшчэ адна намінацыя — конкурс арт-фільмаў. Паўнакупальнае кіно, як від кінамастацтва, безумоўна, не стрымала рамак навукова-папулярнай астранамічнай тэматыкі, скіраваўшыся ў бок арт-кіно. Менавіта ў гэтай намінацыі былі прадстаўлены і тры работы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: “Час танцаваць” Дар’і Шкоравай, “Гармонія Універсума” Веранікі Навіцкай і “Далей-далей” Івана Гапіенкі. У трэцім фестывалі, які плануецца ў кастрычніку, таксама прымуць удзел іх новыя працы.

Майстэрня пад купалам

Аляксандр Мікуліч: “Зорная зала Мінскага планетарыя сёння ператвараецца не проста ў купал, пад якім запальваюцца зоркі. Адначасова гэта студыя, дзе ствараюцца ўласныя фільмы. Сёлета мы плануем выхад на экран яшчэ адной нашай дзіцячай карціны з 3D анімацыяй “З Алюшай па планетах”. Але наш купал — гэта адкрытая пляцоўка і для ўсіх аўтараў, якім цікава працаваць у тэхніцы паўнакупальнага кіно. Другі год мы супрацоўнічаем з Акадэміяй мастацтваў, і студэнты зноў прадставяць свае праектныя і курсавыя працы. Сёлета — гэта паўнаметражны фільм “Мары зорак” Івана Гапіенкі і яго каманды, кароткі метр “Дрэва свету” Мікіты Бур’яка”.

Купальная зала Планетарыя стала вельмі прыдатным месцам для правядзення музычных сустрэч. У межах праграмы “Музыка і зоркі” прайшла серыя канцэртаў як класічнай, так і авангарднай музыкі. Па ранейшаму запатрабаваным застаецца лекторый. У рамках праекта “Трыбуна навукоўцы” ў мінскім Планетарыі з аматарамі астраноміі сустракаюцца вядомыя беларускія і замежныя навукоўцы. Самых маленькіх наведвальнікаў кожны год запрашае дзіцячы астранамічны клуб “Галілео”, а дарослых — клуб аматараў астраноміі “Аш-ню”. Не засталася па-за ўвагай мінскага Планетарыя і выставачная дзейнасць. У прасторным холе ладзяцца экспазіцыі дзіцячага малюнка, фатаграфіі, цыянатыпіі.

— Мы б хацелі, каб мінскі Планетарый стаў сучаснай пляцоўкай з новым абсталяваннем, каб была добрая база для развіцця існуючых і новых праектаў,  — кажа Аляксандр Мікуліч. — Мы імкнемся задзейнічаць усе свае рэсурсы. Але час ідзе, а будынак планетарыя і абсерваторыі старэюць. Зараз з кожным годам усё больш сіл і сродкаў ідуць на рамонты. Відавочна, што зорнаму небу пад купалам патрэбны новы сучасны будынак. Каб стагоддзе з дня адкрыцця першага планетарыя, якое будзе адзначаць сусветная астранамічная супольнасць у 2025 годзе, сустрэць з грандыёзнымі планамі на будучае.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ