Падказка ад прашчураў

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Як адшукаць свае карані ў гісторыі краіны і яе культурнай спадчыне — на прыкладзе звычайнай беларускай сям’і
У адным з нядаўніх нумароў, гаворачы аб праблемах пошуку продкаў (гл. матэрыял “Айчынная генеалогія: зірнуць у мінулае, каб пабачыць будучыню” у № 30 за 25 ліпеня), мы звярнулі ўвагу на тое, што першапачатковай інфармацыяй, неабходнай для складання свайго радаводу, з’яўляюцца не архіўныя звесткі, а перадусім расповеды старэйшых сваякоў, якія дазваляюць высвятляць пытанні напрамкі, для наступных пошукаў.

Яшчэ не будучы гісторыкам па адукацыі, у дзяцінстве і юнацтве я, хаця і несвядома, у справе вывучэння радаводу заўжды прытрымліваўся акурат такога шляху — не імкнуўся да архіўных росшукаў, якія патрабуюць багата часу і высілкаў, а перадусім слухаў расповеды бабуль, дзядоў і іх сваякоў, пакуль яны былі жывыя, а таксама назапашваў звесткі пра месцы, дзе нарадзіліся, жылі і былі пахаваныя нашыя продкі. Бо гэтыя ж мясціны непасрэдна ўплываюць на нашу сувязь з родам, даюць магчымасць глыбей зразумець сваіх прашчураў, на свае вочы пабачыць атачэнне, у якім яны жылі, кахалі, працавалі, а ўрэшце знаходзілі спачын. Нядаўна я быў нямала здзіўлены, прачытаўшы на адным з сеціўных генеалагічных форумаў пытанне: ці ведаеце вы дакладныя месцы, дзе стаялі хаты вашых продкаў, ці захаваліся яны? Пачаўшы шукаць адказ, я зразумеў, што з усіх дамоў, пабудаваных маімі прапрадзедамі, захаваўся толькі адзін — і тое, на жаль, не ў лепшым стане. Што зробіш, калі жыццё такіх сялянскіх драўляных хат было ў Беларусі надта недаўгавечным — амаль у любыя часы.

/i/content/pi/cult/810/17363/4_1.jpgТак склалася, што ў жывых на сёння засталася толькі адна мая бабуля, а іншай бабці і абодвух дзядоў няма на свеце ўжо больш як дзесяць гадоў. На жаль, усур’ёз цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і я пачаў запозна. Хаця асноўную інфармацыю аб лёсах сваіх продкаў я паспеў даведацца, тым не менш, некаторыя дэталі давялося высвятляць у больш далёкіх сваякоў ці з пісьмовых крыніц. Асабліва гэта тычылася звестак пра пятае калена продкаў — прапрадзедаў і прапрабабак, аб якіх у сям’і ведалі зусім мала. Прычым калі пра мужчын, як правіла, памяць захоўваецца хаця б у імёнах па бацьку, то пра жанчын часта не застаецца звестак нават аб дзявочым прозвішчы, што значна ўскладняе далейшы пошук.

Супастаўляючы імёны і мясціны

Зрэшты, часам вам можа проста пашанцаваць, і ніякіх празмерных высілкаў росшукі не запатрабуюць — раней ці пазней тая ці іншая інфармацыя знаходзіцца ў сеціве, дзе на сённяшні дзень прадстаўлена дастаткова багата звестак аб нашых продках. Так, напрыклад, з дапамогай простага запыту ў пошукавых сістэмах па імені і прозвішчы аднаго з прадзедаў мне ўдалося натрапіць на звесткі пра ягонага бацьку, а майго прапрадзеда, Якава Агейчыка — на адным з генеалагічных форумаў быў выкладзены поўны спіс насельнікаў яго роднай вёскі Кабылічы (цяпер — Пцічанская Пухавіцкага раёна) за 1925 год, дзе толькі адзін чалавек меў адпаведнае імя.

 

Імёны прапрадзеда і прапрабабкі па матчынай лініі Івана і Марыі Навіцкіх удалося адшукаць у базах звестак рэпрэсаваных - яны абое былі расстраляныя ў 1937 годзе па сфабрыкаванай справе “Польскай арганізацыі вайсковай”, бо жылі непадалёк ад старой савецка-польскай мяжы, і, да таго ж, мелі сваякоў у Заходняй Беларусі. Дарэчы, гэтак жа знайшліся і звесткі пра прапрадзедавага брата, які акурат жыў у міжваеннай Польшчы — аказалася, што ён быў высланы на Поўнач у 1940 годзе. Прычым цікава было высветліць, што прапрадзед назваў сына, майго прадзеда, у гонар свайго брата — Леапольдам.

Хаты вандруюць разам з людзьмі

Адметна таксама і іншае супадзенне, якое звязвае абедзве галіны майго роду — і Агейчыкі, і Навіцкія былі вымушаныя, у выніку розных /i/content/pi/cult/810/17363/4_2.jpgабставін, перавезці свае родныя хаты з аднаго месца на іншае. Прадзед Фёдар Агейчык, які пасля службы ў Першай коннай арміі Будзённага некалькі год працаваў у сябе на радзіме старшынёй калгасу, заставаўся прытым непісьменным, таму вымушаны быў у выніку гэтую пасаду пакінуць, і ў пошуках кавалка хлеба перавёз сваю хату на станцыю Рудзенск, дзе ўладкаваўся грузчыкам.

 

А вось з Навіцкімі выйшла і зусім містычная гісторыя — на сваім хутары Вербнікі пад Мінскам яны сутыкнуліся са з’явай, якую цяжка назваць іначай, як палтэргейстам — у 1939 годзе ў іх хаце пачало рабіцца нешта няладнае: роўна апоўначы пачыналі перамяшчацца ў паветры прадметы, самі сабою грукалі аканіцы, у вёдрах “танчыла” вада, а пасля дайшло да таго, што проста ўдзень бульбіны на гародзе выляталі з зямлі і грукалі ў плечы людзям. Я сам не надта веру ў іншасветныя з’явы, і, напэўна, засумняваўся б, прачытаўшы недзе такі аповед — але гэта ўсё бачыла на свае вочы мая прабабка, якая яшчэ паспела патрымаць мяне на руках. Так ці іначай, пераспрабаваўшы ўсе метады барацьбы з нячыстай сілай, сям’я паслухалася нечай парады і перавезла хату на новае месца, у суседнюю вёску — а там усё шчасліва скончылася.

Лёс вясковага настаўніка

Так паступова, з часам мне ўдалося, збольшага, высветліць, дзе сяліліся мае прапрадзеды і прапрабабкі, як звалі іх бацькоў, дзе яны жылі і былі пахаваныя. Але, парадаксальным чынам, да апошняга заставаліся невядомымі звесткі акурат пра прапрадзеда па прамой мужчынскай лініі. Дзіўна — бо ад прадзеда, ягонага сына, застаўся ў сям’і найбагацейшы архіў: з дзясятак фотаздымкаў, аўтабіяграфія, пасведчанні аб навучанні і працы, пачынаючы з дарэвалюцыйных часоў, асабістыя рэчы — акуляры, пенснэ, срэбны кішэнны гадзіннік… Доўгі час я нават не задаваўся пытаннем, дзе пахаваны ягоны бацька, а мой прапрадзед. Дзед і бацька мае выраслі ўжо далёка ад прадзедавай вёскі, і зусім нічога не ведалі пра магілу нашага продка. Гэтая загадка адкрылася толькі пасля таго, як мы з роднымі нарэшце выбраліся ў падарожжа на радзіму прашчураў.

/i/content/pi/cult/810/17363/4_3.jpgПрадзед Рыгор Рудак нарадзіўся акурат за сто гадоў да мяне, у 1889, у вёсцы Цінаўка на Глыбоччыне. Скончыўшы Вілейскую і Барунскую настаўніцкія школы, у 1909 годзе распачаў сваю педагагічную дзейнасць, працуючы ў школах Ашмянскага і свайго роднага Дзісенскага павета. Потым адвучыўся на прапаршчыка, адслужыў у царскім войску, цудам не трапіў на фронт Першай сусветнай вайны — а тут падаспела і рэвалюцыйная завіруха, а пасля — Грамадзянская і Савецка-польская войны.

У выніку Рыжскага міру 1921 года прадзедавы родныя мясціны адышлі да Польшчы, а ён вярнуўся ў бацькоўскі край, не маючы нават права выкладаць у школе — бо не ведаў польскай мовы. Толькі ў 1926 годзе, падвучыўшыся і здаўшы экзамены, прадзед быў дапушчаны да працы ў дзвюхмоўнай польска-беларускай дзяржаўнай школе. А ў жнівеньскім нумары заходнебеларускай газеты “Народная справа” за 1925 год удалося адшукаць згадку, што прадзед Рыгор нават ахвяраваў грошы на пабудову ў Глыбокім гмаху для беларускай гімназіі, стварэнне якой ініцыявала Таварыства беларускай школы. Працягваў настаўнічаць прадзед і пасля прыходу савецкай улады ў верасні 1939-га, і ў гады вайны, і пасля яе — амаль да самай смерці ў 1970 годзе. Пахаваны ён у мястэчку Пліса, што на паўночны ўсход ад Глыбокага, магілу яго мы ведаем і даглядаем. Але ж дзе шукаць магілы яго бацькоў?

Язэп Драздовіч у сямейным паданні

З Плісы мы накіраваліся на паўднёвы ўсход, за Падсвілле — у прадзедаву родную вёску Цінаўку. Сёння яна, налічваючы толькі некалькі хат, згубілася між палёў і лясоў Глыбоцкага раёна на беразе рэчкі Шошы. Акурат тут, на мясцовых могілках, як выявілася, захавалася магіла маіх прапрадзеда Георгія Рудака і яго жонкі Агаф’і. Высветліць гэта ўдалося зусім нечакана — на адну з маіх публікацый у сеціве, прысвечаных сямейнай гісторыі, адгукнуўся раптам чалавек, які аказаўся праўнукам прадзедавага брата. Дагэтуль мне была знаёмая толькі фраза з уласнаручнай прадзедавай аўтабіяграфіі: “Бацька меў 8 гектараў зямлі і нас шасцёра дзяцей” — але я не ведаў нават іх імёнаў. Цяпер жа нечаканы далёкі сваяк, які ўсё дзяцінства правёў у Цінаўцы, падзяліўся са мной і гэтай інфармацыяй — больш за тое, знайшліся на вясковых могілках і магілы прадзедавых братоў Мікалая ды Паўла.

Але ёсць у гэтым ціхім кутку Глыбоччыны яшчэ адна магіла, якую мы мусілі нарэшце наведаць, і якая таксама, пэўным чынам, звязаная з гісторыяй нашага роду. У вёсцы Ліпляні, што ўсяго за пяць кіламетраў на поўдзень ад Цінаўкі, знайшоў свой вечны спачын Язэп Драздовіч. Сямейнае паданне сведчыць, што прадзед са славутым мастаком маглі быць знаёмыя — і тут няма нічога дзіўнага, бо яны былі амаль раўналеткамі, нарадзіліся і доўгі час жылі ў адных мясцінах, а да таго ж належалі да не надта шматлікай у тыя часы беларускай мясцовай інтэлігенцыі.

Так ці іначай, прабабка мая, прадзедава жонка, была ў сваяцтве з жонкай блізкага сябра і земляка Драздовіча — Янкі Пачопкі, яшчэ аднаго актыўнага заходнебеларускага дзеяча, які адзначыўся як пісьменнік, фалькларыст, выдавец і аўтар кніг па аграноміі. Даследчыкі творчасці Язэпа Драздовіча адзначаюць, што многія работы і нават асабістыя рэчы мастака доўгі час захоўваліся ў сям’і Пачопкі. А ў нашым сямейным архіве захавалася незвычайная памятка гэтага сяброўства - на ёй адлюстраваны сам Янка Пачопка побач са сваячкай, а за іх спінамі на тле відаць адзін са славутых драздовічаўскіх дываноў, які адразу пазнаеш нават на чорна-белым фотаздымку. Хто ведае — мо некалі ўдасца яшчэ адшукаць і сам гэты твор славутага майстра?

Далёкая для нас, сённяшніх, малая радзіма продкаў робіцца блізкаю, варта толькі вярнуцца на яе — замест іх, зірнуць на гэтыя вёскі, могілкі, лясы, палі і дарогі іх вачыма. Гісторыя галінак роду пераплятаецца ў нашчадках, злучае мінулае з сучаснасцю. Колішні прадзедаў дом з Плісы даўно перавезены пад Мінск, на зямлю, дзе некалі жылі яго сваты. І сёння ўсе мы, іх унукі і праўнукі, разам збіраемся там, не забываючы выбірацца і ў далейшыя падарожжы ў прасторы ды часе, каб глыбей спасцігнуць загадкі свайго роду, таямніцы гісторыі сваёй краіны, знайсці падказкі ад прашчураў на шляху ў будучыню.

Ілюстрацыі з сямейнага архіву аўтара

На фота: Прадзед Рыгор Рудак, дзед Алег і прабабка Алена, 1930-ыя гады, Янка Пачопка са сваячкай на фоне маляванага дывана Язэпа Драздовіча, Міжваеннае настаўніцкае пасведчанне Рыгора Рудака.