Музейныя былі і “служба” класікам

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Нядаўна пабачыла свет кніга ўспамінаў, вершаў і публіцыстыкі Івана Курбекі “Запрашэнне ў музей”. Іван Сцяпанавіч усё жыццё працаваў у музеях славутых паэтаў: спачатку — у Купалаўскім, пасля — у мемарыяльным Коласаўскім, таму і згадаць яму сапраўды ёсць што.

У раздзеле “Музейныя былі” аўтар распавядае пра выпадкі, якія адбываліся пад час яго “службы” класікам беларускай літаратуры. Цікава, што сярод герояў успамінаў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч, жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, пад кіраўніцтвам якіх Івану Курбеку давялося працаваць, а таксама — Янка Брыль, Іван Шамякін, Максім Лужанін, Іраклій Андроннікаў, Заір Азгур, Гаўрыла Гарэцкі, Максім Танк… Дзякуючы кнізе, можна дадаць да ўсім вядомых вобразаў тое, пра што не прачытаеш ні ў падручніках, ні ў аўтабіяграфіях. Не абмінуў аўтар ва ўспамінах і звычайных, “радавых” музейшчыкаў.
Вельмі цікавы раздзел “Музей паэтычны”. Тут сабраны альбомныя вершы, напісаныя Іванам Курбекам пад час працы ў музеях з нагоды розных святаў і прысвечаныя юбілеям Д.Міцкевіча, І.Лучанка, А.Багатырова, Э.Агняцвет, М.Мушынскага, І.Шамякіна… Цікавымі для чытача могуць быць і гутаркі аўтара з сынамі Якуба Коласа Данілам і Міхасём, якія, дзякуючы трапным пытанням, раскрываюць тыя бакі жыцця сям’і народнага паэта, пра якія раней мала хто ведаў. У іх вядзецца гаворка і пра даваенную сядзібу Коласа, і пра сяброўства з Янкам Купалам, і пра трагічныя 30-я гады…
Вядома, што сярэдні сын Коласа Юрка прапаў без звестак у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, але ва ўспамінах змешчаны цэлы шэраг згадак пра Юрку яго сяброў.
У кнізе можна прачытаць і артыкулы, прысвечаныя Данілу Міцкевічу — старэйшаму сыну Якуба Коласа, сёстрам Песняра Алене, Міхаліне, Марыі. Цікавасць выклікаюць артыкулы пра дзядзьку Юзіка — Іосіфа Міхайлавіча Міцкевіча, малодшага брата Коласа, і пра сына знакамітага дзеда Талаша Дзмітрыя Васільевіча. І першы, і другі з’яўляюцца правобразамі герояў твораў Якуба Коласа.
Завяршае кнігу раздзел “Колас смяецца, дбае, дапамагае: выбраныя мясціны з успамінаў пра Якуба Коласа”. Імі падзяліліся Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Андрэй Макаёнак, Максім Лужанін, Рыгор Шырма, Таццяна Замоціна, Пётр Сямынін… Асабліва ўразіла згадка Данілы Міцкевіча: “Да майго бацькі звяртаецца хворы чалавек. Просіць дапамагчы. Абяцае, што як толькі выздаравее, адразу ж разлічыцца. Выслаўшы адпаведную суму, Колас піша: “Папраўляйцеся, станавіцеся на ногі. Аддасце, калі буду бедны я”.

Вадзім КОРАНЬ