Пра тое, што лепш убачыць

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Мы склалі топ-5 цікавостак рэгіёна, якія вельмі арганічна ўкладаюцца ў наступны маршрут: Аўгустоўскі канал — гарпасёлак Сапоцкін — Аграгарадкі Адэльск — Індура — вёска Зарачанка. Тут не толькі сканцэнтраваны гісторыка-краязнаўчыя, турыстычныя і культурныя перліны. Вакол гэтых аб’ектаў вядзецца доўгатэрміновая праектная дзейнасць нашых работнікаў культуры. І яшчэ вось якая заўвага: дадзеным пералікам не абмяжоўваецца спіс населеных пунктаў раёна, цікавых для турыстычных даследаванняў. Топ-10 і топ-20 чакаюць свайго часу. Прынамсі, Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр не толькі акумулюе і папулярызуе звесткі аб цікавых маршрутах, але і прагназуе сітуацыю на перспектыву. Так што карта аб’ектаў і спіс праектаў непазбежна ўдасканальваюцца.

/i/content/pi/cult/809/17359/27.jpg22 кіламетры водных прыгод

Аўгустоўскі канал — рай для грабцоў, яхтсменаў і байдарачнікаў. Але канал — нешта большае. У 2015 годзе пры апытанні National Geographic Traveler аб’ект быў названы адным з сямі новых цудаў Польшчы. А ў Беларусі ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І няма тут нічога дзіўнага. Канал — выключнае воднае збудаванне, унікальны помнік інжынерыі. Таямнічыя шлюзы, нетаропкія хвалі, рамантычныя вандроўкі на катары ў спалучэнні з маляўнічасцю берагоў застаюцца ў памяці надоўга і цягнуць вярнуцца ў гэтыя месцы.

Рашэнне аб аднаўленні беларускай часткі Аўгустоўскага канала прынялі ў 2004 годзе. Рэканструкцыя была выканана на падставе малюнкаў і чарцяжоў пазамінулага стагоддзя. Фрагменты шлюзаў (два з 18 знаходзяцца на нашым баку) — аўтэнтычныя. Выкарыстоўваліся метады ўмацавання рэчышча, распрацаваныя яшчэ ў часіны польскага фартыфікатара Ігнацыя Прандзінскага.

Даўжыня канала - 103, 4 кіламетра, з іх 22 кіламетра знаходзяцца на беларускім баку, у Гродзенскім раёне. Натуральна, такі ўнікальны антураж, што пастаянна вабіць турыстаў, максімальна выкарыстоўваецца работнікамі культуры. Асабліва ўлетку. Музейшчыкі і бібліятэкары ладзяць выставы і конкурсы, клубнікі — канцэрты і абрады, рамеснікі рэалізоўваюць сувеніры і праводзяць майстар-класы.

Дарога памяці

Фарты Гродзенскай крэпасці ўражваюць. Ёсць у іх нешта непарушнае, непераможнае. Увогуле ў наваколлі Аўгустоўскага канала — каля 80 абарончых аб’ектаў — сведкаў Першай і Другой сусветных войнаў. І сярод іх — фартыфікацыйныя збудаванні 68-га ўмацаванага раёна 1940 — 1941 гадоў, а таксама Гродзенскай крэпасці 1887—1915 гадоў.

Упершыню пытанне пра будаўніцтва гэтых аб’ектаў вакол Гродна ўзнялі ў 1775 годзе. Але да з’яўлення першага ўмацавання з сямі фартоў прайшло сто гадоў. Большасць фартоў падарвалі падчас адступлення расійскіх войскаў у 1915 годзе. Ля вёскі Загараны знаходзіцца паўразбураны першы форт Гродзенскай крэпасці. Да слова, яна праслужыла адзін дзень — 1 верасня 1915 года. Падчас нямецкай атакі, якую немагчыма было стрымаць, крэпасць падарвалі. Але першы форт змагаўся нават у 1944-ым.

Падчас двух войнаў выкарыстоўваўся і другі форт ля вёскі Навумовічы. У дні ліхалецця Вялікай Айчыннай вайны фашысты нішчылі тут мірнае насельніцтва, у тым ліку яўрэяў, палякаў. У гонар забітых узведзены два помнікі. Удзельнікі калектываў аматарскай творчасці Раціцкага цэнтра культуры распрацавалі рэканструкцыю тых трагічных падзей “Дарога памяці”.

На стыку трох дзяржаў

Гаворка пра фартыфікацыі яшчэ не завершана. Знаўцаў ваеннай гісторыі незменна прываблівае абарончая лінія Молатава з дотамі, зробленымі са сталі і бетону. Знаходзяцца аб’екты ля шлюза Дамброўка, ля Сапоцкіна, непадалёк ад вёсак Сонічы, Пясчаны, Новікі і Радзівілкі, дзе можна наведаць сядзібу Гурскіх — колішніх бізнесоўцаў і ўладальнікаў Свяцка.

Пра Радзівілкі варта распавесці больш падрабязна. Гурскія аказаліся цудоўнымі гаспадарамі: у пазамінулым стагоддзі ўзвялі крухмальную фабрыку, пабудавалі касцёл, пасадзілі ўнікальны парк. Не дзіва, што паслядоўнікі Гурскіх стварылі тут аграсядзібу. Прастора для супрацоўніцтва з мясцовымі работнікамі культуры — самая шырокая. Без гэтых стасунках пра развіццё турызму казаць цяжка.

А непадалёк — Сапоцкін, вядомы аж з XVI стагоддзя. У свой час паселішча мела ўласны герб. Жыхары размаўляюць на беларускай, польскай і літоўскай мовах, бо Сапоцкін знаходзіцца на стыку трох дзяржаў. Касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі, узведзены ў 1789 годзе, таксама ўзноўлены. А яўрэйскія могілкі — адно са старэйшых пахаванняў на Беларусі.

У мясцовым культурна-турыстычным цэнтры ёсць Музей пісанкі. Больш за тысячу экспанатаў дэманструюць самыя розныя тэхнікі роспісу велікодных яек.

У лялькі пагуляем?

Палацава-паркавы комплекс магната Валовіча ў Свяцку не абмінуць. Падобны замак ёсць у Версалі. Наш будаваў італьянскі архітэктар Джузэпе Сако. Па дарозе ў Гродна — вёска Зарачанка. Тут ёсць Музей ручніка. Новая экспазіцыя “Нараджэнне хлебу” абяцае стаць складнікам чарговага турыстычнага маршруту, што злучыць Адэльск з Зарачанкай.

Індура — яўрэйскае мястэчка. Будынак сінагогі ўзведзены ў 1885 годзе. У мясцовым касцёле кожную гадзіну іграе труба. Вось вам і вёска. Еўропа! Ёсць тут гарадзішча, дзе калісьці месціўся феадальны замак. Славу набыла і музейная экспазіцыя ў цэнтры культуры “Лялька ў карагодзе жыцця”. Тут “жывуць” каля 200 аўтарскіх, абрадавых, сучасных лялек і казачных персанажаў. Для ахвотных дзейнічаюць майстар-класы.

Самы маленькі гарадок

Гэта Адэльск. Яму — 530 гадоў. Славіўся цагельняй і кірмашамі. Мясцовы касцёл — помнік драўлянага дойлідства XVIII века. Тут ёсць арган і ікона Святога Антонія — заступніка Адэльска. На рынкавай плошчы таксама знаходзіцца знак Святому Антонію. Святому прысвечаны і адметны фэст. Другое брэндавае мерапрыемства — свята млынароў. Мясцовым работнікам культуры ёсць дзе выпрабоўваць і адточваць свае таленты і фантазіі.

Проста неабходна наведаць і два музейныя пакоі: драўляных музычных інструментаў народнага майстра Беларусі Мар’яна Скрамблевіча (ягоная творчасць унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі) і майстрыхі па вышыўцы і ткацтву Наталлі Канавалавай. Вам прапануюць пачаставаць мясцовыя кулінарныя стравы, дапамогуць станцаваць па-тутэйшаму. Не адмаўляйцеся!

Словам, прыязджайцы да нас, не пашкадуеце.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіццю турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота аўтара