Без яе якое вяселле?

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Як у Кобрынскім музеі шылі касцюм свацці
Фартух і кашуля з “вачыма”, какошнік з пер’ем — сваццю з вёсак Лелікава і Павіцце Кобрынскага раёна не зблытаеш ні з кім. Такі яркі ўбор з’яўляецца вялікай этнаграфічнай каштоўнасцю, паколькі ў 2018 годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбора лелікаўскай свацці» быў унесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Для нас адкрылі куфар

Па словах Джэймса Кліфарда, аднаго з вядомых антраполагаў, “этнаграфія дазваляе вывучыць свет ва ўсіх яго дэталях, дазваляе стаць куратарамі штодзённасці, гісторыкамі нязначных падзей, немагчымымі рэалістамі”, а таму, нягледзячы на ваенна-гістарычны профіль, супрацоўнікі Кобрынскага музея імя Аляксандра Суворава ў сваёй рабоце імкнуцца выкарыстоўваць этнаграфічны кампанент і прыцягнуць увагу да нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, займаюцца збіраннем экспанатаў па гэтай тэме.

Паколькі ў галіне народнага адзення і тэкстылю назіраецца пэўны разбуральны працэс у сувязі з адыходам з жыцця старэйшага пакалення - носьбітаў традыцый, было вырашана, пакуль не позна, сабраць поўны камплект строя свахі. Аказалася, што здабыць касцюм вельмі няпроста. Мясцовыя жыхары, якія захоўваюць у куфрах асобныя часткі касцюма, не спяшаюцца з імі расставацца, нават на час.

У творчага калектыву Кобрынскага музея выспела рашэнне вярнуць касцюм свахі ў сучаснае жыццё, даць яму “другое дыханне” — пашыць рэпліку адзення. Такі варыянт «адраджэння» магчымы, таму што традыцыі вырабу касцюма былі аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «Б». Такія каштоўнасці могуць быць адноўлены на другасным матэрыяле і існаваць у сучаснай форме.

У любой гісторыі знаходзяцца неабыякавыя людзі. У нашым выпадку такім чалавекам стала Анастасія Шапяцюк, жыхарка вескі Лелікава, якая пазычыла свой асабісты касцюм для вывучэння.

Супрацоўнікі музея заняліся даследаваннем асаблівасцяў касцюма свацці, працавалі з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў-этнографаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытвалі людзей пажылага ўзросту, знаёміліся з вопытам старэйшых майстрых.

Вельмі дапамаглі ў рабоце матэрыялы, якія сабралі загадчык аўтаклубам Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга П’янцава і іншыя работнікі культуры Кобрынскага райвыканкама.

/i/content/pi/cult/809/17357/25.jpgСтужкі, “вочы”, пер’е

Касцюм свацці — гэта своеасаблівая візітоўка ўсяго Кобрынскага раена.

З аднаго боку, гэта тыповы народны строй, які складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха. З другога — касцюм адрозніваецца павышанай дэкаратыўнасцю, адмысловым галаўным уборам - маркерам гэтага адзення.

Усе часткі касцюма пашыты з баваўняных тканін і багата аздоблены аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін. На палічках, рукавах, манішцы кашулі, на фартуху нашыты «вочы» — ланцужкі з закругленых ромбаў, у сярэдзіне якіх вышыты васьмікутныя зоркі. Касцюм свахі шылі «з вачыма», таму што яна кіравала вяселлем, і ўсё павінна бачыць. Свацця абавязкова падперазвалася каляровым поясам - «крайкай», а на нагах у яе былі чаравікі з падкоўкамі, каб гучна прытопваць падчас танцаў.

Адметнай асаблівасцю строя з’яўляецца незвычайны галаўны ўбор у выглядзе какошніка, упрыгожанага рознакаляровымі пучкамі пеўневых пёраў, што падкрэслівае баявы дух свацці, сваячкі жаніха-пеўня.

У пачатку ХХ стагоддзя ў такім адзенні на вяселлі была старэйшая свацця і свашкі - маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшая сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удзельнічала ў галоўных момантах урачыстасці.

Па “слядах”

У працэсе вывучэння аўтэнтычнага ўбора, шматлікіх здымкаў з выявай свахі розных гадоў з’явіліся пытанні, адказы на якія ведала галоўная захавальніца старажытнай традыцыі, жыхарка вескі Лелікава - Анастасія Шапяцюк. Да яе і адправіліся супрацоўнікі музея. Першае, што звярнула на сябе ўвагу ў цёплым доме сям’і Шапяцюк, была фатаграфія на сцяне, дзе муж і жонка з вялікай пяшчотай глядзяць адзін на аднаго. Аказалася, што фотаздымак зроблены фотакарэспандэнтам газеты “Кобрынскі веснік” Анатолем Шугаем, які не проста злавіў удалы кадр, а сфатаграфаваў цёплую сямейную атмасферу, якая пануе ў гэтым доме.

Анастасія Ігнацьеўна, якая ў свой час пашыла касцюмы для сваіх унучак Дашы і Каці, падзялілася сакрэтамі вырабу ўбору свацці. Яна патлумачыла, што спадніца магла быць любога колеру, але досыць часта шылі яе з чырвонай тканіны. Свацця насіла толькі адну «затулку» (фартух). Такое пытанне паўстала таму, бо на Кобрыншчыне жанчыны часта насілі па два фартуха адразу, пры гэтым падол верхняга падтыкаўся так, каб быў бачны ўзор на ніжнім.

Не існуе каляровай заканамернасці пры размяшчэнні стужак на спадніцы, кожная швачка вырабляе тое па сваім гусце. Фрагменты аплікацыі ў выглядзе “вачэй-ланцужкоў” спачатку «нажыўляюцца» ўручную, а потым усё адзенне шыецца на машынцы.

Ёсць свае сакрэты і ў захоўванні касцюма: спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжаных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах.

Гаспадар дома Пётр Сцяпанавіч прымаў актыўны ўдзел у гутарцы, прачытаў жартоўныя вершы ўласнага сачынення. Завяршылася экспедыцыя вельмі смачным абедам, але стала зразумела, што наперадзе нас чакае доўгая карпатлівая работа.

Ажыўленне малюнка

Трэба было знайсці майстра, якога называюць універсальным, і таленавітую швачку, выдатную закройшчыцу. Акуратная, працавітая - гэта тыя якасці, што адрозніваюць Іну Корсак, якая пагадзілася ўзяцца за адказную справу. Калі былі гатовы асобныя фрагменты касцюма, трэба было завяршыць «вочы» — вышыць зоркі. Гэта работа была выканана вопытнай вышывальшчыцай Галінай Аўдзеевай.

Самай цяжкай задачай стаў выраб галаўнога ўбору, які вылучаў сваццю сярод іншых гасцей на вяселлі. Гэта пры тым, што лубяны каркас і “брэжэ” (карона з рознакаляровых стужак, упрыгожаная пацеркамі) падаравала супрацоўнікам Анастасія Шапяцюк.

Амаль дэтэктыўная гісторыя адбывалася, калі пачаўся пошук пеўневага пер’я для галаўнога ўбора. Нарэшце хтосьці з супрацоўнікаў знайшоў гаспадынь, якія пагадзіліся на карысць справы заняцца зборам пер’я, і не абы-якога, а мяккага і далікатнага. Магчыма, у некаторых пеўняў хвасты сталі радзейшыя, зато ў “кароне” з’явіліся сімпатычныя каляровыя “рожкі”, без якіх немагчыма ўявіць какошнік свацці.

На сваім месцы…

У цяперашні час убранне свацці ўпрыгожвае выставу “Народны касцюм - жывая традыцыя”. Сувенірныя лялькі, карціны, фотаздымкі — усе прадстаўленыя прадметы, так ці інакш, характарызуюць народнае адзенне. Дэманструюцца прадметы жаночага касцюма паўднёва-усходняга рэгіёну Кобрыншчыны, да якога адносіцца і ўбор свацці. Тканыя паясы, ручнікі на вясельную тэматыку, абрусы, дываны сведчаць аб багацці фантазіі нашых продкаў. Сфармаваны асобны куток інтэр’ернага паказу «У пакоі ў свацці».

На базе новай выставы падрыхтаваны музейна-педагагічны занятак «Знаёмцеся - свацця!», дзе школьнікі з вялікім задавальненнем гуляюць у народныя гульні, удзельнічаюць у абрадзе «Пасільшчына». У паўсядзённым жыцці і ў асяроддзі музеяў пануюць новыя тэхналогіі, чым нельга не карыстацца. Характар у свацці з Лелікава баявы, а таму без цяжкасцей яна засвоіла інтэрнэт-прастору. Сваху з Лелікава можна ўбачыць на панарамным фота выставы на сайце “Пазнай Кобрын”, у акаунце музея ў «Instagram»; яна прымала ўдзел у акцыі #скучающийфлешмоб і ў фотаконкурсе «Сэлфі & фота з вышыванкай». Не абыйшлося без свацці і падчас стрым-экскурсіі.

Толькі пачатак

Многімі даследчыкамі адзначаецца відавочнасць таго факту, што музеі могуць і павінны ўдзельнічаць у захаванні і перадачы нематэрыяльнай спадчыны, паколькі такім чынам яны забяспечваюць «выжыванне» этнічнай культуры. Што датычыццца Кобрынскага музея, то зварот да нематэрыяльнага і ўключэнне яго ў музейную справу робіць установу “жывой”, напаўняе дзейнасць новым зместам. Адна з задач музея, вядома ж, у супрацоўніцтве з іншымі установамі культуры і адукацыі — пастарацца выратаваць ўсё, што можна выратаваць, адкрыць, вывучыць, захаваць і перадаць новаму пакаленню, бо народны касцюм, гэта частка нашай культуры, частка нашай душы.

І гэта толькі пачатак вялікай работы. Супрацоўнікі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея выказваюць падзяку за дапамогу ў зборы матэрыялаў і афармленні выставы Анастасіі Шапяцюк, Пятру Шапяцюку, Надзеі Жук, Вользе П’янцавай, Іне Корсак, Галіне Аўдзеевай, Таццяне Біч, Людміле Букач, Ніне Бярэсневай, Валянціне Гапановіч, Ларысе Дарашук, Наталлі Клімук, Марыі Амельянчук, Людміле Чырун, Наталлі Міхнюк, Віктару Лагвіновічу.

Лілія КІРЫЛЮК, старшы навуковы супрацоўнік Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава