“У кожнай хаце па лапаце”

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Пра метадычную дапамогу і не толькі
Сістэма ўстаноў культуры клубнага тыпу таго ці іншага раёна не можа існаваць без наладжанай метадычнай падтрымкі. Распрацоўка сцэнарыяў, дапамога ў правядзенні святаў вёсак і паселішчаў, навучальныя і азнаямленчыя праграмы і семінары — усё гэта ды многае іншае бралі і бяруць на сябе раённыя арганізацыйна-метадычныя цэнтры, створаныя пры аддзелах культуры. Праўда, цяпер былыя РАМЦ амаль усюды называюцца іначай — звычайна, гэта раённыя цэнтры народнай творчасці са статусам юрыдычнай асобы, — але ж свае асноўныя функцыі яны захавалі і нават прымножылі. Як гэтым важным складнікам сістэмы культуры працуецца сёння, даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/809/17356/24.jpgМясцовае ў пашане

“Вечнае” першае пытанне сённяшняга дня — як працавалася культработнікам у часы пандэміі — раённым метадыстам можна было не задаваць: метадычная і практычная падтрымка раёнаў адбывалася ў звычайным ключы, так, як гэта было і год, і дзесяць таму.

— Праблемы з каранавірусам нас, фактычна, ніяк не закранулі, — адзначыў мне дырэктар Смалявіцкага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Уладзімір Гаўрылка. — Бо, натуральна, штодзённыя пытанні і праблемы клубных устаноў раёна нікуды не зніклі і мы працавалі над вырашэннем усіх тых задач, якія перад намі ўзнікалі ўвесь гэты час, як і заўсёды. Напрыклад, у раёне ладзіліся і арганізоўваліся ўсе дзяржаўныя святы, святы народнага календара і г.д.

Да слова, Смалявіцкі РАМЦ — бадай, адзіная арганізацыя на ўвесь Мінскі рэгіён, якая захавала сваю назву яшчэ з тых, ранейшых часоў. Па словах Уладзіміра Гаўрыкава, усе іншыя раённыя метадычныя структуры вобласці цяпер называюцца іначай, так што Смалявіцкі раён у гэтым плане досыць унікальны.

Па словах суразмоўцы, немалая роля ў развіцці сферы культуры Смалявіцкага раёна належыць майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якіх аб’ядноўвае народны клуб самадзейных майстроў “Землякі”, створаны пры мясцовым раённым Цэнтры рамёстваў. Штогод смалявіцкія майстры ўдзельнічаюць у дзясятках выставаў і конкурсаў, сярод якіх Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, абласное свята саломкапляцення “Саламяныя дзівосы” ды многія іншыя.

— На базе народнага клуба самадзейных майстроў “Землякі” пастаянна ладзіцца вучоба кіраўнікоў гурткоў, работнікаў культуры па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве па розных кірунках дзейнасці: саломкапляценні, лозапляценні, бісерапляценні, вышыўцы, — кажа Уладзімір Гаўрыкаў. — Акрамя гэтага, тут таксама праводзяцца семінары-практыкумы.

/i/content/pi/cult/809/17356/23.jpgШто да сцэнарнага матэрыялу, на нястачу якога мне, зазвычай, заўсёды жаліліся метадысты ў розных раёнах Беларусі (а я, у сваю чаргу, у адказ згадваў “Куфар-радцу” — метадычны дадатак да “К”), у якіх я бываў падчас камандзіровачных выездаў, дык з гэтым, па словах дырэктара РАМЦ, сёння праблем няма.

— Сцэнарыяў нам хапае, бо маем і шмат сваіх распрацовак, і шмат што можна сёння знайсці ў інтэрнэце, — зазначыў Уладзімір Гаўрыкаў. — Разам з тым, мы кіруемся ў працы менавіта мясцовым матэрыялам, мясцовымі асаблівасцямі таго ці іншага паселішча, калі ладзім у ім, да прыкладу, свята вёскі. Бо, як вы ведаеце, у кожнай хаце — па сваёй лапаце, таму наш, мясцовы матэрыял, заўсёды спрыяе нам пры правядзенні запланаваных мерапрыемстваў у сельскай мясцовасці.

З размовы, да слова, высветлілася, што асаблівых праблем няма і з тэхнічным забеспячэннем метадычных супрацоўнікаў. Раней, калі я прыязджаў з камандзіроўкамі ў раёны, мне казалі, што хацелі б займець якасную апаратуру для аўдыязапісаў, а таксама, каб рабіць добрыя фотаздымкі ці запісваць відэа.

— Мяркую, усе гэтыя праблемы засталіся ў мінулым часе, — кажа дырэктар Смалявіцкага РАМЦ. — Цяпер у кожнага ёсць свой мабільны тэлефон, дзе ў даволі добрай якасці можна і аўдыё запісаць, і сфатаграфаваць, і нават зрабіць невялікае відэа. Так што ў гэтым плане цяпер не так шмат пытанняў.

Балючае пытанне, па словах Уладзіміра Міхайлавіча — адно, але вельмі важкае і праблемнае.

— З найбольш складаных праблем адзначу кадравую, — зазначыў візаві. — Моладзь у раёне, на жаль, не затрымліваецца, бо мы знаходзімся вельмі блізка ад Мінска, — 15 хвілін язды на маршрутцы, — і маладыя людзі, адпрацаваўшы пэўны час у раёне, сыходзяць ад нас, каб знайсці працу ў сталіцы. Натуральна, мы робім ухіл на свае, мясцовыя кадры, рыхтуем запатрабаваных спецыялістаў для сельскіх устаноў падчас перападрыхтоўкі ці правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі, але кадравую праблему гэта, на жаль, пакуль што не вырашае.

Кошт добрай справы

Дарэчы, менавіта пра кадравую праблему згадала ў размове са мной і дырэктар Мядзельскага раённага цэнтра культуры — які раней таксама называўся раённым арганізацыйна-метадычным цэнтрам — Наталля Іванова. І гэта зразумела: ад Мядзела да Мінска таксама не так шмат кіламетраў, а моладзь тут, як і ў Смалявічах, зацікаўлена ў тым, каб адшукаць сабе працу з годным заробкам, які, зразумела, не заўсёды можна атрымаць, “шчыруючы” на ніве мясцовай сферы культуры.

— Што да нашай традыцыйнай работы, дык яна ішла сваёй хадой, без асаблівых зменаў: мы дапамагалі ў арганізацыі святаў вёсак, распрацоўвалі сцэнарыі, — кажа Наталля Іванова. — З найбольш цікавых апошніх мерапрыемстваў адзначу, што ў амфітэатры ў Мядзеле ўвечары 25 ліпеня выступіў Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Канцэртная праграма прайшла ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”.

Дарэчы, гэта не першае выступленне знакавых калектываў Беларусі ў Мядзелі. Так, на старонцы Мядзельскага РЦК, размешчанай ў адной з сацыяльных сетак, можна пабачыць рэкламу выступу Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Міхаіла Фінберга. Дзея, што адбылася ў тым жа мясцовым амфітэатры 27 чэрвеня, прайшла ў рамках ужо згаданай Рэспубліканскай акцыі.

Традыцыйнай працай поўніліся апошнія дні і месяцы і ў яшчэ адной метадычнай установе Беларусі — Аршанскім раённым метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Па словах метадыста Алёны Бачарэнкі, якая ў час майго званка часова падмяняла кіраўніка ўстановы культуры, работа метадыстаў ішла ў звычайным фармаце, некаторыя акцыі і мерапрыемствы, што адбыліся апошнім часам, удалося прадэманстраваць у інтэрнэце і ў сацыяльных сетках. Таксама, натуральна, аказвалася прафесійная метадычная і практычная падтрымка і дапамога ўстановам культуры на сяле, вырашаліся шматлікія бягучыя пытанні, у тым ліку — па справаздачах, якія дасылаюцца кіраўнікамі СДК ў Аршанскі раённы метадычны цэнтр.

Адзначу, што на сайце мясцовага райвыканкама размешчана інфармацыя, што супрацоўнікі цэнтра распрацавалі заяўку на правядзенне фестывалю “Фабрыка добрых спраў”, згодна з якой на рэалізацыю праекта патрабуецца 5 тысяч долараў. Мяркуецца, што фестываль будзе ладзіцца два дні, у яго рамках будуць арганізаваны тэматычныя зоны для дзяцей — лекцыі з урачамі, спартыўныя пляцоўкі, майстар-класы па розных відах мастацтваў, кінасеансы, танцавальныя батлы і многае іншае. Ці адгукнецца на падобную прапанову патэнцыйны спонсар, які захоча ўкласці сродкі ў мясцовую культурную сферу — пакажа, натуральна, час. Кошт агучанай добрай справы, што ні кажы, даволі значны, асабліва ў раённым маштабе.

У якасці заключэння

Пасля тэлефанаванняў у метадычныя ўстановы сферы культуры розных раёнаў Беларусі ў мяне засталіся дваістыя ўражанні. Так, з аднаго боку, метадычная праца і метадычная падтрымка адпаведных устаноў культуры на сяле ідзе згодна з графікам, па планах, а ўсе пытанні аператыўна і неадкладна вырашаюцца. З другога боку, на жаль, многія мае суразмоўцы не надта гарэлі жаданнем расказваць пра праблемы сваіх устаноў.

Напрыклад, акрамя кадравай праблемы, праблем з нястачай тэхнічных сродкаў, сёння метадычным цэнтрам ці тым арганізацыям, якія паўсталі на іх месцы, магчыма, патрэбна вырашыць пытанні недастатковай распрацаванасці наяўнай нарматыўнай базы. Напрыклад, як адзначыў мне дырэктар Смалявіцкага РАМЦ Уладзімір Гаўрыкаў, яны сёння вымушаны браць дзі-джэя ў сельскі клуб толькі на 0,25 стаўкі. А ўсё таму, што падобныя пасады наяўным штатным раскладам не прадугледжаныя і, адпаведна, гэтую пасаду дзі-джэя можна ўвесці толькі за кошт пазабюджэтных сродкаў, якія, натуральна, не вельмі вялікія ў любым раёне краіны. Вось і атрымліваецца, што неабходны спецыяліст павінен сёння працаваць за мізэрныя грошы, а не на поўную стаўку. Пра неабходнасць змянення тыпавых штатаў для клубных устаноў Беларусі “К” пісала ўжо неаднойчы, але, як кажуць, воз і цяпер там.

Акрамя таго, на маю думку, метадычным установам сёння не хапае і спецыялізаванага перыядычнага выдання па праблемах культурна-метадычнай дзейнасці і народнай творчасці. Да таго ж, у мясцовых метадыстаў амаль няма цяпер і сувязі з калегамі з іншых рэгіёнаў, хоць, у пэўнай ступені, гэтую праблему спрабуе вырашаць Рэспубліканскі савет дырэктараў абласных метадычных цэнтраў. Пра культурныя сувязі з замежнымі калегамі, сумесныя праекты, зладжаныя ў двухбаковым фармаце з метадыстамі іншых краін, мы, журналісты “К”, таксама даўно нічога не чулі. Балазе, міжнародныя кантакты сёння можна з лёгкасцю падтрымліваць праз інтэрнэт і тыя ж сацыяльныя сеткі. Але з гэтым у раёнах, на жаль, не ўсе так добра, як хацелася б.

Усе пералічаныя і многія іншыя пытанні патрабуюць асобнага разгляду, і “К” абавязкова да іх звернецца ў сваіх наступных матэрыялах.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"