Таямніцы Манюшкаў

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Частка XVI. Маджарскія
Пазавяршэнні публікацый, датычных радаводу жонкі Станіслава Манюшкі Аляксандры Мюлер, надышоў час раскапаць карэнні роду самога кампазітара. Гэтым разам аб’ектам цікавасці стане радавод Станіслава Манюшкі па кудзелі, то бок па жаночай лініі. І позіркі нашы ізноў скіроўваюцца ў колішняе сэрдца ВКЛ — Наваградскае ваяводства, дзе ўладарылі некаранаваныя каралі Беларусі-Літвы Радзівілы.

/i/content/pi/cult/809/17355/21.jpgСа Стамбула ў Слуцк

24 студзеня 1758 года ў Нясвіжскім замку было падпісанае “міжнароднае пагадненне”, якое паклала пачатак “персідскай фабрыкі”.У будучыні яна стане славутай на ўсю Рэч Паспалітую, а потым і нацыянальным брэндам Рэспублікі Беларусь. З аднаго боку выступаў самы магутны магнат — віленскі ваявода, вялікі літоўскі гетман, князь на Алыцы, Нясвіжы, Біржах… Міхал Казімір Радзівіл “Рыбанька”. З другога — невядомы нікому ў ВКЛ Ян Маджарскі, “персідскай, турэцкай, кітайскай… працы майстра, родам са Стамбула”. У яго абавязкі ўваходзіла вырабляць паводле пададзенага эскізу розныя патрэбныя ў шляхецкім асяродку рэчы — макаты, дыванкі, паясы. Таксама Маджарскі мусіў дасканала навучыць мясцовага хлопца тым сакрэтам персідскага майстэрства, якімі валодаў сам. За сумленную працу з радзівілаўскай скарбонкі гарантаваўся заробак — 4 дукаты (чырвоных злотых) у месяц. Варта нагадаць, што продкі жонкі Станіслава Манюшкі  — акцёры Станіслаў і Марыяна Закрэўскія — апынуўшыся на службе ў Радзівілаў, атрымлівалі куды болей — 15 і 10 дукатаў адпаведна.

Затое майстру дазвалялася, калі не было замоваў ад Радзівіла, вырабляць са свайго матэрыялу тыя ж рэчы і прадаваць. І, пэўна, ён тым дазволам скарыстаўся. Афіцыйнага заробку Маджарскаму б не хапіла, каб выбіцца “ў людзі”.

У сваім нарысе “Пра радзівілаўскую персіярню ў Слуцку” (1894, Кракаў) гісторык Аляксандр Ельскі пісаў наступнае. Сябра і першы біёграф Манюшкі Аляксандр Валіцкі, які, нібыта, трымаў у руках лісты Маджарскага, звярнуў увагу на тое, што яны былі напісаны іншай асобай, але падпісаныя самім майстрам. І подпіс быў, нібыта, армянскім алфавітам.Адсюль рабілася выснова, штоМаджарскі не ўмеў пісаць па-польску — што, у сваю чаргу, лічылася бясспрэчным доказам яго армянскага паходжання. Так і панеслася па свеце сцверджанне, быццам маці Станіслава Манюшкі — армянка. Але ці так гэта? Ці так гэта ў поўнай меры? Давайце разбірацца.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца справа “О дворянском происхождении рода Моджарских”, пачатая 28 кастрычніка 1826 года. Апошні дакумент датаваны 9 чэрвеня 1859 года. У ім сцвярджаецца, што шляхецтва Маджарскіх не было аспрэчана, але нашчадак нашага героя Лявон Маджарскі не мае сродкаў, каб прадаставіць на гербавай паперы пераклад нейкіх патрэбных дакументаў. Сіні колер вокладкі кажа аб тым, што канчаткова іх шляхецтва не было зацверджана. Але, верагодна, старому праўнуку Яна Маджарскага гэта ўжо было не так істотна. Бо нашчадкаў ён не меў.

У гэтай справе асаблівую ўвагу варта звярнуць на табліцу пакаленнага роспісу Маджарскіх, дзе ёсць і пэўныя ўдакладненні адносна асобаў. Напрыклад, пратапласта роду Міхала. Дакумент прыблізна 1832 года ўтрымлівае сціплыя звесткі пра асобу, якую так спяшаюцца абвясціць армянінам: “Михал Маджарский, уроженец Венгерского государства состоя в Австрийской военной службе под командой князя Евгения во время сражения под Белогродом был взят в плен турками и отослан в Константинополь. По получении там свободы сочетался браком и прижил сына 2. Нумму, а сей 3.Ивана от коего родился в Константинополе сын 4. Леонтий”. Менавіта гэты “Иван”, ён жа Jowhan, ён жа “Ян”, і стаў першым сярод Маджарскіх ліцьвінам.

Сын Нумы перабіраецца ў 1758-ым у ВКЛ разам з жонкай і сынам Лявонам. У метрычных запісах тых часоў згадваецца імя нейкай Разаліі Маджарскай — магчыма, яна і была жонкай майстра.

У адзін год з апошнім падзелам

/i/content/pi/cult/809/17355/22.jpgБурлівая дзейнасць слуцкай персіярні прыносіла Маджарскаму шмат клопату і столькі ж прыбытку. Ён набыў за 30 тысяч злотых фальварак Сёлка (які цяпер арганічна ўвайшоў у паўночныя гарадскія межы Слуцка), а потым нават змог дамовіцца з сынам “Рыбанькі” Каралем Радзівілам аб арэндзе фабрыкі. “Пане каханку”, які падчас другой эміграцыі беспрытульна гойсаў па Еўропе, меў адчайную патрэбу ў грошах. І Ян Маджарскі іх прапанаваў. У добрай манеце. За 10 000 злотых (каля 620 дукатаў) у год найміт, які на пачатку атрымліваў гадавы заробак усяго 48 дукатаў, змог сам вырашаць палітыку фабрыкі!

Пазней лейцы кіравання на тых самых умовах пераняў і яго сын Лявон. У 1793 годзе там было 28 станкоў розных тыпаў і 60 супрацоўнікаў. Але дзейнасць “персіярні” ўжо не набірала абароты год ад году, як тое было раней. Мода на слуцкія паясы адчувальна знізілася. Падазраю, прычыннай таму — нестабільная палітычная сітуацыя ў краіне, а потым і наогул яе знікненне. І акурат у 1795-ым Лявон Маджарскі вырашыў ад “дрэннага актыву” адмовіцца. Праўда, з-за агульнай неўрэгуляванасці радзівілаўскіх спраў яму давялося займацца фабрыкай да 1807 года. Затое ў якасці расплаты па запазычанасцях Маджарскія займелі маёнтачак Манькаў.

Новы ўдар персіярня атрымала пад час вайны 1812 года. Што можна разрабаваць, было разрабавана, што можна пашкодзіць, было пашкоджана. Хто з работнікаў змог збегчы і выратаваць сваё жыццё, гэтак і зрабіў. У 1823 годзе, пасля павольнага аднаўлення былых магутнасцяў, працы хапала хіба на адзін варштат. А ў 1846 годзе фабрыка, якая ўжо ледзь рыпела, канчаткова была зачыненая. Так завяршылася цэлая эпоха, ад якой у Беларусі застаўся гучны міф — і некалькі абрэзкаў слуцкіх паясоў з подпісам “ЛЕО МАДЖАРСКІЙ”. Большасць вырабаў патрапіла да суседзяў, дзе знаходзіцца і цяпер.

Узлёт і скон роду

Не маючы нічога ні за, ні супраць магчымага армянскага паходжання Міхала Маджарскага, трэба ўсё ж адзначыць відавочнае. Адарваныя ад былога асяроддзя, ад сваякоў і роднай культуры, перасяленцы зазвычай намагаюцца як мага хутчэй асімілявацца ў новым, часам варожым, атачэнні. Не дзіва, што патрапіўшы ў ВКЛ юнаком, праўнук “вянгерскага вайскоўца” Міхала, Лявон Маджарскі адразу стаў “сваім”. Зрабіўся парафіянінам Слуцкага касцёлу і ўжо 29 чэрвеня 1768 года ўзяў там шлюб з прадстаўніцай дробнай мясцовай шляхты — Марыянай са Станішэўскіх.15 мая 1770 года яны хрысцілі свайго першынца Антона-Ігната, хроснымі якога сталі дзед Ян Маджарскі і Алена Станкевіч. Праз год, 25 траўня 1771-га, быў ахрышчаны другі сын — Ян-Францішак. А далей да алтара прыносілі адно дзяўчат: 23 сакавіка 1773-га — Разалію-Язафату, а 25 жніўня 1774-га— Анжэлу.

Пасля смерці першай жонкі Лявон ажаніўся з Марыяй Латкоўскай — таксама з дробнай слуцкай шляхты, якая яшчэ ў XVII ст. вызнавала кальвінскую веру. Дарэчы, прадстаўніца фаміліі Кацярына ў свой час пабралася шлюбам з кальвінскім пастырам Янам Барымоўскім (Баржымоўскім) — прапрадзедам па кудзелі Адама Міцкевіча. Аднак пасля вайны 1654-1667 гадоў і наступу Контрэфармацыі род паступова стаў каталіцкім.

У 1790 годзе падчас Вялікага сойма Лявон Маджарскі атрымаў набілітацыю — за немалыя заслугі перад Айчынай і немалыя грошы: ажно 500 дукатаў. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў слуцкаму мешчаніну герб “Дар”. А разам з ім  — усе правы і абавязкі шляхціца. Праўда, адсутнасць афіцыйнай набілітацыі не замінала Маджарскім пісацца шляхтай яшчэ ў 1770-ыя.

Бацька Лявона — Ян памёр у Слуцку ў 1800 або ў 1801 годзе і, як сцвярджаюць біёграфы, быў пахаваны ў тамтэйшых бернардынаў. Ягоны сын Лявон перажыў тату на дзесяць гадоў. Спачыў побач з ім у Слуцку.

Другі сын Лявона Маджарскага Ян ажаніўся з Фаўстынай з Корсакаў — таксама шляхцянкай са Случчыны. Жыў папераменна то ў Красевічах, то ў Драгобылі. Ягоны сын Эдвард памёр малым. А дочкі дасягнулі паўналецця і пайшлі замуж. Юзэфа ў шлюбе з Трацэвічам нашчадкаў не мела. Затое шчасце ўсміхнулася яе малодшай сястры Вікторыі, якая стала жонкай Крушынскага і нарадзіла ад яго пяць сыноў і тры дачкі. Трэцяя дачка, Марыя, выйшла за Юльяна Шпіхальскага і таксама не была бяздзетнай.

Але нас найбольш цікавіць першы сын Лявона Маджарскага Антон. 21 чэрвеня 1799 года ў маёнтку Каўпеніца пад Баранавічамі ён ажаніўся з Тэафіліяй, дачкой гарадзенскага ротмістра Францішка-Канстанціна Алізаровіча. Бацька яе на той момант ужо памёр, а маці Петранэла з Кандыбаў, пабралася другім шлюбам з гарадзенскім шляхцюком — Ваўкавыскім. Алізаровічы і Кандыбы адносяцца да вельмі старых беларускіх шляхецкіх родаў, карані якіх сягаюць ледзь не ў часы князя Вітаўта.

Тут яшчэ варта згадаць, што за дваццаць год да таго Каўпеніцай валодалі дзяды Ігната Дамейкі па кудзелі — Анцуты. Бываў у іх на хростах і далёкі сваяк — бацька Тадэвуша Рэйтана Дамінік. Пазней Анцуты набылі паблізу маёнтак Сачыўкі, і там нарадзілася маці Ігната ды яе малодшы брат, пра якіх мы ўжо пісалі раней.

Антон Маджарскі меў толькі дваіх дзетак. Па ўсей верагоднасці, першай была Альжбета — будучая маці Станіслава Манюшкі, якая з’явілася на свет у 1800 годзе. Яе брат Лявон-Юзаф-Ігнат быў ахрышчаны 20 жніўня 1801 года. Ён застаўся халастым. Вядомы праз свой гумар і востры розум, у 1824 годзе быў абраны межавым суддзёй наваградскага павета. Як памятаем, апошняя згадка яго імя прыпадае на 1859 год.

Так нарадзілася і завяршылася гісторыя роду Маджарскіх, без якіх мы не мелі б двух брэндаў Беларусі — слуцкіх паясоў і кампазітара, які праславіў сваю Радзіму далёка па-за яе межамі.

Мяркуючы па гэтых звестках, чуткі пра “маці-армянку” выглядаюць значна перабольшанымі.

Сцяжынка да Манюшкаў

І ў якасці пасляслоўя. Мала хто ведае, што род пакінуў свае сляды ў Мінску, на Кальварыйскіх могілках. Для тых, хто будзе ўдумліва блукаць па іх алеях, маю невялічкую падказку. Калі падняцца да касцёла, прайсці з левага боку ад яго і рушыць далей па сцяжынцы, можна завітаць да сваякоў Станіслава Манюшкі. Перш наперш, Вікторыі з Маджарскіх — Крушынскай (1815 —1886). Яе помнік месціцца адразу пры дарозе. Крыху далей, таксама пры дарожцы, ёсць пашкоджаная паваленым дрэвам старая прыгожая агароджа. Гэта двайная магіла яе дзяцей — Камілы з Крушынскіх Жабы (1848—1892) і Яўгена Крушынскага (1852—1904). А паміж пахаваннямі Крушынскіх, толькі трошкі ўглыб, стаіць стары чыгунны крыж дваюраднай бабулі Станіслава Манюшкі — Клацільды з Вайніловічаў. Але пра яе — у наступнай частцы.

Фота аўтара

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар