Затрымаліся на старце, навярстаем ў працэсе

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Нататкі пра беларускую манументальную пластыку
Сёлета на конкурс “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў намінацыі “Скульптура” прадстаўлены сярод іншых твораў два манументальныя аб’екты — кампазіцыя “Прысвячэнне дактарам-анколагам” Паўла Лука, усталяваная на тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, і помнк Льву Сапегу ў Слоніме (Іван Міско, Уладзімір Піпін, Сяргей Логвін). Помнік Вялікаму князю Літоўскаму Гедыміну ў Лідзе аўтарства Сяргея Аганава і Вольгі Нячай праходзіць на конкурсе па намінацыі “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”.

/i/content/pi/cult/809/17348/9.jpgЯк па мне, дык два першых згаданых твора мусілі б трапіць ў тую ж намінацыю, дзе трэці. Неяк дзіўнавата, што бронзавыя скульптуры вышэй за чалавечы рост, што прайшлі мноства ўзгадненняў аж да самага высокага ўзроўня, усталяваныя ў публічнай прасторы і ўжо маючыя грамадскае прызнанне, разглядаюцца ў кантэксаце з пластыкай станковага і малога памеру, да таго ж суб’ектывісцкага зместу і эксперыментальнага характару. Гэта як “боб з гарохам”, якія народная мудрасць змешваць не раіць, нягледзячы на фармальнае падабенства.

Але згадаў я гэтыя работы не для таго, каб напомніць, што сёе-тое ў арганізацыі конкурсу яшчэ трэба даводзіць да ладу. Мне якраз даспадобы тое, што за час, які прайшоў з мінулага Трыенале, краіна ўзбагацілася выдатнымі, сацыяльна значнымі творамі, і тры з іх, дакладней — іх выявы, прадстаўлены зараз грамадзе на гэтай выставе. Помнікі двум асобам, што яшчэ ў Сярэднявеччы заклалі асновы той дзяржаўнасці, якую мы сёння маем, і знак пашаны беларускім медыкам, ад сумленнай, нават гераічнай працы якіх спакой краіны залежыць не ў меншай ступені, чым у ваенны час ад мужнасці ваяра. Годныя творы, кожны з іх варты сур’ёзнай узнагароды.

Але вось што падумалася… Чаму ўсе творы беларускага выяўленчага мастацтва не толькі часу, што прайшоў з набыцця найноўшай Незалежнасці, а бадай за ўсё ХХ стагоддзе, якія маюць адносна шырокі розгалас і статус нацыянальнай каштоўнасці, належаць выключна да рэалістычнай школы? УНОВИС згадваць не будзем, гэта справа асаблівая. Ды ўласна беларускі ці які іншы нацыянальны чыннік у “рэвалюцыйным авангардзе” вылучыць даволі цяжка. Тым творцам-летуценнікам дзяржаўныя/нацыянальныя межы – што ўсталяваныя на зямлі, што намаляваныя ў свядомасці, толькі заміналі ў справе і псавалі далягляд.

Аднак вернемся да ўнармаванай беларушчыны. Згадаем да прыкладу лепшыя творы нашага манументальнага мастацтва  — помнік Леніну перад Домам урада, абеліск на плошчы Перамогі, Хатынскі і БРЭСЦКІ мемарыялЫ, Курган Славы пад Мінскам, помнік на плошчы Славы ў Магілёве, сталічныя помнікі Ф, СКАРЫНЕ, М.БАГДАНОВІЧУ, Я.Купалу, Я.Коласу і У.МУЛЯВІНУ, Адаму Міцкевічу ў Навагрудку і ў Мінску, князю Альгерду ў Віцебску. Можна гэты спіс доўжыць, але ў ім будуць работы выключна рэалістычнага кшталту. Мы імі законна ганарымся, як нашай вобразна ўвасобленай гісторыяй, і ўпадабаем іх такімі, якія яны ёсць. Дык, можа, рэалістычнасць як праява канкрэтыкі ў думках і паводзінах — гэта неадменная і пераважная рыса нашага нацыянальнага характару? Можа, шматсэнсоўнасць, увасобленая ў абстракцыі, не пасуе нашай натуры? Наўрад. Беларусы такія ж людзі, як і ўсе. І калі нейкая культурніцкая з’ява альбо мастацкая плынь (у дадзеным выпадку  — беспрадметнае, абстрактнае мастацтва) мае распаўсюд ў свеце, дык і Беларусь, што стаіць на стратэгічным скрыжаванні сусветнай гісторыі, яны не абмінуць. Дарэчы, у пластыцы станковай беларускія скульптары нерэалістычнага напрамку працуюць даволі плённа. Адно што — манументальная школа ў нас грунтуецца цалкам на, ТАК БЫ МОВІЦЬ, “АКАДЭМІЧНЫМ” рэалізме.

Рэч ў іншым. Манументальнае мастацтва – гэта не асабістая справа творцы, як падаецца на першы погляд. Важным ягоным чыннікам, што фарміруе вобразны лад мастацтва для публічнай прасторы, з’яўляецца грамадская думка, якая прымае ці не прымае пэўныя мастацкія ідэі і формы іх рэалізацыі. Працуючы на вечнасць, нельга ігнараваць рэчаіснасць. Геніяльны скульптар Агюст Радэн хацеў паставіць сваіх бронзавых “Грамадзян Кале” проста на брукаванку, каб яны былі бліжэй да людзей. Цяпер такі мастацкі прыём скарыстоўваецца паўсюдна, а тады грамада не пагадзілася: героі мусяць быць узняты над зямлёю, стаяць на пастаменце.

Цэнтральны элемент Мемарыяла ветэранаў В’етнамскай вайны ў Вашынгтоне – адпаліраваная да бляску чорная гранітная сцяна, на якой выбіты імёны ўсіх загінуўшых амерыканцаў. Тыя, хто тую сцяну бачыў, сведчаць, што яна вельмі ўражвае, выклікае эмацыйны водгук. Ідзеш уздоўж тае сцяны, бачыш у ёй сваё адлюстранне і адчуваеш сваю далучанасць да тых падзей. Стваральнікі мемарыяла зыходна лічылі, што ніякіх іншых чыннікаў мемарыялу і не трэба. Але грамада настаяла, каб у мемарыяле была яшчэ і скульптурная група, якая б давала ўяўленне пра тое, як выглядалі салдаты той вайны. Мемарыял быў дапоўнены кампазіцыяй з трох фігур у вайсковым рыштунку. Прычым, кожны салдат прадстаўляе адзін з найбольш значных этнасаў краіны – індзеец, нашчадак перасяленцаў з Еўропы, афраамерыканец.

Больш блізкі да нас прыклад. Напачатку 80-х гадоў у Гайнаўцы на Беласточчыне быў пабудаваны праваслаўны храм Святой Тройцы. Архітэктура мадэрнісцкая. Такім жа мадэрнісцкім зрабілі і іканастас. Храм грамада прыняла, хоць, мяркую, не адразу – як вядома, праваслаўныя вернікі моцна трымаюцца канону, а вось іканастас з часам давялося замяніць на традыцыйны.

Як бачыце, калі гаворка ідзе пра нешта важнае для грамады, а не толькі для якой асобы ці малалікай групы, наватарскія, а тым больш радыкальныя ідэі у сферы эстэтыкі лёгка не сцвярджаюцца. Вы ніколі не задумваліся над тым, чаму той жа УНОВИС сцвердзіўся не ў Маскве ці Пецярбургу, а ў правінцыйным Віцебску? Чаму сёння самыя смелыя архітектурныя праекты рэалізуюцца не ў традыцыйных цэнтрах культуры, а ў краінах так званага трэцяга свету, а найбольш  — на арабскім Усходзе, дзе на нафтавым буме бедныя рыбацкія вёскі імкліва ператварыліся ў фантастычныя мегаполісы? Я мяркую, гэта таму, што футурызм як з’ва лепей прарастае у чыстым полі, чым у дагледжаным гародзе, у якім няма дзе ногу паставіць, не закрануўшы пэўную культурную расліну.

І ўсё ж звыклы лад трэба калі-нікалі абнаўляць, бо інакш жыць сумна. Нездарма ж Парыж узбагаціўся мадэрнісцкай забудовай раёна Дэфанс і хайтэкаўскім Цэнтрам Пампіду. Нездарма футурыстычнымі архітэктурнымі формамі аздабляецца Вена. Праўда, робіцца гэта ў аўстрыйскай сталіцы далікатна, каб страты не панесла гістарычнае аблічча горада. Новыя формы пры захаванні гістарычнай забудовы – так выглядае сёння Берлін. Цікавым для нас можа быць досвед Масквы, дзе “Сіці” ўжо стала неад’емнай часткай горада, і Пецярбурга, дзе не спыняюцца вострыя дыскусіі пра тое, як ператварыць горад ў стылёвы мегаполіс і пры гэтым не разбурыць ягоны рамантычны вобраз. Да ўсяго дадам: новая архітэктура прадугледжвае і сучасны гарадскі дызайн, і новыя формы эстэтычнай арганізацыі прасторы – у тым ліку і сучасную пластыку.

Скажам, дэкаратыўная аздоба і манументальныя аб’екты на новых праспектах Мінска не могуць быць такімі ж, як на праспекце Незалежнасці. І яшчэ трэба сыходзіць з таго, што ў культурным развіцці немагчыма пераскочыць праз пэўныя этапы. Добрыя помнікі Францыску Скарыне ці Льву Сапегу не маглі з’явіцца, пакуль іх імёны, іх справа і здабыткі былі вядомы хіба шчыльнаму колу навукоўцаў. Бо ў такіх умовах асноўнай функцыяй манументальнага аб’екта будзе асветніцтва. А гэта вельмі абмяжоўвае і замоўцу, і аўтара; прымушае засяроджвацца на дробязях, на матэрыяльнай канкрэтыцы, замест таго, каб дбаць пра вобразнасць і эмацыйнае напаўненне помніка. На жаль, нешта падобнае мы сёння маем ў выпадках, калі мастакі (прычым, не толькі манументалісты) звяртаюцца да гістарычных тэм.

Даводзіцца канстатаваць, што ў параўнанні са сваімі суседзямі беларусы пазнавата распачалі асэнсоўваць сваю гісторыю. Так здарылася, што пэўны час нацыянальная думка не сягала далей кастрычніка 1917 года, а спробы паглыбыцца ў нетры стагоддзяў маглі для такога цікаўнага скончыцца вельмі кепска. На момант ператварэння Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь нашы суседзі ў статусе суверэнных нацый выглядалі больш самавіта, чым мы, больш упэўнена стаялі на гістарычным грунце. У Пецярбургу быў ці не тузін помнікаў стваральнікам і ваярам Расійскай імперыі, і сярод іх шэдэўр сусветнага мастацтва – “Медны вершнік” Фальканэ. У Маскве ў цэнтры горада стаяў бронзавы Юрый Даўгарукі, у Кіеве – Багдан Хмяльніцкі. Грузіны здолелі ў савецкі час панаставіць помнікаў усім сваім больш-менш значным асобам — ад Сярэднявечча да нашых дзён. А гэта цары і князі, мысляры і ваяры. Шанавалі сваю гісторыю і ў рэспубліках Прыбалтыкі, хоць і не так адкрыта. Мы ж былі вымушаны даганяць і праходзіць стадыі, якія іншыя ўжо паспяхова мінулі. Таму наш віцебскі Альгерд, лідскі Гедымін і слонімскі Леў Сапега па форме нагадваюць манументы ХІХ стагоддзя, хоць створаны ў ХХІ. Усё нібыта зразумела, але хацела б, каб для краіны хутчэй скончыўся перыяд вывучэння ўласнай мінуўшчыны, а для творцаў – вымушаная праца ў ролі настаўнікаў гісторыі. Каб нарэшце заняцца ўласна творчасцю і сярод іншага – пошукам мастацкіх вобразаў, адпавядаючых рэаліям нашага часу і гістарычнай перспектывы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"