Сустрэтае мной у дарозе…

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Нядаўна я са здзіўленнем зразумеў, што апошнім замкам Беларусі, да якога я дагэтуль не дабраўся ў сваіх падарожжах, заставаўся Быхаўскі. Калі рэшта яго “братоў”, збольшага, размешчаныя на захадзе нашай краіны, то ён, наадварот, некалі вартаваў яе ўсходнія рубяжы — таму, мо, і аказаўся апошнім у маім спісе, чыста з геаграфічных прычын. Але пабачыць яго, безумоўна, было варт — тым больш, што па дарозе я запланаваў агледзець яшчэ цэлы шэраг іншых помнікаў гісторыі і дойлідства. Што ж — рушым на ўсход!

/i/content/pi/cult/809/17347/8.jpgВобразы стыляў у абрысах палаца

Першы прыпынак на нашым шляху — Смілавічы. Мястэчка, якое падарыла свету такіх выдатных майстроў жывапісу ХХ стагоддзя, як Хаім Суцін і Шрага Царфін, славутае не толькі вядомымі ўраджэнцамі-мастакамі, але і велічным палацава-паркавым комплексам. Ды й валодалі Смілавічамі ў розныя часы шляхецкія роды, з якіх паходзілі славутыя мастакі і кампазітары — Агінскія, Манюшкі, Ваньковічы. Велічны сядзібны дом, які хаваецца ў засені дрэваў старога парка, быў закладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі, аб чым сведчыць памятны камень з надпісам (пра гэты і іншыя знакавыя смілавіцкія камяні падрабязней можна прачытаць у матэрыяле Змітра Юркевіча “Камплімент з-пад пяра Міцкевіча ў падмурку лядоўні” у нумары № 28 ад 11 ліпеня гг.).

Палац будаваўся паступова, і ягоныя карпусы, сёння злучаныя ў адзін аб’ём, нясуць на сабе адбітак розных архітэктурных стыляў, характэрных для часу, калі ўзводзілася тая ці іншая частка будынку. Але найстарэйшыя муры палаца прылягаюць да яго візітнай карткі — велічнай вежы ў стылі псеўдаготыкі, якая сваімі абрысамі з магутнымі зубцамі наверсе нагадвае сапраўдныя абарончыя ўмацаванні сярэднявечных замкаў. Пасля апошняй вайны палац належаў Смілавіцкаму аграрнаму каледжу, але з цягам часу будынак пачаў занепадаць, і аднаўленне яго распачалося толькі пасля таго, як у 2014 годзе быў знойдзены прыватны інвестар.

На жаль, менавіта найстарэйшая частка будынка, якая прылягае да вежы, захавалася найгорш, і ў межах рэканструкцыі другі ўзровень двухпавярховага аб’ёму давялося разабраць — з часам, будзем спадзявацца, яго адновяць. Тая ж частка палаца, якая была пабудаваная ў ХIХ стагоддзі ў стылі неаготыкі, захавалася значна лепш, і сёння яе рэстаўрацыя ўжо мае знадворку завершаны выгляд. Але, акрамя палаца, ёсць на тэрыторыі парка яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы, узведзеныя Манюшкамі — і калі адна з іх занядбаная, то ў другой і сёння жывуць людзі. Варта было б з часам падбаць і пра гэтыя элементы сядзібнага комплекса, і пра рэшткі вытанчанай цаглянай агароджы, якія дзе-нідзе захаваліся яшчэ па перыметры парка. Сярод паркавых насаджэнняў — чорныя хвоі, якія з’яўляюцца помнікам прыроды. Сёння ж можна, прынамсі, пацешыцца, што вырваны з занядбання хаця б сам палац, які яшчэ нядаўна быў прыстанкам для аматараў не надта культурнага адпачынку, а ў будучыні, будзем спадзявацца, зробіцца сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця ў Смілавічах — балазе, мясцовы Дом культуры стаіць проста насупраць паркавай брамы.

Два касцёла — два лёсы

Працягваючы вандроўку па помніках неаготыкі, дарогай са Смілавічаў да Беразіна завітваем у Багушэвічы, дзе на ўзгорку ля ракі Усы ўзвышаецца касцёл Божага Цела, збудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя як пахавальня роду Свентажэцкіх. Планам гэтым, аднак, не суджана было спраўдзіцца — за ўдзел уладальнікаў у паўстанні 1863 года іх сядзібу цалкам спалілі — але касцёл ацалеў. Потым была тут доўгі час праваслаўная царква, у савецкі час — вясковы клуб, пасля будынак стаяў закінуты. Але ў пачатку 2000-ых усё-ткі яго вярнулі каталікам, і сёння тут зноў ладзяцца набажэнствы, а святыня працягвае ўражваць наведвальнікаў сваімі спічастымі абрысамі і незвычайнай формай муроў.

А вось неагатычнаму касцёлу Святога Людовіка, што ў Свяцілавічах Бялыніцкага раёна, куды мы накіраваліся далей, пашанцавала менш. Збудаваны ў 1903 годзе, у міжваенныя гады ён быў прыстасаваны пад клуб, пасля тут знаходзілася праўленне калгаса, а ўрэшце размясцілася пошта. У сярэдзіне мінулага стагоддзя будынак колішняга касцёла страціў вежу-званіцу і быў істотна перабудаваны. Сёння пра яго мінулае нагадваюць хіба масіўныя контрфорсы, якія выступаюць з магутных муроў колішняга касцёла па ўсім іх перыметры.

Па слядах таямнічай прыказкі

Храм, падобны да княжыцкага, некалі існаваў і ў Фашчаўцы Шклоўскага раёна, куды мы накіраваліся далей. Яму, аднак, пашанцавала яшчэ менш — у 1970-ыя гады ён быў разбураны ўшчэнт. Аднак сёння ў вёсцы застаецца яшчэ адзін славуты далёка за межамі Шклоўшчыны помнік, звязаны з гісторыяй каталіцтва ў гэтым краі. Гаворка аб калоне-капліцы, якая ўзвышаецца на ўскрайку старых фашчаўскіх могілак.

Наверсе цаглянага слупа — рэшткі драўлянай скульптуры, у якіх угадваецца постаць мужчыны. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што гэтая калона была ўзведзеная ў гонар святога Сімпліцыяна і аздобленая яго выявай — але ў народзе памяць аб гэтым даўно сцерлася, і пагалоска ахрысціла цагляны слуп папросту “фашчаўскім ёлупам” — гэты выраз, які азначаў нешта незразумелае і малакарыснае, быў папулярны далёка за межамі вёскі, а з фальклору трапіў нават у творы Уладзіміра Караткевіча.

Праваслаўныя святыні

Ваколіцы Магілёва багатыя і на помнікі праваслаўнага дойлідства ХІХ стагоддзя. Мы мелі магчымасць агледзець напаўразбураныя цэркаўкі ў Вішове, што на паўдарозе між згаданымі ўжо Свяцілавічамі і Княжыцамі, і ў Сідаравічах, што па дарозе з Магілёва ў Быхаў. Памеры гэтых храмаў мо і больш сціплыя, чым у неагатычных і барочных касцёлаў, але ўражваюць яны не менш — акурат гэтай камернасцю і намоленасцю сваіх муроў, на якіх праступаюць фрэскі з выявамі святых.

Зрэшты, ў гэтых цэрквах, якія ператварыліся за савецкім часам у парослыя травой руіны, сёння мы знаходзім адзнакі шанавання гэтых святых мясцін — вернікі прыносяць сюды абразы, крыжы, прадметы царкоўнага ўжытку. Нездарма непадалёк ад Быхава месціцца і славутае Баркалабава, вядомае сваім старадаўнім цудатворным абразом Божай Маці, створаным на мяжы XVI — XVII стагоддзяў. Але, як кажуць, на Бога спадзявайся, але і сам старайся — у мінулым месяцы пракуратура Магілёўскай вобласці вызначыла падчас нагляду, што царква ў Сідаравічах мае прыкметы, якія адпавядаюць крытэрыям для надання ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Будзем спадзявацца, што гэтая справа дойдзе да лагічнага завяршэння — Быхаўскі райвыканкам ужо рыхтуе адпаведную прапанову.

Сядзібы і прысады

На Быхаў мы кіруемся старым шляхам, які некалі звязваў Санкт-Пецярбург з Кіева. Пры дарозе раз-пораз трапляюцца старасвецкія сціплыя аднапавярховыя будыначкі колішніх паштовых станцый, збудаваных у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, што сведчаць аб значнасці, якая надавалася гэтаму гасцінцу ў часы Расійскай імперыі. Пад’язджаючы да Быхава, завітваем у колішнія дваранскія сядзібы — яшчэ адзін след таго перыяду гісторыі, калі край гэты перайшоў пад уладу расійскіх цароў. У Дашкаўцы аглядаем сядзібу Жукоўскіх — сядзібны дом, збудаваны ў простых і строгіх формах, стаіць на тэрасе над стромым абрывам да ракі, а акаляе яго цяністы парк. Сёння ў гэтым палацы, збудаваным у пачатку ХХ стагоддзя ў стылі эклектыкі, размешчаны сельсавет.

А вось сядзібе ў Грудзінаўцы пашанцавала крыху менш. Некалі яна належала славутаму графскаму роду Талстых, а пасля тут размяшчаліся па чарзе дзіцячы дом, школа і санаторый. Асаблівую прывабнасць і вытанчанасць двухпавярховаму палацу, збудаванаму ў стылі класіцызму, надае паўкруглая веранда з каланадай перад уваходам. На яе другім паверсе размяшчаецца аглядная пляцоўка з відам на парк, прызнаны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя помнікам прыроды і садова-паркавага мастацтва.

На жаль, пакуль сядзібны дом стаіць занядбаны, хаця захоўвае сляды колішняй велічы — шырокую парадную лесвіцу, аўтэнтычную плітку на падлозе. Сядзібу наведвалі нават прадстаўнікі колішніх уладальнікаў, роду Талстых — але прыйшлі да высновы, што не валодаюць неабходнымі сродкамі для яе набыцця і рэстаўрацыі. Мясцовыя ўлады робяць захады па інвентарызацыі і захаванні сядзібнага парка, ёсць і планы музеефікацыі палаца — але спачатку ён патрабуе аднаўлення, для якога неабходна прыкласці яшчэ багата высілкаў.

Вежы паўстаюць з нябыту

Нарэшце падбіраемся да мэты нашай вандроўкі — старога Быхава. Дарэчы, доўгі час горад акурат так і называлі, Старым Быхавам, каб адрозніваць ад Новага Быхава — іншага паселішча, якое ўзнікла паблізу ў XVI стагоддзі. Будаўніцтва ж старабыхаўскага замка на беразе Дняпра пачалося ў 1610 годзе дбаннем гетмана Яна Караля Хадкевіча, а пазней ім валодалі прадстаўнікі роду Сапегаў, пры якіх замак быў уключаны ў сістэму бастыённых умацаванняў, якая мусіла бараніць увесь горад.

За сваю доўгую гісторыю замак перанёс нямала аблог, і, здавалася, ужо гатовы быў прайграць бітву супраць самога часу — у ХІХ стагоддзі тут размяшчалася турма, потым — казармы, а ў 1990-ых дзейнічаў мэблевы цэх. У 2004 годзе будынак пацярпеў у выніку пажару, і пэўны час стаяў закінутым — але неўзабаве распачаліся захады па яго рэстаўрацыі. Да Дня беларускага пісьменства, які адбыўся ў Быхаве ў 2013 годзе, былі адноўленыя дзве замкавыя абарончыя вежы, а цяпер закансерваваны ды чакае аднаўлення і двухпавярховы жылы корпус. Мяркуецца, што пасля рэстаўрацыі будынка тут размесціцца экспазіцыя краязнаўчага музея.

Шлях да неба

Не менш за замак уражвае і яшчэ адно ўнікальнае ўмацаванне Быхава — сінагога абарончага тыпу, будова якой датуецца пачаткам XVII стагоддзя. Магутныя муры, паўкруглая вежа і замураваныя байніцы сведчаць, што сінагога была элементам ўмацаванняў старога Быхава, і гэты культавы будынак можна, у пэўным сэнсе, паставіць у адзін шэраг са славутымі хрысціянскімі храмамі абарончага тыпу — такімі, як у Мураванцы альбо Сынковічах. А вось быхаўская Свята-Троіцкая царква выглядае даволі мірна і ўтульна, хаця і па-свойму велічна. Драўляны барочны храм, збудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя, уяўляе з сябе выдатны ўзор народнага дойлідства, а інтэр’ер яго аздабляюць старыя абразы, якія таксама нясуць на сабе адзнаку беларускага народнага стылю і зазналі пэўны ўплыў заходнееўрапейскай традыцыі жывапісу.

Сёння маладыя прыхаджане ў Быхаве звяртаюць свае позіркі ў неба не толькі для малітваў. Настаяцель храма, пратаіярэй Мікалай Паўловіч, праводзіць пры ўваскроснай школе гурток авіямадэлявання — гэтае захапленне ён пранёс праз усё жыццё, але не пакінуў яго і пасля атрымання сану. Ягоныя выхаванцы ўдзельнічаюць у спаборніцтвах авіямадэлістаў, але перадусім — вучацца цярпенню і вытрымцы пры стварэнні мадэляў самалётаў і планераў.

Што ж — шлях да неба ў кожнага свой, хоць часам і не зусім звычайны, а нашая вандроўка па роднай зямлі гэтым разам падышла да фіналу. Пажадаем добрага лёсу і людзям, сустрэтым намі ў гэтай дарозе, і помнікам, побач з якімі ім суджана жыць, ствараць і аберагаць нашу агульную спадчыну.

Фота аўтара