За дзень да пачатку іспытаў

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

31 ліпеня ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў апошні дзень прыёму заяў абітурыентаў. Сёння, 1 жніўня, распачынаюцца ўступныя іспыты. Былі часы, калі чальцы Прыёмнай камісіі, паглядзеўшы работы, якія прадставіў малады чалавек, што настроіўся мець творчую спецыяльнасць, маглі параіць яму не марнаваць час, бо мастацтва не ягонае пакліканне. А калі і без ўсялякіх каментараў адбывалася — проста не прымалі дакументы з прычыны відавочнай адсутнасці ў абітурыента навыкаў, неабходных для паспяховай здачы ўступных іспытаў. Так бы мовіць, адмаўлялі неперспектыўнаму/неканкурэнтаздольнаму на першай жа стадыі, каб не мець з ім клопату надалей. Сёння ўсё інакш.

/i/content/pi/cult/809/17346/6.jpgСёння заявы прымаюць за рэдкім выключэннем ад ўсіх. А чальцы Прыёмнай камісіі — гэта найперш кансультанты, што дапамагаюць абітурыенту вызначацца, на якія факультэт і кафедру яму лепей паступаць, беручы да ўвагі ягоныя здольнасці ды схільнасці.

На сайце акадэміі ёсць звесткі пра тое, якія прафесіі былі ў абітурыентаў найбольш запатрабаванымі, і, адпаведна, на якіх кафедрах быў самы wвысокі прахадны бал у ранейшыя часы. Пазалетась “прызавыя месцы”, як сказалі бы спартоўцы, размеркаваліся наступным чынам. На першым месцы “Дызайн (віртуальнае асяроддзе)” — 320,6 бала, на другім “Рэжысура кіно і тэлебачання (анімацыя)” - 320, на трэцім “Рэжысура кіно і тэлебачання (тэлебачанне)” - 314,3. Варта ўдакладніць, што дызайнеры віртуальнага асяроддзя актыўна скарыстоўваюць анімацыю і іншыя выразныя сродкі з арсеналу тэлебачання, і менавіта на тэлебачанні запатрабаваны іхнія веды і навыкі. Так што ў прыярытэце пазалетась было мастацтва, якое называюць экранным.

/i/content/pi/cult/809/17346/7.jpgА вось ў мінулым годзе ківач абітурыенцкай цікавасці качнуўся ў бок Мастацкага факультэта. На першым месце “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” з прахадным балам 329,33, на другім - “Графіка” (322,66), на трэцім — “Графічны дызайн” (321,66). Мастакі, што вучыліся яшчэ за савецкім часам, калі-нікалі называюць сваіх маладзейшых калег занадта прагматычнымі. Менавіта гэтым, на іх думку, тлумачыцца непапулярнасць уласна мастацкіх прафесій сярод жадаючых вучыцца ў БДАМ. Маўляў, дызайнер працу і грошы заўжды знойдзе, а вось прадстаўнікі класічнай трыяды “жывапіс-графіка-скульптура” у перыяд першапачатковага назапашвання капіталу грамадою, ва ўмовах няўцямнага менеджменту ў культурнай прасторы рызыкуюць застацца без працы і даходаў.

Так што рост цікавасці моладзі да мастацтва выяўленчага — добры знак. Можа нешта і змяняецца ў лепшы бок… Зрэшты, рашайце самі, паглядзеўшы на расклад, які маем за дзень да таго, як спыніўся прыём заяў. “Акцёрскае майстэрства”: запланавана прыняць (на бюджэт і на платнай аснове) 15 чалавек, заяў пададзена 63. “Рэжысура тэатра” - адпаведна 8 і 9. “Мастацтвазнаўства” - 6 і 6, “Кінатэлеаператарства” — 10 і 19. “Рэжысура кіно і тэлебачання (тэлебачанне)” - 10 і 18. “Рэжысура кіно і тэлебачання (гукарэжысура)” - 10 і 13. “Жывапіс (станковы)” - 6 і 12. “Графіка” - 7 і 8 “Скульптура” - 6 і 7. “Манументальна -дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” -7 і 5. “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя)” - 7 і 5. “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з тэкстылю)” — 6 і 5. “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з керамікі)” - 6 і 3. “Дызайн (аб’ёмны - сродкі вытворчасці і транспарт)” — 11 і 7. “Дызайн (аб’ёмны - мэбля)” - 6 і 4. “Дызайн (графічны)” - 12 і 15. “Дызайн (віртуальнае асяроддзе)” -8 і 9.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"