“Тарцюф” ды іншыя

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Тэатры краіны вяртаюцца да “жывых” паказаў і прэм’ер. Некаторыя калектывы завяршаюць сезон, іншыя — наадварот, яго пачалі. Але аднолькава шануецца як класіка, так і сучасная драматургія, удала спалучаюцца традыцыйныя формы з пляцоўкамі open-air.

/i/content/pi/cult/809/17345/4.jpgНацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўчора завяршыў юбілейны 100-ы сезон адразу двума спектаклямі: “Зямля Эльзы” прайшла на стацыянары, а неўміручая “Паўлінка” набыла новыя фарбы, перанесеная ў… Лідскі замак. Што ні кажыце, а Ліда сёлета — Культурная сталіца Беларусі. Новы сезон пачнецца вельмі хутка — роўна праз тры тыдні, прычым стартам абрана перанесеная прэм’ера En souvenir de Шагал.

Магілёўскі драмтэатр, дзе новы сезон, можна сказаць, у разгары, аб’явіў пра дадатковыя паказы свайго новага спектакля “Прыйшоў мужчына да жанчыны”. А гэта — сведчанне таго, наколькі актыўна пайшла публіка на гэтую прэм’еру.

6 і 7 жніўня ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры — прэм’ера на завяршэнне 28-га сезона: чэхаўскі “Дзядзька Ваня” ў пастаноўцы Віталя Краўчанкі, з якім тэатр супрацоўнічае вельмі плённа. Гэтыя “сцэны з вясковага жыцця” павінны стаць трагікамедыяй, бо, на думку рэжысёра, героі “смешныя і недарэчныя ў сваім трагізме”.

/i/content/pi/cult/809/17345/5.jpgСталічны Сучасны мастацкі тэатр, днямі адкрыўшы сезон, пазаўчора ўзбагаціў яго доўгачаканай прэм’ерай — “Тарцюff” Мальера (менавіта ў такім напісанні), памножаны на фантазіі ўладальнікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі Ігара Казакова, які выступіў рэжысёрам, і Юрыя Дзівакова ў якасці мастака-сцэнографа (мастак па касцюмах — Вольга Дваравая). Пастаноўшчыкі акрэслілі жанр “чорнай камедыяй” і абыйшліся без хэпі-энда, уласцівага эстэтыцы эпохі Асветніцтва. А чорна-белую палітру агульнай “карцінкі” крыху развялі ружовымі паветранымі шарыкамі, некаторыя з якіх надзімаюцца наўпрост на сцэне. Інтрыгуе? Чарговы паказ — у аўторак.

Інтрыгуе яшчэ і тое, што гэты тэатр зноў пачаў актыўна звяртацца да творчага эксперыменту і развіваць разнастайныя сумесныя праекты. Да прыкладу, сумесь лекцыі на тэму жывапісу з… тэатральным дадаткам. І ўсё гэта — на адкрытым паветры, на ўлонні прыроды, пад шамаценне лістоты і водар кветак, ды яшчэ з правакацыйным паваротам тэмы, як менавіта “спажываць” мастацтва (хочаш ці не, адразу ўзнікаюць асацыяцыі з лекамі) і навошта ўвогуле гэта рабіць. Дарэчы, падобныя імпрэзы, пры ўсёй сур’ёзнасці тэмы шчодра расквечаныя гумарам, — даволі перспектыўны напрамак, тэатральны складнік якога можна і трэба пашыраць. Чаму б не дадаваць, да прыкладу, тэатралізаванае абмеркаванне з інтэрактывам? Бо тут маглі б быць і “разыграныя” моманты дыскусіі, і непасрэднае жывое ўключэнне публікі. Бо тэатр сёння — з’ява максімальна шырокая, усеагульная, папраўдзе адкрытая для ўсіх і кожнага.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"