Мой “...затрыманы бусел” з Браслаўскіх азёр

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

(Гісторыя адной песні ў маналогу артыста. Мы яе не толькі чуем, але і... бачым)
Для мяне заўсёднай таямніцай была спроба расшыфроўкі працэса нараджэння аўтарскай песні. Ці гэта прысвячэнне “з нагоды...”, або яна, тая песня, узнікае вось так - “сходу, злёту”, як кажуць, у варыянце экспрэсіўна-імпрэсіяністычнага накіду? Як палётны жывапіс французскіх мастакоў або празрысты экзерсіс-імправізацыя ў харэаграфічным малюнку сучаснага танца. А мо творца сядзіць над нотным радком, літаральна выціскаючы з сябе акорд і спрабуючы “поверить алгебру гармонией”?

/i/content/pi/cult/808/17343/027.jpgПаслухаўшы аднойчы ў інтэрнэце музычнае прысвячэнне куточку беларускай зямлі, якое візуалізавалася ў кліпе яшчэ і праз эпічны відэакантэнт, вырашыла дазнацца: дзе ж творца злавіў той момант натхнення, які так прыгожа ўвасобіўся ў песні пад назвай “Слабодка”? Ці ёсць у яе свая story? Маю цікаўнасць да таінства стварэння таго музычнага твора наталіў вядомы музыкант — член Саюза музычных дзеячаў Беларусі, кампазітар, віртуозны, проста філігранны майстар ігры на гітары ў стылі фламенка-ф’южн, ён жа аўтар музыкі і паэтычных радкоў да сваіх песень ды рамансаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дыпламант спецыяльнага фонда Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксей СКРЫПНІК.

/i/content/pi/cult/808/17343/028.jpg— Як нараджаецца песня? Што натхняе? Ну-у, гэта ў кожнага аўтара па-свойму. Бывае, што натхняе на напісанне твора і маленькі мурашык, які ўпарта цягне травінку, пераадольваючы ўсе зямныя перашкоды на сваім шляху. А бывае - і канкрэтная жыццёвая гісторыя, як у мяне з гэтай песняй... Ёсць мясціны, якія становяцца тваёй любоўю назаўжды. Сіла іх прыцягнення такая вялікая, такая магутная, бы планетарны магніт, і параўнаць тую моц можна хіба менавіта з ім. Для мяне прынамсі — гэта Слабодка, старажытнае мястэчка, вёсачка, якая цяпер мае статус аграгарадка, на Браслаўшчыне. Калісьці гэтае мястэчка, дарэчы, мела Магдэбургскае права ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Маляўнічы, нават унікальны па гістарычных і прыродна-ландшафтных параметрах куток Беларусі, які ўваходзіць у склад Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, даўно ўпадабалі нашы творцы. Прынамсі ў Слабодцы — дзесьці з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя і па сёння — традыцыйна праходзяць практыку студэнты мастацкага факультэта БДАМ. Пакінула свой след Слабодка на палотнах народных мастакоў Беларусі Анатоля Бараноўскага і Георгія Паплаўскага. Да слова, пазнаёміўся я з гэтым краем таксама дзякуючы аднаму мастаку-жывапісцу, выкладчыку Акадэміі, і вось ужо дваццаць гадоў запар прыязджаю сюды ў вольны ад гастрольнага графіка час. Наша сям’я набыла тут, літаральна ў двух кроках ад возера, невялікі, як мы яго называем — “рыбацкі дамок”, дзе і сустракаем летнія досвіткі ды праважаем на беразе сонейка з вудамі. Непаўторны час! Рэлакс!

Так што “кухня” напісання “Слабодкі” непасрэдна ў ёй самой — звышнатуральная.

А было гэта так. Неяк пайшоў я на гару Мілосці, так мясцовы люд яе называе з незапамятных часоў, прытуліўся да магутнага дрэва, а наўкол... дух захоплівае! Сосны, велізарны мажжавелавы лес у атачэнні казачных азёраў  - Недрава і Поцеха - водар красак і птушыны посвіст, а яшчэ на вадзяных няспешных хвалях - спрэс белыя лілеі-гарлачыкі. Панарама з самай высокай кропкі гары — ну проста фантастычная! Як нейкі касмічны карабель перад вачамі паўстаюць высачэзныя белыя вежы касцёла Сэрца Ісуса, знакамітага храма сярод айчынных помнікаў архітэктуры старажытнага “канфесійнага дойлідства”. Пабудавалі яго магнаты Святаполк-Мірскія, род якіх валодаў ў свой час і Мірскім замкам. Дарэчы, у храме ёсць дзеючы старадаўні арган, на якім мне мясцовы ксёндз дазволіў сыграць адзін з маіх фартэпіянных опусаў.

Але і сапраўды неспавядальныя шляхі Гасподні! Гэта я пра сваю канцэртную гітару. Яна ж у мяне народжана на Браслаўшчыне. Мой любімы эксклюзіўны масцеравы інструмент з унікальным танчэйшым грыфам, што вялікая рэдкасць, я замаўляў у Пятра Васільевіча Чайкова. Удакладню: вядомы майстар-рэстаўратар музычных інструментаў — родам таксама з Браслаўшчыны. Гучанне гэтай гітары, дарэчы, нагадвае гукі арфы і нават тэмбральнасць аргана. Мабыць, і дзіўнага ў тым нічога няма. Аказваецца, майстар вырабіў яе са стогадовага клёну, які калісьці рос каля падмуркаў аднаго з тутэйшых касцёлаў, а потым яго спілавалі. Відаць, перадалася таму дрэву аўра малітваў людзей, напітала яго карані і крону блаславеннем, а пасля ўсё нібы перайшло і на маю гітару: яе голас, так бы мовіць, быццам ахутвае слых аксамітным гукам, падобным да храмавых званоў. З гэтым інструментам, да слова, я гастраляваў у Англіі, Германіі, Польшчы. Іграў на ім на прыступках музея "Бітлз" у Ліверпулі, на зямлі Паўночны Уэльс...

Пасля перадгісторыі, якую вам распавёў, вярнуся да “Слабодкі”. Спачатку напісаліся вершаваныя радкі: ”Як сэрцам я чую, да сэрца звяртаю,// Я срэбра азёраў табе прысвячаю.//Слабодка, Слабодка, зямля Беларусі,// Слабодка, Слабодка — затрыманы бусел...” Так, тут — словы, тут усё зразумела: мае эмоцыі, спавядальнасць таго моманту, імпрэсьён-карцінка перад вачамі і ў думках. Ну а музыка... мелодыя песні... Ды хіба трэба пераказваць словамі таінства іх нараджэння, пэўную формулу вынаходзіць? Вы ўжо прабачце, але магу зараз толькі метафарычна выказацца пра тое, што песня - і гэта пацверджана не на адным маім аўтарскім канцэрце — падабаецца слухачу, жыве: значыць, так удала сышліся зоркі над блакітнымі Браслаўскімі азёрамі, калі яе пісаў.

Гэты край — раскоша па ўсіх закладзеных у яго Сусветам складніках. Яго жыццядайная прырода і ветлівыя, карэктныя, вельмі добрыя, шчырыя людзі таму ёсць сведчаннем. Ім, насельнікам азёрнага краю, я прысвяціў і “Слабодку”, ды і ўвогуле ўвесь цыкл беларускамоўных песень пад агульнай назвай “Браслаўшчына”. Не магу не прыгадаць, што адзін з твораў браслаўскага цыкла праспяваў на маім аўтарскм канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі заслужаны артыст краіны Анатоль Кашапараў, які ў той час прыязджаў з Амерыкі сюды на гастролі. А потым Анатоль наведаў з сябрамі і Слабодку, прынамсі ў якасці турыста...

А мястэчка гэтае абрамляе ажно шэсць азёраў! Ды якія ў іх незвычайныя назвы: акрамя Поцеха і Недрава (іх я ўжо згадваў) ёсць Вера, Ільмёнак, Варадунец і Божае вока. Ну і як тут не ўзяцца за кінакамеру, не спыніць імгненне на “лічбе”? Вядома, узяўся. Вось так і нарадзіўся мой гэты відэакліп, пра які вы распытвалі.

І апошняе. У галоўным касцёле Браслава захоўваецца цудадзейная ікона Божай Маці Азёрнай. Некалькі гадоў таму адбылася ўрачыстая яе каранацыя. Я быў на гэтым неверагодным свяце. Менавіта пасля яго дапісаў для песні “Слабодка” апошнія радкі-рэчытатыў: “Маці наша, Прасвятая Багародзіца, вядзі нас...”

Міла Слаўская

Фота Аляксея Скрыпніка