Бачыць арыенцір: не “раскручанасць”, а “талентаўкладанне”

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

У цэнтры “Славянскага базару ў Віцебску” была і будзе конкурсная інтрыга. Гэты запавет нашага папраўдзе буйнога міжнароднага форуму мастацтваў сёлета набыў асаблівую значнасць: два апошнія фестывальныя дні з агульных чатырох аказаліся амаль цалкам конкурснымі, дый гала-канцэрт закрыцця напалову складаўся з фінальных конкурсных выступленняў.

/i/content/pi/cult/808/17340/020.jpgНе буду загадваць, ці прыжывецца такая практыка, калі абедзве конкурсныя песні гучаць у адзін день. З аднаго боку, сціснутыя тэрміны зніжаюць каштарыс. Да таго ж, дэманструюць неабходную для прафесійных спевакоў галасавую вытрымку, уменне размеркаваць свае сілы. З іншага ж пункту гледжання, гэта патрабуе дадатковых намаганняў і ад арганізатараў, каб усё працавала, як гадзіннік, і ад удзельнікаў. Дадам, што падобныя аднадзённыя варыянты даўно прыняты на некаторых конкурсах — і ўсё нармальна.

Але ж па сёлетніх віцебскіх канкурсантах было заўважна, што для многіх такі расклад аказаўся складаным. На другой песні некаторыя з іх папросту сіпелі-хрыпелі, асабліва дзеці. Можа, сказалася яшчэ і недастатковая падрыхтоўка, звязаная з пандэміяй? Ці справа ў чымсьці іншым?

Неяк стала традыцыяй штогод адзначаць не толькі высокі ўзровень кожнага чарговага творчага спаборніцтва, але і тое, што ён узрастае ў параўнанні з мінулымі гадамі. Ну проста нейкая амаль абавязковая дэталь! Але гэта не так. Таму што пярэчыць самім законам гістарычнага развіцця мастацтва. Так, у савецкія гады было прынята прытрымлівацца лінейнага падыходу: маўляў, усё вышэй, вышэй ды вышэй. А конкурс — заўжды крыху латарэя. І не толькі з-за таго, хто які “квіток” выцягне. А яшчэ і з-за таго, хто на гэты раз збярэцца.

Будзем сумленнымі: сёлетні ўзровень абодвух конкурсаў быў не такім высокім, як у некаторыя мінулыя гады. І таму ёсць цалкам аб’ектыўныя прычыны — найперш складанасць сітуацыі, калі хтосьці не сумеў даехаць, а хтосьці вырашыў не рызыкаваць. Дый увогуле — год на год не прыпадае. Усё, як у прыродзе: адзін сезон можа быць надзвычай ураджайным, наступны — не. Не трэба ўспрымаць гэта сусветнай трагедыяй!

/i/content/pi/cult/808/17340/021.jpgІ ў дзіцячым, і асабліва ў дарослым конкурсах сёлета аказалася па некалькі выпадковых удзельнікаў, як называюць тых, хто не зусім адпавядае менавіта гэтаму спаборніцтву з яго пэўнымі традыцыямі і негалоснымі патрабаваннямі. Да таго ж, у дзяцей змяніўся ўзроставы цэнз: ён падрос на адзін год, стаў не ад 7-мі да 13-ці, а ад 8-мі да 14-ці гадоў. Можа, гэта таксама прыцягнута некаторыя больш “дарослыя” праблемы? На 12 дзяўчынак прыпадала ўсяго чацвёра хлопцаў. Больш стала павольных дарослых песень: некаторыя ўдзельнікі спявалі іх у абодвух турах. Што ні дзяўчо — сукенка ў падлогу, манікюр з во-о-ось такімі кіпцюрамі: свецкая дама, дый годзе! На такім фоне добра вылучалася наша Ангеліна Ламака, якая, нагадаем, атрымала Гран-пры: яна заставалася дзяўчынкай-падлеткам. Дый вынікі дзіцячага конкурсу аказаліся дастаткова адэкватнымі.

Па-за канкурэнцыяй быў 14-гадовы Крыступас Кэруліс з Літвы (першая прэмія) — вельмі стыльны джазавы спявак і выдатны музыкант: у канцы другой песні сеў за ўдарную ўстаноўку і выдаў такую повязь выкшталцоных рытмаформул, прычым разам з вакалам, што можна было пазайздросціць. Астатнія лаўрэаты — пераважна з вельмі добрымі вакальнымі дадзенымі, але юным артыстам не хапала стабільнасці: адна з песень была выканана няўдала. Менавіта гэта падвяло Жасмін Тлеумбетаву з Казахстана (другая прэмія), Багдану-Б’янку Вістэрнічану з Малдовы, Настассю Мартынюк з Украіны, якія падзялілі трэцюю прэмію: усе яны маглі разлічваць на больш высокія ўзнагароды.

Некаторых, як гэта часта бывае, падводзіў рэпертуар. Тое тычылася і Рады (Канада), якая “зачапіла” толькі першай песняй, і Даніэля Шырманіса, якога, наадварот, было не пазнаць у другім туры: раптам з’явіліся і голас і артыстызм. Дык навошта было для першага туру даваць 12-гадоваму хлопцу песню Райманда Паулса “Цябе пакінуць не магу” — візітоўку Розы Рымбаевай, больш вядомую з назвай “Каханне настала”? Кранальным быў рускі раманс пачатку ХХ стагоддзя “Галіна бэзу”, выкананы 8-гадовым Уладзімірам Сярковым (другая прэмія) як спасылка да сталінскіх 1930-х. Хлопчык, сціскаючы ў руцэ пашарпаны чамадан, добра зрабіў усё, што ўклалі ў яго дарослыя. Але ў чым яго ўласная індывідуальнасць, было незразумела — тым больш, што другая кампазіцыя, Сціві Уандэра, аказалася для яго непад’ёмнай.

Так што галоўная конкурсная праблема — разнастайнага па характару рэпертуару, адпаведнага ўзросту і магчымасцям выканаўцаў — для многіх застаецца на парадку дня.

Сустракаліся расчараванні і ў дарослым конкурсе. Асабліва няўдалымі былі звароты да вядомых мелодый, якія хацелася пачуць у папраўдзе новым прачытанні, а не “сапсаваным” старым. Але папраўдзе арыгінальных версій не аказалася. Можа, усе так спужаліся, што іх могуць не зразумець? А такое раней здаралася. Ці папросту ідэй неставала? Астатнія хібы заставаліся ранейшымі: нестабільнасць выканання, пераход на крык (дарэчы, у тэлеверсіі, якую я глядзела, аркестр часам не падтрымліваў, а засланяў вакал моцнай меддзю), нястача цікавых галасоў і яркіх індывідуальнасцей. У некаторых выпадках да ўсяго гэтага далучалася і недавучанасць, асабліва відавочная ў параўнанні з шэрагам ранейшых віцебскіх конкурсаў, дзе збіраліся скрозь прафесіяналы, прычым ужо добра спрактыкаваныя.

Шчыра кажучы, абсалютнага Гран-пры сёлета не было. Пра гэта сведчылі і атрыманыя канкурсантамі балы. І наш Раман Волазнеў, уганараваны Гран-пры, і ўкраінка Эліна Івашчанка (першая прэмія) набралі аднолькавую колькасць — 134 са 140 магчымых, таму ўсё вырашыў дадатковы голас старшыні журы Алега Газманава. А ўзровень Гран-пры, пагадзіцеся, — гэта штосьці не проста лепшае, а значна вышэйшае за астатняе, хаця думка пра гэта і знікла з конкурсных умоў.

Лаўрэатамі сталі таксама Караліна Лында з Літвы (другая прэмія), Хансултан з Казахстана і Івона Адзіцкі (Боснія і Герцагавіна), якія падзялілі трэцюю прэмію. Увогуле, “мужчынская зборная” была на гэтым конкурсе куды мацнейшай за дзявочую. І згаданы Хансултан, і Аруцюн Хачатран з Арменіі (116 балаў) павінны былі б атрымаць больш высокія адзнакі — дарэчы, як і Славея Іванова з Балгарыі (усяго 107).

Ды ўсё ж не стамляюся паўтараць, што галоўнае для кожнага канкурсанта і асабліва для пераможцаў — працяглы пасляконкурсны перыяд творчасці. На жаль, у многіх ён становіцца супрацьлеглым: “раскручанасці”, што вядзе да славы, — больш, а вось “талентаўкладання” — меней. Гэта было заўважна па ранейшых лаўрэатах, запрошаных на цяперашні фэст. Хтосьці спяваў усё тую ж сваю конкурсную кампазіцыю, добра развучаную з выкладчыкамі дзесяцігоддзе, а то і болей, таму. Хтосьці — кінуў тыя вакальныя “выбрыкі” і перайшоў на запатрабаваную ў народзе і куды больш простую поп-стылістыку ці ўвогуле шансон. Некаторыя ранейшыя пераможцы, выступі яны цяпер у рамках конкурсу, а не гасцявой праграмы зорак, не дабіліся б там поспеху.

А вось Ксенія Галецкая — уладальніца Гран-пры дзіцячага конкурсу летась, сёлета стала б яшчэ больш пераканаўчай пераможцай, пакінуўшы ззаду ўсіх астатніх. Дый Ціна Караль — прадстаўніца Украіны на “Еўрабачанні-2006”, мяркуючы па яе выступленні на “Славянскім базары ў Віцебску-2020”, клапоціцца пра падвышэнне прафесійнай планкі і ставіць перад сабой усё больш складаныя мастацкія задачы. На такое стаўленне да прафесіі і трэба арыентавацца.

Фота Сяргея Серабро

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"