У пошуках свайго стылю

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Агляд рамесніцтва Гродзенскага раёна
Развіццё і жыццё любога народа нельга ўявіць без яго традыцыйнай культуры, якая ўключае ў сябе, апрача вуснай народнай творчасці, таксама агульны ўклад і ўмовы штодзённага існавання, сукупнасць спосабаў і форм задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб народа. Побыт мае свае адметнасці, характэрныя рысы, уласцівасці літаральна ў кожнай мясцовасці, не з’яўляецца нечым застылым, а пастаянна мяняецца, папаўняецца новым зместам. І вельмі важна захаваць тое, чым жылі нашы дзяды, прадзеды, каб яно не згінула ў вяках, а прымушала і сёння задумацца аб каранях роду ды вытоках сённяшняга дня.

/i/content/pi/cult/808/17339/019.jpgШмат відаў матэрыяльнай народнай творчасці захавалася ў Гродзенскім раёне. Гэта саломапляценне, аплікацыя саломкай, разьба па дрэве, кераміка, вязанне і вышыўка, аднак адсутнічаюць майстры па вырабе народнага адзення. Развіваюцца гурткі па накірунках, якія практычна не бытавалі ў раёне або былі амаль забытыя. Маю на ўвазе ручное пляценне паясоў, выраб выцінанак, ткацтва габеленаў, бісерапляценне.

Працяг будзе!

Сёння ў аддзеле этнаграфіі, фальклора і рамёстваў працуе 12 клубных фарміраванняў — чатыры аматарскія аб’яднанні і восем дзіцячых гурткоў па пералічаных кірунках творчасці, дзе займаюцца і набываюць практычныя навыкі майстэрства дэкаратыўна-прыкладной творчасці звыш 150 чалавек.

Цікавасць да рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў многім залежыць ад папулярызатарскай работы, удзелу народных майстроў і іх вучняў у выставах, кірмашах, святах і фестывалях. Гурткі па навучанні традыцыйным відам прыкладной творчасці аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў праводзяць даследчую работу па выяўленні майстроў і вывучэнні традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Арыгінальныя вырабы па саломапляценні сталі своеасаблівай візітоўкай Гродзенскага раёна і дэманстраваліся на шматлікіх мерапрыемствах: рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства» (Слонім), абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» (Смаргонь), абласным свяце «Велiкодны кiрмаш» (Гродна), фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» (Свіслач), абласным кірмашы рамеснікаў «Казюкi» (Гродна) і іншых раённых і гарадскіх мерапрыемствах, у тым ліку і на Аўгустоўскім канале.

“Беларускае золата”

Валянціна Краўчук і Ірына Шавельская з’яўляюцца заснавальнікамі адраджэння і развіцця саломапляцення ў Гродзенскім раёне. З-пад іх рук нараджаецца сапраўдны цуд. Нездарма салому ў нас называюць “беларускім золатам”.

Цудоўнай прыгажосці птушкі, грывасты конь, сімвалы Беларусі – зубр і бусел, ганарыстыя прыгажуні — лялькі, цэлыя кампазіцыі з народнага жыцця – усё гэта створана са звычайнай саломы. Яна ўпрыгожвае экспазіцыі выстаў і музейных пакояў ва ўстановах культуры Гродзенскага раёна: музей «Лялька ў карагодзе жыцця» ў Індурскім цэнтры культуры, музей «Мелодыя ручніка» ў сектары музейна-выставачнай дзейнасці вёскі Зарачанка Сапоцкінскага культурна- турыстычнага цэнтра, экспазіцыю велікодных вербаў і музеі пісанкі ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры, салон-майстэрню рамесніка ў вёсцы Каробчыцы.

Сувенірная лінейка

Мастацкія вырабы з саломкі: капелюшы, мужчынскія і жаночыя шляпы, какошнікі, картузы, квятастыя вянкі сталі ўпрыгожваннем і дапаўненнем да традыцыйных беларускіх касцюмаў народнага тэатра “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклора, народнага фальклорнага гурта “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, вакальнага гурта “Забава” Індурскага цэнтра культуры, Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца “Ніва” Верцялішкаўскага цэнтра культуры ды іншых.

Папулярнасцю сярод замежных турыстаў карыстаюцца саламяныя велікодныя кошыкі з кветкамі, шкатулкі, карціны, пано, інкруставаныя саломкай. Гэтыя рэчы — зручныя ў карыстанні, удала ўпісваюцца ў сучасны інтэр’ер, надаюць яму цеплыню і прыгажосць.

Асобная гаворка пра вырабы рытуальных жывёл, лялек… Саламяныя “павукі”, коні, птушкі – гэта не проста вобразы. Кожны з іх знітаваны з чалавекам, які стварыў яго, сутыкнуўся з ім, перажыў свае нягоды і радасці. Да прыкладу, у творчым багажы Ірыны Шавельскай ёсць цэлыя серыі работ, якія былі спецыяльна зроблены да абрадавых свят — Вялікдня, Каляд, Купалля.

Натхніла архітэктура

Першую калекцыю новай арыгінальнай серыі сувенірнай прадукцыі “Дакрануцца да гісторыі» можна было пабачыць на свяце “Александрыя збірае сяброў”. Помнікі архітэктуры Гродзенскага раёна сталі аб’ектамі для творчасці майстроў і “зайгралі” у новых тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: у фотарамках размяшчаюцца мінікарціны з выявамі касцёлаў і цэркваў нашых мастакоў Уладзіміра Астапчыка, Уладзіміра Пакумейкі, Ларысы Касіцкай. Майстрыха з аграгарадка Адэльск Наталля Кавалькова робіць незвычайныя вышыўкі помнікаў, Таццяна Нікіцік, якая працуе ў салоне-майстэрні “У рамесніка” ў Каробчыцах, стварыла калекцыю помнікаў у тэхніцы выцінанкі.

Ганарацца нашы майстры і новай калекцыяй “Спадчына” — гэта яднанне сучаснасці з каранямі, практычных рэчаў з беларускімі этнічнымі сімваламі.

Сурвэткі пад сталовыя прыборы з узорамі “Сонца” і “Зямля”, што сімвалізуюць жыццё, цяпло, ураджай, вышываныя інтэр’ерныя падушкі ў шэрым колеры стануць цудоўным падарункам з вялікім сэнсам (майстар з Капцёўкі Марыя Ракевіч).

Ключ ад шчасця

Карыстаюцца вялікім попытам адноўлены і створаны ў Адэльску вясельны ручнік з сімваламі «ключа сямейнага шчасця» ад майстра Наталлі Кавальковай і камплект з пяці вясельных ручнікоў з аграгарадка Азеры — на каравай, на дзве іконы для сустрэчы маладых, для перавязвання рук маладым у царкве, і «пад ногі» маладым — ад майстра Галіны Граеўскай.

Дарэчы, серыя керамічных пано з сюжэтамі сялянскага быту, брамы, якая дагэтуль захавалася ў горадзе і стала яго сімвалам, серыя керамічных ляляк “Гаспадар” ды “Дажыначка”, а таксама льняныя вышываныя торбы з’явяцца да абласнога хлебаробскага свята “Дажынкі-2020”, якое пройдзе ў Скідзелі.

Новая плеяда

Вылучылася новая плеяда майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па вырабе лялек з розных матэрыялаў, у тым ліку ў нацыянальным адзенні і з саломы.

На мініяцюрных, драўляных, керамічных, вышытых помніках архітэктуры і на іншай сувенірнай прадукцыі з’явіліся спецыяльныя біркі з лагатыпам і слоганам аддзела культуры «Сіла традыцый – сіла творчасці» і аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў — «Сонца» у выглядзе ромба з прамянямі ў бакі, што сімвалізуе жыццё, багацце і дабрабыт.

Спецыялісты народных мастацкіх промыслаў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Валянціна Краўчук (майстар па вышыўцы, карункапляценні, вырабе абрадавых лялек, саломапляценні), Таццяна Урублеўская і Таццяна Сяргейчык (кераміка), Ірына Шавельская (саломапляценне), Уладзімір Астапчык і Уладзімір Пакумейка (выяўленчае мастацтва), Вольга Авакумава (ткацтва, пляценне паясоў), Ганна Талола (выраб габеленаў), Уладзімір Кемяжук (разьба па дрэве), Ірына Рынкевіч (выраб абрадавых, абярэгавых лялек) і іншыя — творча адораныя людзі, носьбіты народных традыцый перадаюць сакрэты рамёстваў дзецям і падлеткам, любоў і павагу да культурнай спадчыны свайго народа.

Наталля РАМАНОВІЧ,

вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклора Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра