І прыдумваць не трэба!

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Я зноў пра брэнды. Неаднаразова пісаў, што калі няма ў нашых мястэчках і вёсках міфаў, іх варта тэрмінова прыдумаць. Але ж і так бывае, што цікавая гісторыя ёсць, а вось для перараджэння яе ў сталы гучны брэнд патрэбны час. Да прыкладу, у Шчучыне той час гэтымі днямі і саспеў. Стала вядомым, што падчас Першай сусветнай вайны, з ліпеня па верасень 1916 года будучы прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне.

/i/content/pi/cult/808/17338/018.jpgНамеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна паведаміла, што 7 ліпеня абвешчаны адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка славутаму французскаму генералу. Таццяна Уладзіславаўна запэўніла, што помнік мяркуецца ўстанавіць на вуліцы Савецкай, якая знаходзіцца ля цэха адкрытага акцыянернага таварыства “Шчучынскі завод “Аўтаправод”, дзе калісьці і ўтрымліваліся французскія афіцэры. Месца гэтае дазваляе забяспечыць максімальную даступнасць для агляду помніка. Несумненна, што дадзены факт паспрыяе развіццю турыстычных стасункаў, прыцягненню аматараў гістарычных цікавостак, папулярызацыі мясцовай гісторыка-культурнай спадчыны. Па словах мясцовых уладаў, фінансавацца праект будзе з пазабюджэтных крыніц і за кошт спонсарскай дапамогі. Падводзім вынікі: няма патрэбы прыдумваць брэнды, варта толькі іх добра пашукаць. І галоўнае тут — на месцы не сядзець.

У мінулым аглядзе ішла гаворка пра народны касцюм Магілёўшчыны. Брэнд? Самы сапраўдны і пашанотны! Сёння тэму працягвае вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч. “На Купаллі ў Александрыі, — паведаміла яна, —нашы майстры народных мастацкіх промыслаў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў ды фальклорны калектыў “Жывіца”Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці прадставілі больш за сотню ўбранняў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Да дэфіле далучыліся госці з Расіі і Украіны. Наш раён быў прадстаўлены рэканструяваным паўсядзённым вясковым касцюмам для жанчыны пачатку XX стагоддзя.”Наталля Іосіфаўна — вельмі цікавы аўтар, бо грунтоўна і дасведчана піша пра цікавае. Нездарма ў гэтым нумары вы можаце пазнаёміцца з яшчэ адным яе артыкулам “У пошуках свайго стылю…” пра развіццё матэрыяльнай народнай творчасці ў Гродзенскім раёне. Але вернемся да жаночага касцюма. Аказваецца, ён шмат пра што можа распавесці. Колер спадніцы з адценнямі фіялетавага паказвае, што жанчына — родам з Панямоння. Якасць тканіны сведчыць, што яна — не даматканая, што з’яўляецца найпершым доказам таго, што прамысловасць у нашым рэгіёне хутка развівалася. Наяўнасць каптурка даводзіць, што жанчына была замужняй. Сарочка — перашытая з мужчынскай, бо мае адпаведную вышыўку. Можна меркаваць пра тое, што кабета згубіла мужа падчас Першай сусветнай. Пояс, сплецены “ў касу”, пераконвае ў беднасці жанчыны. Хто пасля гэтага абвергне той факт, што адзенне — адбітак нашага ладу жыцця? А ўсе гэтыя нюансы з касцюмам, як падаецца, цудоўны сюжэт для прыгодніцкага апавядання, дзе дэтэктывам — знаўца нацыянальнай вопраткі.

У Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі — сталы брэнд. І звязаны ён, вядома, з асобай Алаізы Пашкевіч, што нарадзілася ў гэтых мясцінах. Бібліятэкар Ганна Сцяпанчанка паведаміла: “З 6 па 12 ліпеня ў нас прайшлі Цёткінскія чытанні. А 12 ліпеня чытачы былі запрошаны на свята паэзіі “Мы падхапілі тваю песню!”, прымеркаванае да 144-годдзя з дня нараджэння паэткі”.

Плойма навін з Ашмяншчыны. Як вы думаеце, пра што? Правільна, пра брэнды. А імі могуць быць, натуральна, не толькі рэчы, падзеі, абрады ды святы, але і людзі.

90 гадоў споўнілася 10 ліпеня Марыі Аўсюкевіч — заслужанаму паляводу аграгарадка Жупраны. Безумоўна, дадзены шчаслівы факт стаў для мясцовых работнікаў культуры нагодай для яркай канцэртнай дзеі.

Песня — таксама брэнд. Днямі работнікі культуры аграгарадкоў Кракоўка і Жупраны скіраваліся ў вёскі Навашышкі, Петрулі, Дукойні, Баранцы, Замасцяны. Павезлі сябрам песні. Менавіта тыя, ад якіх на месцы не заседзішся, а плесака ўрэжаш. Ад іншых не адставала танчыць і рэжысёр клубнай установы з Кракоўкі Святлана Ганусевіч, пра што нам і напісала.

Да слова, такія творчыя сустрэчы, пераконваюць метадысты Ашмяншчыны, сталі ў раёне традыцыйнымі. Днямі народны гурт песні і танца “Крыніцы” даставіў музычныя падарункі ў Маствілішкі і Павяжы, Семернікі і Міхайлоўшчыну, Цудзенішкі, Каменны Лог і Баруны. Удзячныя вяскоўцы зазначылі, што песень шмат не бывае, і зноў запрасілі ансамбль у госці.

На свяце ў Каменным Логу ўсе віншавалі Мар’яну Рачко, якой споўнілася 102 гады. Ашмянская зямля, відаць, спрыяе доўгажыхарству!

Дзве апошнія на сёння навіны з аддзела метадычнай работы Ашмяншчыны — пра Купалле: у Барунах і Мураванай Ашмянцы. Без тэатралізацыі элементаў гэтага рамантычнага беларускага абраду і не ўявіць летні каляндар брэндавых мерапрыемстваў.

Наступная нізка лістоў — таксама пра Купалле.

Абрадавыя варожбы і карагоды ў Лідзе скончыліся дыскатэкай у Лідскім замку. Zamok Dance — таксама становіцца пазнавальным сучасным сімвалам старажытнага горада.

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры на Купаллі ў Александрыі годна прэзентаваў ткацтва і выцінанку. Майстар па ткацтве Валянціна Сільвановіч паказала адноўленыя белаарнаментныя ручнікі (элемент дадзенай тэхнікі ткацтва з 2018 года ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь). Адбылася і аўтарская выстава выцінанак метадыста Дар’і Юрчык.

Ёсць і антыбрэнды ў гэтым свеце. Адзін з іх — каранавірус, напружанне ад якога пакуль не спала. Таму дыстанцыйныя мерапрыемствы клубаў, бібліятэк ды музеяў — норма здаровага ладу жыцця.

Падведзены вынікі дыстанцыйнага фотаконкурса “Быць здаровым, жыць актыўна — гэта стыльна!” Пра падзею паведамляе метадыст культурна-масавага сектара палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсянікава: “Удзельнікам неабходна было падпісацца ў сацыяльных сетках і выкласці ў акаунтах фотаздымак з адлюстраваннем свайго актыўнага ладу жыцця. Першае месца атрымала школьніца з Бабруйска Настасся Назарава”.

Амфітэатр у Вялікай Бераставіцы — таксама райцэнтраўскі сімвал.Знаходзіцца ён у цэнтры гарадскога пасёлка, у скверы імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Дарэчы, раённы фестываль-конкурс калектываў аматарскай творчасці ўстаноў культуры Бераставіцкага раёна так і называецца “Амфітэатр запрашае”.

Яшчэ адна бераставіцкая культурная цікавостка — народны тэатр “Магія гульні” пад кіраўніцтвам Марыны Хаміні. Вось што піша пра гэты брэнд мясцовага значэння дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юлія Атрушкевіч: “Апошнім часам тэатр паказаў некалькі пастановак беларускага аўтара Сяргея Кавалёва. Адна з іх — “негістарычная драма” “Пан Твардоўскі” пра каханне Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага, караля польскага Жыгімонта II Аўгуста ды пра вядомага чарнакніжніка пана Твардоўскага”.

Дзятлаўшчына прэтэндуе на пэўныя прыярытэты анлайнавай дзейнасці ў маштабах Гродзеншчыны. І робіць гэта цалкам заслужана. Мяркуйце самі: установы культуры на відэахостынгу адкрылі канал “Культура Дзятлаўшчыны”. За тры месяцы на канале зафіксавана больш за 27 тысяч праглядаў. Тут выкладзена каля 370 відэа рознай тэматыкі. Статыстыка і сапраўды ўражвае. Апрача экскурсій, конкурсаў і канцэртаў тут можна ўбачыць і дыстанцыйныя абрады. Да прыкладу, Юр’е ў вёсцы Ахонава.

Пішыце пра цікавае. Любое цікавае прэтэндуе на брэндавы статус.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"