Маркотны лёс рупліўца са Слоніма

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

7 жніўня 2020 года 140-годдзе Гальяша Леўчыка
У 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі” ён названы толькі “беларускім пісьменнікам”. На самой справе сферу дзейнасці Гальяша Леўчыка варта акрэсліць куды шырэй. Ён быў таксама і беларусазнаўцам, публіцыстам, рэдактарам, перакладчыкам, музыкантам, іміджмейкерам… Прыгадваю, як знакаміты літаратуразнаўца Міхась Мушынскі падчас адной з нашых сустрэч так акрэсліў гэтую постаць: “Перш за ўсё ён быў палымяным барацьбітом за беларускую культуру”.

/i/content/pi/cult/808/17333/012.jpgБібліятэка з падлогі да столі

На вялікі жаль, жыццё і творчая спадчына Гальяша Леўчыка даследаваная крайне недастаткова. Даведнік “Беларускія пісьменнікі (1917 —1990)” (Мн., 1994) прысвяціў яму аж… 17 радкоў. Спрэчкі аб дні яго нараджэння працягваюцца да сённяшняга дня. Даследчыкі называюць і 20, і 27, і 29 ліпеня, і нават 7 снежня 1880 года.

Насамрэч жыццёвы шлях Ільі Ляўковіча пачаўся 7 жніўня 1880 года ў старажытным Слоніме ў сям’і вядомага там каваля Міхася Ляўковіча. Пасля сканчэння мясцовага павятовага вучылішча 16-гадовы падлетак працаваў пісарчуком у каморніка, служыў у канцылярыях з’езду.У яго з маленства выявіліся здольнасці да мастацтва — маляваць, іграць на скрыпцы і гітары, спяваць. На свае тэксты Гальяш Леўчык пісаў музыку — зберагліся ноты яго песні “Мне трэба ўмярці…”.

Аднак трэба было парупіцца пра кар’еру. На курсах у родным Слоніме ён набыў прафесію чарцёжніка і ў 1904 годзе выехаў у Варшаву, дзе да пачатку Першай сусветнай вайны працаваў у магістраце. Там у 1907 годзе ён пачаў супрацоўнічаць з газетай “Наша ніва”, і менавіта тады з’явіўся яго псеўданім “Гальяш Леўчык”. Даволі часта са свайго сціплага бюджэту ён выкройваў сродкі на розныя культурныя і выдавецкія мерапрыемствы, быў актыўным збіральнікам матэрыялаў для Беларускага музея ў Вільні, не сквапіўся на рарытэты і для сваёй кніжніцы.

Потым, ужо ў пачатку 1920-х гадоў, ён сам спрабаваў перабрацца ў Вільню, але не ўладкаваўшыся на службу, быў змушаны вярнуцца ў Варшаву. Ды і там яму часам даводзілася быць беспрацоўным.

Тым не менш, Леўчыка называлі “ўнікальным бібліяфілам”. Ён калекцыянаваў усе публікацыі пра Беларусь. Але, зразумела, асаблівую ўвагу надаваў гістарычным дакументам, датычных роднай Слонімшчыны.

У Слонім Леўчык прыязджаў амаль кожнае лета.Там на бацькавым пляцы пабудаваў для сябе невялікі дамок, куды не раз наведваліся беларускія культурныя і грамадскія дзеячы. Пісьменніца Зоська Верас потым згадвала:“У хаце быў сапраўдны музей. Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сцяна была адбудаваная даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі… Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі “Нашай нівы” ад самага яе пачатку, “Гоман”, некалькі нумараў “Мужыцкай праўды”… Усе паліцы ўпрыгожаны партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі... Шмат з таго было купленым, але шмат і падаравана аўтарамі ды знаёмымі…З прычыны адсутнасці месца, іншыя рэчы нацыянальнага значэння былі напрычэпліваны і прымацованыя да столі. Тое, што не змяшчалася на сценах, займала сабою падлогу, пакідаючы гэтулькі яшчэ месца, каб змясцілася ложка з маленькім столікам і сякі-такі праход для аднаго чалавека”.

Як сведчаць розныя крыніцы, на радзіме Гальяшу Леўчыку добра адпачывалася, добра думалася, плённа пісалася. Ён збіраў і апрацоўваў фальклор, узоры народнай керамікі, у ахвоту музіцыраваў і маляваў. А ў дадатак — перакладаў на беларускую з літоўскай, польскай, рускай, украінскай, кітайскай, індыйскай, арабскай і іншых моў.

Але беларусам Леўчык заставаўся і ў польскай сталіцы. У Варшаве ён збіраў сродкі на пасмяротнае выданне твораў Сяргея Палуяна — менавіта яму была прысвечаная песня “Мне трэба ўмярці”, якую Гальяш так любіў спяваць. Аказваў таварыскія паслугі тым беларусам, што апынуліся ў Польшчы. Падтрымліваў асабістыя сувязі з Янкам Купалам і Якубам Коласам — яны аказалі на яго творчасць непасрэдны ўплыў. Шукаў платную рэкламу для “Беларускага календара”, выкупляў і выменьваў у збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданні. Спрыяў дзейнасці Беларускага студэнцкага зямляцтва, а ў 1912 —1914 гадах быў членам варшаўскага беларускага гуртка. Пазней Зоська Верас пісала, што менавіта ён больш за ўсіх пра гэтую суполку клапаціўся.

У 1927 годзе Леўчык выдаваў у Варшаве штомесячнікі “Дух” і “Праўда” (дадатак да выдання РielgrzymPolski). Ад радашковіцкай філіі Таварыства беларускай школы ўдзельнічаў ў акцыі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы. Прыкладаў намаганні, каб адкрыць у Вільні беларускае выдавецтва «Кніжніца”.

Увосень 1939 года Гальяша Леўчыка наведалі ў Слоніме Янка Купала і Міхась Лынькоў. У сваёй прамове ў грамадскім клубе пісьменнік шчыра вітаў ўз’яднанне Беларусі.

Алегарычнае ўвасабленне крыўды

У гісторыю беларускай культуры ў цэлым і ў гісторыю беларускай літаратуры ў прыватнасці ён увайшоў перш за ўсё як таленавіты паэт, празаік, як арыгінальны дзіцячы пісьменнік. Варта адзначыць, што ўжо пры жыцці яго творы былі ўключаныя ў “Хрэстаматыю беларускай літаратуры” Ігната Дварчаніна (1927).

Першыя вершы Гальяш надрукаваў у 1908 годзе на старонках газеты “Наша ніва”, затым стаў публікавацца і ў іншых беларускіх выданнях: “Саха”, “Беларус”, “Сялянская доля”, “Беларускі звон”, “Беларуская крыніца”, “Студэнцкая думка”… У 1912 годзе ў Вільні выдаў зборнік паэзіі “Чыжык беларускі”. Лірычны герой яго твораў шчыльна звязаны з народам і пакутуе разам з ім. Нельга не згадзіцца з думкай літаратуразнаўцы Янкі Саламевіча: рамантычныя вобразы-сімвалы апалага пажоўклага лісця, замшэлых сялянскіх хат, маркотных дум і г.д. – “алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла”.

Асаблівае месца ў творчай спадчыне Леўчыка займае верш “Хто адрокся сваіх…”, напісаны ў 1912 годзе. У ім адчуваецца гнеў, асуджэнне і ганьбаванне здраднікаў: “Хто адрокся сваіх, хто стыдзіцца нас стаў… Мову родную хто пазабыў, асмяяў”…

Цікава, што нашмат пазней, у гады Вялікай Айчыннай вайны, гэты твор быў вельмі папулярны сярод партызан Беларусі. Перапрацаваны імі, верш выкарыстоўваўся ў лістоўках, стаўшы папраўдзе народным. І потым быў змешчаны ў зборніку “Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны”.

Леўчык выявіў сябе і ў жанры палітычнай сатыры, пісаў вершаваныя партрэты грамадскіх дзеячаў — Т.Вернікоўскага, П.Алексюка, Л.Дубейкаўскага ды іншых. У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру, за месца ў людской супольнасці “як роўны з роўнымі”, за пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы.

Шкада, што падрыхтаваныя Г.Леўчыкам паэтычныя зборнікі “Беларускі жаваранак” і “Мудра пагаворка – соладка і горка” выдаць яму так і не ўдалося.

Зося як рок

Што да жыцця асабістага… Тут усё складалася зусім не лепшым чынам. Вядомая беларуская пісьменніца і журналістка Людміла Рублеўская адзначае, што Леўчык захоўваў фота, дзе ён — побач з прыгожай дзяўчынай. Гэта было ягонае першае і самае вялікае каханне. На жаль, няўдалае. Можа, прычынай таму розніца ў сацыяльным статусе? А можа, і ўзроставы дысбаланс? Яму тады было ўсяго 21, а вось ягонай абранніцы – ужо 33.

Ажаніўся Гальяш Леўчык толькі дасягнуўшы пяцідзесяці. Прычым гэтая гісторыя кахання атрымалася вельмі літаратурнай. Неяк у адной варшаўскай газеце ён натрапіў на зварот рэдактара, дзе распавядалася пра таленавітую дзяўчыну Зосю са Слонімшчыны, якая напісала кнігу ды не мае сродкаў, каб яе выдаць.

Леўчык адразу адгукнуўся. Як лічыць Людміла Рублеўская, яму мроілася паэтычная прыгажуня з роднаснай душой. Аднак прыйшоўшы на першае спатканне (а яно не прымусіла сябе чакаць), пісьменнік убачыў разрыў паміж сваімі мроямі і рэальнасцю. Зосі было ўжо за 30. Яна аказалася асобай неўраўнаважанай, ды і не надта цікавілася беларускім пытаннем.

Але шлюб усё ж адбыўся. І ўжо праз год сябра жаніха Ян Пятроўскі атрымаў ліст, у якім Гальяш пісаў: “Ты прыпамінаеш мамэнт, што мог бы ты мне адрадзіць маё жанінства, але гэта было б немагчыма, таму што ані ты, ані я не зналі ні характару, ні здароўя, ані таго, што яна ёсць тыпам фаталісткі – хворым, кволым і збочаным умыслова… пэўна, што і я, каб ведаў згары што будзе, пэўна што, нягледзячы нават на спачуццё да яе няшчасця і спагадання ёй, — не згадзіўся б ніколі на ахвяру свайго добрага становішча духовага, на сваю пазіцыю ў беларускім грамадстве і на пашану, якую дорыць мне гэтае грамадства… бо гэта было б учынена для кабеты невялікае цаны…”.

Зося пераўтварыла жыццё мужа ў пекла. Ён усё часцей уцякаў ад яе ў родны Слонім, у дамок на беразе Шчары. А потым, каб не быць разам, Гальяш і Зося мяняліся месцамі: яна – у Слонім, а ён – працаваць у Варшаву.

Зося была арыштаваная паліцыяй ў 1942 годзе. У ейнай падушцы быў знойдзены польскі сцяг. Нямецкія акупанты расстралялі яе на Пятраліцкай гары каля Слоніма.

Калі Гальяш Леўчык аб гэтым даведаўся, ён падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Але яго жытло ўжо было занятае іншымі людзьмі. Такім чынам ён застаўся без жонкі, кватэры і архіваў. І памёр праз два гады ад нястачы ў акупаванай фашыстамі Варшаве. Вядома, што ён пакутаваў ад хваробы печані. Хутчэй за ўсё, яна і звяла яго ў магілу.

На жаль, ні абставіны смерці, ні месца пахавання Гальяша Леўчыка дасюль невядомыя. Даследчыкі не могуць назваць і дакладнай даты яго смерці. Адны лічаць, што гэта адбылося ў пачатку 1944 года, іншыя – увосень. Так, беларуская літаратуразнаўца З.П.Мельнікава адзначае, што дом, дзе тады жыў Г.Леўчык, быў разбураны бомбай, а ў верасні 1944 года ў акупаванай польскай сталіцы памёр і ён сам (Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т.4. Мінск, 1994).

Да 100-годзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка, дзякуючы беларускаму літататуразнаўцу Я.Саламевічу, у Мінску пабачыла свет яго кніга выбраных твораў “Доля і хлеб” (1980) .Сёлета, у чарговыя ўгодкі пісьменніка і грамадскага дзеяча, добра было б парупіцца пра новыя выданні і даследаванні. Без сумневу, ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры варты таго, каб памяць аб ім заставалася назаўсёды.

Эмануіл ІОФЕ, культуролаг прафесар БДПУ, доктар гістарычных навук