Відэалетапіс аўтарскіх праектаў адраджэння: інвестыцыі ў інавацыі

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Начальнік аддзела культуры Чавускага райвыканкама Андрэй Васільеў вярнуўся днямі з традыцыйнага абласнога семінара-вучобы, у якім бралі ўдзел яго калегі-начальнікі з 21 раёна Магілёўшчыны. Уражанняў і слушнай інфармацыі, як і заўжды, прывёз шмат. Гаворка ішла пра выкананне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці”, падрыхтоўку да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, што пройдуць 28 верасня, стан спраў у кожным раённым аддзеле культуры вобласці. Дарэчы, культасветнікі з Чавусаў займаюць у абласным “рэйтынгу” годную залатую сярэдзіну. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, рэгіён выйграе за кошт планавага ўкаранення новых тыпаў устаноў культуры: клубаў народнай творчасці, цэнтраў фальклору, дамоў сельскай культуры. І справа тут, як паказала жыццё, не толькі ў аптымізацыі сеткі культурнага абслугоўвання, не ў зменах назваў, а ў карэнным адрозненні падыходаў да культасветы. У выніку гэтага раён рэалізоўвае якасна новыя творча-метадычныя праграмы, якія сёння можна смела назваць аўтарскімі.

Аднавіць кожны клуб...
Старшыня Чавускага райвыканкама Анатоль МАЦЮЛІН родам з вёскі Галавенчыцы. Але не толькі гэтым адметнае маленькае паселішча раёна. Менавіта тут з 1957 года існуе фальклорны ансамбль “Незабудкі”. Тады ў склад калектыву ўвайшлі 17 — 20-гадовыя дзяўчаты. Цяпер “незабудкам”, сярод якіх — і мама кіраўніка раёна Людміла Канстанцінаўна, па 70 — 80 гадоў. Ансамбль — унікальны, бо вясковыя вакалісткі здолелі захаваць аўтэнтычную манеру мясцовага выканання, якую і перадаюць цяпер дзятве і моладзі ўсяго раёна. Гэткая ж унікальная ў вёсцы і ўстанова культуры: клуб народнай творчасці... Хоць і пастарэлі Галавенчыцы, хоць і можна было “з лёгкай душой” зачыніць тут сельскі клуб (балазе пад бокам аграгарадок з поўным наборам сучасных культасветных паслуг), але ніхто такіх мэт не ставіў. Слова “зачыніць” у лексіконе мясцовых улад не ў вялікай пашане, больш даспадобы тут слова “перапрафіляваць”. Менавіта з гэтай нагоды ў 2006 годзе Галавенчыцы займелі замест сельскага клуба клуб народнай творчасці — своеасаблівую лабараторыю адраджэння і пераемнасці аўтэнтычнага вакальнага мастацтва “Незабудак”...
Старшыня райвыканкама Анатоль Мацюлін упэўнены, што на якасна новы ўзровень вясковая культура Беларусі выйшла ў ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла:

 /i/content/pi/cult/176/1733/Kult1.jpg

Асінаўскі сельскі клуб народнай творчасці.

— Давядзеннем да ладу ўстаноў культуры раёна заняліся, натуральна, раней, — тлумачыць Анатоль Алегавіч, — тады, калі прыйшоў на пасаду начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. Запрасілі яго да сябе, паказалі тое, што маем, з гэтага часу — узаемадзеянне самае шчыльнае. Ды плюс Дзяржаўная праграма, пільная ўвага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да вясковых праблем... Планавае фінансаванне культурнай сферы зрабіла сваю справу. Мы мэтанакіравана адраджаем матэрыяльную базу, дбаем не толькі пра форму бібліятэк і клубаў, але і пра змест іх дзейнасці. Толькі на адзін Радамльскі дом культуры выдаткавана 1,8 мільярда рублёў. На ўзвядзенне Асінаўскага сельскага клуба народнай творчасці пайшло летась 560 мільёнаў. Цяпер аграгарадок у сацыякультурным плане адметны перш за ўсё ўстановай культуры новага тыпу, якая праграмна займаецца адраджэннем мясцовага фальклору... Галоўнае ў тым, што цягам апошняга часу мы аднавілі практычна ўсе дамы культуры, стварылі філіялы дзіцячай школы мастацтваў, прымусілі людзей паверыць у сур’ёзнасць нашых намераў.

— Наколькі змог разабрацца, усе новаўвядзенні сферы і па ўкараненні нетрадыцыйных тыпаў устаноў культуры, і па выкарыстанні нестандартных форм работы звязаны найперш з раздзяленнем цэнтралізаванай клубнай сістэмы на гарадскую і раённую?

— Безумоўна! Гэта ініцыятыва начальніка аддзела культуры Андрэя Васільева. Цэнтр культуры і адпачынку са сваім метадычным штатам займаецца гарадскімі пытаннямі. А метадычны цэнтр народнай творчасці, што з’явіўся як структурнае звяно цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў 2005 годзе, прадметна заняўся ўдасканаленнем і каардынацыяй дзейнасці менавіта сельскіх устаноў культуры. Якасць абслугоўвання вяскоўцаў значна павялічылася.
Нездарма намі была падтрымана гэтая ініцыятыва, наўпрост звернутая на адраджэнне і развіццё сяла. З 2005 года пачалася актыўная работа па вывучэнні мясцовых традыцый, вызначыліся прыярытэтныя кірункі творчай дзейнасці. Пачалі з’яўляцца аўтарскія праграмы, вынікі якіх вы ўбачыце ў раёне. Да прыкладу, нашы знакамітыя “Незабудкі”, адсвяткаваўшы ў жніўні мінулага года 50-годдзе творчага шляху, у верасні займелі званне “народны аматарскі калектыў”, а днямі з фурорам выступілі на ІІІ Міжнародным фальклорным фестывалі “Пакроўскія званы” ў Літве...

— І зноў пра новыя падыходы, Анатоль Алегавіч... Вядома, што па вашай ініцыятыве ў раёне ствараецца відэалетапіс, адказвае за які штатны аператар. Гэта лагічны працяг інавацый у развіцці раённай сферы культуры?

— А сёння без гэтага, лічу, проста не абысціся. Жыццё мяняецца на вачах, несупынна прыгажэюць і райцэнтр, і вёска. Вельмі цікава і карысна прасачыць, якой была вёска ўчора і якой стала сёння, набыўшы статус аграгарадка. У Антонаўцы, да прыкладу, яшчэ нядаўна працякаў дах пошты, не працаваў клуб... За паўтара месяца ўсё ўзнавілі літаральна з нуля. Працавалі суткамі, але аграгарадок увялі. У адным будынку — банк, пошта, клуб, бібліятэка, спартыўная зала, структуры сацыяльнай аховы, комплексны прыёмны пункт. Адраджэнне не на словах, а на — справе, якая зафіксавана для нашчадкаў на відэаплёнцы.
Так што наш аператар працуе на гісторыю, працуе на выхаванне жыхароў раёна. Гэтыя фільмы і ў рэпертуары нашай кінаперасоўкі павінны не апошняе месца заняць... І ўвогуле, заўжды патрабую ад падначаленых ініцыятыўнага мыслення. Быў бы праект, цікавы і карысны, а грошы на яго рэалізацыю заўжды знойдуцца...

— Якім бачыцца заўтрашні дзень раённай культуры?

— Калі казаць пра будаўніцтва, дык неўзабаве збіраемся капітальна адрамантаваць раённы Цэнтр культуры. Гэта тое, што датычыцца горада.
Па раёне здаём сёлета два аграгарадкі, у наступным годзе — яшчэ столькі ж. На 2010 год застаюцца буйныя населеныя пункты, якія не ўвайшлі ў раённую сетку аграгарадкоў. Да гэтага часу кожную ўстанову культуры ўпарадкуем не толькі ў плане ўмацавання матэрыяльнай базы, але і ў плане насычэння кадрамі, сучаснай апаратурай,узбагачэння духоўна-выхаваўчага зместу імпрэз. Цудоўна разумею, што немалаважным з гэтай нагоды з’яўляецца кадравы падбор. Таму ўжо сёння нашы дзіцячыя школы мастацтваў і іх філіялы на сяле павінны планава адбіраць таленавітых, ініцыятыўных дзяцей, ствараць своеасаблівы інфармацыйны банк па іх і прафесійна арыентаваць моладзь на будучую творчую работу ў нашых установах культуры.

Мабільнасць творчых ініцыятыў
На сёння кожны раён Магілёўшчыны мае кінаперасоўку, аўтаклуб, бібліобус. Неаспрэчная заслуга ў такім мабільным узбраенні 21 райаддзела культуры вобласці належыць начальніку ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Сінкаўцу. Не толькі вучыць кадры, але і забяспечвае ім усе ўмовы для дзейснай працы. Гэтак бы і ў астатніх нашых абласцях!

 /i/content/pi/cult/176/1733/Kult2.jpg

Раённы парк мабільных устаноў культуры: кінаперасоўка, аўтаклуб, бібліобус.

Начальнік аддзела культуры Чавускага райвыканкама Андрэй Васільеў, распавядаючы пра дзейнасць мабільных устаноў, не прамінуў заўважыць,