Пра Радзіму — заўжды

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Так званы Віцебскі авангард, які для сённяшнніх творцаў — стогадовы дзядуля, па-ранейшаму ўплывае на культурныя працэсы ў краіне і свеце, на ягоным досведзе ў значнай ступені грунтуецца наша разуменне сучаснасці. Урэшце, як і ўся Віцебская школа выяўленчага мастацтва першай чвэрці ХХ стагоддзя. Нездарма “парадная” лесвіца ў Палацы мастацтваў, што злучае паверхі экспазіцыйнай прасторы, а ў дадзеным выпадку — дзве часткі выставы «Трыенале сучаснага мастацтва”, выканана ў стылістыцы УНОВИСу. Падаецца, што стоячы на гэтых прыступках, можна разглядзець ў легендарным чорным квадраце васільковае неба Віцебска. Колішняе, сённяшняе, заўжды сучаснае...

/i/content/pi/cult/808/17328/01.jpgЗ 22 ліпеня ўсе паверхі Рэспубліканскай мастацкай галерэі па вуліцы Казлова, 3 займае адна выстава — “Трыенале сучаснага мастацтва”. Ладзіцца яна па выніках рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019 — 2020 гг.” Яе арганізатар — Міністэрства культуры, функцыі каардынатара былі нададзены Нацыянальнаму гістарычнаму музею. Відаць, зыходзілі з таго, што ў дырэктара музея Паўла Сапоцькі яшчэ з часоў, калі ён кіраваў галерэяй “Універсітэт культуры”, назапашаны немалы досвед арганізацыі творчых імпрэзаў.

/i/content/pi/cult/808/17328/02.jpgАўтар гэтых радкоў мае да выставы пэўнае дачынне. Як прадстаўнік Саюза мастакоў я быў у складзе групы экспертаў, што адбіралі творы, якія зараз экспануюцца ў Палацы. Мне і раней даводзілася браць удзел у падобных справах — адбіраць разам з маімі калегамі мастацкія творы ў экспазіцыю той ці іншай выставы, а калі і вылучаць лепшыя з іх на ўзнагароду. Працэс мае ўсталяваны алгарытм. Але гэтым разам справа пайшла не па завядзёнцы. Напачатку тыя, каму было даверана рабіць адбор (а гэта прадстаўнікі творчых саюзаў, што аб’ядноўваюць прафесіяналаў выяўленчага мастацтва, фотамастацтва і дызайну), заявілі, што выбіраць няма з чаго, дакладней — перапад паміж асобнымі вартымі творамі і агульнай масай прапанаваных настолькі моцны і выразны, што канкурэнцыя як такая адсутнічае, а праца экспертаў у такіх акалічнасцях фактычна зводзілася, даруйце за брутальнае параўнанне, да сарціроўкі смецця. І эксперты не проста выказаліся ўслых, але і зварот з прапановай працягнуць конкурс ў Міністэрства напісалі. Вынікам гэтага ліставання стала падаўжэнне тэрміну прыёму работ на конкурс. А самі аўтары ліста адразу пачалі шукаць патэнцыйных канкурсантаў і звяртацца да тых творцаў, хто быў бы са сваімі работамі на спаборніцтве не лішнім, прапаноўваючы ўдзел у годнай справе.У выніку набралася маса прыстойных, канкурэнтаздольных твораў. Атрымалася так, што цяпер, як кажуць, за краіну не сорамна.

У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, дызайн, а таксама творы, якім нават няма дакладнага вызначэння — бо гэта можа быць ўсё пералічанае “у адным флаконе” ды яшчэ з выразным правакацыйным чыннікам. Большасць прапанаваных ў экспазіцыю твораў гледачы ўжо бачылі. Але тут яны прадстаўлены як квінтэсенцыя мастацкага досведу часу, што прамінуў з папярэдняга Трыенале. Прынамсі, так задумвалася.

Калі зыходзіць з меркавання, што зараз ў Палацы прадстаўлены рэальны стан і даволі поўная панарама сучаснага беларускага мастацтва, дык магчымая выснова, што пры досыць высокім узроўні прафесіяналізму нашым творцам бракуе вызначальнай ідэі і разумення мэты, дзеля якой варта натхнённа працаваць. Кажу не пра ўсіх, але пра многіх.Разумею, што думка мая суб’ектыўная. Канешне ж, мастацтва мае і камерцыйны чыннік, але жаданне прадаць сваю работу як мага даражэй па вызначэнні не можа быць стрыжнем творчасці. Хіба, пабочнай мэтай. Ды і пытанне пра ідэйны змест нашай сучаснай культуры гэта не столькі да мастакоў, як да грамады ўвогуле. Хто ведае, які духоўны чыннік, гістарычны досвед і маральны імператыў яднаюць беларусаў у нацыю?

Мастак мае падставы для гордасці за себе і сваю справу, калі ён адкрыў людзям вочы на нешта надзвычай важнае, што яны не заўважалі, альбо знайшоў новыя сродкі для выяўлення так званых вечных тэм і сюжэтаў, адвечных праяў чалавечай сутнасці. І тут ужо не мае значэння, да якой плыні і ў які бок мастака цягне: рэаліст ён ці прыхільнік беспрадметнага мастацтва, “вечны вандроўнік”, як наш Язэп Драздовіч, што сягаў думкаю ў Космас, ці “дамасед”, як песняры “глыбінкі” амерыканец Эндрю Уайес і расіянін Аркадзь Пластаў. А яшчэ не так важна — карыстаецца мастак традыцыйнымі тэхналогіямі альбо найноўшымі, праверанымі ці эксперыментальнымі. Не буду навязваць гледачу свайго бачання, хай ён сам вызначае, ці ёсць гэта на выставе. Хай сам вырашае: ці прадстаўляе экспазіцыя цікавасць для шырокай грамады, альбо ў наяўнасці толькі прэзентацыі творчых рэфлексій, зразумелых аўтарам і шчыльнаму колу іхніх сяброў.

Сама ідэя спалучэння “Нацыянальнай прэміі” і “Трыенале сучаснага мастацтва” падаецца мне спрэчнай. Пачнем з таго, што “сучаснае” і “нацыянальнае” гэта ў прынцыпе розныя рэчы. Гэта як “насельніцтва” і “народ”. Пры тым, што тое, і другое — людзі. Дарэчы, адны і тыя ж. Але ў адным выпадку заціснутыя рамкамі канкрэтнага часу і скаваныя побытавымі акалічнасцямі, а ў другім – ментальна запаўняючыя гістарычную прастору. Сучаснае — надзённасць, нацыянальнае — тое, што можа мець каштоўнасць для новых пакаленняў, пакуль існуе сама нацыя.

Памятаю, як генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў выходзіў з прапановай уключыць Музей сучаснага мастацтва ў структуру НММ РБ. Ягоная логіка такая: лепшыя творы сучаснага мастацтва пазней стануць летапісам свайго часу і, адпаведна, набудуць статус нацыянальнай каштоўнасці. Дык вось з такім прыцэлам і трэба фарміраваць калекцыю сучаснага мастацтва, і лепей, каб гэтым займаліся менавіта музейныя супрацоўнікі з іх каштоўным досведам захавання спадчыны і адказнасці перад будучыняй. Асабіста мне логіка спадара Уладзіміра цалкам зразумелая.

Тое, што мне падаецца спрэчным, мае, магчыма, матэрыяльнае і канцэптуальнае абгрунтаванне. Скажам, на два асобных конкурса не стае грошай, вось і вырашылі правесці, як цяпер гавораць, “аптымізацыю” — спалучыць два ў адно. Альбо ёсць патрэба доследным шляхам вызначыць, як самі творцы разумеюць “нацыянальнае” ў кантэксце “сучаснага” і наадварот.

Вось яшчэ пра што нагадаю… З майго досведу ўдзелу ў розных канферэнцыях і семінарах вынікае, што як ні канкрэтызуй тэму прафесійнага сумоўя, усё адно людзі гавораць пра тое, што ім баліць, што хвалюе, што важна менавіта ім. Так што, калі творцу баліць за Айчыну, калі ён не абыякавы да таго, што адбываецца за вокнамі ягонай майстэрні, ён здолее зрабіць нешта вартае і нашай драматычнай мінуўшчыны, і нашай няпростай сучаснасці, і нашай годнай перспектывы. Пра Радзіму — заўжды сучасна.

Перафразуючы афарызм Гіпакрата, скажу: “Vita brevis, patria aeterna” — жыццё (а значыць, і “сучаснасць” у яе прыватна-канкрэтным сэнсе) кароткае, айчына вечная.

Фота аўтара і Таццяны Матусевіч.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"