Рэфлексія дыстанцыі

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Новую старонку ў гісторыі галерэі Беларускага Саюза мастакоў “Мастацтва” адкрыла выстава Канстанціна Селіханава і Таццяны Радзівілка “Дыстанцыя”.

/i/content/pi/cult/807/17327/027.jpgАбнаўленне ў працы звязана з прыходам на пасаду арт-дырэктара Надзеі Кароткінай, якая стала куратарам выставы. Надзея — вядомы мастацтвазнаўца, з вялікім досведам працы ў музейных і выдавецкіх праектах, у дызайн-праектаванні. А Саюз мастакоў якраз і ставіць перад галерэяй новыя задачы: ператварыць яе з салона ў арт-прастору, дзе творы мастацтва па-ранейшаму будуць прадавацца, але ўзровень іх будзе значна вышэй, чым гэта патрабуецца ад сувенірнага, масавага рынку. “Галерэя павінна стаць тварам Саюза мастакоў, тым больш, галерэя з шматгадовай гісторыяй, у цэнтры Мінска”, — тлумацычь намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях БСМ Андрэй Басалыга.

У канцэпцыі Надзеі Кароткінай “дыстанцыя” — гэта і шлях, калі мэта руху чалавека заўсёды апярэджвае яго; і адлегласць паміж бачным і ўтоеным у аб’ектыўнай рэальнасці. Нагадваць пра тое, што захаванне дыстанцыі ў фізічным сэнсе слова зараз актуальна як ніколі, залішне. А погляд мастака, вядома, можа паглыбіць яе разуменне, дапамагчы гледачу адрэфлексiраваць, якія межы на самой справе мы ўсталёўваем. І як пашыраем сацыяльную дыстанцыю да ўзроўню ўзаемадзеяння ў больш высокім духоўным плане.

Гэтую ідэю галерэя і зрабіла ключавой з дапамогай жывапісу, графікі і скульптуры двух вядомых беларускіх мастакоў, выдатнай шлюбнай пары Канстанціна Селіханава і Таццяны Радзівілка. Абодва мастакі — удзельнікі шматлікіх калектыўных выстаў у Беларусі і за мяжой, абодва робяць канцэптуальныя персанальныя праекты, а Канстанцін двойчы быў удзельнікам Венецыянскай арт-біенале (2017, 2019), прычым у другі раз — з персанальным праектам “Выхад”.

Па майстэрску падрыхтавана экспазіцыя: працы, створаныя ў 2000 — 2018 гадах, загучалі свежа і вельмі сучасна. У тым ліку, дзякуючы разнастайнасці жанраў. Канстанцін прадставіў на выставе класічныя эскізы чалавечай фигуры, скульптурныя і графічныя. Таццяна паказала некалькі невялікіх серый: “Тыя, хто купаецца” (каляровая літаграфія, 2018), “Гульцы” (жывапіс, 2008), “Адзін доўгі дзень” (літаграфія, 2010). У мастачцы атрымоўваецца інтэграваць фрагменты, правобразы са старых фатаграфічных адбіткаў у тканіну жывапісу, і рабіць гэта асаблівым чынам: заўсёды стрымана, з адчуваннем сутнасці таго, што адбываецца. Гэта сапраўдны пазнавальны, індывідуальны стыль, які, як падземная крыніца, не змяншаецца, а выносіць з глыбіні на паверхню ўсё новыя думкі і адчуванні.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналiст

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ