На пляцоўцы пад старым вязам

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Рамантык Ваньковіч праз прызму бачання сучаснага скульптара
Задума помніка простая: творца — малады, прыгожы, летуценны — як быццам толькі што выйшаў з майстэрні з палітрай і пэндзлем, нядбайна накінуўшы доўгі мастакоўскі халат. Каб, магчыма, у апошні раз убачыць на досвітку роднае сонца над Мінскам перад тым, як сабрацца ў далёкую дарогу і назаўжды пакінуць бацькаўшчыну...

/i/content/pi/cult/807/17325/023.jpgМінскі лорд Байран

Слабодчыкаў працаваў над скульптурай са студзеня па красавік 1999 года. Шчыраваў і днямі, і начамі, таму да мая яна была гатовая ў мяккім матэрыяле. Неўзабаве мадэль у памеры 2 метра 15 сантыметраў аднагалосна зацвердзіў Савет па манументальным мастацтве, рэкамендаваўшы Міністэрству культуры даць дабро на ўвасабленне яе ў бронзе. Так і здарылася: скульптуру адлілі, аўтар яе адчаканіў. Здавалася б, шчаслівы фінал… Заставалася толькі добраўпарадкаваць адпаведную тэрыторыю, за што адказныя гарадскія ўлады.

І тут узнікла праблема — адсутнасць адпаведнага рашэння ўрада краіны на ўзвядзенне такога помніка, і як вынік — адсутнасць неабходнага фінансавання. Тыдні, месяцы, гады ішлі — а ўсё заставалася па-ранейшаму, ніякіх зрухаў у справе ўсталявання твора!

Аднак нястомны Слабодчыкаў ужо не мог спыніцца і працягваў — так бы мовіць, “для сябе”, — працаваць над вобразам Ваньковіча. Высокае напружанне — вось абавязковая ўмова мастацтва, і гэтую, здавалася б, банальную акалічнасць заўсёды памятаў скульптар. Памятаў нават тады, калі не ўсё атрымлівалася, калі справа валілася з рук, калі пераследавалі няўдачы, калі нешта не ладзілася з адліўкай формы і хацелася ўсё кінуць да д’ябла, сысці ад мітусні ўпрочкі, у лес, у поле, акунуцца ў спрадвечнасць быцця… Але ад сябе, мастака, куды ж сыдзеш?

/i/content/pi/cult/807/17325/024.jpg...Так. паўтаруся, пакручастым быў шлях скульптара ва ўвасабленні вобраза Ваньковіча. Яшчэ ў 1998 годзе Слабодчыкаў прапанаваў для горада Беразіно (вёска Калюжыца, дзе нарадзіўся мастак, цяпер у Бярэзінскім раёне) бюст-помнік жывапісцу, але потым справа застапарылася. У 2004 годзе Уладзіміру Слабодчыкаву было даручана зрабіць у Мінску мемарыяльны знак на гранітным пастаменце на ўездзе на вуліцу ў мікрараёне Сляпянка, названую імем мастака. Але рэалізаваць гэтую ідэю не дазволіла сетка складаных інжынерных камунікацый, і мемарыяльную дошку ў выглядзе паўтараметровай калоны з бронзавым міні-бюстам Валенція Ваньковіча змясцілі на доме № 55 па аднайменнай вуліцы (архітэктар Валерый Іваноў).

У 2002 годзе Уладзімір Іванавіч за свой кошт стварыў і адліў у бронзе адразу два бліскучыя партрэты Ваньковіча крыху больш за натуральную велічыню кожны. Надта блізкім стаў для яго гэты чалавек, які ўвасабляў самыя дарагія для Слабодчыкава рысы і якасці тыповага прадстаўніка “залатой” эпохі Міцкевіча і Пушкіна. У ім і пранізлівая самотная любоў да радзімы, і ранімасць сэрца, і гатоўнасць да самаахвяравання, і душэўная высакароднасць, і самавітая годнасць, якая кідае выклік лёсу. І ўсё гэта драматычна злучаецца са шчымлівым дыскамфортам у душы, прыгнётам расчаравання, з’едлівай хандрой, непрытульнасцю і безабароннасцю...

“Раніца” наступіла

Прайшло яшчэ шмат часу, пакуль, нарэшце, “лёд крануўся”, і помнік, дзякуючы намаганням тагачаснага кіраўніка Міністэрства культуры Паўла Латушкі і гендырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, знайшоў сваё годнае месца менавіта там, дзе яму належыла быць. Гэта здарылася ў 2010 годзе, у 210-ю гадавіну з дня нараджэння жывапісца. І ў беларускай сталіцы з’явіўся яшчэ адзін (разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Адамам Міцкевічам…) скульптурны вобраз нашага славутага земляка.

Бронзавы помнік пад назвай “Раніца мастака” адлюстроўвае маладога Валенція Ваньковіча ў хвіліны яго найвышэйшага творчага ўзлёту — калі за плячыма засталіся карціны “Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе”, “Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг”, чатыры творы, прысвечаныя яго куміру Напалеону Банапарту, дзясяткі цудоўных жывапісных партрэтаў сучаснікаў, шмат малюнкаў і літаграфій. А наперадзе — невядомасць...

Менавіта такі ён у Слабодчыкава — прыгожы і статны, высакародна адухоўлены, з прасякнутым светлым смуткам абліччам. Як сведчыць гісторыя, Ваньковіч, акрамя ўсяго іншага, валодаў і нейкай сэнсарнай здольнасцю асабліва мысліць, асабліва адчуваць — бы той жа нястомны лорд Байран. А гэтая рыса ўласцівая далёка не ўсім мастакам, музыкантам і паэтам. І такі штрых таксама можа заўважыць у скульптурным абліччы мастака.

/i/content/pi/cult/807/17325/025.jpgСлабодчыкаў у працэсе працы над вобразам выкрышталізаваў уласны погляд на лёс Ваньковіча. Мне здаецца, што скульптар вельмі тонка адчуў “нутро” ментальнага ладу “творцы высокіх здольнасцяў” — не захапляючыся пры гэтым празмернай пафаснасцю і нейкай прыцягальнай “барочнасцю”, уласцівай выявам падобных герояў. Рамантычная скульптурная фігура жывапісца на нізкім гранітным пастаменце зробленая нібыта на адным дыханні. На першы погляд — сціпла, аднак надзвычай цёпла, пераканаўча і па-чалавечы прывабна. І што не менш важна — помнік не душыць памерамі, не прэтэндуе на манументальна-эпічную глыбіню вобраза. Не ўзвышаючыся над натоўпам, ён прыцягвае нас сваім зямным паэтычна-прасветленым ладам, які поўніцца шчырым мінорным лірызмам.

Над палаючай безданню

Валенцій Ваньковіч — вядома, знакавая фігура ў беларускай культуры. Аднак гэтая постаць доўгі час была вядомай найперш вузкім спецыялістам і крыху гісторыкам мастацтва, а не шырокай культурнай грамадскасці. Пэўна, прычынай таму — наша шматпакутная гісторыя. Між тым, у першай палове XIX стагоддзя імя гэтага “блукаючага рамантыка” высокіх і гордых намераў гучала ва ўсім еўрапейскім славянскім свеце. Валенція Ваньковіча шанавалі А. Міцкевіч, А. Пушкін, Т. Зан, І. Дамейка, Я. Чачот, А. Адзінец, А.Ходзька, Э.Ромэр, Ю.Корсак, К.Ліпінскі, І.Аляшкевіч, А.Арлоўскі і шмат іншых прадстаўнікоў культуры таго “залатога веку”. Сярод яго сяброў былі пісьменнікі і паэты, музыканты і філосафы, прадстаўнікі дваранскай эліты, студэнты і простыя сяляне з вёскі Калюжыца Ігуменскага павета, дзе 12 мая 1800 года нарадзіўся будучы жывапісец.

У Цютчава ёсць радкі пра тое, як “мы плывем, пылающей бездной со всех сторон окружены”. Гэтыя словы выдатна падыходзяць да характарыстыкі асобы мастака. Ён сапраўды ўсё сваё кароткае жыццё плыў над “палаючай безданню” — калі жыў у Беларусі і Пецярбургу, калі матляўся па нямецкіх гарадах і калі нечакана сустрэў “чорную даму з касой” у французскай сталіцы... Сваім лёсам ён чамусьці мне нагадвае Гейне: амаль аднагодак, такі ж “кароль рамантызму” — толькі ў жывапісе. Такі ж вандроўнік, які таксама прыехаў у Парыж, дзе вёў вельмі няпростае ў плане побыту жыццё, застаючыся пры гэтым эстэтам, надзеленым арыстакратычным непрыманнем усяго падступнага, гідкага і грубага. І хвароба, як у Гейне, выпала на яго долю страшная: у Гейне — паралюш і слепата, у Ваньковіча — душэўная, разам з сухотамі. Пахаваныя яны таксама на адных могілках — на Манмартры Сан Дэні. Толькі нямецкі паэт пражыў на 16 гадоў даўжэй за нашага земляка.

Магчыма, ахоплены мінорнымі сумневамі і нейкай боязню перад будучыняй, Ваньковіч не стаў удзельнікам рэвалюцыйных падзей у Беларусі пачатку 1830-х гадоў, да якіх спрычыніліся многія яго блізкія таварышы. У яго быў “адзін, але палымяны запал” — цалкам аддавацца мастацтву.

А для гэтага яму, чалавеку з лёгка ранімай душой, неабходна было летам 1839 года выехаць у Еўропу — у пошуках творчага шчасця (а не чыноў!). Далей ад свайго часу, ад падманутых надзей, ад жорсткага імперскага прыгнёту — бо “бясконцасць чаканняў прыводзіць толькі да расчараванняў”. Расчараванні гэтыя прывялі ў рэшце рэшт да хваробы, з якой мастак змагаўся да апошніх імгненняў жыцця.

А магчыма, яму проста абрыднуў тагачасны правінцыйны Мінск. Па ўспамінах яго біёграфа Смакоўскага, “душа Ваньковіча тужыла па чымсьці вышэйшым, узнёслым, яму хацелася эстэтычнае пачуццё злучыць з творчым уяўленнем і напісаць нешта, адзначанае боскім ачараваннем”. У мастака пачынаецца глыбокі крызіс, узмоцнены хваробай. У яго сталі здарацца нервовыя прыступы, і ён, пакінуўшы траіх маленькіх сыноў, прымае рашэнне на злом галавы імчаць за мяжу.

…Прыходзячы да гэтага выдатнага помніка, я часта думаю яшчэ вось пра што. Зразумець да канца, якім быў чалавекам Валенцій Ваньковіч — задача не з простых, прынамсі, для мяне. Месяцовы ландшафт яго мяцежнай душы яшчэ трэба будзе вывучаць гісторыкам мастацтва, хаця вонкавая канва жыцця творцы больш-менш вядомая. Але для мяне — як, спадзяюся, і для аўтара помніка — ясна адно: мастак быў чалавекам акрыленым, аднак з востра ранімым сэрцам.

Умоўна кажучы, ён — своеасаблівы духоўны брат Пушкіна і Лермантава, Шэлі і Кітса, Наваліса і Славацкага. Рамантык без усялякіх пытанняў — як, скажам, чарадзеі пэндзля французы Жэрыко і Дэлакруа, як яго блізкі сябра і аднадумца Адам Міцкевіч. І адначасова — чалавек, які зведаў смутак вырачаных на блуканне па свеце “лішніх людзей” пад маскай Анегіна, Пячорына, Чацкага, Бельтава, Рудзіна, Рэнэ або Чайльд-Гаральда. І гэты боль сэрца, памножаны на летуценную мару аб чалавечай свабодзе і шчасці (пазней падобны боль працінаў і Максіма Багдановіча, і Янку Купалу, і Марка Шагала, і Уладзіміра Караткевіча), зрабіў Ваньковіча тым, кім ён застаўся ў еўрапейскай гісторыі культуры. І ў нашай нацыянальнай — у першую чаргу.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"