Абарваная песня

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Пайшла з жыцця Інэса Сцяпанаўна Барысава, чалавек. які аддаў сваё сэрца і талент развіццю харавога мастацтва на Беларусі. 26 чэрвеня ёй споўнілася б 82 гады. Не дажыла яна да гэтага свайго дня нараджэння толькі два тыдні... А распачыналася ейнае творчае жыццё з дырыжорска-харавога аддзялення музычнага вучылішча імя Рымскага-Корсакава ў Магілёве, і сваю працоўную дзейнасць пачала настаўніцай спеваў у сістэме адукацыі Мінска. Далей лёс закінуў Інэсу Барысаву ў горад на Няве. Там яна скончыла Ленінградскую вышэйшую прафсаюзную школу культуры, дзе пазнаёмілася з рускай песеннай творчасцю, авалодаўшы выканаўчым майстэрствам, атрымала кваліфікацыю кіраўніка харавога калектыву. Пачала працаваць у Міжсаюзным Доме самадзейнай творчасці. Усё сваё жыццё яна прысвяціла служэнню яе вялікасці - Культуры.

/i/content/pi/cult/807/17323/018.jpgБольш за 20 гадоў Інэса Сцяпанаўна была нязменным кіраўніком народнага рускага хору імя Аляксандры Нікіцінай пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. Як сама падкрэслівала, адным з самых працяглых і яскравых адрэзкаў жыцця стаў для яе менавіта час працы з калектывам, які заўсёды з’яўляўся і сёння з’яўляецца ўпрыгожаннем розных мерапрыемстваў. Хор — пастаянны ўдзельнік усіх рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур у Гродне. На ІІ форуме калектыў атрымаў Гран-пры, а па выніках V і VI фестываляў — званне лаўрэата. Камісія па справах UNESCO узнагародзіла хор дыпломам за плённы ўдзел у развіцці міжкультурнага дыялогу і высокамастацкае ўвасабленне адметных нацыянальных традыцый. Менавіта пад кіраўніцтвам Інэсы Барысавай у 2008 годзе калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”, якое рэгулярна пацвярджае.

Удзельнікі хору - людзі розных прафесій: рабочыя, служачыя, студэнты, работнікі культуры, пенсіянеры. Усе яны з любоўю ставяцца да рускай песні, рускай культуры, якую папулярызуюць на Беларусі. На працягу ўсяго часу спявалі ў хоры і два сыны-блізняты Інэсы Сцяпанаўны, якія ва ўсім падтрымлівалі сваю матулю. Яна была абаяльным, вельмі шчырым і добрым чалавекам, адкрытым да ўсяго новага. Заўсёды магла падтрымаць словам і справай усіх, хто быў побач. Актыўна супрацоўнічала з Пасольствам Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў нашай краіне. Калектыў пад кіраўніцтвам Інэсы Барысавай неаднаразова прымаў удзел у Міжнародным фестывалі суайчыннікаў “З Расіяй у сэрцы” (г.Смаленск), фестывалях нацыянальных культур расійскіх суайчыннікаў, фестывалях рускай песні (Паўднёвая акруга г. Масквы). Народны рускі хор імя А.Нікіцінай з’яўляецца актыўным удзельнікам святаў рускай культуры каля мінскай гарадской ратушы, іншых шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзіць наш Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.

За гады сваёй працы Інэса Барысава была ўзнагароджана шэрагам ганаровых грамат і знакаў. А ў 2019 годзе атрымала нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

Балюча ўсведамляць, што гэтага няўрымслівага і таленавітага чалавека з намі больш няма.

Вольга Антоненка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур