Ганна Хітрык: “Забыць Купалаўскі тэатр немагчыма!”

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Неўзабаве Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы будзе святкаваць свой 100-гадовы юбілей. 17 год з гэтых ста на славутай Купалаўскай сцэне адыграла актрыса Ганна Хітрык — яскрава, тэмпераментна, запамінальна. Некалькі гадоў таму Ганна пераехала жыць у іншую краіну, але паклоннікі і па тэатральных справах, і па музычных праектах “Дзецідзяцей” і “Сундук” не забываюцца на сваю любімую артыстку і сочаць за яе лёсам, перажываюць, спадзяюцца ізноў убачыць у Мінску. Нягледзячы ні на што, у нашай размове Аня гэтак жа ззяла ўласцівымі ёй усмешкамі і неўтаймоўнай энергіяй. А пагаворым мы з ёй і пра любімы Купалаўскі тэатр, і пра яе новы сямейны тэатр, і пра тое, якім пакручастым можа быць лёс чалавека і артыста.

/i/content/pi/cult/807/17315/08.jpg— Ці сочыш ты за тым, што адбываецца ў тваім родным тэатры, ці падтрымліваеш стасункі з былымі калегамі? Ці згадваеш, як для цябе ўсё пачыналася?

— Канешне, я цікаўлюся і падзеямі, і прэм’ерамі, з кім сябравала, з тым і зараз на сувязі — вось нядаўна Мікалай Мікалаевіч Пінігін тэлефанаваў і віншаваў з днём нараджэння. А як можна забыцца — я ж адпрацавала там 17 гадоў! На Купалаўскую сцэну я трапіла дзякуючы Аляксандру Гарцуеву, за што яму вельмі ўдзячная дагэтуль, — у яго спектаклі “Брат мой, Сіман” у мяне была дэбютная роля. Але ў сам тэатр мяне то бралі, то не бралі, Валерый Раеўскі доўга сумняваўся. І ў той час мне нават бывала крыху сорамна за свае паводзіны, бо я прыбягала ў Тэатр лялек — усё, пасля Акадэміі іду да вас! (Я ж вучылася на курсе Аляксея Ляляўскага “Акцёрскае майстэрства тэатра лялек”.) Праз дзень — ой, прабачце, мяне бяруць у Купалаўскі! І так некалькі разоў. Але ўпэўнена, што і ў Тэатры лялек я была б цалкам шчаслівая, бо мне там падабалася — і калектыў, і пастаноўкі.

— Але ж не пашкадавала, што зрабіла выбар на карысць тэатра імя Купалы?

— Натуральна не. Для мяне гэта было больш, чым проста работа, я, можна сказаць, жыла тэатрам — акрамя хіба што апошніх гадоў, калі пачаліся сямейныя праблемы. Там было вельмі многа шчаслівых момантаў, і з Пінігіным я нямала папрацавала — дагэтуль яго абажаю-абажаю, люблю-люблю. І няхай гэта пачытаюць тыя людзі, ад якіх у свой час даводзілася чуць, што я так кажу, бо працую ў тэатры. Але зараз не працую і ўсё роўна люблю. (смех)

— А што — ты была такім шчырым і адкрытым прыхільнікам галоўнага рэжысёра?

— У п’есе Чэхава “Дзядзька Ваня” ёсць такая фраза: “Калі вы са мной размаўляеце, я тупею і не ведаю, што гаварыць…” Дык гэта пра мяне, калі я слухала Мікалая Мікалаевіча. (смех) Я заўсёды захаплялася яго пачуццём гумару, самаіроніяй, адукаванасцю, яго гіганцкай любоўю менавіта да Купалаўскага тэатра.

— Разумею, што ты адыграла ў вельмі многіх спектаклях, але ўсё ж — якія згадваюцца неяк па-асабліваму?

 — Канешне, першы спектакль для мяне незабыўны — “Брат мой, Сіман”. Гэтак жа незабыўны, але ўжо ў адмоўным сэнсе і адзін з апошніх маіх спектакляў — “Чайка”. Нашаму трохгадоваму сыну Сцёпку якраз паставілі дыягназ “аутызм”, мы з мужам кідаліся ў розныя бакі і не знаходзілі нідзе паратунку, і паехалі тады першы раз у Ізраіль да дактароў — за вялізныя грошы, якія назбіралі ўсім светам: у той час мы яшчэ і не ведалі, што ў маёй радаслоўнай можна пацвердзіць яўрэйскі след. І там на самай справе нам моцна дапамаглі. У Ізраілі мы на ўсім эканомілі, елі толькі самае таннае з супермаркетаў — піты і хумус, і праз месяц вярнуліся ў тэатр, набраўшы па восем кілаграм вагі! А ўжо пачаліся рэпетыцыі “Чайкі”, я — Ніна Зарэчная. Памятаю, якімі вачыма на мяне глядзеў Мікалай Мікалаевіч! (смех) Пасля першай рэпетыцыі ён зайшоў у грымёрку, чаго ніколі не рабіў, нерашуча патаптаўся і ўсё ж спытаў: “Слухай, а ты спецыяльна так паправілася?” Само сабою, потым я прарыдалася і села на жорсткую дыету. Але ўсё роўна лічу, што дрэнна справілася з роллю — мабыць, гэта адзіны раз, калі я такое пра сябе магу сказаць. І справа была, канешне, не ў васьмі кілаграмах. Але чыста фармальна апошнім спектаклем была “Школа падаткаплацельшчыкаў”, я яшчэ паспела ў ім паіграць.

А так, за 17 гадоў было многае, можна ўспомніць і “Івону, прынцэсу Бургундскую”, і “Альпійскую баладу”, дзе я іграла Джулію, — у спектакля многа ўзнагарод. Помніцца і “Вяселле”, з якім мы паездзілі з гастролямі па Еўропе, і неверагодна мною любімы “Сымон-музыка” — мая першая праца з Пінігіным. Са спектаклем “Другая сусветная” адбылася дзіўная гісторыя — мне далі песню, але яшчэ нічога не растлумачылі. І я думаю — ну што гэта за “Муля, не нервируй меня”! А потым ужо Мікалай Мікалаевіч усё расказаў, прыехаў сам аўтар Марк Мерман, і адкрыўся цэлы свет, які стаіць за гэтымі песнямі. І потым выходзіш на сцэну спяваць, а ў цябе не па ролі, а ад душы слёзы коцяцца па твары. Такі рэдкі выпадак, калі катастрафічны мінус на пачатку працы змяніўся на вялізны плюс.

— З якімі пачуццямі ты зараз згадваеш гэтыя 17 гадоў, практычна палову свайго жыцця?

 — Вось дзіўна, мы з мужам, таксама артыстам Купалаўскага тэатра Сяргеем Рудзенем, пераехалі ў Ізраіль толькі два з паловай гады таму — хоць і досыць нечакана, але свядома адмовіўшыся ад папярэдняга жыцця на карысць здароўя сына — а за гэты час нашы з Сяргеем думкі пра тэатр, нашы эмоцыі ўжо многа разоў памяняліся. Першыя паўгода тут мы былі проста ў страшэннай дэпрэсіі і кожны дзень марылі вярнуцца назад. А калі трэба шукаць працу і неяк выжываць, як вынік узнікае думка — навошта мы ўвогуле сталі акцёрамі, навошта столькі гадоў аддалі тэатру? Бо зараз рэальнае жыццё, а ў нас ні прафесіі ніякай, ні грошай, і нікому няма справы да таго, што мы там недзе “ззялі” на сцэне і думалі, што займаемся нечым вельмі важным. І Сцёпка адчуваў, што з намі адбываецца нядобрае, і таксама не даваў нам сумаваць — карацей, суцэльны жах. Для мяне тады самое слова “тэатр” гучала як нешта негатыўнае.

Праз паўгода хоцькі-няхоцькі паступова пачынаеш прымаць сітуацыю, і з’яўляецца настальгія і шкадаванне пра тое, што больш у цябе гэтага ўжо не будзе — вялікай сцэны, лепшага тэатра Беларусі, поўнага паглыблення ў творчасць. Ты пастаянна прамаўляеш сабе словы “больш ніколі, ніколі”. І ўжо прызвычаіваешся да гэтай думкі, і ціха і спакойна ідзеш на працу, на якой ты раней і не думаў працаваць. Потым мінае яшчэ паўгода, і абсалютна выпадкова чалавек, які вырашае нейкія справы твайго дзіцёнка, мімаходзь пытаецца — а чым ты займалася ў Мінску? І ты так няўпэўнена, быццам саромеючыся, гаворыш — тэатрам, але тут жа гэта нікому не трэба. А ў адказ: “Да ты што! Тут палова дзяцей чакае нармальнай прафесійнай тэатральнай студыі!” І аднойчы на сямейнай радзе, калі чарговы раз накрывае смутак і туга, вы наважваецеся і на апошнія грошы здымаеце невялічкі пакойчык пад студыю і запрашаеце дзяцей. І да вас раптам іх столькі прыходзіць, што вы праз два месяцы ўжо пачынаеце выходзіць у плюс. Для нас з Сяргеем гэта была проста нейкая вар’яцкая радасць — мы ізноў з тэатрам, мы вучым дзяцей і ставім няхай і маленькія, але спектаклі, і гэта, аказваецца, камусьці трэба!

— Гаворка пра ваш сямейны тэатр-студыю “Дом чорнай савы”? Пра які ў Ізраілі ўжо і артыкулы пішуць, і перадачы робяць.

 — Так, мы зараз адраджаемся пасля паўзы: спектаклі і канцэрты іграем і ў горадзе Раанана, дзе жывем, і ў іншых гарадах. Ладзім цікавыя квэсты, рыхтуем пастаноўкі ўжо і для дарослых, маем свой YouTube-канал, дзе сярод іншага я чытаю казкі. Але ж мінулай восенню, адкрыўшыся, мы паспелі папрацаваць толькі два месяцы — нават трошкі ўжо акрыялі і пачалі верыць у лепшае. Але ў кастрычніку мне паставілі страшны дыягназ — наперадзе былі хіміятэрапія, апраменьванне і віток новага пекла. Пра заняткі давялося забыцца — я вельмі цяжка пераносіла лекаванне, стала практычна недзеяздольнай, Сяргей працаваў па начах, а днямі займаўся мной і сынам. Потым з Мінска прыехала мама дапамагаць. У справах студыі нам пайшлі насустрач у многіх пытаннях, бацькі дзяцей сказалі — мы будзем чакаць, бо хочам займацца толькі ў вас! І тут, я лічу, тэатр мяне выратаваў, бо калі здараліся перапынкі хоць у дзень-два па самаадчуванні, я пачынала нешта планаваць, нешта прыдумваць. І адразу пасля аперацыі сказала — усё, я буду рабіць спектакль! І хоць выглядала я страшна, Сяргей нават не стаў мяне адгаворваць, бо разумеў, што мне гэта неабходна. І мы зрабілі “Дзюймовачку” на каробцы — клеілі фігуркі, пісалі песні. На першы паказ да нас прыйшла поўная зала дзяцей! І сапраўды, мяне гэта выраватавала, я адчула, што цяпер маю сваю справу, а людзі ад мяне чакаюць гэтых тэатральных цудаў. І вось тады чарговы раз змянілася маё стаўленне да тэатра, і да Купалаўскага ў прыватнасці, — яно стала як да любімага чалавека, якога больш няма з табою: ты сумуеш, падчас нават плачаш, але ты яго любіш і вельмі ўдзячны за тое, што ён быў у тваім жыцці. Акрамя ўсяго, ён цябе многаму навучыў — нават таму, як не паказаць дзецям, што ў цябе нешта баліць. А яшчэ ж ізраільскія дзеці вельмі тэмпераментныя, вельмі свабодныя ў сваіх паводзінах, і калі ў нас у Беларусі бацькі прыводзяць дзяцей у тэатр і кажуць — сядзі і слухай! — то ў Ізраілі бацькі проста прыводзяць дзяцей! (смех) І ўжо захапіць іх увагу і прымусіць слухаць — гэта асаблівае майстэрства акцёра.

— Паклоннікі тваіх песень — колішняй групы “Дзецідзяцей” і больш новага праекта “Сундук” — мабыць, пастаянна цябе тузаюць: калі новыя песні, калі канцэрт “Сундука” ў Беларусі? Такія ж планы ёсць, ці не так?

— Былі планы, каб ужо ў кастрычніку на дзень нараджэння “Сундука” адыграць вялікі сольны канцэрт на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. Але што цяпер, не ведаю — адкрыюцца межы ці не. Ёсць і іншыя праекты ў Беларусі, у якіх я планую ўдзельнічаць — напрыклад, буду і далей запісваць казкі на беларускай мове. Але ж — за апошнія пару гадоў у маім жыцці столькі падзеяў адбылося, пра якія я калісьці і падумаць не магла, што і цяжка што-небудзь загадваць. Канешне, я хачу працягваць існаванне праекта “Сундук”, хачу канцэрты, хачу паказаць у Мінску свае дзіцячыя спектаклі. І мы абавязкова будзем прыязджаць да нашых родных у Мінску. У мяне настолькі пасля хваробы стаўленне да ўсяго змянілася — я быццам у дзяцінства вярнулася. Выходжу ранкам на балкончык — ой, лісточак варушыцца, птушка шчабеча, хораша-та як! А што там калі нядобрае было, ці як я раней перажывала да істэрык, хто пра мяне не так сказаў ці паглядзеў, зараз думаю — якая ж дробязь, не варта і згадкі! Цяпер я веру, што ўсё будзе добра. І ўсіх, з кім працавала на сцэне, хто суцяшаў мяне і ў каго сядзела за кулісамі на каленках - прывітанне, Юля Шпілеўская (смех)! — хачу павіншаваць са 100-гадовым юбілеем Купалаўскага! Няхай у вас і далей будзе многа творчасці, многа свабоды і многа выдатных спектакляў. І, канешне, усім здароўя і трываласці!