Асколак у целе помніка

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Па забытых слядах перажытага
Плануючы адпачынак на гэтае лета, марыць пра замежныя вандроўкі не выпадала. Унутраны турызм зрабіўся як ніколі актуальным, нават для тых, хто раней імкнуўся пры першай магчымасці выбрацца далёка ад радзімы, у цёплыя экзатычныя краі. Я, шчыра кажучы, не надта люблю ні спёку, ні адпачынак ля мора, таму сёлетнія асаблівасці турыстычнага сезона перажываю спакойна, без празмернага расчаравання. Як спявалася ў старой пасляваеннай песні, “есть у нас ещё дома дела” — свае адпачынкавыя маршруты па Беларусі я планаваў так, каб на шляху сваім агледзець найцікавейшыя помнікі гісторыі ды архітэктуры, якія даўно не наведваў, абмінуў увагай у мінулыя візіты, альбо да якіх яшчэ не дабіраўся.

/i/content/pi/cult/807/17313/05.jpgДля мяне, як гісторыка, які перадусім цікавіцца тэмай Другой сусветнай вайны, канец вясны і пачатак лета — гэта яшчэ і час пастаяннага звароту да памяці аб тых трагічных ды гераічных ваенных гадах. Дзень Перамогі, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, Дзень Незалежнасці, прымеркаваны да даты вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі — па календары ў гэтую цёплую пару густа рассыпаныя згадкі-напаміны аб тых гарачых днях ліхалецця, калі нашыя дзяды і прадзеды пакутавалі не толькі ад сонечнай спёкі, але і ад полымя пажараў ды бязмернага болю ад ўсіх нягодаў ваеннага часу.

Таму і ў гісторыі помнікаў нашага дойлідства, якімі б старажытнымі яны ні былі, я заўжды звяртаю ўвагу на іх лёсы ў гады апошняй вайны і акупацыі. Для многіх славутых і велічных збудаванняў менавіта гэтыя старонкі гісторыі выдаліся найбольш трагічнымі за ўсе стагоддзі іх існавання — узяць хаця б хрэстаматыйны прыклад Брэсцкай крэпасці, будаўнікі якой ніяк не маглі прадбачыць, што сваю славу яна здабудзе менавіта ў баях Вялікай Айчыннай, больш як праз сто гадоў пасля збудавання. Альбо — ці мог ведаць наш славуты гісторык Тэадор Нарбут, праектуючы на пачатку ХІХ стагоддзя Бабруйскую крэпасць, што ў ёй нацысты размесцяць лагер для ваеннапалонных, дзе будуць трымаць савецкіх салдат у нялюдскіх умовах. Як не ведалі і стваральнікі гродзенскіх фартоў, збудаваных перад Першай сусветнай, што ўжо ў гады наступнай сусветнай вайны на тэрыторыі гэтых магутных абарончых збудаванняў нацысты таксама будуць катаваць і расстрэльваць людзей.

Але гінулі падчас вайны не толькі людзі, а і самі помнікі. Многія перліны нашага дойлідства, перажыўшы шматлікія ваенныя віхуры, якіх багата ў беларускай гісторыі, былі зруйнаваныя менавіта падчас апошняй вайны, з яе страшнымі бамбардзіроўкамі ды артабстрэламі. Так загінулі ад нямецкіх бомб у першыя ж дні Вялікай Айчыннай палац Радзівілаў у Гродне, дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку (з усімі зборамі!), славуты палац Сапегаў у Мінску, які часам называлі яшчэ мінскім домам Пятра І. А колькі каштоўных будынкаў атрымалі незваротныя пашкоджанні падчас баявых дзеянняў і праз гэта былі зруйнаваныя ўжо ў пасляваенны час…

Ступень разбурэння і знішчэння набыткаў беларускай архітэктуры падчас апошняй вайны была такой вялізнай, а страты такімі значнымі, што сёння наша грамадства паступова прыходзіць да ўсведамлення каштоўнасці кожнага з будынкаў, якія былі збудаваныя нават незадоўга да вайны — і гэта нельга не вітаць. Але ёсць сярод іх і такія дамы, якія не проста перажылі вайну, але і з’яўляюцца навочнымі сведчаннямі яе наступстваў. Так, напрыклад, нават у Мінску, у адным толькі раёне за чыгуначным вакзалам, захаваліся два дамы, якія пацярпелі ад бомб, страцілі некалькі сваіх пад’ездаў, але выстаялі і былі адноўленыя часткова — такія будынкі можна бачыць на вуліцы Караткевіча, 7 і Дабрамысленскім завулку, 3. Абодва яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці — але гісторыі іх вядомыя, на жаль, толькі спецыялістам. Мо варта было б пазначыць і такія месцы памятнымі знакамі, якія распавядалі б жыхарам і мінакам аб гісторыі трагічных дзён вайны. Нездарма ж, напрыклад, аднавілі ў свой час у Ленінградзе, сённяшнім Санкт-Пецярбургу, падобныя сімвалы ваеннай трагедыі — надпісы “Пры артабстрэле гэты бок вуліцы найбольш небяспечны”. Але годзе пра Мінск — выбіраемся ў падарожжа па краіне.

Вязні старажытнага замка

Першы пункт нашай вандроўкі — гарадскі пасёлак Мір, што ў Карэліцкім раёне. Лішне казаць, што славуты ён, перадусім, сваім замкам, які ўваходзіць у спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны UNESCO. Неяк так выйшла, што я часта тут бываў апошнім часам, але шторазу неяк подбегам, альбо праездам, і агледзець цалкам увесь замкавы комплекс ніяк не было магчымасці. А я ж памятаю, як упершыню завітаў сюды са школьнай экскурсіяй у 1998 годзе, калі экспазіцыя змяшчалася яшчэ толькі ў адной з вежаў. Сёння ж, каб грунтоўна пазнаёміцца з экспанатамі, давядзецца абысці амаль усе вежы і цэлы палац з сутарэннямі — так, што пад канец і знясіліцца можна.

Таму, магчыма, правільна зроблена, што агляд экспазіцыі пачынаецца менавіта з гісторыі замка і мястэчка Мір у войнах ХХ стагоддзя. А як жа іначай, калі стары замак быў непасрэдным сведкам трагедыі часоў нацысцкай акупацыі. Якімі б славутымі ні былі гэтыя сярэднявечныя муры, наўрад ці многія адразу прыгадаюць, што падчас вайны менавіта тут было размешчанае яўрэйскае гета — але наведнікі музея мусяць гэта запомніць, бо такой важнай і трагічнай старонцы мінуўшчыны замка прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі.

Мяне заўжды ўражвала адыёзнасць гэтай сітуацыі — нацысты, якія на словах называлі сябе носьбітамі і захавальнікамі еўрапейскай культуры, ледзь ні асветнікамі, на справе, прыйшоўшы са зброяй на беларускую зямлю, апаганілі адзін з найяскравейшых сімвалаў датычнасці Беларусі да еўрапейскай цывілізацыі — пераўтварылі яго ў месца нялюдскага здзеку і знішчэння людзей. Цяпер у экспазіцыі можна пабачыць рэчы, якія належалі вязням гета, а таксама даведацца пра чалавека, дзякуючы якому некаторым з іх усё ж удалося выратавацца з гэтых каменных муроў.

Гаворка пра Освальда Руфайзена — польскага яўрэя, які ў віры Другой сусветнай вайны апынуўся ў Міры, здолеў схаваць уласнае паходжанне і быў прыняты немцамі на службу ў паліцыю як перакладчык. Дзякуючы сваёй пасадзе, ён здолеў выратаваць ад гібелі каля дзвюх соцень вязняў мірскага гета. Калі самому Руфайзену пачало пагражаць выкрыццё, ён перайшоў на нелегальнае становішча, здолеўшы схавацца ў каталіцкім манастыры, а пазней і сам прыняў хрысціянства ды зрабіўся манахам. Памёр Освальд Руфайзен у 1998 годзе ў Хайфе, і сёння яго імя найперш вядомае ў свеце дзякуючы знакамітай кнізе Людмілы Уліцкай “Даніэль Штайн, перакладчык”. Захаваліся ў Міры і мясціны, якія непасрэдна звязаныя з лёсам гэтага чалавека.

Драўляны знак подзвігу праведнікаў

На жаль, пакуль не выпадае гаварыць пра нейкія планы па захаванні і аднаўленні помніка, які быў сведкам трагічных падзей акупацыі і паяднаў у сабе гісторыі каталіцкай супольнасці Міра і яўрэйскага насельніцтва мястэчка. Гаворка пра невялічкую драўляную каплічку Святой Тройцы, пабудаваную напрыканцы ХІХ стагоддзя, якая стаіць пры выгане за будынкам мясцовай выратавальнай службы МНС. Менавіта ў гэтай каплічцы ў гады нацысцкай акупацыі, дзякуючы заступніцтву пробашча мірскага касцёла Антонія Мацкевіча, каталіцкія манахіні перахоўвалі яўрэяў — у тым ліку і таго самага Освальда Руфайзена. У 1942 годзе ксёндз Мацкевіч, у тым ліку, і з гэтай прычыны, быў закатаваны гітлераўцамі ў лагеры смерці ў Калдычэва.

Каплічка ж, у якой знайшлі ўратаванне многія мясцовыя жыхары, сёння стаіць зусім занядбаная, проста пры мяжы прыватнага зямельнага ўчастка, праход да яе перагароджаны плотам. На жаль, гэты цікавы помнік не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, хаця не так даўно мясцовыя энтузіясты прымацавалі на сценах будынка шыльдачку, якая, прынамсі, распавядае яго гісторыю. Так ці іначай, варта было б паклапаціцца і пра выгляд навакольнай тэрыторыі, і пра годнае стаўленне да помніка, пра вольны доступ да яго для турыстаў — а гэта ўжо, як выглядае, агульная справа як для грамадскасці, так і для мясцовых улад.

Шматаблічнае мястэчка

Турысты, звяртаючы перадусім увагу на замак, часта, вымушана ці не, грэбуюць іншымі цікавосткамі Міра. Добра, калі нехта дабрыдзе берагамі прызамкавага става ў колішні фальварак Замір’е, да руінаў палаца апошніх уладальнікаў замка Святаполк-Мірскіх. Гэтыя падмуркі былі адкапаныя з-пад зямлі ў выніку археалагічных даследаванняў, распачатых тут у 2016 годзе экспедыцыяй Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Палац моцна пацярпеў і быў разабраны неўзабаве пасля вайны, але, у адпаведнасці з планамі развіцця замкавага комплексу, у будучыні ён мае быць адноўлены. Як выглядаў будынак, можна наяве пабачыць тут жа — у 2018 годзе на сцяне размешчанага паблізу зернясховішча, якая выходзіць да става, з’явіўся роспіс з выявай палаца, выкананы мастакамі з Гродна. Зернесховішча, дарэчы, належыць мясцоваму філіялу лікёра-гарэлачнага завода, які дзейнічае ў будынку старога бровара пачатку ХХ стагоддзя. Побач захаваўся таксама двухпавярховы флігель палаца, у якім і сёння жывуць людзі — але наперадзе і яго яшчэ чакае рэстаўрацыя з прыстасаваннем.

А ў самім мястэчку, па іншы бок ад замка — свае цікавосткі. Вядома, перадусім гэта рынкавая плошча, на двух канцах якой узвышаюцца касцёл і царква. З трэцяга боку падступае да плошчы асяродак яшчэ адной мясцовай канфесіі, якая была неад’емнай у гісторыі мястэчка, але цалкам знікла акурат у апошнюю вайну — яўрэйскі сінагагальны двор. Тут сёння, на жаль, нішто не нагадвае пра рэлігійную прыналежнасць гэтых сведкаў гісторыі — цяпер у іх размешчаныя гатэль, установы харчавання ды іншыя аб’екты турыстычнай інфраструктуры. А ўсё ж шкада, што нейкага мемарыяльнага знака на памяць аб яўрэйскім Міры няма акурат тут, у самым ягоным сэрцы. Адмыслоўцы кажуць, што такі комплекс яўрэйскіх культавых пабудоў — унікальны па захаванасці на ўсёй тэрыторыі краіны.

Буслы на разбітых мурах як сімвал надзеі

Развітаўшыся з Мірам, рушым далей. У Нясвіжы аглядаем тутэйшы палацава-паркавы комплекс. Інтэр’еры палаца ўражваюць максімальным пагружэннем у атмасферу радзівілаўскай эпохі. Калі Мірскі замак мае больш сярэднявечны, рыцарскі характар, і прыйдзе даспадобы аматарам ваеннай гісторыі, то нясвіжскі палац, хутчэй, выглядае прыстанкам асветнікаў, муз і мастацтваў. Але і ў гісторыі гэтага помніка была свая трагічная ваенная старонка. Менавіта на адной з палян велізарнага парку, які атачае радзівілаўскі замак, нацысты расстралялі ў кастрычніку 1941 года прыкладна паўтары тысячы жыхароў Нясвіжа.

Нарэшце, завітваем у Клецк — ён сёння пахваліцца ўласным замкам, на жаль, не можа, тут ад колішніх абарончых умацаванняў засталося толькі гарадзішча. Сумны лёс і ў найстарэйшага тутэйшага помніка мураванага дойлідства — фарнага касцёла, збудаванага ў ХVI стагоддзі. Падчас апошняй вайны ён быў пашкоджаны ў выніку артабстрэлу, пакрысе прыйшоў у занядбаны стан і быў расцягнуты на цэглу. Застаўся толькі фрагмент сцяны, якая ўзвышаецца на прыватным участку, проста пасярод гарода, а на вяршыні магутнага мура — буслянка. І зноў жа — на гэты помнік даўніны сёння застаецца толькі пазіраць з-за плота.

А пра яўрэйскую спадчыну Клецка нагадвае вытанчаны будынак колішняй ешывы — яўрэйскай вышэйшай навучальнай установы, які нядаўна перадалі мясцоваму музею. Застаецца спадзявацца, што абодва карпусы музея неўзабаве будуць даведзеныя да ладу, і ён зноў адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў. Захоўвае Клецк і сляды татарскай спадчыны — мусульмане многія стагоддзі мірна жывуць тут побач з беларусамі, нягледзячы на тое, што Клецк быў месцам адной з найвялікшых перамог ваяроў Вялікага Княства Літоўскага над татарскімі войскамі ў 1506 годзе. У Клецку, як і ў Міры, і ў Нясвіжы, добра адчуваецца, што прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія насяляюць Беларусь, здолелі разам пераадолець усе варожыя навалы, і супольнымі намаганнямі адрадзіць наш край пасля ваенных разбурэнняў.

Вандроўка наша падышла да фіналу. Хоць і пралягала яна па адносна невялікіх абшарах у самым сэрцы краіны, і завіталі мы ў даволі папулярныя турыстычныя мясціны, але і тут здолелі адшукаць тое, пра што не кожнаму вядома. Будзем спадзявацца: апісаны маршрут дапаможа звярнуць на гэтыя помнікі ўвагу турыстаў і ўсіх, хто зацікаўлены ў ахове нашай агульнай спадчыны.

Фота аўтара.