Тэатр-школа-парк-фэст

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Адной з асаблівасцяў сёлетняга фестывалю стала тое, што ў яго ўключаны ажно два розныя канцэрты Віцебскага маладзёжнага тэатра эстрады “Школа зорак”: учора ўвечары прайшла шоу-праграма Festival Рarty, дзе выступалі старшыя навучэнцы, а заўтра будзе адкрыта “Таямніца парка талентаў”, дзе сваё майстэрства прадэманструюць больш малодшыя.

Напярэдадні ж некаторымі сакрэтамі падрыхтоўкі і гэтых праграм, і саміх навучэнцаў тэатра-школы падзяліўся дырэктар Раман Рыкаў — колішні выпускнік Інстытута сучасных ведаў, культуролаг-менеджар, прадзюсар, рэжысёр.

— Наша “Школа зорак” існуе з 2012 года, — гаворыць Раман Юр’евіч. — І падобныя “справаздачныя” канцэрты для нас не ў навіну, звычайна мы ладзім іх двойчы на год: у студзені і ў канцы чэрвеня. Але на іншай пляцоўцы — непасрэдна ў Канцэртнай зале “Віцебск”, а не на спецыяльна ўсталяванай сцэне перад уваходам у яе, як цяпер. Прычым бывае адразу па тры канцэрты на адзін дзень, па дзве гадзіны кожны, надалей увогуле плануем рабіць па чатыры. Бо ў нас вучацца паўтары тысячы дзяцей, у горадзе адкрыты чатыры філіялы школы, каб навучэнцам і іх бацькам бліжэй было ездзіць, не трэба было марнаваць на гэта шмат часу. Ну, а наконт юных зорачак — сярод нашых выхаванцаў, да прыкладу, той жа Саша Мінёнак, які прадстаўляў Беларусь на Дзіцячым “Еўрабачанні — 2016”.

Сёлета летнюю серыю справаздачных выступленняў мы былі вымушаны перанесці, і ўзнікла думка прымеркаваць яе акурат да “Славянскага базару ў Віцебску”. Такія канцэрты мы ніколі не разгортваем па прынцыпе: “А зараз выступіць…”, заўжды прыдумляем якую-небудзь цікавую гісторыю, нейкую інтрыгу. Мы ж не проста школа, а яшчэ і тэатр! У нас выкладаюцца не толькі вакал і харэаграфія, але і акцёрскае майстэрства. Да таго ж, сінтэтычныя жанры набываюць сёння ўсё большую распаўсюджанасць, прыходзяць на змену больш простым нумарным структурам. Гэта і разнастайныя тэматычныя праграмы, што будуюцца вакол сэнсавага стрыжня, і канцэрты-спектаклі ці нават спектаклі-канцэрты, у залежнасці ад ролі тэатральнага складніка. Тэмай таго ж Festival Рarty сталі зборы на вечарынку, вельмі актуальныя для моладзі: што трэба, каб зладзіць цікавую імпрэзу, каго запрасіць, як сябе паводзіць і да таго падобнае. Вядома, абыгрываецца і праграма сёлетняга “Славянскага базару…”: героі, да прыкладу, абмяркоўваюць, ці завітае да нас Філіп Кіркораў. А “Таямніца парка талентаў” увогуле будуецца вакол ідэі парка забаў, якая стала скразной на сёлетнім Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск — 2020”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"