Не баяцца быць смелымі

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Сёння на “Славянскім базары ў Віцебску” адбудзецца ХVIII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс. Удзельніцай ад нашай краіны выступае 14-гадовая стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Ангеліна Ламака. Журы ўзначальвае наш знакаміты спявак Аляксандр Саладуха.

— У якасці старшыні журы такога прэстыжнага міжнароднага спаборніцтва, — распавёў напярэдадні заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, — я апынуся ўпершыню за 33 гады маёй спеўнай кар’еры. Таму я вельмі ўдзячны ўсім, хто прымаў такое рашэнне. Гэты фестываль для мяне — шмат у чым знакавы. А Летні амфітэатр у Віцебску ўвогуле можа адлічваць прыступкі маіх творчых дасягненняў: на гэтай сцэне я тройчы даваў свае сольнікі. Першы такі канцэрт прайшоў у 1997 годзе — акурат у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. Другі — праз дзесяцігоддзе, у верасні 2007-га. Трэці сольнік — у 2012-м. Ну, а колькі я тут выступаў у гала-канцэртах, увогуле не злічыць.

Ёсць у мяне і вопыт судзейства дзіцячых спаборніцтваў. Так, я ўдзельнічаў у складзе журы дзіцячага музычнага тэлевізійнага конкурсу “Я спяваю!”, што праводзіла АНТ. Прычым “журыў” цягам трох сезонаў. І заўважыў такую дэталь: перамагае найперш той, хто верыць у перамогу. Гэтай веры ў перамогу і ў саміх сябе я хачу пажадаць усім юным канкурсантам, якія збяруцца ў Віцебску.

Вера, вядома, павінна быць падмацавана заняткамі, рэпетыцыямі, іншымі намаганнямі, і ўсё гэта ёсць у кожнага за плячыма. Таму ўсім — удачы! Не бойцеся быць смелымі, разняволенымі, не бойцеся верыць у свае здольнасці і ажыццяўляць свае творчыя мары. Бо пераможцамі ў такіх конкурсах становяцца не толькі тыя, хто атрымаў прэмію, прыз — усё тое, што можна “памацаць”. Галоўная перамога кожнага ўдзельніка — гэта перамога над самім сабой, а значыць — над сваімі страхамі, комплексамі, пераадоленне нейкіх унутраных бар’ераў, дасягненне новай планкі, якая калісьці ўспрымалася немагчымай. Я з радасцю еду ў Віцебск — і гэткай жа радасці жадаю ўсім удзельнікам і гледачам не толькі, дарэчы, дзіцячага конкурсу, але і іншых канцэртаў і мерапрыемстваў у фестывальныя дні.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"