Можна толькі пазайздросціць

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Нашу краіну на ХХІХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2020”, які пройдзе заўтра, будзе прадстаўляць 23-гадовы Раман Волазнеў — артыст ансамбля “Сябры”, выпускнік ГИТИСа і Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога, тройчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Старшынёй журы прызначаны народны артыст Расіі Алег Газманаў. Яго калегай па конкурсным судзействе будзе наша знакамітая салістка Іна Афанасьева.

— Падобныя творчыя конкурсы, — разважае член журы, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, — гэта не толькі талент і працавітасць, а яшчэ і ўдача. Кожнаму хочацца ўтрымаць сваю птушку шчасця, ды не ўсім яна даецца, калі марыш злавіць. А здараецца, і сама абірае таго, да каго прыляціць — такая ўжо яна свавольніца. Таму, прызнацца, у ролі члена журы — а тым больш, на такім “конкурсе конкурсаў” — я адчуваю сябе крыху няёмка, нават нязручна. Зразумела, я буду імкнуцца ацэньваць як мага больш аб’ектыўна, але сама па сабе аб’ектыўнасць у мастацтве — рэч вельмі складаная. Ніводны чалавек, нават прафесіянал, не можа выказаць ісціну, як кажуць, у апошняй інстанцыі. Бо ў кожнага — свае густы і мастацкія погляды. Невыпадкова самыя перспектыўныя, здавалася б, творчыя памкненні часам атрымліваюць спрэчныя ацэнкі, супярэчлівыя меркаванні. Дагадзіць усім немагчыма. І канкурсанты павінны арыентавацца зусім не на гэта. Вельмі важна не толькі тое, якія ў іх вакальныя дадзеныя, але і тое, якое ўражанне яны пакідаюць, выходзячы на сцэну. Гэта нельга “пралічыць”, адрэпеціраваць, зрэжысіраваць. Гэта нейкая хімія, як у каханні. Здараецца, спявак не валодае ні вялізным дыяпазонам, каб скараць віртуознасцю, ні шалёнымі грашыма, каб заварожваць сваім шоу, а ўсё роўна захоплівае — шчырасцю, энергетыкай, моцным пасылам у залу, што адгукаецца ў сэрцах слухачоў.

Таму маладым спевакам я хацела б пажадаць, акрамя ўсяго, яшчэ і той радасці, што бывае ад самога выхаду на сцэну — тым больш, на такую славутую, як Летні амфітэатр у Віцебску. Упершыню я прыехала туды, калі пляцоўка толькі дабудоўвалася. І мяне адразу ахапіла нейкая эйфарыя! Тое першае ўражанне немагчыма забыць, яно заўсёды застанецца з табой. Так што можна толькі пазайздросціць тым, хто сёлета выступіць на гэтай сцэне ўпершыню. Ці ўпершыню апынецца на самім фестывалі. Бо “Славянскі базар у Віцебску”, колькі б яго ні крытыкавалі па тых ці іншых прычынах, — гэта знакавая падзея, брэнд нашай краіны. І адначасова светлае, прыгожае, цёплае свята, азоранае гасціннасцю, шматлікімі сустрэчамі з сябрамі.