— Падобныя творчыя конкурсы, — разважае член журы, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, — гэта не толькі талент і працавітасць, а яшчэ і ўдача. Кожнаму хочацца ўтрымаць сваю птушку шчасця, ды не ўсім яна даецца, калі марыш злавіць. А здараецца, і сама абірае таго, да каго прыляціць — такая ўжо яна свавольніца. Таму, прызнацца, у ролі члена журы — а тым больш, на такім “конкурсе конкурсаў” — я адчуваю сябе крыху няёмка, нават нязручна. Зразумела, я буду імкнуцца ацэньваць як мага больш аб’ектыўна, але сама па сабе аб’ектыўнасць у мастацтве — рэч вельмі складаная. Ніводны чалавек, нават прафесіянал, не можа выказаць ісціну, як кажуць, у апошняй інстанцыі. Бо ў кожнага — свае густы і мастацкія погляды. Невыпадкова самыя перспектыўныя, здавалася б, творчыя памкненні часам атрымліваюць спрэчныя ацэнкі, супярэчлівыя меркаванні. Дагадзіць усім немагчыма. І канкурсанты павінны арыентавацца зусім не на гэта. Вельмі важна не толькі тое, якія ў іх вакальныя дадзеныя, але і тое, якое ўражанне яны пакідаюць, выходзячы на сцэну. Гэта нельга “пралічыць”, адрэпеціраваць, зрэжысіраваць. Гэта нейкая хімія, як у каханні. Здараецца, спявак не валодае ні вялізным дыяпазонам, каб скараць віртуознасцю, ні шалёнымі грашыма, каб заварожваць сваім шоу, а ўсё роўна захоплівае — шчырасцю, энергетыкай, моцным пасылам у залу, што адгукаецца ў сэрцах слухачоў.
Таму маладым спевакам я хацела б пажадаць, акрамя ўсяго, яшчэ і той радасці, што бывае ад самога выхаду на сцэну — тым больш, на такую славутую, як Летні амфітэатр у Віцебску. Упершыню я прыехала туды, калі пляцоўка толькі дабудоўвалася. І мяне адразу ахапіла нейкая эйфарыя! Тое першае ўражанне немагчыма забыць, яно заўсёды застанецца з табой. Так што можна толькі пазайздросціць тым, хто сёлета выступіць на гэтай сцэне ўпершыню. Ці ўпершыню апынецца на самім фестывалі. Бо “Славянскі базар у Віцебску”, колькі б яго ні крытыкавалі па тых ці іншых прычынах, — гэта знакавая падзея, брэнд нашай краіны. І адначасова светлае, прыгожае, цёплае свята, азоранае гасціннасцю, шматлікімі сустрэчамі з сябрамі.