Хто каго пераспявае?

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

ХХІХ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2020” пройдзе на “Славянскім базары ў Віцебску” таксама ў новым фармаце. Па-першае, абедзве песні прагучаць у адзін дзень, а менавіта заўтра, толькі ў розных канцэртах. Па-другое, выкананне ўдзельнікамі славянскага хіта стане часткай канцэрта “Беларусь вітае сяброў”, вольная ж праграма канкурсантаў упрыгожыць заключны гала-канцэрт усяго фестывалю мастацтваў. Нарэшце, конкурсныя выступленні ўпершыню будзе суправаджаць Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.

/i/content/pi/cult/807/17308/03.jpg— Наш калектыў, — расказаў напярэдадні галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў, — упершыню задзейнічаны ў гэтым конкурсе. Але ў самім фестывалі мы ўдзельнічалі літаральна штогод. Дый вопыт іншых спеўных спаборніцтваў у нас маецца. Гэта не толькі Адкрыты Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіне, але і Міжнародныя “Галасы свету” ў Малдове, куды мы былі запрошаны суправаджаць выступленні канкурсантаў у 2005 і 2006 гадах. Да цяперашняга спаборніцтва аркестр цалкам гатовы. Вядома, многія пытанні папярэдне вырашаліся з канкурсантамі і іх прадстаўнікамі па тэлефоне, з дапамогай анлайн-сувязі. Усе аранжыроўкі для нашага складу зрабіў вельмі добры музыкант, былы гітарыст аркестра Уладзіслаў Мазуркевіч. Атрымаліся, як высветлілася, нават залішнія — для тых спевакоў, хто, на жаль, прыехаць не зможа, бо ў многіх краінах свету сітуацыя ўсё яшчэ складаная. Мы запісалі гэтыя аркестравыя “мінусоўкі” і, каб не было неспадзяванак, даслалі канкурсантам праз інтэрнэт. Хай пазнаёмяцца, прызвычаюцца да новага інструментальнага гучання, пачнуць спяваць быццам “з аркестрам”. Гэта вельмі важна, бо некаторыя дагэтуль не мелі такой магчымасці, выступалі выключна пад фанаграму ці ў суправаджэнні маленькага ансамбля. Да таго ж, паводле традыцыі, многія з маладых вакалістаў прыязджалі напярэдадні ў Мінск: рэпетыцыі тут былі 15 — 16 ліпеня. Але так склаліся абставіны, што з кімсьці мы сустрэнемся толькі ў Віцебску, непасрэдна перад пачаткам конкурсу.

Увогуле, як распавёў мой суразмоўца, праграма “Беларусь вітае сяброў” складаецца з некалькіх блокаў. Першымі выйдуць на сцэну члены журы. Кожны з іх праспявае з аркестрам адзін куплет песні са свайго рэпертуару. Чарговы парафраз, толькі цалкам інструментальны, прагучыць далей, аддзяляючы выступленні журы ад спеваў канкурсантаў. Гэту фантазію, як і папярэднюю, стварыў таленавіты аранжыроўшчык Леў Карпенка, з якім аркестр супрацоўнічае літаральна з моманту свайго нараджэння. У кампазіцыю ўключаны мелодыі славянскіх хітоў.

Нарэшце, яшчэ адна музычная віктарына чакае публіку ў пачатку канцэртных выступленняў, што будуць ісці адразу за конкурснымі.

— Гэта ўверцюра, — працягвае Віталь Кульбакоў, — складаецца з самых, бадай, пазнавальных беларускіх мелодый. Тут ёсць і народныя, і аўтарскія — з рэпертуару самых знакамітых айчынных калектываў і салістаў. Для слухачоў — быццам усё проста, для аркестрантаў — дастаткова складана. Бо атрымалася партытура з выканальніцкімі разыначкамі, некаторыя тэмы сплятаюцца поліфанічна, гучаць у нязвыклым атачэнні. Самім музыкантам цікава гэткія рэбусы разгадваць!

У самім жа канцэрце ўдзельнічаюць “Песняры”, “Сябры”, Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, “Чысты голас”, Вікторыя Алешка, Аляксей Хлястоў, Алёна Ланская, Тарыэл Майсурадзе, Яўген Курчыч і іншыя вядомыя выканаўцы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ