На пляцоўцы пад старым вязам

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Рамантык Ваньковіч праз прызму бачання сучаснага скульптара
Сто гадоў таму Велімір Хлебнікаў сказаў: “Задачай працы мастакоў было даць кожнаму віду прасторы асаблівы знак. Ён павінен быць простым і не быць падобным да іншых”. Разумею, што тут гаворка ідзе пра рэформу знакавай сістэмы мовы. Але і ў дачыненні да выяўленчага мастацтва сутнасць не мяняецца. І мне здаецца, што творчасць знакамітага беларускага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава цалкам адпавядае формуле выбітнага паэта-рэфарматара. Яго асаблівыя знакі - “свабода духу”, “эстэтыка духу” — уключаюць у сябе не толькі ўласна свабоду мыслення, фантазіі, палёту ў нязведаныя сусветы далёкага і нядаўняга мінулага, але і свабоду стэка і пантографа, уменне віртуозна “жангліраваць” пластычнымі аб’ёмамі, складанай прасторай, лініяй, фактурай.

/i/content/pi/cult/806/17304/021.jpgСлабодчыкаў упэўнены, што чалавек з яго гістарычнай памяццю існуе незалежна ад часу і прасторы ды можа вольна пераносіцца з аднаго вымярэння ў іншае, з адной эпохі ў другую. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, як настойліва мастак імкнецца ў сваёй творчасці знайсці той самы запаветны ключ, які раскрыў бы браму невядомага свету. У гэтым свеце смутак і роспач суседнічаюць з радасцю, адзінота — з імгненнямі шчасця, прадчуванне чалавечай трагедыі — з бестурботнай казкай дзяцінства, сацыяльныя расчараванні — з нараджэннем нацыянальнай самасвядомасці. У скульптурах Слабодчыкава ўспыхваюць і згасаюць надзеі, здабываецца шлях у бясконцы свет. Там ілюзіі — дзверы і сцежкі, заблытаныя лабірынты з адной замкнёнай сферы ў іншую. Там “верх” і “ніз”, белае і чорнае, радасць і сум, асалода і боль. Але ў гэтай драме быцця - творчасць. Майстар нязменна адкрывае ў ёй чароўнае выйсце — люк, шчыліну, пробліск — заўсёды да Святла.

Пільнае вока можа прыкмеціць, што Слабодчыкаў у сваёй творчасці — хай гэта будуць станковыя партрэты, або помнікі ці мемарыяльныя знакі, або малая пластыка — нярэдка звяртаўся да аднаго і таго ж аднойчы ўпадабанага ім вобраза, канкрэтнага або абагульненага. Але ў розных яго версіях і выявах. Сярод такіх вобразаў, напрыклад, былі Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч, Янка Купала і Станіслаў Манюшка, Стэфанія Станюта і Ларыса Александроўская, Уладзіслаў Галубок і Іван Навуменка, Алег Алоўнікаў і Гаўрыла Вашчанка, Феафан Грэк і Рагнеда, Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі, а таксама Алексій II і Сямён Зорыч. Як правіла, гэта былі асобы, у той ці іншай меры сугучныя душы аўтара.

І асаблівае месца ў гэтым пашанотным пераліку займае выдатны — ды, на жаль, доўгі час прызабыты — беларускі мастак першай паловы XIX стагоддзя Валенцій-Вільгельм Ваньковіч, чые 220-я ўгодкі не надта гучна адзначаліся сёлета ў маі. Многія сёння ўспрымаюць яго вобраз менавіта скрозь прызму бачання сучаснага скульптара. Што і нядзіўна: да адлюстравання гэтай постаці Уладзімір Слабодчыкаў звяртаўся не менш за пяць разоў, не лічачы шматлікіх гіпсавых эскізаў і мадэляў. Распавядзем пра гэтую працу падрабязна.

23 снежня 2010 года ў Мінску, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, перад музеем “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя”, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, была ўрачыста адкрытая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная мастаку-рамантыку. Суаўтарамі Уладзіміра Слабодчыкава выступілі архітэктары Юрый Казакоў і Ірына Дорахава. Гэтыя факты можна знайсці ў любой энцыклапедыі. Але мала хто ведае, што праца над творам — ад пачатку яго праектавання да ўстаноўкі — заняла больш за дзесяць гадоў! Тэрмін даволі працяглы, і на тое былі свае важкія прычыны.

/i/content/pi/cult/806/17304/022.jpg— Па-першае, такі помнік лічыўся не вельмі актуальным для таго часу — пагатоў, Валенцій Ваньковіч быў яшчэ мала вядомы нават у коле інтэлігенцыі, — распавядае сам Уладзімір Слабодчыкаў. — Ды і ніводнага яго жывапіснага палатна ў музеях Беларусі тады не было. Па-другое, даволі доўга ішла рэканструкцыя сядзібы роду Ваньковічаў у Верхнім горадзе для арганізацыі ў ёй Дома-музея гэтай знакамітай сям’і: будаваўся флігель, планаваўся двор… Таму месца для помніка ўвесь час было як бы “ў руху”. Прытармазіў ход справы і недахоп фінансаў, патрэбных для ўстаноўкі ўжо адлітага ў бронзе помніка. Вось таму ўсё так і зацягнулася .

А пачыналася гэтая доўгая эпапея з помнікам яшчэ ў 1986 годзе, калі па праекце Ірыны Дорахавай ужо ішла рэстаўрацыя Дома Ваньковічаў. Пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на вуліцы Валоскай (цяпер — Інтэрнацыянальная), ён належаў сваяку мастака Эдварду Ваньковічу і доўгі час быў своеасаблівым творчым салонам культурнай эліты той эпохі. Тут за “круглым сталом” у розны час збіраліся аднадумцы — выбітныя музычныя дзеячы, літаратары, мастакі, філосафы. У іх ліку — Ян Дамель, Томаш Зан, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Маеўскі, Юльян Корсак... Завітвалі і музыканты з еўрапейскай вядомасцю — Станіслаў Манюшка, Марыя Шыманская, Караль Ліпіньскі.

Зразумела, пан Валенцій тут гасцяваў часцей за іншых — хаця пастаянна пражываў у сядзібе свайго бацькі Малая Сляпянка, тагачасным прадмесці Мінска, дзе пасля заканчэння Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў ён стварыў сабе шыкоўную майстэрню.

Дык вось, яшчэ ў 1986 годзе Ірына Дорахава прапанавала Уладзіміру Слабодчыкаву распрацаваць праект камернага бюста-помніка Ваньковічу для ўстаноўкі перад гэтым мемарыяльным музеем. Скульптар пагадзіўся і ўзяўся за працу, папярэдне вывучыўшы ўсе даступныя дакументы, уключаючы ўспаміны сучаснікаў і выяўленчыя матэрыялы пра жыццё і творчасць жывапісца — па сутнасці, амаль забытага на сваёй радзіме. У аснову ўласна пластычнага бачання мастака ляглі два аўтапартрэты, зробленыя Ваньковічам у тэхніцы жывапісу і сангіны. На першапачатковай стадыі працы ў якасці архітэктара быў заяўлены Анатоль Лабачэўскі, пазней яго змяніў Юрый Казакоў.

Пакуль ішла праца над партрэтам, майстэрню Слабодчыкава наведаў Анатоль Аляксандравіч Анікейчык. На скульптурным станку ўбачыў амаль скончаны бюст Валенція Ваньковіча (цяпер, адліты ў бронзе, ён знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі). Ад убачанага масціты калега быў у захапленні. Уладзімір Іванавіч шмат тады распавёў свайму былому педагогу пра жыццё Ваньковіча, пра яго сяброўства з Міцкевічам, пра сустрэчы з Пушкіным, Вяземскім, Жукоўскім, пра ўплыў на сучаснікаў, многія з якіх імкнуліся яго пераймаць і ў адзенні, і ў шляхецкіх паводзінах, і наогул у ладзе жыцця. Гэта быў рамантык да мозга касцей, які па духу нагадваў лорда Байрана —- ганарліўцу, бунтара, багаборцу, авантурыста, асобу шчодрую і адначасова скнару. Як і Байран, Ваньковіч быў для кагосьці чалавекам складаным, магчыма, у чымсьці пыхлівым, часам поўным жоўці і рэзкім. Але адначасова — ранімым, з далікатным сэрцам, з тонкай душой. Пра гэта сведчаць і яго лісты, якія цяпер знаходзяцца ў фондах Дзяржаўнага архіва Літоўскай Рэспублікі.

Анатоля Анікейчыка ўразілі аўтапартрэты Ваньковіча, паказаныя яму Слабодчыкавым у рэпрадукцыях, а таксама малюнак італьянскім алоўкам, які выяўляў Пушкіна ў свабоднай позе на ўскрайку вадаёма-фантана. Доўгі час лічылася, што гэта аўтапартрэт самога Пушкіна. Але потым, калі акантаваны малюнак быў ускрыты, на адваротным баку выявілі подпіс аўтара: “Ваньковичъ”. Аказваецца, гэта быў яго накід да жывапіснага кампазіцыйнага партрэта Пушкіна! На жаль, той партрэт не захаваўся. Аднак яго бачылі ў натуры Пётр Вяземскі, Марыя Шыманоўская, Францішак Малеўскі, пра яго 19 сакавіка 1828 года напісала ў сваім дзённіку дачка вядомай піяністкі Марыі Шыманоўскай — Цаліна (з 1834 года — жонка Адама Міцкевіча): “Перад абедам сп. Малеўскі, сп. Вяземскі і сп. Пушкін прыйшлі да нас. Спадар Пушкін прынёс альбом, у якім ён зрабіў запіс. Разам з гэтым панствам мы паехалі на Васільеўскі востраў, дзе жыве мастак Ваньковіч. Там мы ўбачылі партрэты Міцкевіча і Пушкіна, вялікія, у рост, якія ён напісаў для выставы ў Варшаве ...”

Анатоль Анікейчык загарэўся і вырашыў зрабіць у гэтую тэму і свой унёсак — балазе, ён ужо з 1982 года працаваў над цыклам сваёй Пушкініяны. Такім чынам, у 1988 годзе (за год да смерці скульптара), дзякуючы наведванню ім майстэрні Слабодчыкава, з’явілася кампазіцыя “Ваньковіч і Пушкін”. Як і на тым малюнку, Анікейчык вылепіў той самы вадаём-фантан, а побач — маладыя і натхнёныя паэт і мастак. Час найвышэйшага росквіту таленту абодвух...

Мала таго, Анатоль Аляксандравіч зрабіў і свой сустрэчны праект бюста-помніка Ваньковічу для Дома-музея — нягледзячы на тое, што заказ быў даручаны персанальна Уладзіміру Слабодчыкаву. І калі экспертны Савет па манументальным мастацтве, які ўзначальваў тады скульптар Мікалай Рыжанкоў, а з боку Міністэрства культуры — першы намеснік міністра Уладзімір Гілеп, накіраваўся ў майстэрню Слабодчыкава, Анатоль Аляксандравіч (іх майстэрні былі побач) папрасіў экспертаў заадно зазірнуць да яго, каб паглядзець і ацаніць ягоную працу. Хто ж адмовіць у такой просьбе народнаму мастаку? У выніку савет разгледзеў абедзве праектныя прапановы, але праект Слабодчыкава пасля доўгіх дыскусій атрымаў пальму першынства.

Дарэчы, прыкладна такая самая сітуацыя адбылася ў 1972 годзе з бюстам-помнікам Янку Купалу для Араў-парку пад Нью-Ёркам, калі за права стаць пераможцам змагаліся Анатоль Анікейчык, які атрымаў афіцыйны заказ, і яго настаўнік Андрэй Бембель, які прадставіў сустрэчны праект. Але тады ў выйгрышы апынуўся Анікейчык — што ў выніку, на жаль, негатыўна адбілася на асабістых узаемаадносінах паміж настаўнікам і вучнем...

У 1997 годзе Слабодчыкаў прыступіў да практычнага ажыццяўлення замовы. Партрэт адліў у гіпсе. Наперадзе чакала адліўка ў бронзе. Але тут нечакана паўстала праблема: новы склад Манументальна-экспертнага савета на чале з Іванам Міско вырашыў, што пагрудны бюст мастака для помніка занадта вялікі, хоць супрацоўнікам музея ён спадабаўся (цяпер ён у Літаратурным музеі Янкі Купалы). Праца прыпынілася... А ўжо ішоў 1999-ты год. І тады Слабодчыкаў разам з архітэктарамі Юрыем Казаковым і Ірынай Дорахавай на свае страх і рызыку прыняў неардынарнае рашэнне: ляпіць постаць Ваньковіча ў памеры больш за два метры для ўстаноўкі яе на невысокім пастаменце на пляцоўцы пад старым вязам, недалёка ад галоўнага ўвахода ў музей. Тым больш набліжаўся юбілей мастака.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"