Не хлебам адзіным, або Цалкам сучасны падыход да піяру

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Вядома, што адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця сферы культуры любога раёна Беларусі — адкрыццё ўстаноў культуры новага тыпу: Дамоў рамёстваў, фальклору, народнай творчасці. Балазе, дзейнасць па захаванні народных традыцый — не менш важная за працу па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, бо, як кажа народная мудрасць, не хлебам адзіным жыве чалавек. А як жывуць сёння Дамы і Цэнтры рамёстваў Беларусі? Пра гэта паспрабавала даведацца “К”.

/i/content/pi/cult/806/17302/018.jpgКасцюм для медыкаў

Адна з цікавых высноваў тэлефанаванняў у рэгіёны датычыць, як гэта ні дзіўна, сённяшняй праблемнай сітуацыі з каранавірусам. Так, цягам апошняга часу многія раённыя Дамы і Цэнтры рамёстваў не толькі навучалі школьнікаў сакрэтам традыцыйных нацыянальных рамёстваў, але і прымалі самы чынны ўдзел у арганізаваных акцыях па шыцці масак і медыцынскіх спецыялізаваных касцюмаў для медыкаў. Словам, у тым, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі змяняецца цяпер у значна лепшы бок, чым была раней, ёсць немалая заслуга і супрацоўнікаў айчынных РДР.

Напрыклад, менавіта пра падобную падтрымку медработнікаў мне расказалі ў раённым Доме рамёстваў і фальклору ў Гарадку, што на Віцебшчыне. Да слова, названая ўстанова існуе ў Гарадку з 1994 года, тут працуюць больш за дзясятак гурткоў традыцыйнага мастацтва, — як кажуць, на любы густ, — і выкладаюць высокакваліфікаваныя майстры. Але сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя прымусіла ўстанову крыху змяніць профіль.

— Цягам апошніх месяцаў мы шылі і маскі, і спецыяльныя касцюмы для нашых медыкаў, — кажа дырэктар Гарадоцкага РДРіФ Марына Гушча. — З дапамогай тых выкраек, якія нам перадалі, мы пашылі 10 касцюмаў і 50 масак для медыкаў бясплатна. Таксама шылі льняныя маскі на заказ — каля 500 штук.

Так што крэатыў мясцовых культработнікаў у выкананні плана платных паслуг — навідавоку. А яшчэ, каб зарабіць “капейчыну”, падчас раённых святаў супрацоўнікамі ўстановы культуры ладзяцца аўкцыёны па продажы разнастайных прадметаў, платныя майстар-класы, а ў салоне-краме “Ля Парнаса”, што працуе пры РДРіФ, вочы літаральна разбягаюцца ад шматлікіх вырабаў, выстаўленых на продаж.

— На ўсіх гарадскіх і раённых святах мы прадаём сваю прадукцыю кожнаму ахвотнаму, — кажа суразмоўца. — Іншая справа, што заробкі ад продажу сувеніраў не надта вялікія: на жаль, многія жыхары і госці Гарадка аддаюць перавагу кітайскай, а не нашай прадукцыі, зробленай з захаваннем нацыянальнага і мясцовага каларыту. Праўда, пазітыўныя тэндэнцыі ў гэтым кірунку ўсё ж ёсць і гэта не можа не радаваць.

Акрамя таго, супрацоўнікі Гарадоцкага РДР шыюць касцюмы для некаторых устаноў культуры, актыўна ўдзельнічаюць у раённым фэсце “Гарадоцкі Парнас”, прысвечаным Канстанціну Вераніцыну — аўтару знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”. Скажам, на гэтым мерапрыемстве жыхарам і гасцям Гарадка прапаноўваюць сфатаграфавацца ў народным адзенні, запрашаюць паглядзець батлейку, прадаюць стравы народнай кухні і сувеніры з эмблемай фестывалю. Праўда, сёлета свята з-за зразумелых прычын не адбылося, хоць якраз у гэтым годзе з часу напісання бессмяротнага твора прайшло роўна 165 гадоў.

— Натуральна, у мінулыя месяцы мы адчулі зніжэнне цікавасці да нашай установы з боку наведвальнікаў, — кажа Марына Гушча. — Праўда, экскурсіі ўсё адно ладзіліся невялікімі групамі ў некалькі чалавек, праводзіліся майстар-класы.

Акрамя таго, падчас зніжэння колькасці наведвальнікаў супрацоўнікі ўстановы культуры не адпачывалі, а працавалі над іншымі планавымі заданнямі. Напрыклад, распрацоўвалі буклеты па вырабе традыцыйнага, стылізаванага і вясельнага касцюмаў Гарадоцкага краю, паўдзельнічалі ў арт-сустрэчы “На крылах натхнення”, дзе прадставілі гасцям займальны майстар-клас па набойцы, прынялі чынны ўдзел у конкурсах.

І апошняе. Не магу не згадаць, што сама Марына Гушча не так даўно атрымала Прэзідэнцкі грант на рэалізацыю праекта па развіцці тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна, унесенага ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь (туды ж, дарэчы, днямі была ўнесена і яшчэ адна мясцовая традыцыя — спіральнае пляценне). Згодна з задачамі гранта, у раёне запланавана правядзенне выстаў і конкурсаў па ткацтве, адпаведныя майстар-класы, а яшчэ — закупка дадатковых ткацкіх станкоў і іншага абсталявання. Акрамя таго, на сёлетняй выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі Марына Гушча была ўзнагароджаная нагрудным знакам “За ўклад і развіццё культуры Беларусі”. Так што справы прапаганды рамёстваў і фальклору ў Гарадоцкім раёне знаходзяцца ў руках сапраўднага прафесіянала.

Конкурсы ў рэжыме анлайн

Эпоха каранавіруса прымусіла таксама крыху змяніць традыцыйныя формы работы і ў Акцябрскім раённым Доме рамёстваў, што на Гомельшчыне. Як кажа дырэктар установы Таццяна Халадок, яны заўважылі змяншэнне колькасці сваіх наведвальнікаў яшчэ некалькі месяцаў таму.

— Сышлі ў інтэрнэт, дзе ў сацыяльных сетках прапаноўвалі сваім наведвальнікам паўдзельнічаць у конкурсах і праектах, — кажа Таццяна Халадок. — Таксама цяпер у нас працуюць летнія пляцоўкі, на якіх мы даем шанс усім паўдзельнічаць у пазнавальных конкурсах. А нядаўна вярнуліся з Мінска, дзе на “Дні вышыванкі” зладзілі выставу, на якой дэманстравалі тканыя ручнікі, паясы, тканы жаночы касцюм і сувенірныя лялькі ў нацыянальных строях ды многія іншыя рэчы.

Паўдзельнічалі супрацоўнікі Акцябрскага РДР, як і іншыя іх калегі, і ў аказанні дапамогі мясцовым медыкам падчас каранавіруса.

— Нам далі недзе два — тры заказы на пашыў медыцынскіх масак і нашы майстры з ахвотай уключыліся ў гэтую патрэбную і надзённую справу, — кажа кіраўнік установы культуры. — Такім чынам, агулам мы пашылі прыкладна 500 масак, якія былі вельмі запатрабаваны не толькі ў медыцынскіх установах, але і жыхарамі нашага гарадскога пасёлка.

Паспяхова працуе Акцябрскі РДР і ў справе прыцягнення дадатковага пазабюджэтнага фінансавання праз продаж сувенірнай прадукцыі.

— У нас ёсць невялікая салон-крама, дзе кожны наведвальнік можа набыць той або іншы выраб, зроблены нашымі майстрамі, — кажа Таццяна Халадок. — Акрамя таго, вывозім сувенірную прадукцыю на продаж, калі ўдзельнічаем у шматлікіх выставах і фестывалях па ўсёй Беларусі. Дадам, што менавіта продаж сувенірнай прадукцыі дапамагае нам сёння выконваць план платных паслуг.

Цягам апошніх месяцаў супрацоўнікі працягвалі метадычную дзейнасць, ствараючы буклеты і дапаможнікі па розных кірунках традыцыйнага мастацтва. А яшчэ на аснове сабранага і апрацаванага матэрыялу ў творчых майстэрнях сёння адноўленыя або ствараюцца калекцыі тканых ручнікоў, плеценых паясоў, лялек-абярэгаў, народных саламяных і гліняных цацак ды многія іншыя.

Майстар-класы на YouTube

І ў іншых Дамах і Цэнтрах рамёстваў Беларусі праца ў новых фарматах ідзе поўнай хадой. Скажам, на YouTube-канале “Культура Глыбоччыны” можна сёння пабачыць майстар-класы супрацоўнікаў Глыбоцкага Дома рамёстваў. Так, майстар Юлія Арэхава распавядае пра сакрэты саломкапляцення, а Алена Дабравольская прапануе павучыцца рабіць вырабы з бісеру. Да слова, на тым жа канале можна пабачыць ролікі, запісаныя як мясцовымі клубнымі супрацоўнікамі, так і бібліятэкарамі.

Яшчэ адзін YouTube-канал Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна запрашае ў мясцовы Дом рамёстваў з паэтычнай назвай “Стары млын”. З дапамогай відэаролікаў кожны можа засвоіць сакрэты вырабу абрадавай лялькі “Зернавушка” або тое, як зрабіць гліняны званочак. А яшчэ тут можна віртуальна прайсціся з экскурсіяй па залах Дома рамёстваў ці ўбачыць сакрэты стварэння мясцовай стравы заходніх раёнаў Віцебшчыны “Клёцкі з душамі”, традыцыя прыгатавання якой, да слова, унесена ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Бачна нават па відэа: смаката неверагодная!

Акрамя таго, Дамы рамёстваў шчыруюць і ў сацыяльных сетках. Напрыклад, днямі Ганцавіцкі Дом рамёстваў на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак размясціў відэаролік з відэапраекта “З народнымі традыцыямі ў новы век”, у якім дырэктар установы Ала Занька расказвае пра некаторыя нюансы сваёй дзейнасці. Акрамя таго, у гэтай жа ўстановы ў сацыяльнай сетцы ёсць і асобная старонка пад назвай “Этнакрама Дома рамёстваў. Ганцавічы” — своеасаблівая мясцовая віртуальная этна-вітрына з вырабамі мясцовых майстроў.

Як адзначаецца на згаданай інтэрнэт-старонцы, Дом рамёстваў прапануе шырокі выбар тканых і вышытых рэчаў (ручнікі, абрусы, сурвэткі, саматканыя ходнікі і палавікі, тканыя і вышытыя мужчынскія і жаночыя кашулі, майкі, спадніцы), рэчы для інтэр’ераў, сувенірныя вырабы, а таксама прымае замовы на выраб рэчаў па індывідуальным заказе. Што ж, цалкам сучасны падыход да піяру і “раскруткі” не толькі сваёй дзейнасці, але і па продажы сувенірнай прадукцыі. Думаю, не памылюся, калі скажу, што падобны інтэрнэт-крэатыў цягам наступных гадоў стане не “разыначкай”, а звычайнай будзённасцю ўсіх айчынных Дамоў і Цэнтраў рамёстваў. Бо што ні гавары, а сяброўства з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі заўсёды ідзе на карысць установам культуры Беларусі, што, дарэчы, яшчэ раз яскрава пацвердзіла і сёлетняя неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"