Парад крэатыўных кніжніц

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Падведзены вынікі XXVIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”
Як вядома, прафесійны рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — праводзіцца штогод сярод публічных бібліятэк краіны ў два этапы (абласны і рэспубліканскі). Сёлета ў рэспубліканскім этапе конкурсу прынялі ўдзел 35 бібліятэк. 14 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў анлайн рэжыме былі падведзены вынікі ХХVIII рэспубліканскага конкурсу за 2019 год. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных бібліятэк, цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк сталіцы, грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”. З дапамогай “воблачных” тэхналогій члены журы атрымалі магчымасць азнаёміцца з дасланымі матэрыяламі напярэдадні пасяджэння і пісьмовым галасаваннем вызначыць пераможцаў сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе, і бібліятэк, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу, сельскіх населеных пунктах, адзначыць бібліятэкі да заахвочвання. Пераможцамі сталі 22 публічныя ўстановы ў чатырох намінацыях: “За пошукавую і даследчую працу”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”,“За падтрымку і развіццё чытання”,“За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы”. Дзесяць бібліятэк журы прадставіла да заахвочвання.

/i/content/pi/cult/806/17301/016.jpgАдпаведна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 93 ад 15 чэрвеня 2020 года “Аб выніках XXVIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” бібліятэкі-пераможцы атрымаюць дыпломы першай, другой, трэцяй ступені і грашовыя прэміі ў памерах 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна. Бібліятэкам, прадстаўленым журы да заахвочвання, выдаткаваны грашовыя прэміі ў памеры 10 базавых велічынь.

Найбольшая колькасць работ (11) была прадстаўлена ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”.

Бібліяграфічны даведнік і мастацкі салон

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка за выданне бібліяграфічнага даведніка “Памяць горада Гродна ў манументальнай скульптуры”, адкрыццё для аддаленага карыстальніка электроннага інфармацынага рэсурсу “Манументальная памяць горада Гродна”. Рэсурс прадстаўляе цыкл з трох баз дадзеных “Ганаровыя грамадзяне”, “Кніга славы” і “Манументальная памяць”.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі адзначана Казлоўская сельская бібліятэка Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк за рэалізацыю 12 праектаў краязнаўчага кірунку. Найбольш значныя з іх: брэнд-праект “Музей малой радзімы як увасабленне памяці пакаленняў”, сацыяльны праект “Парк памяці”, патрыятычны праект “#НіколіЗноў”, даследчыцкі праект “Зніклыя, але не забытыя”, краязнаўчы праект “10 імён Казлоўкі”, культурна-пазнавальны праект “Казлоўка. Кропка на карце” і гэтак далей. Вынікам вялікай даследчай працы бібліятэкі стала адкрыццё музея малой радзімы і помніка парычанам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны; выданне кніг “Блізкае далёкае: гісторыя населеных пунктаў Парыцкага сельскага Савета” і “Чырвонай кнігі Светлагорскага раёна”; стварэнне 10-ці ўласных электронных рэсурсаў, у ліку якіх “Летапіс аграгарадка”, “Гісторыя населеных пунктаў Парыцкага сельскага Савета”, “Землякі”, “Што ў прозвішчы тваім?” і іншае.

Другую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава за плённую пошукавую і даследчую працу па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны раёна праз рэалізацыю праекта “Вартыя памяці людской …”

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, лепшай прызнана Сасноўская сельская бібліятэка Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за імідж-праект “Радавод уладальнікаў зямлі сасноўскай”. Тут вывучаны радавод землеўладальнікаў Віцебскага краю Магучых і Шавярноўскіх, патомкі якіх пражываюць ў Расіі і Польшчы. Адшуканы прамы нашчадак роду ў 6-м пакаленні Андрэй Магучы — рэжысёр Санкт-Пецярбургскага драматычнага тэатра імя Георгія Таўстаногага.

Дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” прысуджаны Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Герцэна сеткі публічных бібліятэк Гомеля за дзейнасць літаратурна-мастацкага салона “Сустрэчы на Замкавай”, які з’яўляецца цэнтрам зносін чытачоў і творчай інтэлігенцыі горада, месцам сустрэч аматараў літаратуры і гомельскіх пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў. Знакавым для горада і яго жыхароў стаў інавацыйны праект “Музей аўтографа”, які працуе ў рэжыме мастацкай галерэі і дзе сабрана больш за 2000 аўтографаў выдатных сучаснікаў на афішах, плакатах, запрашальных білетах, канвертах, паштоўках, фатаграфіях, кнігах, дысках і іншых прадметах. Створана электронная паўнатэкставая база дадзеных “Віртуальны музей аўтографа”.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк стала Лунінская сельская бібліятэка Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за плённую пошукавую дзейнасць па даследаванні і папулярызацыі матэрыялаў ураджэнца вескі Лунін — журналіста, пісьменніка і даследчыка Мікалая Елянеўскага (1948 — 2003). Вынікам пошукава-даследчыцкай дзейнасці бібліятэкі стала стварэнне адпаведнага электроннага рэсурсу. Па ініцыятыве Елянеўскага ў вёсцы Лунін пакладзены пачатак правядзення абласнога літаратурнага свята “Лунінская восень”, ажыццяўляўся пошук і вывучэнне ўнікальнай працы святара Платона Ціхановіча (1838 - 1922) “Беларуская граматыка” — першай беларускай граматыкі, у аснову якой пакладзена мова палешукоў.

У намінацыю “За падтрымку і развіццё чытання” бібліятэкамі было даслана 9 работ.

“Бібліякроха” і свята паэзіі

Першую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы за сістэматычную і мэтанакіраваную працу па далучэнні дзяцей і бацькоў да чытання і рэгулярнага наведвання бібліятэкі, прасоўванне лепшых узораў літаратуры ў сферу дзіцячага чытання, адраджэнне традыцый сямейнага чытання праз рэалізацыю культурна-асветніцкага праекта “Бібліякроха”.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, лепшай адзначана Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота за стварэнне лічбавай медыяпрасторы праз рэалізацыю двух бібліятэчных праектаў: “Вяртаем вялікія імёны” (2018 — 2019) па папулярызацыі жыцця і творчасці класіка беларуска-польскай літаратуры Адама Міцкевіча і “Адкрываем новыя імёны“ (2018 — 2019) па знаёмстве і прасоўванні твораў сучасных беларускіх аўтараў, у тым ліку аўтараў Баранавіцкага рэгіёна.

Другое месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк журы прысудзіла Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа за інавацыйнае прасоўванне кнігі ў чытацкае асяроддзе, за музей беларускай кнігі, музейны пакой ураджэнца Слонімшчыны, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паэта, пісьменніка, навукоўца і перакладчыка Алега Лойкі.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк стала Бабіцкая сельская бібліятэка Чачэрскай цэнтральнай раённай бібліятэкі за выхаванне пачуцця годнасці слаўнага мінулага роднага краю, паважлівых адносін да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў, за праект “Бібліялужок”.

На трэцяе месца ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” намініравана Дрыбінская дзіцячая бібліятэка-філіял за вывучэнне і захаванне шапавальства, якое мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, за вывучэнне “Катрушніцкага лемезеня”.

Трэцюю прэмію сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк журы прысудзіла Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі за свята паэзіі, прымеркаванае да дня нараджэння беларускай паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Мерапрыемства стала брэндавым і з кожным годам набывае новыя рысы, становіцца больш шырокім і напоўненым.

У намінацыю “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” на разгляд журы было прадстаўлена 8 работ.

Валанцёры і лялечны тэатр

Першую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Лёзненская цэнтральная раённая бібліятэка за мэтавую праграму “Беларускія вёрсты перамогі. Лёзненскі радок” (2018 — 2019 ), за выдавецкую дзейнасць.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі стала сельская бібліятэка аграгарадка Кальчуны Ашмянскай раённай бібліятэкі за далучэнне моладзі да чытання і кнігі, а праз іх — да вытокаў нацыянальнай культуры і літаратуры. Пры рэалізацыі праграмы “Рабі дабро разам з намі” створана і паспяхова дзейнічае валанцёрская група — для абслугоўвання маленькіх наведвальнікаў, пажылых людзей і чытачоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

На другое месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк вылучана Быхаўская раённая дзіцячая бібліятэка за праект “Лялячны тэатр сваімі рукамі”, пры рэалізацыі якога пры бібліятэцы арганізаваны лялечны гурток “Куклаград”; за метадычны дапаможнік — краязнаўчы лэпбук “Падарожжа па Быхаўшчыне”, размешчаны на сайце Быхаўскай ЦБС.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” было прадстаўлена толькі дзве работы, адна з якіх не набрала дастатковай колькасці балаў да ўзнагароджання.

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” бібліятэкамі было даслана 7 работ.

Інфаграфіка і адроджанае рамяство

На першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк намінавана Баранавіцкая ЦБС за крэатыўны падыход да папулярызацыі здабыткаў нацыянальнай літаратуры з дапамогай інфаграфікі, стымуляванне бібліятэчных спецыялістаў да павышэння прафесійнай кампетэнцыі шляхам арганізацыі і правядзення гарадскога конкурсу сярод бібліятэкараў “Папулярызацыя беларускай кнігі і чытання сродкамі інфаграфікі”.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, дыпломам першай ступені адзначана Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства Свіслацкай раённай бібліятэкі за адраджэнне ганчарства, далучэнне дзяцей і падлеткаў гарадскога пасёлка Поразава да культурных каштоўнасцяў, рэалізацыю праекта па адкрыцці на базе бібліятэкі музейнага пакоя “Мастацтва гліны і агню”, за праект па далейшым развіцці музейнага пакоя “Адроджанае рамяство”.

Другая прэмія сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэцы за тэкстыльны арт-праект “Мяккая Радзіма”.

Другое месца ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” заняла Сялецкая сельская бібліятэка-філіял Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы за стварэнне віртуальнай літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты”.

Дыпломам трэцяй ступені сярод гарадскіх і раённых бібліятэк адзначана Смаргонская раённая бібліятэка за віртуальны інфармацыйна-пазнавальны праект “Смаргоншчына: ведай свой край”.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, на трэцюю прэмію журы вылучыла Грабянецкую бібліятэку-клуб Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі за свята “Грабянецкі бульбафэст”.

Вольга КАКШЫНСКАЯ, галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота прадастаўлена бібліятэкай