“Трэба дома бываць часцей…”

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Зацемкі на палях карты вандровак у дні кароткага сямейнага адпачынку
Як і многія мае суайчыннікі ў свой законны працоўны адпачынак мы з жонкай імкнемся наведаць экзатычныя мясціны з ліку тых, што на ўзбярэжжы якога-небудзь мора. Пажадана цёплага. Былі ў Балгарыі, Чарнагорыі, Каталоніі, на Сіцыліі. Менавіта праз параўнанне са згаданым замежжам пераканаўся, што Беларусь — цудоўная краіна. Зразумела, мора было б нам не лішнім, бо відавочна вабіць беларусаў вялікая вада. Але сёлета здарылася неспадзяванка…

/i/content/pi/cult/806/17297/010.jpgПандэмія, самаізаляцыя, закрытыя межы… Але не бывае так у жыцці, каб кепскае ды на нешта добрае не вывела. Сітуацыя, што склалася, падвяла да думкі, што вядомая барадулінская тэза “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем”, пэўным чынам датычыць не толькі вяскоўцаў, што, атабарыўшыся ў горадзе, забыліся на родную хату, але і нас, карэнных гараджан. Я нарадзіўся ў Мінску, жонка — у Гродне. Жывем у прыгарадзе сталіцы і за Мінскую акружную выбіраемся амаль выключна ў камандзіроўкі. Так што свой вялікі дом — Беларусь, хоць і ведаем, але ўсё ж недасканала. Вырашылі гэту хібу выправіць.

Парадай нам дапамог сусед па лецішчы Уладзімір Цвірка, які склаў не адзін дзясятак турыстычных маршрутаў па Беларусі на ўсе густы. Пра яго, дарэчы, і наша газета пісала. Штогод мы абавязкова выпраўляемся ў Гродна. Звычайна на некалькі дзён. Там у жонкі сваякі, сябры, аднакласнікі, аднакурснікі. А для мяне такая паездка нагода яшчэ пабачыць цудоўны горад і з прыемнасці адзначыць, што Гродна ўсё прыгажэе і ў сваёй эстэтычнай выразнасці ўжо складае сур’ёзную канкурэнцыю прыбалтыйскім сталіцам, якімі мы так захапляліся за савецкім часам.

Вось і гэтым разам вырашылі ехаць знаёмай дарогай, але пры гэтым маршрут ускладніць, з’язджаючы ўбок ад трасы па цікавосткі. Потым некалькі дзён гасціць у Гродне і назад у Мінск праз Гарадзеншыну і Берасцейшчыну. Атрымалі ў спадара Уладзіміра інфармацыю пра славутасці, якія варта пабачыць, і гасцініцы, дзе лепей спыняцца на начлег.

Праграма-мінімум выглядала так: палац Сапегаў у Ружанах, палац Пуслоўскіх у Косава, тры абарончыя царквы — Сынкавічы, Мураванка, Ішкальдзь. Гэта асноўныя кропкі, маршрут жа мусіў быць пабудаваны так, каб пабачыць нешта цікавае і на шляху паміж згаданымі аб’ектамі. Наш план не быў дагматычным, прадугледжваў імправізацыі, магчымасць перабудовы маршруту ў адпаведнасці са зменай настрою. Адразу ўдакладню, што рэалізаваць такую ідэю можна было, прынамсі нам, толькі пры наяўнасці ўласнага самахода з навігатарам. Хаця б таму, што дарога ў грамадскім транспарце стоміць так, што сапсуе і ўражанне ад шэдэўраў архітэктуры і несапсаванай прыроды. Акрамя таго да некаторых помнікаў дойлідства, як высветлілася, не даедзеш ні на аўтобусе, ні на электрычцы.

Доўжылася наша вандроўка з 27 чэрвеня па 2 ліпеня. Больш-менш падрабязна распавяду пра тое, што мы пабачылі, у наступным нумары, а пакуль пра вандроўку — у агульных рысах. 27-га выехалі на Гродна, увечары былі на месцы. Па дарозе наведалі Іўе, Мураванку, Скідзель. 28 — 29 гасцілі ў сваякоў. 30 чэрвеня выехалі на Мінск. Гэтым днём пабачылі Індуру, Ваўкавыск, Зельву, Сынкавічы, Ружаны. Заначавалі ў Пружанах, бо менавіта тамашнюю гасцініцу нам параіў спадар Уладзімір. Наступным днём, 1 ліпеня, агледзелі Пружаны і накіраваліся да Бярозы, адтуль — на Косава, далей — у Івацэвічы. Там заначавалі. 2 ліпеня наш маршрут пралягаў праз Баранавічы, Ішкальдзь, Новы Свержань. Увечары былі ў Мінску. У розных кропках інфармацыйная, культурніцкая і эмацыйная насычанасць была рознай. Недзе ў наяўнасці толькі аб’ект, але — шэдэўральны. Недзе дзве — тры цікавосткі, скажам так, рознай класнасці, аднак вартыя таго, каб дзеля іх выпраўляцца ў няблізкі шлях. Асобная гаворка пра Гродна. Гэта суцэльны горад-музей. Ды і проста пабачыць невядомую дагэтуль для цябе Беларусь нават з акна самахода на добрай хуткасці — рэч карысная.

Мы з жонкай яшчэ і дагэтуль асэнсоўваем пабачанае, разглядаем здымкі, зробленыя мабільнікам, згадваем фантастычнай прыгажосці палацы, замкі, касцёлы, цэрквы. Здаецца, ведаем сваю краіну, бо тут нарадзіліся, тут жывем — а вось за нейкі тыдзень нібыта адкрылі яе наноў. Паглядзіце на здымкі і пагадзіцеся з намі і Рыгорам Барадуліным — “Трэба дома бываць часцей…”

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"