Камплімент з-пад пяра Міцкевіча ў падмурку лядоўні

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Ад каго залежыць лёс раскіданых каменных сведкаў мінулага?
Тое, што камень — гэта самы трывалы матэрыял для захавання гістарычнай памяці, разумелі яшчэ ў старажытнасці — ды пакідалі на іх адбіткі. Часы пазнейшыя, з іх войнамі ды катаклізмамі, гэта пацвердзілі. Многія з памятных камянёў, якія можна ўбачыць на нашых землях — апошнія сведкі тых ці іншых гістарычных падзей. Часам яны даюць штуршок даследчыкам, скіроўваючы іх пошукі ў пэўны бок — бо архівы не ацалелі. А часам і наогул з’яўляюцца адзіным напамінам пра свае “родныя” мясціны ды іх гаспадароў. І менавіта таму гэтыя камяні вартыя нашай увагі. Што, на жаль, пакуль разумее далёка не кожны з тых, ад каго залежыць іх лёс.

/i/content/pi/cult/806/17295/5S.jpgЛегенды “Страшнага двара”

Напачатку года мы пісалі пра важную знаходку ў колішнім маёнтку Станіслава Манюшкі Радкоўшчыне. Ад сядзібы, якой спярша валодаў знакаміты дзядзька кампазітара Дамінік, захавалася адна лістоўніца. Ад капліцы на вясковых могілках, дзе былі пахаваныя бацькі кампазітара Чэслаў і Альжбета Манюшкі, нават і падмуркаў не ацалела. Таму знойдзенае сёлета каменнае крэсла 1827 года, спярэшчанае надпісамі, зробленымі ці то самім Дамінікам, ці то майстрам-каменачосам па ягонай просьбе, выклікала вялікі ажыятаж. Акрамя крэсла, ёсць там і памятны валун, які Чэслаў Манюшка прысвяціў сваёй маці — Эве з Вайніловічаў.

А вось камяні, які складалі пэўны мемарыял, і якія Чэслаў паставіў у гонар Дамініка, яшчэ ў 1990-х былі перавезены ў суседнюю вёску Алесіна ды ўсталяваныя там на пачэсным месцы. Намаганнямі мясцовай улады напрыканцы вясны туды пераехала і каменнае крэсла — што забяспечыць і ўвагу да яго, і захаванасць.

Аднак гэта далёка не ўсе “Манюшкавы камяні” на нашых землях. Тры гады таму падчас краязнаўчай вандроўкі з сябрамі ў Смілавічы мне ўдалося знайсці яшчэ два камяні. Паколькі яны ўмураваныя ў сцены палаца (ці, дакладней, палацаў — Старога і Новага), які з-за рэстаўрацыі ўжо шмат гадоў аточаны парканам, доступ да іх даволі праблематычны. Знайсці ў Сеціве інфармацыі пра гэтыя камяні не ўдалося абсалютна аніякай.

Адзін з іх, на якім выбітая дата “17 Julii 1754”, умураваны ў сцяну на ўзроўні галавы. Магчыма, там увекавечаны дзень сканчэння пабудовы Старога палаца, пра які мы ведаем вельмі мала. Іншая значная падзея, якая адбылася ў тыя часы ў жыцці Завішаў (менавіта яны тады валодалі Смілавічамі), мне невядомая. У кожным разе, дата на камяні дае даследчыкам нітку для пошукаў, і варта за яе пацягнуць.

Другі камень, які да пачатку рэстаўрацыі, верагодна, быў схаваны пад зямлёй, умураваны ў падмурак Новага палаца. На ім таксама змешчаная дата — “R.1865”. Тры гады таму, калі падмуркі былі ачышчаныя ад бітай цэглы і зямлі, камень можна было добра разгледзець. Увесну мы ізноў пабывалі ў Смілавічах. І заўважылі, што рэстаўратары яго амаль цалкам затынкавалі, але зрабілі для яго абарончы мур. Таму не ведаючы, што шукаць і дзе, камень гэты наўрад ці знойдзеш. А шукаць яго варта.

У 1865 годзе ў Варшаве з вялікім трыумфам адбылася прэм’ера чарговай оперы Станіслава Манюшкі “Страшны двор”. Яна выклікала неверагодную эмацыйную рэакцыю ў часткі грамадства, бо ў ёй былі пэўныя намёкі на трагічныя падзеі паўстання 1863 года. Сярод іншых — назва маёнтка Калінава, дзе адбывалася дзея.

Існуе паданне, што ў оперы за прататып “страшнага двара” быў узяты Стары палац у Смілавічах. А гісторыя пра сапсаваныя куранты, якія ажыўляюць партрэты, нібыта была расказаная малому Стасю ягонымі сваякамі. Дарэчы, стары гадзіннік са Смілавічаў цяпер знаходзіцца ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

А камень у падмурку, на шчасце, застаўся. На маё меркаванне, ён таксама наўпрост звязаны з операй. Такім чынам сваякі вырашылі адзначыць і трыумф кампазітара, і тое, што палац патрапіў “на шырокі экран”. Але каб дата не выклікала цікаўнасці “соглядатаев” — бо пасля паўстання на беларускіх землях лютавала рэакцыя — яго і ўмуравалі ў падмурак. І таму толькі знаўцы маглі б паказаць яго і распавесці, што да чаго.

Сёння гэты камень — нібы дыямент у кароне з больш важкіх у прамым сэнсе манюшкавых рубінаў і сапфіраў. І, спадзяюся, ён прыцягне ўвагу даследчыкаў і экскурсаводаў. Як яе ўжо прыцягнуў “Дзедаў камень” (з імёнамі дзядоў кампазітара), які быў калісьці ўмураваны ў “дом для прыслугі” і меў надпіс “Ru 1795. D.30 julij. Stan. I Ewa z Woynil. MONIUSZKOWIE Sedz. W.W.X.L.”. Ён добра вядомы ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Смілавічаў.

Стымул для захавання

Як мы бачым на прыкладзе Манюшкаў, традыцыя ўпрыгожваць муры палацаў і замкаў камянямі з важнымі датамі была даволі распаўсюджанай. Можна не сумнявацца, многія сядзібы, якіх у Беларусі былі тысячы, таксама мелі свае памяткі. Але захавалася іх вельмі і вельмі мала. І разам са спаленымі ці разабранымі на дровы дварамі, знікалі або знаходзілі новае прызначэнне і ўпрыгожаныя надпісамі камяні. Што ўжо казаць, калі сёй-той не грэбаваў выкарыстоўваць у падмурках новых пабудоў нават надмагільныя пліты!

/i/content/pi/cult/806/17295/5-1S.jpg

Таму кожны ацалелы сведка мінулага — на вагу золата. А калі ён яшчэ і звязаны з гісторыяй вялікага роду або знакавай асобы, якая складае гонар нацыі, то вартасць такога камяня і наогул складана пераацаніць.

Тут мне прыгадваецца валун у падмурку сядзібы Дамейкаў у Жыбартоўшчыне блізу Дзятлава. Некалькі гадоў таму былы маёнтак, ад якога амаль нічога не засталося, набыў прыватнік. Падчас святкавання 215-й гадавіны Ігната Дамейкі, якая ў Беларусі адзначалася на дзяржаўным узроўні і з вялікім размахам, на радзіму “Дона Ігнасіа” прыехалі шматлікія сваякі. Як удзельнік канферэнцыі, разам з імі я пабываў і ў Жыбартоўшчыне. І памятаю, як моцна мяне ўразіў надпіс “1819.R. Ignacy DOMEYKO”.

Зразумела, што камень гэты “працаўладкаваў” дзядзька Ігната, таксама Ігнат, які і пабудаваў сядзібу. Але сама думка пра тое, што тысячы людзей краналі яго сваімі рукамі — а сярод іх, можа, былі і рукі вялікага беларуса і Нацыянальнага героя Чылі, не можа не ўзрушваць! І проста сапраўдны цуд, што камень гэты не знік, не апынуўся ў склепе нейкай хаты, якая пазней была знесеная экскаватарам.

Камень — бадай галоўная адметнасць непрыгляднага сёння сядзібнага дома, які стаіць у руінах і патрабуе неадкладнай канвервацыі. Было б вельмі добра, каб уласніку ў гэтай справе дапамаглі і дзяржаўныя структуры. Тым болей, камяніца сваё ўжо адслужыла, будучы лякарняй.

Наноў страчаны рай

І тут самы час распавесці пра нядаўнюю знаходку, на Гарадзейшчыне. І датычыцца яна найлепшага сябра Ігната Дамейкі Адама Міцкевіча.

Гэтай вясной нясвіжскі краязнаўца Аляксандр Абрамовіч адшукаў у вёсцы Студзёнцы бліз Гарадзеі камень з надпісам “Ewa raj utracila Tys go wskrzesila”. Раней ён знаходзіўся ў парку сядзібы — ад чаго не засталося ўжо і напаміну. Будуючы сабе лядоўні, адзін мясцовы жыхар забраў гэты камень на падворак і змясціў яго ў падмурак. Пэўна, нічога не ведаючы пра гісторыю таго валуна.

А яна цікавая. Адам Міцкевіч, наведаўшы маёнтак, настолькі ўразіўся яго хараством, што напісаў у альбоме гаспадыні: “Ева рай страціла, а ты яго ўваскрасіла”. А тая пазней увекавечыла гэты шыкоўны камплімент і сам візіт знакамітага паэта. І хоць не сам ён у скураным фартушку рупліва апрацоўваў валун, знаходка ўсё адно важная. І таму вельмі дзіўна, што ўвагу да камяня пакуль выказваюць толькі краязнаўцы і журналісты. Выглядае, што тым жа музейшчыкам да яго вялікай справы няма.

Параўноўваю гэты выпадак і тое, як развіваліся падзеі пасля знаходкі каменнага крэсла Дамініка Манюшкі. Нацыянальная Акадэмія навук накіравала адмыслоўца, які правёў даследаванне, апісаў камяні, нанёс іх каардынаты на карту Беларусі. Пасля чаго ім быў надазены статус помніка археалогіі.

Падаецца, падобны алгарытм, можа быць выкарыстаны і ў гэтым выпадку. Тым больш, што і ў першым, і ў другім выпадках гаворка вядзецца пра асобаў, якія з’яўляюцца гонарам беларускай нацыі. Таму камень у Студзёнцы, без сумневу, патрабуе самай неадкладнай увагі. Хаця б з таго меркавання, што нават камяні маюць звычку знікаць.

Фота аўтара і Марыі СЫРАКВАШ

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар