На сямі вятрах і на пазітыўнай дыстанцыі

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Сёлета фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, які пачнецца 16 ліпеня, пройдзе ў новым фармаце — амаль усе мерапрыемствы будуць адбывацца на вольным паветры. Шосты раз часткай вялікага песеннага свята стане фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, які таксама ўзбагаціцца новымі прыдумкамі і перформансамі і які, нягледзячы на абставіны, што даводзіцца пераадольваць, павінны атрымацца яшчэ больш маштабным. Бо на гэты раз яго пляцоўка — увесь горад, прынамсі цэнтральная частка, і ніхто не здолее застацца ўбаку ад вулічнага свята. Што рыхтуюць арганізатары, як яны сумясцяць клопат пра бяспеку гледачоў і свае творчыя ідэі, на якія падзеі варта звярнуць увагу — чытайце далей.

/i/content/pi/cult/806/17293/04.jpg“Славянскі базар у Віцебску” ніколі не абмяжоўваўся сценамі і сцэнамі канцэртных ці тэатральных залаў — на вуліцах горада заўсёды адбывалася многа цікавага: былі адкрытыя канцэртныя пляцоўкі, працаваў так званы Горад майстроў, выступалі вулічныя музыканты, і гэтак далей. Але ў 2015 годзе вулічнае фестывальнае жыццё набыло новыя фарбы і проста забліскацела — па ініцыятыве маладзёжнага тэатра “Кола” Цэнтра культуры “Віцебск”, які натхніўся фестывалямі вулічнага мастацтва ў Мінску, пад час “Славянскага базару” быў праведзены першы падобны фэст — “На сямі вятрах”. Фестывальны горад напоўніўся перформансамі, вулічнымі тэатральнымі спектаклямі, фаер-шоу, жывымі статуямі, святочнымі шэсцямі розных лялек, мімаў, масак і да таго падобнае — па вуліцах вадзілі нават вялікага цмока! І з кожным годам у вулічных святах удзельнічала ўсё больш і больш людзей, усё больш вулічных тэатраў і самых розных артыстаў, мастакоў, паэтаў і музыкантаў.

Сёлета сітуацыя паставіла ўвесь фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, і “На сямі вятрах” як яго частку, у новыя ўмовы. Па-першае, у свяце вулічнага мастацтва не прымуць удзел замежныя тэатры і артысты — будуць толькі беларускія, і асноўны цяжар прыпадзе на віцебскі тэатр “Кола”, на віцебскія школу танцаў “Flow dance school” і школу сальсы “De la costa”, на віцебскае шоу бразільскіх барабанаў “Racoon batucada”, на віцебскае фаер-шоу “Атома” і гэтак далей. Хаця будуць, канешне ж, удзельнікі і з іншых гарадоў, іх нямала — барабанны бэнд “Sambatikava” з Мінска, рок-група “Час speak” з вакалісткай Юліяй Глебавай, тэатр-студыя жывых статуй “Класік” з Гомеля, і іншыя.

/i/content/pi/cult/806/17293/05.jpgПа-другое, ад тэатральных спектакляў, якія праводзіліся б на адным месцы, і збіралі б, як і раней, вялікія натоўпы (у мінулыя гады здаралася і па тры тысячы гледачоў адначасова), было вырашана адмовіцца. Увогуле, адным з дэвізаў сёлетняга “сямівятровага” фэсту абраныя словы “пазітыўная дыстанцыя” — павінны быць і дыстанцыя, і радасць адначасова. Перформансы і пастаноўкі стануць перасоўнымі, яны будуць увесь час рухацца, ісці па вуліцах горада, зазіраць на фестывальныя пляцоўкі, і, як кажа аўтар ідэі і кіраўнік праекта “На сямі вятрах” Улада Цвікі, кожны чалавек у цэнтры горада абавязкова сустрэне гэтае свята, зможа на яго паглядзець і ў ім паўдзельнічаць, зможа зрабіць яскравыя фатаграфіі і ўзняць сабе настрой.

Пачынаць рух па вуліцах перасоўныя перформансы будуць бліжэй да вечара, як спадзе спёка, а заканчваць у 22 гадзіны — такім чынам, яны адпрацуюць самы прайм-тайм фестывальных гулянняў. Адпраўная кропка — пляцоўка на Маякоўскага, 1, дзе месціцца Дырэкцыя фестывалю, у адну гадзіну будуць выходзіць два перформансы — а ўсяго іх 15, самых розных. Напрыклад, перформанс “Крылы”: хадульныя касцюмы з двухметровымі крыламі — сем персанажаў як сем вятроў, крылы будуць лунаць у паветры. Ці таксама хадульны перформанс “Графіка ветру”: акцёр працуе з агромністай пылавой плёнкай, і вецер стварае неверагодныя формы з гэтай плёнкі. Не абыдзецца і без любімага гледачамі цмока — гэтая 11-метровая абаяльная пачвара будзе хадзіць па цэнтры горада як цягнік па спецыяльным раскладзе. Пройдуць па вуліцах і разнастайныя буфанадныя маскі — з імі можна будзе абдымацца, фатаграфавацца, па-рознаму ўзаемадзейнічаць — ізноў жа ў адпаведнасці з прынцыпам “пазітыўный дыстанцыі”: бо тут і маскі, і касцюмы, і пальчаткі, усё цалкам бяспечна. Акрамя таго, у самых розных месцах можна будзе сустрэць жывыя статуі з гомельскага тэатра “Класік”.

Па-ранейшаму, усе фестывальныя дні чакаюць гледачоў традыцыйныя пляцоўкі фэсту “На сямі вятрах” — паэзія і аўтарская песня, напрыклад, будуць гучаць у дворыку каля Цэнтра сучаснага мастацтва. Звычайна гэтая пляцоўка збірала ўдзельнікаў з сямі-васьмі краін, але сёлета выступяць толькі беларускія аўтары, і асновай гэтай музычна-паэтычнай дзеі стануць віцебскія Тэатр-студыя аўтарскай песні і літаратурны клуб “ЛитКофейник”.

Дзве пляцоўкі фэсту “На сямі вятрах” будуць абсталяваны гукавой апаратурай. Па адрасе Талстога, 7 (ля Цэнтра сучаснага мастацтва) збяруцца харэаграфічныя калектывы — там знойдзецца месца і для ліндзі-хопа, і для танга, і для брэйк-данса — канешне, у гэтым танцавальным свяце змогуць паўдзельнічаць — патанчыць — і простыя гледачы. Тут жа выступяць прадстаўнікі арыгінальнага жанру, такія як фокуснікі.

А самай вялікай і масавай пляцоўкай, што будзе працаваць не да дзесяці вечара, як іншыя, а да дзвюх гадзін ночы, стане Пушкінская плошча — раней менавіта там паказваліся тэатральныя прадстаўленні, якія збіралі вялікія натоўпы гледачоў. Свята на плошчы стане падобным на open-air: на сцэне выступяць музычныя калектывы, кавер-бэнды і рок-групы — толькі жывы гук, толькі жывая музыка. Там жа на плошчы ўпершыню выставяць машыну аўтагуку — і кожны дзень яна будзе імкнуцца паставіць рэкорд па гучанні, кожны дзень будуць праводзіцца замеры: акрамя ўсяго, яна стане і пляцоўкай для ды-джэяў. Там жа на Пушкінскай плошчы адбудуцца і фаер-шоу, і розныя іншыя перформансы, яна запоўніцца касцюміраванымі ўдзельнікамі — плануецца практычна няспынны маскарад. І задумана так, што ўсё павінна рухацца і віраваць, каб людзі не стаялі на адным месцы і каб атрымлівалася “пазітыўная дыстанцыя”.

На вуліцы Талстога ўвесь дзень да позняга вечара будуць выступаць вулічныя музыканты, там жа свае вырабы раскладуць і расставяць народныя майстры. На Пушкінскім мосце таксама будзе ісці насычанае жыццё… — карацей, усю праграму і не ахопіш.

А сёлета да традыцыйных пляцовак арганізатары дадаюць новую — і яна ў духу віцебскай мастацкай школы: гэтая пляцоўка — неба Віцебска. У сацсетках з’явіцца хэштэг #НебоВитебска, і любы чалавек зможа прыняць удзел у чэленджы, сфатаграфаваўшы неба з фрагментам віцебскай архітэктуры і выклаўшы здымак ва ўласны Instagram. У небе на фота могуць з’явіцца і вершы, і аўтографы, і малюнкі і фатаграфіі любімых людзей — што заўгодна, маўляў, “у Віцебску лятаюць усе і ўсё”. Мяркуецца нават, што па выніках такога флэшмоба будзе вызначаны і пераможца — сёлета з “Сямі вятрамі” шчыльна супрацоўнічае знакаміты віцебскі фестываль “Фотакрок”, і ён з гэтым дапаможа. Акрамя таго, фотамастакі будуць усе дні працаваць на святочных вуліцах, а па выніках працы яны плануюць нават выдаць кнігу. Не толькі ў фота адлюстроўваецца фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” — традыцыйна вядзецца мноства стрымаў, і ў інтэрнэце за пяць мінулых гадоў можна знайсці ажно два мільёны відэа! Відавочна, сёлетні “Славянскі базар у Віцебску” моцна павялічыць гэтую лічбу.

Асаблівасць фэсту “На сямі вятрах” у тым, што ён праводзіцца практычна на валанцёрскіх пачатках, а яго артысты выступаюць, прыязджаюць на віцебскае свята, рыхтуюцца да яго, ствараюць касцюмы і прыдумваюць належнае абсталяванне, як правіла, толькі за свой кошт. Гэта менавіта Аматары з вялікай літары. Як расказвае Улада Цвікі, людзі імкнуцца на фестываль таму, што проста прагнуць паказаць сваё майстэрства іншым, бо падобных магчымасцяў у звычайным жыцці яны маюць не так шмат. І як толькі адкрываюцца заяўкі на ўдзел у фэсце “На сямі вятрах”, яны тут жа і запаўняюцца жадаючымі, і арганізатарам даводзіцца адмаўляць усім астатнім, хто проста не паспеў. Сёлета ў гэтым вулічным свяце будзе задзейнічана каля 400 артыстаў. І хочацца спадзявацца, што яно атрымаецца якім і задумана — і пазітыўным, і бяспечным.