Наш лёс — Беларусь

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Святкаванне Купалля, што спрадвек было звязана з летнім сонцастаяннем і ўласціва многім еўрапейскім народам, у Беларусі мае свае асаблівасці. Вось ужо ў 11-ты раз яго галоўнай пляцоўкай стане аграгарадок Александрыя на Шклоўшчыне: 11 — 12 ліпеня тут пройдзе Рэспубліканскае свята “Купалле”, вядомае пад назвай “Александрыя збірае сяброў”.

/i/content/pi/cult/805/17288/019.jpgПравядзенне свята мае як традыцыйныя складнікі, так і новаўвядзенні, некаторыя з якіх прадыктаваны аховай здароўя ў складаных абставінах. Так, ужо пры ўваходзе ў кожнага госця правераць тэмпературу. Дый сама тэрыторыя святочных мерапрыемстваў пашырана, каб можна было трымаць неабходную дыстанцыю. Прадуманы і розныя варыянты лагістыкі: як даехаць з Мінска, Магілёва, Оршы. Вядома, ёсць распрацаваныя экскурсійныя маршруты. Апроч таго, Беларуская чыгунка пусціць дадатковыя паязды, з’явяцца і аўтобусы, расклад руху якіх таксама будзе адпавядаць часу фестывальных падзей.

А што ж уласна праграма? Не пазбаўлены асаблівасцяў традыцыйныя тэматычныя пляцоўкі. У прыватнасці, выстава “Зроблена ў Беларусі” сёлета прысвечана прадукцыі Мінскага трактарнага завода. І гэта не “музейная экспазіцыя”, дзе ўсё па-за шклом і нельга нічога памацаць — наадварот, цікава будзе і сем’ям з дзецьмі, і патэнцыйным пакупнікам. Як заўжды, будуць працаваць рамеснікі, гандляры сувенірамі: удзельнікамі гэткага горада майстроў пад назвай “Александрыйскі кірмаш” стануць, паводле папярэдніх раскладаў, прадстаўнікі не толькі Беларусі, але і Літвы, Расіі, Украіны.

Гандлёвыя шэрагі, летнія кавярні, набыццё марозіва і дэсертаў на пляцоўцы “Лёва з Магілёва”, хлебабулачных вырабаў і кваса — на “Каравайнай сялібе”, моладзевая экспазіцыя “Калідор эпох”, фінальны тур Рэспубліканскага сямейнага конкурсу “Уладар сяла”, работа атракцыёнаў і іншых кірмашовых забаў, цыркавыя выступленні, модныя паказы ільнянага адзення ад канцэрна “Беллегпрам”, паказальныя выступленні лётчыкаў і парашутыстаў, дзіцячая і маладзёжная дыскатэкі — гэта далёка не ўвесь пералік таго, что можна будзе напаткаць на беразе Дняпра. Арганізатары падкрэсліваюць асаблівую значнасць “Свята кнiгi”, дзе анансуюць вераснёўскі Дзень беларускага пісьменства, што пройдзе ў Бялынічах, разгорнецца выстаўка-продаж лепшых выданняў апошняга часу.

Святочны настрой, вядома, створыць музыка. Цягам двух дзён разнастайных канцэртаў, прычым на ўсе густы — папросту безліч. Са сваімі, лічыце, сольнікамі выступяць “Песняры”, ансамбль песні і танца “Медуніца”, аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова, іншыя калектывы Магілёва і Магілёўскай філармоніі.

Ды ўсё ж у цэнтры грамадскай увагі, безумоўна, апынецца гала-канцэрт “Мая Александрыя”.

— Гэты канцэрт, — расказала ў час прэс-канферэнцыі Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, — звычайна збірае не толькі публіку ў партэры, але і шматлікіх гасцей побач з ім, на мосце. Тыя ж, хто туды не патрапіць, змогуць паглядзець тэлеверсію ўжо на наступны дзень. Паколькі 2020-ты завяршае трэці Год малой радзімы, галоўнай тэмай гэтага гала-канцэрта стане лёс сапраўднага беларуса — які нарадзіўся ў такой вёсцы, як Александрыя ці нейкай іншай, сам сябе, як прынята гаварыць, зрабіў, ствараў свой лёс, стаў асобай: пасадзіў дрэва, пабудаваў дом, узрасціў сына, акультурыў, добраўпарадкаваў сваю радзіму — не толькі малую. Цягам дзеі мы ўбачым дзяцінства, юнацтва лірычнага героя, службу ў арміі, станаўленне яго як прафесіянала, сямейныя адносіны. Праз гэта раскрыецца лёс усіх тых, хто пражыў апошнюю чвэрць стагоддзя ў Незалежнай Беларусі і будаваў яе суверэнітэт. Асаблівым будзе і сцэнічнае афармленне. Гэта птушка-абярэг, якая беражэ і Александрыю, і ўсю нашу краіну.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"